Меркаванні1717

Берыя: кара

Камертон Сяргея Ваганава.

Час ад часу некаторыя чытачы папракаюць мяне тым, што, закранаючы з’явы сучаснасці, згадваю тыя ці іншыя выпадкі з дзяцінства. Маўляў, якое яны маюць дачыненне да сёняшніх людзей, падзей і праблем?!

Яно, вядома, так. Але і не так.

Калі, напрыклад, ад 26 чэрвеня 2013 года адгарнуць, бы ў кнізе, 60 старонак-гадоў, абавязкова натрапім на арышт Берыі. І я абавязкова ўспомню, што партрэт Берыі вісеў у «жывым кутку»...

Не, паважаны чытач, што хочаш рабі са мной, але і праз 60 гадоў, нібыта ўчора, я памятаю зарасні бузіны над рэчкай Пціч, цяністы дубовый гай, што называўся «калоннай залай», сыпучы на ўзгорку акопчык, дзе ў вільготным пяску знайшоў алавяную лыжку і спражку ад салдацкага рэменя, руіны касцёла з невядома адкуль заляцелымі бярозкамі, што ўчэпіста нараслі ў расколінах сценаў з разбітай рудой цэглы... І, вядома, барабанны дробат... «труба зовет»... «по долинам и по взгорьям»... марш, марш... уздым сцяга роснай раніцай, вячэрнія вогнішчы, выкладзеныя пяціканцовымі зоркамі, і штодзённыя — фізкультпрывітанне! — піраміды, што будаваліся з нашых лядашчых даўгатрусых целаў...

І раптам Берыя, ангельскі шпіён!

Дык вось, партрэт Берыі ў маршальскім мундзіры вісеў у «жывым кутку». Дакладней, «жывы куток» мы зладзілі ў тым закутку атраднага барака, дзе вісеў партрэт Берыі. Астатнія правадыры віселі паблізу, а Берыя якраз над клеткамі, дзе жылі вожык, чарапаха, два вужы, вавёрка і некалькі трусоў. Мы кармілі іх, даглядалі за імі. А вось да сарачанят Саша, наш важаты, студэнт-біёлаг, не падпускаў.

З гэтымі сарачанятамі адбылася цэлая гісторыя. Ладзячы нашы вайскова-індзейска-тарзанавыя гульні, мы гнулі лукі з дубовых галінаў, вастрылі стрэлы, увенчвалі іх кулямі, што здабывалі з патронаў, балазе такога дабра ў лесе і навокал было навалам. Нават цяжка ўявіць сёння, як высока ляцелі тыя стрэлы...

Аднойчы, спаборнічаючы, мы забілі сароку. Прынеслі да Сашы — глядзі, якія трапныя. Ён узяў сароку, агледзеў і, не сказаўшы ані слова, пайшоў у лес.

Саша кульгаў. Дакладней, цягнуў нагу. Мы ведалі, што хлопчыкам ён ваяваў у партызанскім атрадзе, быў паранены. Яму цяжка было ўзлазіць на высачэзную бярозу, дзе пасярод галля чарнела сарочынае гняздо. Але ён не пусціў анікога з нас, нават самага спрытнага — узлез на дрэва сам і асцярожна зняў гняздо, у якім бездапаможна папісквалі птушаняты. Таксама беражна прынёс да сябе ў каморку і нікога з нас да птушанят не падпускаў. Сам выходжваў сарачанят, даглядаў за імі, а потым, калі падраслі, выпусціў на волю...

Сёння мне зразумелы патаемны сэнс ягонай кары. Бо калі б мы самі выходжвалі птушанят, дык і віну сваю быццам бы загладзілі і як бы заслужылі дараванне... Не, занадта простым было б тое загладжванне віны. І нават не сёння, а тады ж, не ведаю, праз каторае, шостае ці дзясятае, пачуццё ўвайшло ў нас разуменне таго, што грэх забойства загладзіць ніякім чынам немагчыма. Ніякім. І ніколі.

