Дакументы, якія аказаліся ў распараджэнні журналістаў The Financial Times, раскрываюць падрабязнасці дактрыны ўжывання тактычнай ядзернай зброі Расіяй. Расказваем, у якіх выпадках Крэмль гатовы націснуць на кнопку.
Журналісты выдання Financial Times ад заходніх крыніц атрымалі 29 сакрэтных дакументаў, складзеных у перыяд з 2008 па 2014 год, у тым ліку сцэнары ваенных вучэнняў і прэзентацыі для афіцэраў ваенна-марскіх сіл, у якіх абмяркоўваюцца прынцыпы ўжывання тактычнай ядзернай зброі. Разам з экспертамі яны правялі іх аналіз.
«Гэта першы раз, калі мы бачым падобныя дакументы ў адкрытым доступе. (…) Яны паказваюць, што аператыўны парог для ўжывання ядзернай зброі даволі нізкі, калі жаданы вынік не можа быць дасягнуты звычайнымі сродкамі», — цытуе выданне словы дырэктара Расійска-Еўразійскага цэнтра Карнегі ў Берліне Аляксандра Габуева.
Што ў дакументах
Хаця дакументы дастаткова даўнія, эксперты сцвярджаюць, што яны па-ранейшаму актуальныя для сучаснай расійскай ваеннай дактрыны. Згодна з імі, узброеныя сілы Расіі правялі рэпетыцыю ўжывання тактычнай ядзернай зброі на ранняй стадыі канфлікту з буйной сусветнай дзяржавай.
У адным са сцэнарыяў, якія апісваюць гіпатэтычную атаку «Поўдня», адзначаецца, што Расія, названая ў рамках ваеннай гульні «Паўночнай Федэрацыяй», можа адказаць тактычным ядзерным ударам, каб спыніць прасоўванне праціўніка з другой хваляй сіл уварвання. Пад «Поўднем» эксперты бачаць Кітай.
У асобнай вучэбнай прэзентацыі для афіцэраў ВМС прадстаўлены больш шырокія крытэрыі для патэнцыйнага ядзернага ўдару, уключаючы высадку праціўніка на расійскай тэрыторыі, паражэнне падраздзяленняў, якія адказваюць за ахову прыгранічных раёнаў, або непазбежны напад праціўніка з выкарыстаннем звычайных узбраенняў.
На слайдах парог вызначаецца як сукупнасць фактараў, пры якіх страты расійскіх войскаў «незваротна прывядуць да іх няздольнасці спыніць буйную варожую агрэсію», што з'яўляецца «крытычнай сітуацыяй для дзяржаўнай бяспекі Расіі».
Крытэрыі для патэнцыйнага ядзернага адказу варʼіруюцца ад уварвання праціўніка на тэрыторыю Расіі да больш канкрэтных трыгераў. Сярод іх — знішчэнне 20% стратэгічных падводных лодак з балістычнымі ракетамі, 30% атамных ударных падводных лодак, трох і больш крэйсераў, трох аэрадромаў або адначасовае паражэнне асноўнага і рэзервовага берагавых камандных пунктаў.
Мяркуецца, што расійскія ўзброеныя сілы змогуць выкарыстоўваць тактычную ядзерную зброю для дасягнення шырокага спектру мэт, уключаючы «стрымліванне дзяржаў ад агрэсіі […] ці эскалацыі ваенных канфліктаў», «спыненне агрэсіі», перадухіленне паразы расійскіх войскаў у баях ці на тэрыторыі, а таксама «павышэнне эфектыўнасці» ваенна-марскіх сіл Расіі.
Сам жа Пуцін у чэрвені мінулага года заявіў, што негатыўна ставіцца да выкарыстання тактычных ядзерных удараў, але затым пахваліўся, што ў Расіі большы нестратэгічны арсенал, чым у краін НАТА. Па ацэнках ЗША, у Масквы не менш за 2000 такіх адзінак зброі.
Выданне нагадвае, што летась Пуцін заявіў, што расійская ядзерная дактрына дапускае два магчымыя парогі ўжывання ядзернай зброі: удар у адказ на ядзерны ўдар праціўніка і ў сітуацыі, калі «само існаванне Расіі як дзяржавы акажацца пад пагрозай, нават калі будзе выкарыстаная звычайная зброя».
