У Рэестры пустых дамоў ужо больш за 10 тысяч пазіцый

У Адзіным рэестры пустых дамоў, які стаў весціся з пачатку 2023 года, цяпер захоўваецца інфармацыя ўжо пра больш чым 10 тыс. будынкаў. Яшчэ ў маі іх было 6,6 тысяч.

18.07.2023 / 22:39

«Варта адзначыць, што Адзіны рэестр пустых дамоў пастаянна актуалізуецца. У цяперашні час у ім утрымліваецца інфармацыя пра больш чым 10 тыс. хат, у тым ліку такіх, у дачыненні да якіх праводзяцца мерапрыемствы па пошуку ўласніка, а таксама ў дачыненні да якіх прынята рашэнне аб іх продажы і якія валодаюць іншымі прыкметамі», — адзначаецца на сайце Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь.

Доступ да рэестра адкрыты і бясплатны. Усе ахвотныя могуць паглядзець характарыстыкі той ці іншай хаты, даведацца яе месцазнаходжанне, стан, узрост. Усе гэтыя звесткі збіраюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.

Таксама ў ведамстве адзначылі, што на публічнай кадастравай карце ёсць слой з інфармацыяй пра месцазнаходжанне пустых жылых дамоў, прызначаных для продажу. Гэты слой стварылі якраз на аснове звестак з рэестра.

Спіс пачалі фарміраваць у адпаведнасці з указам Лукашэнкі №116 ад 24 сакавіка 2021 г. «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі». Запрацаваў рэестр у пачатку 2023 года, у ім тады была інфармацыя толькі пра 1 200 хаты.

Чытайце таксама:

«З чаго пачаць? Пачніце са шпалераў». Як найбольш ашчадна аднавіць купленую вясковую хату

«Тут такія прыгожыя кветнікі, а не гэтыя сумныя газоны з туямі». Лецішчы ў старых садовых таварыствах маюць свае перавагі

«Я магла б яшчэ вышыць. Толькі б знаць, ці нада гэта каму». Як жывуць апошнія жыхаркі апусцелых вёсак

Nashaniva.com