Здароўе1010

Як пагоршыць эрэкцыю, атрымаць прастатыт і бясплоддзе. Парады «наадварот» мужчынам ад жанчыны-ўролага

Такіх медыкаў, як Вольга Антонава, у Беларусі можна пералічыць па пальцах: у Мінску ўсяго тры практыкуючыя жанчыны-ўролагі. Спецыяліст не адчувае ні долі сарамлівасці ў працэсе работы і лічыць сваёй бясспрэчнай перавагай перад мужчынамі-медыкамі «акуратную ручку» (актуальна падчас абследавання, калі пацыент пакутуе ад болю).

Фота Дар'і Буракінай

Уролаг бядуе, што мужчыны «ўжо не тыя, што 30—50 гадоў таму», і дзеліцца парадамі, як пазбегнуць букета хвароб. Жанчын таксама чакае карысная інфармацыя — пра лячэнне цыстыту, хранічнай формай якога пакутуе кожная трэцяя беларуска.

Уралогія — мужчынскі занятак?

Уралогія з'яўляецца традыцыйнай вотчынай мужчын у сілу таго, што аперацыі ў гэтай галіне — адны з самых складаных у хірургіі. Не абышлося без стэрэатыпаў: лічыцца, што мужчына мужчыну заўсёды зразумее. Загадчыца ўралагічнага аддзялення медыцынскага цэнтра «ЛАДЭ» Вольга Антонава не згодна. На яе думку, жанчыны-ўролагі мякчэйшыя і больш тактоўныя. Часам, запісваючыся да яе на прыём упершыню, мужчыны адчуваюць некаторую збянтэжанасць. Паўторныя візіты — заўсёды усвядомлены выбар, упэўнена спецыяліст.

Стаць уролагам Вользе Антонавай дапамог выпадак. У свой час яна скончыла хірургічнае аддзяленне ў медзе. На размеркаванні ёй былі прапанаваны два месцы: траўматолага і ўролага. «Чаму б і не?» — падумала будучы доктар аб уралогіі і з таго часу ні разу не пашкадавала аб сваім выбары. Больш за ўсё яе прыводзіць у захапленне магчымасць вырашаць пытанні планавання сям'і.

Некалькі гадоў Вольга Антонава набіралася досведу ў адной з гарадскіх паліклінік, затым каля 10 гадоў прапрацавала ў паліклініцы МУС, дзе вучылася зносінам на далікатныя тэмы «са статуснымі, высокапастаўленымі людзьмі». Затым перайшла на працу ў прыватны медыцынскі цэнтр.

«Доктар — гэта істота бясполая», — на пытанні аб сарамлівасці спецыяліст адказвае катэгарычна. На яе думку, аб комплексах трэба думаць яшчэ да паступлення ў медыцынскі ўніверсітэт, а ва ўралагічным кабінеце такім думкам не месца. Што да асабістага жыцця, Вользе пашанцавала: у яе муж-медык. Да шырокіх ведаў пра мужчынскую палавую сістэму ён ставіцца цалкам спакойна.

Пра што гавораць мужчыны? (ва ўралагічным кабінеце)

Вольга Антонава з задавальненнем адзначае тэндэнцыю апошніх гадоў: усё часцей мужчыны прыходзяць да ўролага з пытаннямі планавання дзяцей. Прычым не толькі ў тых выпадках, калі зачаць дзіця не атрымліваецца. Для сямейных пар становіцца нармальным грунтоўна рыхтавацца да зачацця і напярэдадні абследавацца ўдваіх.

У няўдачах у імкненні завесці дзіця раней чамусьці заўсёды абвінавачвалі жанчын. Спецыяліст запэўнівае: у палове выпадкаў праблемы хаваюцца ў арганізме мужчыны. Будучыя маці, як правіла, рэгулярна ходзяць на агляд да гінеколага, а бацькі прызвычаіліся «казырыцца» — доўгі час звярталіся толькі ў тым выпадку, калі сутыкаліся з сур'ёзнымі праблемамі. Сёння сітуацыя змянілася.