...А партрэт Берыі вісеў у «жывым кутку». Божа, як кідалася вавёрка ў сваёй клетцы, палахліва туліліся адзін да аднаго трусы, калі мы, падсаджваючы самых даўжэзных, намагаліся сцягнуць яго са сцяны. А потым, ламаючы запалкі, выпальвалі яму вочы праз ненавіснае пенснэ, што нават на партрэце блішчэла халодным шклом... Смерць! Смерць шпіёну!..

І зноўку Саша спыніў экзекуцыю, жорсткі дзіцячы самасуд. Адабраў знявечаны партрэт і пацягнуў, кульгаючы, на гаспадарчы двор у цёмны, зарослы дзядоўнікам, падплотны кут, куды звальваліся разнастайныя адходы піянерскага энтузіязму: зламаныя стулы, падраныя мячы, ржавеючыя бездапаможнымі спружынамі ложкавыя сеткі...

Што? Шкадаваць шпіёна?! Мы рынуліся за ім, ён абярнуўся:

— Хлопцы, — сказаў спакойна, — вавёрка галодная...

Не, не жадаў ён, каб мы, пазбаўляючыся страху, спалілі сябе нянавісцю. Бо нам наканавана было жыць і жыць. Можа быць, вечна.

Бо калі хто і мяркуе жыць вечна, дык гэта толькі дзеці і правадыры...

* * *

Дык ці мае дачыненне да сённяшняга жыцця ўспамін пра Сашу, Берыю ды сароку?

Па афіцыйнай версіі, Берыя быў расстраляны 23 снежня таго ж 1953 года. Адразу пасля хуткага, некалькі гадзінаў, квазісуда генерал-палкоўнік Баціцкі па ўласным, гавораць, жаданні стрэліў яму ў лоб...

Рознае гавораць.

Адное толькі хавалася і хаваецца дасюль у тагачасным смуро­дзе злачынных крамлёўскіх гульбішчаў: кара, да якой прыгаварылі Берыю паплечнікі па крывавых справах, мэтай сваёй мела ўвесці людзей, грамадства, народ і нават чалавецтва ў зман ілюзіяй таго, што Зло нібыта пакарана. Ад чаго і карнікі нібыта загладзілі віну за ўдзел у забойствах мільёнаў і заслугоўваюць даравання.

Але за гэтай ілюзіяй канчаткова хавалася адно: пазбегнуць трыбунала над сталінізмам. Назаўсёды.

Ці мо ёсць сумненні, што пачвара жыве?

kamerton_41@mail.ru

Каментары17

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Хто такі Міхаіл Мяховіч — сілавік, які вядзе канал ГУБАЗіКа і адказвае за прабіў людзей20

Хто такі Міхаіл Мяховіч — сілавік, які вядзе канал ГУБАЗіКа і адказвае за прабіў людзей

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуска атрымала дазвол на пражыванне ў Польшчы пасля першапачатковай адмовы

8000 еўра Сяргею Ціханоўскаму сабралі за палову дня13

Хлопца з Рагачова прызналі неадэкватным і вызвалілі ад пакарання, але ўсё роўна ўнеслі ў спіс «экстрэмістаў». Як так?1

Кубракоў, вярнуўшыся з селектарнай нарады ў Лукашэнкі, зразу ж склікаў сваю — па той жа схеме17

Жыхары шматпавярховіка ў цэнтры Мінска страцілі сон праз спеў паўлінаў3

У Мінску дэмантавалі памятныя знакі ў гонар міліцыі. Яны не прастаялі і двух гадоў ФОТАФАКТ6

У Еўропе нараджальнасць на гістарычна найніжэйшым узроўні. І нават прасямейная палітыка не дапамагае5

Беларусам з 11-месячным дзіцём не далі паляцець на Кіпр па польскім праязным дакуменце. Дачапіліся да дзіцяці12

На матчы беларускіх футбалістаў у Грузіі заўзятараў прымушалі прыбіраць БЧБ-сцягі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто такі Міхаіл Мяховіч — сілавік, які вядзе канал ГУБАЗіКа і адказвае за прабіў людзей20

Хто такі Міхаіл Мяховіч — сілавік, які вядзе канал ГУБАЗіКа і адказвае за прабіў людзей

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць