Міжнародны суд ААН выставіў рахунак Вялікабрытаніі за абсалютна ўвесь перыяд яе каланіяльнага гандлю рабамі. Сума неймаверна астранамічная

«Вялікабрытанія не можа супрацьстаяць руху па выплаце рэпарацый: гэтага патрабуе гісторыя і гэтага патрабуе закон».

27.08.2023 / 20:28

Ілюстрацыйная выява, на якой адлюстравана эпоха трансатлантычнага гандлю рабамі. Фота: Pictures from History / Contributor Getty Images

Адзін з вядучых суддзяў Міжнароднага суда ААН Патрык Робінсан, які раней быў страршынёю ў судзе над былым прэзідэнтам Югалавіі Слабаданам Мілошавічам, заклікаў Вялікабрытанію выплаціць рэпарацыі за гандаль рабамі, які адбываўся ў каланіяльную эпоху, бо ў свеце ўсё мацней бачная тэндэнцыя афіцыйнага прызнання сваіх памылках у гэтым пытанні. Такое меркаванне Робінсан выказаў у інтэрв'ю выданню The Guardian.

Суддзя адзначыў, што за іншыя злачынствы Вялікабрытанія выплачвала кампенсацыі значна хутчэй, чым гэта ёсць цяпер у кантэксце трансатлантычнага рабства, якое ўласна ён лічыць «найвялікшым злачынствам у гісторыі чалавецтва».

«Вялікабрытаніі варта выплаціць краінам Карыбскага басейна кампенсацыі за трансатлантычны гандаль рабамі, памер якіх ацэньваецца ў 24 трыльёны даляраў (што практычна эквівалентна памеру ўсяго публічнага дзярждоўгу ЗША, або паўтара ВУП усяго Еўрасаюза. — НН). 

Яны не могуць працягваць ігнараваць найвялікшае злачынства, якое сведчыць аб нялюдскасці чалавека ў адносінах да чалавека. Яны не могуць працягваць ігнараваць гэта. Я лічу, што Вялікабрытанія не можа супрацьстаяць міжнароднаму руху па выплаце рэпарацый: гэтага патрабуе гісторыя і гэтага патрабуе закон», — заявіў суддзя Міжнароднага суду ААН Патрык Робінсан выданню The Guardian.

Суддзя дадаткова падкрэсліў, што рэпарацыі могуць быць выплачаныя не адразу, а паступова цягам 10-25 гадоў. Робінсан таксама дапусціў, што ў выпадку адмовы Вялікабрытаніі выплочваць кампенсацыю, пытанне можа быць пераадрасавана ў міжнародныя судовыя інстанцыі.

Сам Робінсан нарадзіўся на Ямайцы, якая з'яўляецца найбольш пацярпелай з 31 краін, з якіх вывозіліся нявольнікі ў каланіяльную эпоху. І адна толькі Вялікабрытанія павінна заплаціць 24 трыльёны даляраў у выглядзе рэпарацый, з якіх амаль 10 павінны дастацца менавіта Ямайцы. Пры гэтым разлікі вяліся за ўвесь перыяд трансатлантычнага прыгнёту, а гэта сотні гадоў.

The Guardian нагадвае, што яшчэ ў красавіку гэтага года прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак адмовіўся прасіць прабачэння за ўдзел Вялікабрытаніі ў гандлі рабамі і ўзяць адказнасць за выплату рэпарацый ахвярам. Прадстаўнікі Міжнароднага суда ААН спадзяюцца, што палітык перагледзіць сваю пазіцыю і пытанне вырашыцца праз дыялог, а не ў судзе.

Чытайце таксама:

У Вялікабрытаніі пачалося маштабнае даследаванне сувязяў каралеўскай сям'і з гандлем рабамі

Макрон абвясціў пра заканчэнне эпохі «французскай Афрыкі»

У Польшчы знойдзены пахаванні «вампіраў» XVII стагоддзя

Nashaniva.com