Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»77

Віртуальная партызанка?

Калі блякаваньне неўпадабаных рэсурсаў набудзе сыстэмны характар, наша публіка — усё ж нашчадкі партызанаў!:) — хутка ўзаб'ецца на патаемныя сьцежкі ў віртуальных гушчарах:) Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Наша сеціўная грамада гадае, як хутка і якіх менавіта чакаць заканадаўчых захадаў, скіраваных на ўтаймаваньне "анархіі ў інтэрнэце". Натуральна, што меркаваньне кіраўніка дзяржавы: чаго, маўляў, Міністэрства інфармацыі чухаецца, даўно пара прапісаць статус электронных мэдыяў, каб сеціва не было памыйніцай — падштурхне чыноўнікаў да болей рашучых дзеяньняў.

Дарэчы, не абавязкова нават распрацоўваць нейкі новы закон ці зьмяняць закон аб СМІ. Ужо ёсьць праект "Аб інфармацыі, інфарматызацыі ды інфармацыйнай бясьпецы", здольны, як лічаць незалежныя экспэрты, адчувальна зацугляць ўэб-актыўнасць айчыннага люду. Гэны закон і так меркавалі вынесьці на восеньскую сэсію. Дарэчы, экспэрты Беларускай асацыяцыі журналістаў, якіх гады ў рады запрасілі да абмеркаваньня, здавалася, пераканалі ўжо афіцыйны бок у няслушнасьці шэрагу артыкулаў (БАЖ тут дзейнічае так: калі ўжо нельга прадухіліць юрыдычныя навацыі, дык варта хаця б мінімізаваць урон для мэдыйнай супольнасьці). Але зараз распрацоўшчыкі могуць усё адкруціць назад ды яшчэ і стражэй "прапісаць".

Наша начальства спасылаецца на міжнародны досьвед рэгуляваньня ўэб-прасторы. Дык гэта гледзячы які. Калі і тут будзем вучыцца ў Кітая (такі зараз афіцыйны лёзунг:), то, канешне, далёка зойдзем.

У Расеі, між іншым, адмысловага закону пра інтэрнэт няма, хаця спробы нешта такое скляпаць былі. Але за сеціўную вольніцу заступіўся Пуцін, удала згуляўшы тут лібэрала. Проста ён болей абазнаны ў гэтай сфэры і разумее, што брутальныя захады вялікага эфэкту не дадуць. У Расеі МОЖНА зарэгістраваць сайт як сродак масавай інфармацыі, калі сам жадаеш. І многія гэтым карыстаюцца, каб зручней было атрымліваць розныя там акрэдытацыі і г.д., то бок мець выгоды ад статусу. Але няма абавязалаўкі. У нас жа — самі ведаеце, ува што выліваюцца розныя рэгістрацыі-перарэгістрацыі. Улада кожны раз спраўна "фільтруе базар":)

Увогуле ж эфэкт сумнеўны. Вось глядзеце: узьдзейнічаць можна або на самі сайты, або на людзей, што робяць гэтыя сайты. Хакерскія спэцапэрацыі тут ня мэтад, яны хіба для кропкавага ўжываньня. Ну а блякаваньне рэсурсаў лёгка абысьці праз усялякія там проксі-сэрвэры ды — во слоўца, язык зламаеш!:) — а-на-ні-май-зэ-ры. Тэарэтычна ўсе "чайнікі" ў нас пра гэтыя штукенцыі ведаюць, але паколькі глушацца крамольныя сайты гады ў рады, то кожны раз здараецца лёгкі ступар: б-блін гарэлы, куды я зноў засунуў гэны чортаў файл з парадамі на выпадак палітычнай кібэрвайны?! Калі ж блякаваньне набудзе сыстэмны характар, наша публіка — усё ж нашчадкі партызанаў!:) — хутка ўзаб'ецца на патаемныя сьцежкі ў віртуальных гушчарах:)

Можна загнаць у стойла рэгістрацыі шэраг рэсурсаў, што напампоўваюцца кантэнтам у самой Беларусі. Але і тут мяжа ўмоўная. Згадайце, калі спрабавалі прысьцябацца да сайтаў некаторых партыяў, то іхнія лідэры, хоць і ня злазяць з тых ўэб-бачынаў, артыстычна разводзілі рукамі: ніякага юрыдычнага дачыненьня ня маем, сайт робяць нашы невядомыя прыхільнікі, магчыма нават з Гвадэлупы! Цалкам пісьменны падыход:)

Пляны афіцыйных ідэолягаў разгарнуць экспансію дзяржаўнай журналістыкі у сеціва, канешне, могуць нашкодзіць тым раскручаным недзяржаўным рэсурсам, якія глуха, эківокамі згадваліся падчас гаворкі ў рэдакцыі "СБ". Кепска, калі супраць іх будуць ужытыя прыёмы несумленнай канкурэнцыі. Але ўвогуле канкураваць з непадцэнзурнай плыньню кіраваная дзяржаваю прэса няздольная паводле вызначэньня. Пакуль там вядоўца казённага псэўдаблогу ўзгодніць з шэфам кожны постынг:), нейкі адвязаны Лёлік ці Болік намалоціць тузін зьедлівых гітоў:)

Карацей, дроў у сеціве нашы мудрыя дзеячы наламаць могуць, але татальнай перамогі не атрымаюць. А ўжо сусветнай славы будзе па самыя вушы. Тут і без закону стабільна сядзяць у "ворагах інтэрнэту". Дарэчы, "Рэпартэры бязь межаў", гэтыя піраньні на варце свабоды слова:), учапіліся імгненна. Зараз прагрэсіўная сусьветная супольнасьць будзе стабільна праядаць уладам плех і на гэты конт.

Каментары7

Цяпер чытаюць

Стралок з Кракава, які забіў дзевяць чалавек, памёр у бальніцы1

Стралок з Кракава, які забіў дзевяць чалавек, памёр у бальніцы

Усе навіны →
Усе навіны

Марскую чарапаху лячылі 22 гады, а цяпер нарэшце выпусцілі ў акіян

Ці шкодзяць цесныя трусы? Найбуйнейшае даследаванне20

У Беларусі прадаецца рэдкая манета, якую можна выкарыстоўваць як аб'ектыў у фотаапараце. Што за яна?

У беларускай краме ізраільскія авакада каштуюць танней, чым айчынныя агуркі2

Беларусы расказалі, як 20 дзён хадзілі па арктычнай глухмені. Цяпер там ёсць перавалы Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча

Абвешчаны пераможца прэміі Гедройця. Але сапраўдную назву кнігі ведаюць толькі сябры журы10

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці пра кракаўскага стралка, які забіў як мінімум 6 чалавек27

У беларускім ютубе вайна страйкаў — прыляцела Пятрухіну6

Маці кантрабандыста з беларускімі каранямі верне Літве 155 тысяч еўра, заробленыя на цыгарэтах1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стралок з Кракава, які забіў дзевяць чалавек, памёр у бальніцы1

Стралок з Кракава, які забіў дзевяць чалавек, памёр у бальніцы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць