У другой палове XX ст. Захад разьвіваўся пад моцным уплывам лібэральных ідэй.

Пачынаючы з 60-х, рух за далейшую сэкулярызацыю грамадзтва, эмансыпацыю жанчын, правы расавых і сэксуальных меншасьцяў фармуляваў ледзь не афіцыйную сацыяльную дактрыну Захаду.

Нельга сказаць, што левы лібэралізм быў усёмагутны і ўсёабдымны. У пытаньнях замежнай палітыкі кансэрватары мелі што прапанаваць заходнім грамадзтвам дзякуючы свайму прынцыповаму антыкамунізму і гатоўнасьці да рашучых дзеяньняў дзеля абароны дэмакратыі. Менавіта прыход да ўлады выбітных кансэрватыўных палітыкаў — Рэйгана, Тэтчэр, Коля — скончыўся перамогай дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе. З другога боку, эканамічная праграма кансэрватараў, хоць і не заўсёды падтрыманая большасьцю заходняга электарату, у 80-х гадох фактычна выратавала капіталізм ад заняпаду дзякуючы памяншэньню ролі дзяржавы, паніжэньню падаткаў і спрыяньню прыватнай ініцыятыве.

І ўсё ж пазыцыі кансэрватызму ў сацыяльна-культурных пытаньнях здаваліся безнадзейна адсталымі. Пасьля перамог Захаду ў халоднай вайне менавіта сацыяльныя пытаньні зноў выйшлі ў цэнтар увагі заходніх грамадзтваў. У культурных баталіях пра царкву, ролю жанчыны, талерантнасьць і сэксуальную разьняволенасьць кансэрватарам не было чаго проціпаставіць супэрсучасным лібэралам. У 90-х гадох культурныя ўстаноўкі лібэральных рухаў накшталт фэмінізму фактычна сталіся дзяржаўнымі ідэалёгіямі шмат якіх заходніх краін. Гэтаму таксама спрыялі дэмаграфічныя зрухі ўнутры заходніх грамадзтваў — урбанізацыя, павелічэньне колькасьці адзінокіх і працуючых жанчын, падзеньне аўтарытэту рэлігіі. Панаваньне лібэралізму спарадзіла заснаваныя на маскультуры сучасныя выбарчыя тэхналёгіі і прывяло да ўлады хвалю палітыкаў, сьветапогляд якіх быў сфармаваны пад моцным уплывам сэксуальнае рэвалюцыі і сацыяльных трансфармацый канца 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Першым зь іх быў Клінтан у Амэрыцы ў 1992-м, за ім — лейбарысты на чале з Тоні Блэрам у Брытаніі ў 1997 г. і чырвона-зялёная левацэнтрысцкая кааліцыя на чале з Шродэрам і Фішэрам у Нямеччыне ў 1998 г. Культурная перамога левага лібэралізму, здавалася, не падлягала сумневу.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяржук Вінаградаў,

[email protected]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0