Пры гэтым Пуцін дадаў, што ніводны з крытэрыяў, хутчэй за ўсё, не будзе выкананы, і адхіліў публічныя заклікі прыхільнікаў жорсткай лініі знізіць парог.
Кітай як пагроза Расіі
Як зазначае выданне, абарончыя планы раскрываюць падазрэнні Расіі адносна Кітая. Хаця Масква зблізілася з Пекінам, а таксама перакінула войскі з усходу ва Украіну, яна працягвае ўмацоўваць абарону на сваіх усходніх рубяжах.
«Расія працягвае выпрабоўваць ракеты з ядзернымі боегалоўкамі на Далёкім Усходзе паблізу мяжы з Кітаем. (…) Многія з гэтых сістэм здольныя нанесці ўдар толькі па Кітаю», —
цытуе выданне словы дырэктара аддзела стратэгіі, тэхналогій і кантролю над узбраеннямі ў Міжнародным інстытуце стратэгічных даследаванняў Уільяма Альберке, які раней працаваў у НАТА і Міністэрстве абароны ЗША па кантролі над узбраеннямі.
Ён дадаў, што Расія, верагодна, занепакоена тым, што Кітай можа паспрабаваць скарыстацца сітуацыяй, калі Масква пераключыла ўвагу на іншае, «каб выцесніць рускіх з Цэнтральнай Азіі».
Эксперт нагадвае, што ў чэрвені і лістападзе мінулага года Расія правяла вайсковы вучэнні з выкарыстаннем ракет «Іскандэр», якія нясуць ядзерную зброю, у двух рэгіёнах, якія мяжуюць з Кітаем.
Як адзначае выданне, МЗС Кітая адмаўляе наяўнасць якіх-небудзь падстаў для падазрэнняў у дачыненні да Масквы. «Дагавор аб добрасуседстве, сяброўстве і супрацоўніцтве паміж Кітаем і Расіяй юрыдычна замацаваў канцэпцыю вечнага сяброўства і неварожасці паміж дзвюма краінамі. «Тэорыя пагрозы» не мае рынку збыту ў Кітаі і Расіі», — сказаў прадстаўнік МЗС Кітая.
Крэмль не адказаў на просьбу аб каментарыях.
«Эскалацыя для дээскалацыі»
Нізкі парог ужывання тактычнай ядзернай зброі, паказаны ў дакументах, адпавядае дактрыне, якую некаторыя заходнія назіральнікі называюць «эскалацыяй для дээскалацыі».
Згодна з гэтай стратэгіяй, тактычная зброя можа быць выкарыстана для таго, каб перадухіліць уцягванне Расіі ў шырокамаштабную вайну, асабліва ў тую, у якую могуць умяшацца ЗША.
Выкарыстоўваючы так званае «нагнятанне страху», Масква будзе імкнуцца завяршыць канфлікт на сваіх умовах, шакуючы праціўніка раннім ужываннем ядзернай зброі невялікай сілы або дамагаючыся ўрэгулявання з дапамогай пагрозы яе ўжыць.
Украінскія чыноўнікі сцвярджаюць, што ядзерныя пагрозы Пуціна пераканалі ЗША і іншых саюзнікаў не ўзбройваць Кіеў больш рашуча ў пачатку канфлікту, калі сучасная заходняя зброя магла б пераламаць ход падзей на карысць Украіны.
Альберке адзначае, што ў Расіі, верагодна, будзе больш высокі парог для ўжывання тактычнай ядзернай зброі супраць Украіны, якая не мае ўласнага ядзернага патэнцыялу ці здольнасці пачаць наземнае ўварванне такога ж маштабу, чым супраць Кітая альбо ЗША.
На думку амерыканскага аналітыка, расійскія лідары лічаць, што ў той час як ядзерны ўдар па Кітаю або ЗША можа быць «выцверажальным», ядзерны ўдар па Украіне, хутчэй за ўсё, прывядзе да эскалацыі канфлікту і прамога ўмяшанню ЗША або Вялікабрытаніі. «Гэта апошняе, чаго хоча Пуцін», — цытуе выданне словы Уільяма Альберке.
Чытайце яшчэ:
Расія збіраецца вывесці ядзерную зброю ў космас
Размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі ідзе па плане — МЗС Расіі
Каментары