Міністэрства інфармацыі вынесла 13 красавіка папярэджаньне недзяржаўнай газэце «Народная Воля». У міністэрстве палічылі, што ў публікацыі «Віртуальная вайна ўнучкі з бабуляй» за 3 сакавіка былі апублікаваныя не завершаныя вытворчасьцю матэрыялы судовай справы безь пісьмовага дазволу судзьдзі. А зварот да воінаў-інтэрнацыяналістаў лідэра руху імя Юр’я Захаранкі «Абаронцы Айчыны» Алега Волчака 31 сакавіка міністэрства кваліфікавала як распаўсюджваньне інфармацыі ад імя незарэгістраванага аб’яднаньня.

Недзяржаўная газэта «Вольнае Глыбокае» атрымала папярэджаньне 15 красавіка за зьмену мовы (беларуская й расейская замест беларускай) без інфармаваньня органу рэгістрацыі, парушэньні ў выходных зьвестках і публікацыю рэклямных абвестак пра ліцэнзаваныя віды дзейнасьці без указаньня нумару ліцэнзіі.

15 красавіка папярэджаньне атрымалі й недзяржаўныя «Борисовские новости», бо не паведамілі пісьмова пра зьмену тэрыторыі распаўсюджваньня, выкарыстоўвалі нестандартныя шрыфты (sic!), дапускалі памылкі ў выходных зьвестках і зьмяшчалі рэклямныя абвесткі без указаньня ліцэнзіі.

9000 асобнікаў кнігі «Выпадковы прэзыдэнт», затрыманых міліцыянтамі ў віцебскага прадпрымальніка Барыса Элькіна, канфіскаваныя на карысьць дзяржавы. Так вырашыў 18 красавіка Віцебскі абласны гаспадарчы суд.

Крымінальная справа ў дачыненьні да Паўла Севярынца і Міколы Статкевіча ў сувязі з вулічнымі маніфэстацыямі ў кастрычніку 2004 г. перададзеная 18 красавіка ў суд Ленінскага раёну Менску.

19 красавіка прафсаюз РЭП атрымаў ад Міністэрства юстыцыі адказ: міністэрства адтэрмінавала рэгістрацыю зьмен і дапаўненьняў у статут РЭП, запатрабаваўшы тлумачэньняў, які род дзейнасьці яднае сяброў арганізацыі. Праект зьмен прафсаюз накіраваў у Мінюст у сакавіку; сярод іншага прадугледжвалася магчымасьць уступленьня ў РЭП работнікаў розных галін прамысловасьці.

Суд Дарагічынскага раёну пакараў актывіста ПБНФ журналіста недзяржаўнай газэты «Для вас» Мікалая Брыча на 2,7 млн руб. паводле пазову старшыні й сяброў участковай выбарчай камісіі. Падчас леташніх парлямэнцкіх выбараў ён, як цьвердзіць Брыч, стаў сьведкам парушэньняў на выбарчых участках з боку нецьвярозых прадстаўнікоў камісіі. Выдалены з участку журналіст напісаў скаргу пракурору, але пад мэдагляд патрапілі зусім іншыя сябры камісіі. Абвінавачаныя ў п’янстве прадстаўнікі камісіі й падалі ў суд на Брыча.

У Полацкім унівэрсытэце 21 красавіка прарэктары затрымалі падчас распаўсюджваньня студэнцкага бюлетэню «Макасін» студэнтаў Вольгу Семенчукову і Алега Вяжэвіча.

У Аршанскім пэдкаледжы падчас распаўсюджваньня бюлетэню незарэгістраванага «Маладога фронту» «Моладзь — ЗА» і буклетаў ЗБС 21 красавіка затрыманы кіраўнік мясцовай Рады моладзевых арганізацый Ігар Казімірчак. Яго затрымалі пэдагогі, якія й выклікалі міліцыю.

21 красавіка Мінюст паведаміў, што тэрмін пераводу аргструктур партый і грамадзкіх арганізацый з жылога ў нежылы фонд падоўжаны да 1 чэрвеня. Загад падпісаны міністрам юстыцыі Віктарам Галаванавым яшчэ 5 красавіка.

