10 ліпеня арбітражны суд ААН прызнаў пабудаваную Ізраілем антытэрарыстычную абаронную агароджу неадпаведнай міжнароднаму праву і тым самым у чарговы раз засьведчыў крыважэрнасьць міжнароднае супольнасьці ў пытаньнях араба-ізраільскага канфлікту.
Ідэя ўвядзеньня загараджальнае сыстэмы на заходнім беразе ракі Ярдан дзеля спыненьня прасочваньня арабскіх тэрарыстаў на ізраільскую тэрыторыю належала колішнему прэм’еру Ізраілю Эгуду Бараку і пачала рэалізоўвацца з ініцыятывы цяперашняга кіраўніка ізраільскага ўраду Арыэля Шарона. Заплянаваная даўжыня абароннага збудаваньня, абсталяванага відэакамэрамі і прапускнымі пунктамі, складае 700 км, а каштарыс будоўлі роўны $1,3 млрд. Нягледзячы на тое што агароджа пакуль што пабудаваная толькі на чвэрць заплянаванае даўжыні, пазытыўны эфэкт для бясьпекі ізраільскіх грамадзян ужо адчуваецца: колькасьць ахвяр тэрактаў сярод ізраільцян у апошнія месяцы радыкальна зьменшылася. Хаця агароджа і ўскладняе жыцьцё і працу палестынскіх арабаў, яе значэньне як сродку абароны мірных ізраільцян ад нечалавечых нападаў усё ж пераважае.
Але ж вернемся да выраку Гаагскага суду. Аргумэнты судзьдзяў на карысьць нелегітымнасьці будаўніцва агароджы пераканаўчымі ніяк не назавеш. Найперш суд спасылаецца на замацаваныя ў міжнароднай юрыспрудэнцыі правы асобы на працу, адукацыю, здароўе і годнае жыцьцё, парушаныя агароджай. Насамрэч, прапускныя пункты ды падзел некаторых участкаў зямлі ўскладняюць жыцьцё палестынскіх арабаў. Але ж ААН прыгадвае аб правах асобы на працу, адукацыю, здароўе і годнае жыцьцё, толькі калі на лаве падсудных — габрэйская дзяржава. Затое ніхто не зважае на генацыд супраць уласных народаў, які адбываецца ў такіх краінах — сябрах ААН, як Расея і Паўночная Карэя.
Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"
Сяржук Вінаградаў ,
Каментары