Бясплоддзе: запаленне, генетычныя паломкі, інфекцыі

У рэпрадуктыўным здароўі за апошнія дзесяцігоддзі мужчыны сур'ёзна здалі, лічыць медык. Знізіліся патрабаванні да якасці узораў спермы — па колькасці сперматазоідаў, іх рухомасці, марфалогіі. У некаторых мужчын сперматазоіды не выпрацоўваюцца наогул. Як правіла, усяму віной генетычныя паломкі.

— Раней, да рэвалюцыі, напрыклад, нежыццяздольныя дзеці не выжывалі. Цяпер у нас паказчык дзіцячай смяротнасці нізкі і набліжаны да еўрапейскага — тысячныя долі, мы ўсіх амаль што ратуем. У насельніцтва назапашваюцца генетычныя мутацыі і асаблівасці, у тым ліку і праблемы са здольнасцю мець нашчадкаў.

Акрамя таго, адбіваюцца традыцыйныя памылкі ў ладзе жыцця, якія ўжо нагналі аскому: выпіўка, стрэсы, дрэннае харчаванне. Запаленні і інфекцыі таксама часцяком мяшаюць завесці дзяцей. Вольга Антонава назаўжды запомніла выпадак, калі ў выніку працяглых абследаванняў знайшла ў мужчыны ўсяго адну рэдкую інфекцыю, і гэтая знаходка змяніла яго жыццё.

— Трыхаманада рабіла абсалютна нефертыльнай сперму. Мы добра пралячылі гэтую інфекцыю, выяўленую з цяжкасцю, і ў мужчыны зараз трое дзетак, ён вельмі шчаслівы. Калі людзі па два-пяць-шэсць гадоў не маюць дзяцей, а потым, пралячыўшы ўсяго адну інфекцыю, набываюць сямейнае шчасце — гэта па-сапраўднаму класна! І наогул рэпрадуктыўнае здароўе — гэта, на мой погляд, самая важная з усіх сфер у медыцыне. Я ў працы адчуваю сапраўдны драйв, таму што людзям рэальна дапамагаю.

Абліванне, сядзячы лад жыцця, нерэгулярны сэкс — вітаем, прастатыт!

Дрэнна адбіваюцца на рэпрадуктыўным здароўі запаленчыя працэсы. Прастатыт (запаленне прастаты) — адна з найбольш распаўсюджаных праблем, з якімі мужчыны звяртаюцца да доктара. Часцей за ўсё пацыенты прыходзяць, калі хвароба ўжо прыводзіць да болю і парушэння мочаспускання.

Верны шлях займець прастатыт, распавядае доктар, меней рухацца. Сядзець у офісе, сядзець за рулём, сядзець на канапе дома. Адбываецца застой крыві, лімфы, застой сакрэтаў прастаты — і вітаем, застойны прастатыт!

Звычка акунацца ў купель або палонку рана ці позна таксама прыводзіць да прастатыту, запэўнівае доктар. Прычым часам пацыенты нават не заўважаюць таго, што ў іх пачаўся запаленчы працэс. Прыходзяць на прыём да ўролага і са здзіўленнем даведваюцца, што ў прастаце ёсць камяні — наступствы перанесенага ў прастаце запалення.

— Я не супраць, калі чалавек адзін раз акунецца на Вадохрышча, але тут пытанне ў тым, што гэта становіцца сістэмай у некаторых людзей. Нейкі перыяд часу мужчына і яго імунітэт спраўляюцца, і запаленне не развіваецца, а потым холад сваю справу робіць.

Часам да запалення прыводзіць палавое ўстрыманне або нерэгулярнае палавое жыццё. Не лепшым чынам на здароўі мужчын адбіваецца таксама незавершаны палавы акт. Поўнай разрадкі ў гэтым выпадку не адбываецца. Застой вянознай крыві і няпоўнае апаражненне прастаты вядуць да прастатыту. Пажадана такім метадам засцярогі не злоўжываць, раіць уролаг.

Нізкі імунітэт можа прывесці да бактэрыяльнага запалення

Калі ў арганізме мужчыны жывуць інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам (сёння часцей за ўсё выяўляюць урэаплазмы, мікаплазмы, хламідыі), развіваецца бактэрыяльны прастатыт. Па словах уролага, каля 70% пацыентаў-мужчын звяртаюцца з канкрэтнай мэтай — абследавацца на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам. Часта гэта робіцца для прафілактыкі. У сярэднім у кожнага пятага пацыента інфекцыі выяўляюць.

