У Расіі стварылі гульню пра Прыгожына. «Кожныя некалькі секундаў трэба забіваць украінцаў»

Новы прапагандысцкі праект ужо прарэкламавалі ў шоу Уладзіміра Салаўёва.

22.04.2024 / 18:41

Мадэлька Прыгожына ў прапагандысцкай расійскай камп'ютарнай гульні «Найлепшыя ў пекле». Фота: Bild

Расійская студыя NoName Company прадставіла новы «патрыятычны шутэр» пра ПВК «Вагнер», дзе, гуляючы за аднаго з наймітаў, «трэба штурмаваць украінскі горад Папасная» і прымаць загады асабіста ад Яўгена Прыгожына, ужо загінулага кіраўніка «Вагнера», заўважыла выданне Bild.

Гульня атрымала назву «Найлепшыя ў пекле» (цытата Прыгожына пра сваіх наймітаў — «НН»), і ў ёй гульцам «трэба будзе адсочваць і кожныя некалькі секундаў забіваць украінскіх нацыстаў у разбураных будынках, бальніцах і школах падчас штурму Папаснай вясной 2022 года», — перадае Bild са спасылкай на трэйлер гульні і заявы яе аўтараў.

У трэйлеры сярод іншага паказана, як будзе выглядаць гульня ад першай асобы і як вагнераўцы пакланяюцца іконе Мікалая Цудатворца. Праект ужо прарэкламавалі ў шоу расійскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва.

Кадры з трэйлера гульні «Найлепшыя ў пекле». Фоты: Bild

«Наш патрыятычны гейм-праект створаны без дзяржаўнай падтрымкі і заснаваны на гістарычных падзеях сучаснай Расіі. Пры стварэнні гульні мы абапіраліся на гісторыі ўдзельнікаў баявых дзеянняў і зрабілі ўпор на драматургію», — сцвярджаюць аўтары гульні.

Ці плануецца дадаць у гульню яшчэ і мяцеж Прыгожына, які таксама поўны драматургіі і заснаваны на гістарычных падзеях сучаснай Расіі, аўтары не згадалі.

«Ранейшага лідара ўжо не будзе». Рамзан Кадыраў невылечна хворы

Былы куратар групы самазабойц «Сіні кіт» цяпер расказвае школьнікам пра вайну і патрыятызм

Жыхар палескага Іванава паехаў у ПВК «Вагнер», а пасля вярнуўся і быў асуджаны. Здагадаецеся, за што?

Nashaniva.com