У Менску 22 красавіка сьпярша на тры гадзіны, а потым на трое сутак за арганізацыю акцыі 25 сакавіка затрыманы Андрэй Клімаў: на яго заведзена крымінальная справа паводле арт.342 КК (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Падчас затрыманьня міліцыянты згубілі ягоны пашпарт. Тэрмін затрыманьня 25 красавіка першы намесьнік пракурора Менску Мікалай Старавойтаў падоўжыў на дзясяцера сутак. На Клімава заведзена яшчэ адна крымінальная справа — за паклёп і абразу прэзыдэнта; судовае пасяджэньне па ёй прызначана на 19 траўня.

Падчас распаўсюджваньня незалежнай газэты «Выбар» 22 красавіка ў СШ №19 Менску затрыманыя актывісткі незарэгістраванай арганізацыі «Зубр» Натальля Вушка й Алена Копач. Міліцыянтаў выклікала завуч. На іх склалі пратаколы за распаўсюд выданьня без выходных зьвестак.

Машыну, на якой вярталіся ў Беларусь удзельнікі сустрэчы з Кандалізай Райс — Людміла Пеціна, Сьвятлана Калінкіна й Гары Паганяйла, мытнікі ператрасалі больш за гадзіну.

За вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга насупраць прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі 22 красавіка затрыманы актывісткі «Зубра» студэнткі Ала Ковач і Надзея Носік. Міліцыянты затрымалі іх, калі дзяўчаты пакідалі дах, але неўзабаве адпусьцілі, бо ня мелі доказаў.

25 красавіка 15 чалавек прайшлі галоўнай вуліцай Горадні. Яны ўсклалі кветкі каля памятнай мясьціны пад аблвыканкамам. За акцыяй сачылі супрацоўнікі міліцыі, людзі ў цывільным і тэлеапэратары. Шэсьце прысьвячалася падзеям 25 красавіка 1999 г., калі некалькі дзясяткаў маладых людзей у камуфляжнай форме з запаленымі паходнямі прайшлі па вуліцах гораду, пратэстуючы супраць падпісаньня саюзных пагадненьняў паміж Беларусьсю і Расеяй. Удзельнікі той дэманстрацыі былі жорстка зьбітыя АМАПам. Сёлета абышлося без затрыманьняў.

Суполцы Свабоднага прафсаюзу мэталістаў прадпрыемства «Лёс» (г.Барань Аршанскага раёну) не далі правесьці 23 красавіка дэманстрацыю й мітынг, прысьвечаныя сацыяльна-эканамічным праблемам. Дэманстрацыю проста забаранілі, а мітынг дазволілі ў хваёвым парку, што заяўнікі палічылі за абразу.

У Магілёве 26 красавіка акцыя «Зубра» скончылася затрыманьнямі: у пастарунак трапілі Андрэй Зайцаў, Алег Мяцеліца, Максім Дварэцкі, Павал Угрыновіч, Андрэй Разумкоў, Андрэй Палуда, Яўген Сувораў, Мікалай Ільін, Ганна Петракова, Тацяна Янковіч, Вольга Рагоўская, Валадар Турпанаў, Уладзіслаў Харкевіч, Уладзіслаў Бародка.

Дэпутат Луцкага гарсавету (Украіна) Ігар Гузь быў зьбіты 26 красавіка ў Менску на Чарнобыльскай акцыі. Сярод затрыманых расейскія журналісты Аляксей Амет («Русский Newsweek»), Міхаіл Раманаў («Московский комсомолец»).

27 красавіка судзілі затрыманых на Чарнобыльскай акцыі ў цэнтры Менску. Кіраўнік расейскага руху «Якія ідуць бяз Пуціна» Вадзім Рэзвы асуджаны на дзясяцера сутак, кіраўнік «МФ» Зьміцер Дашкевіч — на дванаццацера сутак, актывіст «МФ» Сяржук Лісічонак — на дзясяцера сутак, актывістка АГП Марына Багдановіч атрымала 150 базавых велічынь штрафу. Затрыманы былі грамадзяне Расеі Ільля Яшын, Віталь Рэзьнікаў, Міхаіл Пермякоў, Сямён Бурд, Павал Елізараў, Ірына Вараб’ёва, старшыня БПС Сяргей Высоцкі, актывісты «МФ» Артур Фінькевіч, Алесь Смольскі, Сяржук Мурашка, Кірыла Шымановіч. З нагоды затрыманьня падчас акцыі пяці ўкраінцаў МЗС Украіны накіравала ў Беларусь ноту.

АШ,

Антон Лабовіч, Горадня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0