Стала вядома, хто тая загадкавая брунетка, якая суправаджала Абельскую ў Зімбабвэ

На фота з візіту беларускай дэлегацыі медыкаў у Зімбабве звяртае на сябе ўвагу брунетка ў чырвонай сукенцы. Пра яе даведаўся Альянс расследавальнікаў Беларусі.

26.01.2024 / 14:45

На гэтым фотаздымку за жонкай прэзідэнта Зімбабвэ Аксіліяй Мнангагва і Ірынай Абельскай ідзе Дзіна Эль-Дзіэфі Фейсал

На фотаздымку з візіту беларускай дэлегацыі у Зімбабвэ на чале з Ірынай Абельскай — галоўнай доктаркай Рэспубліканскага клінічнага медычнага цэнтру (лечкамісіі) і перадусім маці Колі Лукашэнкі — часта ў кадр трапляла дзяўчына ў чырвонай сукенцы.

Як высветлілі супрацоўнікі Альянсу расследавальнікаў Беларусі, гэта Дзіна Эль-Дзіэфі Фейсал. Яна працуе пластычным хірургам, флеболагам у прыватных медычных цэнтрах «Нардзін» і «Шайн Эст» у Мінску.

Здымак Дзіны Эль-Дзіэфі Фейсал на сайце медычнага цэнтру «Нардзін». 

Патрапіць у склад беларускай дэлегацыі дзяўчыне дапамаглі асабістыя сувязі. Расследавальнікі сцвярджаюць, што Дзіна сустракаецца з Дзмітрыем Абельскім, старэйшым сынам Ірыны Абельскай. Ён працуе разам з мамай у лечкамісіі.

Дзмітрый Абельскі вядомы яшчэ і тым, што ў кастрычніку 2020 года тэлефанаваў у міліцыю, каб паскардзіцца на тое, што у ЖК «Каскад» нацягваюць бел-чырвона-белыя сцягі. 

Дзмітрый Абельскі і Дзіна Эль-Дзіэфі Фейсал. Фота: тэлеграм-канал allians_belarus

Расследавальнікі пішуць, што Дзмітрыя з Дзінай вельмі часта можна пабачыць на гламурных тусоўках. А ў 2019 годзе журналісты сфатаграфавалі іх разам з Колем Лукашэнкам на матчы па пляжнаму футболу.

Дзмітрый Абельскі, Дзіна Эль-Дыефі Фейсал і Мікалай Лукашэнка на матчы па пяжнаму футболу. 2019 год. Фота: тэлеграм-канал allians_belarus

Такім чынам, Ірына Абельская наведала Зімбабвэ, дзе яе называлі «першай лэдзі Беларусі», разам з сваёй магчымай будучай нявесткай.

Чытайце яшчэ:

Ірына Абельская прывезла ў Зімбабвэ падарункі «ад Лукашэнкі»

Мясцовыя СМІ: Лукашэнка прыязджаў у Зімбабвэ па літый

Ірына Абельская расказала, як працуе «Лечкамісія»

Nashaniva.com