Мінскі «Ржавы мост» над Свіслаччу ператварыўся ў снежную горку, а абслугоўваць яго ўсе адмаўляюцца

Тое, што «Ржавы мост» над Свіслаччу аказаўся без дагляду, заўважыла чытачка «Анлайнера». «Абяцалі, што будзе падагрэў. Дзе ён?», — задала яна пытанне.

11.12.2023 / 22:19

Рэдакцыя «Анлайнера» паспрабавала праясніць гэта пытанне, і выявіліся цікавыя рэчы: усе патэнцыйна адказныя за дагляд моста ківаюць адзін на аднаго.

Так, ЖКГ адказала, што пра абяцанне ўвогуле не ў курсе, а наконт прыбірання моста трэба звяртацца ў Зелянбуд.

Зелянбуд накіроўвае ўсіх зацікаўленых у «Мінскую спадчыну», маўляў, заяўка адносна прыбірання на разглядзе ў іх.

А «Мінская спадчына» кажа, што мост на баланс не прымала, таму і прыбіраць яго яе супрацоўнікі не будуць.

«Ржавы мост» — адзін з найноўшых мастоў Мінска. Узвядзенне моста ад вуліцы Зыбіцкай да былой другой гарадской бальніцы было запланавана ў рамках будаўніцтва гатэля Hilton. Ужо на этапе праектавання да яго прыляпілася назва «Ржавы», бо агароджа выканана з картэнавай сталі, колер якой нагадвае ржу.

Мост атрымаўся даволі стромкім па ўздыме, каб гарадскія службы маглі чысціць пойму Свіслачы і спакойна праязджаць пад мостам. Адкрылі яго ў сярэдзіне кастрычніка 2022 года, але ўжо літаральна праз некалькі дзён праход па мосце перакрылі на час будаўніча-мантажных работ гатэля па суседстве. Потым мост працаваў яшчэ нейкі час, а ў лютым гэтага года на яго зноў стала нельга заходзіць, і зноў па той самай прычыне. Зноў ён адкрыўся ў красавіку 2023 года.

Чытайце таксама:

Мост цераз Прыпяць на дарозе Калінкавічы — Мазыр закрыюць на два гады

Архітэктары паказалі, як будзе выглядаць мост на бульвары Шаўчэнкі ў Брэсце пасля рэканструкцыі

Два пуцеправоды на Даўгабродскай і два ў цэнтры горада. Якія масты ў Мінску чакае рамонт

Nashaniva.com