Запаленне можа ўзнікнуць і ад бактэрый ва ўласным арганізме — пры зніжэнні імунітэту. Саслабляюць арганізм холад, стрэсы, лішак працы, недасыпанне, дрэннае харчаванне. Уласныя мікробы пачынаюць атакаваць.

Як правіла, пры запаленні прызначаюцца антыбіётыкі, фізіяпрацэдуры і масаж прастаты, якія паляпшаюць кровазварот, спыняюць застойныя і запаленчыя працэсы.

Мала п'яце вады і не клапоціцеся аб яе якасці? Асцерагайцеся мачакаменнай хваробы

Мачакаменная хвароба — трэцяя па частаце ўралагічных захворванняў, пасля бясплоддзя і прастатыту. Як у беларускіх мужчын, так і ў жанчын вельмі шмат камянёў у нырках, распавядае Вольга Антонава. На іх асядаюць мікробы і бактэрыі, якія падтрымліваюць запаленчы працэс. А ў выніку парушаюцца функцыі нырак. На развіццё хваробы, у першую чаргу, уплывае якасць вады.

— Яна альбо першапачаткова з крана ідзе няякасная, альбо мінеральнай вадой народ злоўжывае. Мінеральная вада салёная — спрыяе нарастанню пяску і камянёў у нырках. Акрамя таго, у культуры насельніцтва не прынята шмат піць. А ўлетку трэба піць мінімум 2,5 літра вады — гэта мінімальны аб'ём за суткі.

Парушэнне эрэкцыі: курэнне і псіхалагічныя праблемы

Даволі часта мужчыны прыходзяць да лекара з пытаннямі з нагоды патэнцыі. Прычым узрост пацыентаў самы розны: ад 18 да бясконцасці. У маладых людзей, як правіла, з сасудамі поўны парадак. На першы план выходзяць псіхалагічныя прычыны. Часцяком уролаг адпраўляе такіх пацыентаў да сэксолага.

Іншым фактарам парушэння патэнцыі з'яўляецца курэнне, запэўнівае Вольга Антонава. Паводле яе слоў, пасля 40 у мужчыны, які курыў 20 гадоў і больш, з імавернасцю амаль 100 адсоткаў пачнуцца праблемы.

— Нікацін вельмі моцна звужае сасуды. Пацыент садзіцца, і я кажу: першае, што трэба зрабіць — гэта кінуць курыць. Я ўжо разумею, з чым ён прыйшоў. Або праблемы з эрэкцыяй, або з зачаццем.

Некаторыя мужчыны звяртаюцца з просьбай паправіць мужчынскае здароўе ва ўзросце 80+. Спецыяліст узгадала выпадак са сваёй практыкі, калі кансультавала ў санаторыі. Да яе на прыём прыйшоў мужчына пад 90 гадоў і вельмі моцна прасіў дапамагчы: «А раптам тут, у санаторыі, мяне мой лёс чакае?» Вольга Антонава вельмі паважліва ставіцца да такіх пацыентаў і лічыць, што цікавасць да паўнацэннага жыцця ў пажылым узросце — гэта выдатна.

Адэнома прастаты: «Праблема №1 у мужчын пасля 50»

Адэнома прастаты — узроставая праблема, узнікае часцей за ўсё ў мужчын пасля 50 гадоў. Адэнома звязана з гарманальнай перабудовай арганізма. Лекар называе гэта «праявай клімаксу ў мужчын». Зніжаецца актыўнасць тэстастэрону, і пачынаюць расці клеткі ў прастаце, якія фарміруюць дабраякасную пухліну. Небяспека ў тым, што адэнома парушае мочаспусканне, прыводзіць да затрымкі мачы і можа спрыяць развіццю хвароб нырак. Галоўнае, лічыць спецыяліст, не цярпець і не зацягваць, а адразу звяртацца да лекара.

