У Марыянскай упадзіне знойдзены новы вірус. Ён можа аказацца самым глыбакаводным у свеце

Расказваем, што пра яго вядома.

29.09.2023 / 21:20

Марыянская ўпадзіна, самае глыбокае месца ў свеце. Фота: Matteo Colombo / Getty Images

Група навукоўцаў з Кітая знайшла, магчыма, самы глыбакаводны вірус на Зямлі. Яго адшукалі на адкладах, узятых з глыбіні 8900 метраў у Марыянскай упадзіне. Пра гэта паведаміла агенцтва Euronews са спасылкай на вынікі даследавання, апублікаваныя ў часопісе Microbiology Spectrum на мінулым тыдні.

«Вірус атрымаў назву vB_HmeY_H4907. Падобныя да яго мікраарганізмы жывуць у так званых «адскіх зонах» акіяна (hadal zones, названых у гонар грэчаскага бога падземнага царства Аіда) — самых глыбакаводных участкаў Зямлі са звышвысокім ціскам і поўнай адсутнасцю святла. Яны пакуль малавывучаныя, асабліва ў частцы магчымай шкоды для чалавека», — піша Euronews са спасылкай на кітайскіх навукоўцаў.

Што вядома дакладна, дык гэта тое, што новы вірус заражае пераважна марскія бактэрыі Halomonas, якія звычайна распаўсюджаныя ў Марыянскай упадзіне і каля Антарктыды. Менавіта ў гэтых бактэрыях знойдзены вірус здольны размнажацца і выжываць у экстрэмальных умовах.

Апроч гэтага даследаванні, праведзеныя не так даўно, паказалі вялікую разнастайнасць і экалагічную важнасць вірусаў з «адскіх зон», адзначаюць кітайскія навукоўцы. І хоць да гэтага часу было знойдзена толькі два такія вірусы, марскія вірусолагі працягваюць шукаць новыя формы жыцця на глыбіні акіяна.

Марыянская ўпадзіна — самае глыбокае месца на Зямлі. Яна знаходзіцца каля Марыянскіх астравоў і яе глыбіня складае 11000 метраў, што з'яўляецца самым нізкім пунктам дна сусветнага акіяна.

Чытайце таксама:

«Вірус нікуды не знік». Мінздароўя папярэджвае пра важнасць вакцынацыі супраць грыпу і кавіду

У Вялікабрытаніі некалькі чалавек заразіліся невылечнай інфекцыяй. Адна з крыніц заражэння — Беларусь

Амерыканскія навукоўцы працуюць над прыстасаваннем з чалавечых клетак, якое зможа аўтаматычна выпрацоўваць інсулін

Nashaniva.com