«Ваш аэрапорт падобны да аўтобуснай станцыі ў нашым павеце». Намеснік генконсула Кітая публічна адчытаў і прынізіў расійскіх чыноўнікаў

Выконваючы абавязкі генконсула КНР у Іркуцку Сунь Чуаньцзян днямі наведаў круглы стол па справах турызму, у якім удзельнічалі прадстаўнікі мясцовай улады і грамадскія дзеячы. Тое, што ім адкрыта выказаў кітайскі дыпламат на рускай мове, яны запомняць надоўга.

13.04.2024 / 21:36

Выконваючы абавязкі генконсула КНР у Расіі Сунь Чуаньцзян выступае на «круглым стале» па справах турызму ў Іркуцке. Фота: скрыншот відэа з тэлеграм-канала «Новости здесь и сейчас|Иркутск»

Як паведамляе партал IrkutskMedia і іншыя расійскія медыя, кітайскі дыпламат адкрыта і здзекліва раскрытыкаваў турыстычную і лагістычную інфраструктуру Іркуцка падчас нядаўняга круглага стала з прадстаўнікамі мясцовых улад і грамадскіх дзеячоў.

Круглы стол называўся «Чырвоныя маршруты Іркуцка» і абмяркоўваліся ў ім выключна перспектывы павелічэння турыстычнай плыні з Кітая ў Іркуцк. У сваім выступленні Сунь Чуаньцзян заявіў, што ў яго суайчыннікаў ёсць цікавасць да азнаямлення з Іркуцкам, аднак дыпламат звярнуў увагу на шэраг момантаў, «якія стрымліваюць магчымасці кітайскага турызму».

Сярод іх аказалася пытанне абсталявання і памеру іркуцкага аэрапорта, якую дыпламат адкрыта параўнаў з аўтобуснай станцыяй у кітайскім павеце (вёскай).

«Аэрапорт падобны на нашыя аўтобусныя станцыі ў павеце. У павеце. Я сам жыву ў адным мястэчку ў правінцыі Цзянсу (адміністратыўны цэнтр правінцыі — горад Нанкін. — «НН») і там цяпер пабудавана метро, якое едзе да цэнтру павета, а адтуль ужо да цэнтру горада», — заявіў на рускай мове намеснік генконсула Кітая ў Іркуцку Сунь Чуаньцзян падчас круглага стала, крытыкуя інфраструкту горада.

Павет у Кітаі — гэта адміністрацыйная тэрытарыяльная адзінка, якая ідзе пасля правінцый і аўтаномных раёнаў (акругаў). Калі параўноўваць з расійскім ці беларускім тэрытарыяльным дзяленнем, то кітайскі павет — гэта сяло ці вёска.

Дыпламат таксама дадаў, што «калі аэрапорт не павялічыць колькасць стоек рэгістрацыі і зон дагляду, а таксама не выдасць больш калясак для перавозкі багажу і не аптымізуе працэдуру перасячэння межаў, то турыстычная плыня з Кітая ў Іркуцк не павялічыцца».

Партал IrkutskMedia адзначае, што аэрапорт Іркуцка (як унутраны, так і міжнародны тэрмінал) за апошні час часта станавіўся аб'ектам гумару і здзекаў.

Так, напрыклад, у лістападзе 2023 года іркуцкімі ўладамі быў прадстаўлены макет новага аднапавярховага павільёна для ўнутраных пералётаў з запланаваным коштам у амаль 600 мільёнаў расійскіх рублёў (6,5 мільёна даляраў), але аблічча гэтага тэрмінала нагадвала ангар, а жыхары Іркуцка ў сацсетках празвалі яго хлевам.

Ад сябе падкрэслім, што МЗС Расіі, які актыўна рэагуе на любую крытыку заходніх дыпламатаў, пакінуў без увагі словы намесніка кітайскага генконсула.

Макет новага аднапавярховага павільёна аэрапорта Іркуцка для ўнутраных пералётаў за амаль 600 мільёнаў расійскіх рублёў, які быў прадстаўлены гарадскімі ўладамі ў мінулым годзе. Дызайн многія прынялі крытычна і нават празвалі павільён хлевам. Фота: IrkutskMedia

Расія мае план вайны з Кітаем — FT

Пасол Кітая паставіў пад сумнеў легітымнасць постсавецкіх дзяржаў

Геапалітычная гульня Кітая: якую ролю выконваюць Пуцін і Лукашэнка?

Не Захад, а Кітай уяўляе сабой сёння найбольшую пагрозу эканоміцы Расіі. І прычына тут — сонца і вецер

Nashaniva.com