Лукашэнка падпісаў закон аб народным апалчэнні

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб народным апалчэнні. У дакуменце, як паведамляе БелТА, гаворыцца, што асноўная задача апалчэння — садзейнічаць органам унутраных спраў падчас ваеннага становішча і «абараняць уласнасць ад злачынных замахаў».

17.07.2023 / 19:33

Апалчэнцы Ваўкавыскага раёна. Фота: Максім Гарлуковіч, агенцтва «Ваяр»

Аляксандр Лукашэнка даручыў стварыць у Беларусі народнае апалчэнне яшчэ ў маі мінулага года.

Паводле закона, народнае апалчэнне будзе стварацца з ліку добраахвотнікаў, якіх узброяць.

Асноўная яго задача — садзейнічаць тэрытарыяльным органам унутраных спраў у забеспячэнні ваеннага становішча, абароне ўласнасці ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў.

Мясцовымі саветамі абароны народнае апалчэнне можа прыцягвацца і для іншых задач па забеспячэнні ваеннага становішча.

Забяспечвацца гэтае апалчэнне будзе за кошт мясцовых бюджэтаў, а таксама ахвяраванняў.

Колькасць апалчэнцаў у кожным раёне будзе залежаць ад колькасці ахвотных і задач, якія ім ставяць.

Пры адмене ваеннага становішча апалчэнне расфармоўваюць.

Атрады камплектуюцца добраахвотнікамі, «здольнымі па сваіх асабістых якасцях, стане здароўя выконваць задачы, прадугледжаныя гэтым законам».

Удзел у апалчэнні не вызваляе ад прызыву на ваенную службу па мабілізацыі і ад працы.

Але, па рашэнні мясцовых органаў наймальнік абавязаны вызваляць работніка ад працы для ўдзелу ў дзейнасці народнага апалчэння. Пры гэтым за работнікам захоўваецца месца працы, пасада служачага і сярэдні заробак.

Чытайце таксама:

Апублікаваны праект закона пра народнае апалчэнне. Расказваем, што ў ім

Байцы з народнага апалчэння змогуць захоўваць зброю дома

«Маральна супрацоўнікі сілавых структур не гатовыя да вайны». Што рабілі б беларускія сілавікі ва ўмовах антытэрарыстычнай аперацыі

Nashaniva.com