Самы сучасны спосаб лячэння адэномы — аперацыя лазерам. Акрамя таго, прымяняецца кансерватыўны метад — лячэнне прэпаратамі, якія памяншаюць аб'ём прастаты.

Кожная трэцяя жанчына пакутуе хранічным цыстытам

На прыёме ва ўролага бываюць і жанчыны. Часцей за ўсё яны звяртаюцца з цыстытам, сімптомы якога — пачашчанае мочаспусканне, болі і спазмы ўнутры жывата. Кожная трэцяя беларуска пакутуе ад хранічнага запалення мачавога пузыра. А наогул, дзеліцца назіраннямі спецыяліст, усе жанчыны хоць бы раз у жыцці сутыкаюцца з цыстытам. Прычын запалення можа быць шмат, але самая галоўная з іх — нізкі імунітэт. Зніжае яго ў тым ліку «сядзенне на халодным», якім так палохаюць маладых дзяўчат, але наўпрост на ўзнікненне цыстыту гэта не ўплывае.

— Жанчына, напрыклад, жыве з мужам палавым жыццём, у яго ва ўрэтры свая мікрафлора. Ён можа заносіць гэтыя бактэрыі жанчыне. Для кагосьці гэта пройдзе нармальна, а камусьці з паніжаным імунітэтам гэта дасць рэзі і дыскамфорт пры мочаспусканні. У такіх выпадках мы заўсёды рэкамендуем прафілактыку пасля палавога акта — памачыцца абавязкова, вымыцца антысептыкам, які зніжае ўзровень бактэрый.

Прычынай запалення могуць быць разнастайныя інфекцыі, не толькі якія перадаюцца палавым шляхам. Дысбактэрыёз ў похве альбо ў шыйцы маткі, кандзіды — падчас палавога акта ўсе гэтыя бактэрыі могуць быць механічна занесены ва ўрэтру. На запаленне ў мачавым пузыры таксама ўплывае дысбактэрыёз у кішэчніку. Калі там флора ненармальная, лішак кішэчнай палачкі, можа ўзнікнуць інфекцыя мачавых шляхоў, асабліва ў маленькіх дзяўчынак.

Абмену флоры ў кішэчніку і похве спрыяе няправільная гігіена, нашэнне стрынгаў і сінтэтычнай бялізны, штодзённых пракладак. Акрамя таго, лекары рэкамендуюць жанчынам, якія пакутуюць хранічным цыстытам, пазбягаць купання ў рэках і азёрах, а аддаць перавагу паездцы на цёплае мора.

Пры першых сімптомах вострага цыстыту жанчына абавязкова павінна пайсці да лекара. Спецыяліст нагадвае, што часам сімптомы цыстыту могуць быць прыкметай перадракавага стану, таму самалячэннем займацца нельга.

Можа прымяняцца мясцовае лячэнне: у паражніну мачавога пузыра заліваюцца лекі. І самае ноу-хау цяпер — вакцынацыя супраць рэцыдываў цыстыту, якая абараняе ад непажаданых сімптомаў як мінімум на год.

Каментары10

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію4

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію

Усе навіны →
Усе навіны

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»3

Дэлегату КР Камісараву забаранілі падыходзіць бліжэй, чым на 100 метраў, да сваёй былой суседкі Пацёмкінай16

Прызналі «экстрэмісцкім» сайт Grodno.in, які раней змусіў прабачацца Бондараву2

На Гомельшчыне нехта выкінуў ката-сфінкса на двор з ляжанкай і кормам. Жывёліна загінула2

Дзед Мароз прыехаў да дзяцей на «Лінію Сталіна» на танку5

Халезін: Машэнскі — таленавіты бізнэсмен, за кошт гэтага жыве цэлы рэгіён16

Топ-вядучая АНТ Рудакоўская: Я выдатна памятаю 90-я. Таму буду рабіць усё магчымае, каб пераварот не атрымаўся17

Жываглод прызнала рассылку праз чат-бот «Сумленных людзей» карыстальнікам у Беларусі: Але не ў працоўны час, пасля 18 гадзін21

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» ўсе іконы ў стылі анімэ3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію4

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію

Галоўнае
Усе навіны →