Свет

Кіраўнікі дзяржбяспекі Мілошавіча атрымалі па 15 гадоў. Гэта апошняя вялікая справа трыбунала па Югаславіі

Суд ААН у Гаазе прызначыў 15 гадоў пазбаўлення волі былому кіраўніку Службы дзяржбяспекі Югаславіі Ёвіцу Станішычу і яго намесніку Франку Сіматавічу. Абодва прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі лагераў смерці ў Босніі. Гэта канчатковае рашэнне, а ўсяго іх справа разглядалася 20 гадоў.

Ёвіца Станішыч. Фота: Pool via AP

Чарнагорац Ёвіца Станішыч і яго намеснік, харват Франка Сіматавіч (па мянушцы Фрэнкі) — высокапастаўленыя югаслаўскія афіцэры. Станішыч узначальваў Службу дзяржаўнай бяспекі Югаславіі, а Сіматавіч быў яго намеснікам і кіраваў спецпадраздзяленнем, якое выконвала асабістыя ўказанні апошняга прэзідэнта гэтай краіны, піша Бі-бі-сі.

Міжнародны трыбунал па справах былой Югаславіі пры ААН (ён працаваў з 1993 па 2017 год) дамогся арышту і выдачы ў Гаагу Станішыча і Сіматавіча яшчэ ў 2003 годзе. Наступныя 10 гадоў суд патраціў на тое, каб даказаць, што яны абодва датычныя да арганізацыі захопу гарадка Басанскі-Шамац сербскімі ўзброенымі фармаваннямі.

Басанскі-Шамац (цяпер ён называецца проста Шамац, а размешчаны на тэрыторыі Босніі) — гарадок з насельніцтвам каля 5 тысяч чалавек. Да пачатку вайны і распаду Югаславіі большасць насельніцтва тут складалі баснійцы і сербы.

У красавіку 1992 года мястэчка было захоплена сербамі, тут пачаліся рабаванні, згвалтаванні, разбурэнне культавых устаноў. На тэрыторыі мястэчка з'явілася шэсць цэнтраў утрымання пад вартай для баснійцаў і харватаў. Там іх збівалі і катавалі. Суду ў Гаазе таксама было вядома аб некалькіх пазасудовых пакараннях смерцю мірнага насельніцтва.

У 2013-м годзе Гаагскі трыбунал па справах былой Югаславіі не прызнаў, што Станішыч і Сіматавіч удзельнічалі ў распрацоўцы і падрыхтоўцы гэтага наступу. Абодва былі апраўданыя, у рашэнні суда гаварылася, што дастатковых доказаў іх віны не знайшлося.

У 2015-м годзе апеляцыйная інстанцыя, куды звярнуўся бок абвінавачання, абскардзіла апраўдальны прысуд. Новае разбіральніцтва працягвалася да 2021 года.

У 2021-м, калі трыбунал па справах былой Югаславіі ўжо перастаў працаваць, а яго змяніў суд ААН, быў абвешчаны новы прысуд. У ім гаварылася, што Станішыч і Сіматавіч былі часткай узгодненай змовы, якую ўзначальваў Слабадан Мілошавіч, з мэтай выгнання харватаў і баснійскіх мусульман са сваіх зямель і стварэння там сербскай тэрыторыі.

Абодва атрымалі па 12 гадоў пазбаўлення волі, і цяпер ужо яны абскардзілі прысуд. Аднак у сераду трыбунал ААН па ваенных злачынствах не толькі пацвердзіў рашэнне першай інстанцыі, але і павялічыў тэрмін Станішычу і Сіматавічу да 15 гадоў пазбаўлення волі. Гэты прысуд канчатковы і абскарджанню ён не падлягае. Абодвум экс-высокапастаўленым вайскоўцам цяпер па 72 гады.

Гэта апошняя вялікая справа аб злачынствах у былой Югаславіі, якую разглядаў (у розных юрысдыкцыях) Міжнародны суд. Усяго за час яго працы там прайшло больш за 140 працэсаў аб ваенных злачынствах. Адным з абвінавачаных быў экс-прэзідэнт Югаславіі Слабадан Мілошавіч, ён памёр у 2006-м, не дажыўшы да прысуду.

Самае суровае пакаранне ў розныя гады атрымалі першы прэзідэнт Рэспублікі Сербскай (самаабвешчанае ўтварэнне, якое больш не існуе, на тэрыторыі Босніі) Радаван Караджыч, начальнік яго штаба Ратка Младзіч, афіцэры Станіслаў Галіч, Вуядзін Попавіч і Здраўка Толімір, а таксама баснійскі вайсковец Мілан Лукіч — пажыццёвае зняволенне за генацыд.

Каментары

Цяпер чытаюць

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч33

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч

Усе навіны →
Усе навіны

Ва Удмурціі адбіваюць самую масіраваную атаку БПЛА2

«Можна набыць і ананасы, і бутэлечку IPA». Беларусы ў захапленні ад асартыменту аўталаўкі4

ГУР знішчыла пускавую ўстаноўку С-400 у Крыме і РЛС1

Ці правядуць метро ў «Паўночны бераг» і як рэканструююць Даўгінаўскі тракт. Якія перамены чакаюць Цэнтральны раён сталіцы1

У камандаванні ЗША лічаць, што ўдары ў раёне Армуза вычарпалі эфектыўнасць — Axios3

Беларуска адкрыла школу для сляпых дзяцей у індыйскай глыбінцы2

Уначы Белгарад быў атакаваны беспілотнікамі1

Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі з-за навальніц і залеў

Якую дошку для нарэзкі выбраць — драўляную ці пластыкавую? Што кажуць спецыялісты3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч33

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць