«Бо я яму ні храна і ён мне ні храна»: феадалізм у асобна ўзятым Касцюковіцкім раёне
Як старшыня Касцюковіцкага райвыканкама прэміруе ўгодных і душыць няўгодных.
У «Нашу Ніву» прыйшоў зварот жыхароў Касцюковіцкага раёна, што на Магілёўшчыне. Аўтары сцвярджалі, што ў раёне квітнее самадурства і, як вынік, — безгаспадарчасць. Звароты ў абласную пракуратуру вынікаў не далі. Людзі спадзяюцца цяпер толькі на СМІ.
Карэспандэнты выправіліся ў гэты раён, каб спраўдзіць пералічаныя ў звароце факты. Мы на свае вочы пабачылі кантраст між гаспадаркамі: у адных — парадак, у другіх — развал. Атрымалі і копіі распараджэнняў старшыні райвыканкама: тым, у каго парадак, — ніякіх прэмій. Тым, у каго развал, — прэміі 430% акладу.
Касцюковічы — горад на самым усходзе Беларусі. За ім пачынаецца Расія. Гаспадарка трымаецца на цэментным і спіртзаводах, а вёскі — на шэрагу СПК.
Яшчэ на пад'ездзе да Касцюковіч на хуткасці кіламетраў 150 нашу машыну абагнала чорная «Вольва» — гэта старшыня райвыканкама Дзмітрый Віктаравіч Малашанка спяшаўся ў горад, у які ў той дзень павінен быў прыбыць з інспекцыяй старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі.
Мы яшчэ не раз узгадаем у тэксце гэтага самага Малашанку, які стаў кіраўніком Касцюковіч у сакавіку 2014, у свае 34 гады прайшоўшы шлях ад ветэрынара да старшыні калгаса і намесніка старшыні райвыканкама.
Яшчэ да прыезду ў раён нам удалося здабыць дакладную запіску на імя першага намесніка пракурора Магілёўскай вобласці Алега Пімашкова, у якой паведамляецца пра вынікі праверкі гаспадарак Касцюковіцкага раёна мясцовай пракуратурай за 2015—2016 год. Гэтая інфармацыя нідзе ў СМІ не гучала. У праверцы ўсплываюць факты развалу і махінацый.
З гэтага мы і пачнём.
«Недастача кармоў у колькасці 5361 тоны»
Асаблівая ўвага ў праверцы надаецца найбуйнейшаму СПК раёна — «Машавое», дзе кіраўніком пры Малашанку працавала Людміла Пратасава.
Пракуратура піша: «Па выніках праверкі ў СПК «Машавое» выяўлена недастача травяных кармоў у колькасці 5361 тоны (або 1347 кармавых адзінак). З улікам выяўленай недастачы забяспечанасць травянымі кармамі на зімовы стойлавы перыяд фактычна складае 25 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву скаціны, тады як паводле тэхналогіі харчавання мінімальная патрэба травяных кармоў складае 28 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву скаціны».
Кажучы проста, у «Машавым» намалявалі сабе статыстыку — 50,18 тонаў кармавых адзінак першага класа. Пры гэтым фактычна яны нарыхтавалі толькі 23,2 з аднаго балагектара сельгасугоддзяў, — менш за мінімальную норму.
Далей — цікавей. Менавіта СПК «Машавое» рашэннем Касцюковіцкага райвыканкама (№22-7 ад 11 лістапада 2015) было прызнанае пераможцам раённага конкурсу вытворчасці травяных кармоў сярод сельскагаспадарчых і іншых арганізацый раёна, атрымаўшы за гэта немалую прэмію з бюджэтных сродкаў.
Так выдуманыя лічбы пераўтварыліся ў рэальныя грошы. З вынікамі гэтай гісторыі будзе звязаная другая частка нашага расследавання, але гэта пазней.
Пакуль што чытаем у пракурорскай запісцы, што нават тую траву, што з горам папалам нарыхтавалі ў «Машавым», не здолелі захаваць.
«Пры правядзенні інвентарызацыі травяных кармоў у лютым 2016… устаноўлена, што ў СПК «Машавое» на полі каля вёскі Кузьмінка знаходзіцца сянажная траншэя буртовым тыпам захоўвання, згодна з пашпартам, 1720 тон. Пры ўскрыцці дадзенага бурта на паглыбленне 50 см выяўлена, што дадзены сянаж па знешніх прыкметах (гнілая травяная маса чорнага колеру) не прыдатны для корму скаціне», — гаворыцца пра лёс часткі нарыхтаваных кармоў.
Ну а далей пачынаецца проста неймавернае.
«На ўсіх фермах «Машавога» парушаюцца правілы ўтрымання жывёлаў: у кароўніках адсутнічае салома, стойлы загноеныя, выгульныя пляцоўкі запоўненыя гноем вышэй за 20 сантыметраў», — дакладваюць пракурору.
Высветлілася, што на «Машавым-2» скаціну кармілі адзін раз на суткі, часам з інтэрвалам у 30 гадзін!
Пракуратура загадала выправіць знойдзеныя парушэнні, але куды там. Прыехаўшы 11 сакавіка праверыць стан фермаў, кантралёры знайшлі загадчыка фермы «Гаўрыленка» п’яным — у мужчыны ў крыві было 1,68 праміле.
Нічога выпраўлена не было — каровы так і стаялі галоднымі, у гноі і без падсцілкі. Але гэта ўсё жывёлы, што ж людзі?
Прыпісанае малако
Пракурор піша, што галоўная бухгалтарка Носікава на загады кіраўніцы СПК «Машавое» Пратасавай фальсіфікавала звесткі пра малако, каб тая потым незаконна атрымала прэміі.
Так, у дакуменце «Аб стане жывёлагадоўлі за студзень-снежань 2014 года» яны прапісалі колькасць рэалізаванага малака большую за сапраўдную, у выніку чаго Пратасавай налічылі прэмію ў памеры 3,8 мільёна за «павелічэнне тэмпаў росту рэалізацыі малака».
Ці пакаралі іх за гэта, спытаеце вы?
Носікавай далі толькі 10 базавых велічынь штрафу, а супраць Пратасавай завялі крымінальную справу ў лістападзе 2015 года, якая закрылася «ў выніку амністыі» ў сакавіку 2016.
«Яе нават пасадзілі ў камеру, але адбыўся цуд — выпусцілі, і літаральна на наступны ж дзень яе выканкам ганарова на пенсію праваджаў, — расказалі нам пра абставіны дзіўнага вызвалення Пратасавай мясцовыя жыхары. — Песні спявалі, кветкі дарылі. А яна сказала, што і яшчэ б папрацавала, а ўся зала рагатала».
У Малашанкі Пратасава (дэпутатка сельскага савета дэпутатаў, дарэчы) лічылася ўзорным кіраўніком.
Пра гэта ён сам казаў газеце «Магілёўскія ведамасці», называючы яе «паваротлівай», «дзелавітай» і «вопытнай».
І пашана выказвалася не толькі словамі — журналісты «Нашай Нівы» здабылі копіі распараджэнняў Малашанкі аб налічэнні заробкаў кіраўнікам СПК.
Паваротлівыя і дзелавітыя
Высветлілася, што кіраўнікі, на чыіх фермах галодныя каровы стаяць па калені ў гноі, атрымлівалі проста гіганцкія для сяла грошы, якія мае не кожны мінскі праграміст.
Справа ў тым, што памеры заробкаў кіраўнікоў СПК залежаць ад «мэраў» — сваімі ўказамі яны прызначаюць ім штомесячныя прэміі, дзе 100% — гэта сярэдні заробак па галіне, які разлічваецца Белстатам.
У асобныя месяцы прэміі Пратасавай ды іншым кіраўнікам калгасаў даходзілі да 430%.
Так, за студзень 2014 года Пратасава атрымала заробак 21 мільён рублёў — па тагачасным курсе гэта было больш за 2200 даляраў!
У нас няма поўнай статыстыкі за кожны месяц, але па той, што ёсць, мы можам уявіць агульныя тэндэнцыі.
Так, паводле гэтых папер, вялізныя надбаўкі «за складанасць, напружанасць, адказнасць і павелічэнне паказчыкаў» атрымлівалі і кіраўнікі іншых гаспадарак, дзе пракуратура ў наступным выяўляла шматлікія парушэнні.
У СПК «Дуброва», напрыклад, за першыя два месяцы бягучага года загінула 27 галоў скаціны, а на паперы смерці жывёлаў ператвараліся ў «рэалізацыю мяса насельніцтву». Кіраўнік «Дубровы» Аўчыннікаў таксама меў заробкі з 300% прэміямі (за студзень 2014 — трохі болей за 2000 даляраў).
«Сшывала дакументы пры дапамозе электрычнага дрыля, і яны згарэлі»
Асаблівай увагі заслугоўвае канстатацыя пракуратурай факта, што Касцюковіцкі РАУС неаднаразова адмаўляў у завядзенні крымінальнай справы ў дачыненні да галоўнага бухгалтара КСПК «Сялецкае» Саўчанка Л. па факце ўзгарання ў яе кабінеце, у выніку чаго пагарэла фінансавая справаздачнасць за некалькі гадоў.
Пажар у яе кабінеце адбыўся напярэдадні разгляду чарговага ананімнага звароту ў магілёўскую міліцыю па «пытаннях гаспадарчай дзейнасці, стану бухгалтарскага ўліку на сельгаспрадпрыемстве КСПК «Сялецкае».
Як жа Саўчанка Л. тлумачыла пажар, што ў мясцовай міліцыі не засталося пытанняў што да яго натуральнасці?
«У сваім тлумачэнні ад 11 снежня 2014 года галоўны бухгалтар КСПК «Сялецкае» Саўчанка Л.П. патлумачыла, што напярэдадні пажару, 3 снежня 2014, яна сшывала папяровыя дакументы пры дапамозе электрычнага дрыля. Падчас свідравання дзірак ад папер ішоў дым. Прасвідраваўшы дзіркі, яна склала ўсе дакументы ў шафу, былі бачныя языкі полымя»,— значыцца ў пракурорскай праверцы.
І следчыя верылі ў гэтую бязглуздзіцу?
Толькі 30 чэрвеня 2015 года на патрабаванне пракуратуры гэтая гора-бухгалтарка была адхіленая ад сваёй пасады. Пры гэтым нанесеную шкоду пракуратура ацаніла амаль у 145 мільёнаў рублёў.
А крымінальную справу на яе завялі толькі пры канцы сакавіка 2016 года, праз паўтара года! Старшыня гэтага калгаса, Агееў, дарэчы, з тых часоў не змяніўся — сёння ён зарабляе каля 30 мільёнаў за месяц.
Апроч іншага, можна дадаць, што па стане на 2016 год у гаспадарках Касцюковіцкага раёна пракуратурай выяўлены 23 адзінкі непрацуючай тэхнікі, якая знаходзіцца ў непрацоўным стане і пры гэтым перададзена гаспадаркам у лізінг.
Таксама пракуратура высветліла, што ў знак пратэсту на дзеянні кіраўніцтва калгасаў у мінулым годзе ў пракуратуру прыйшла адна «ананімка», а за першыя месяцы 2016 — ужо тры. Таксама, пратэстуючы супраць дзеянняў адміністрацыі, у некаторых гаспадарках працоўныя падмешвалі ў малако антыбіётыкі, каб яго не прымалі заводы і, у выніку, кіраўніцтва страчвала грашовыя падбаўкі «за рост прадукцыі».
Таксама пракуратура выявіла яшчэ некалькі фактаў спісання малака, прыпісак паказчыкаў і парушэнняў экалагічных нормаў, але гэта ўсё дробязь у параўнанні з тым, што мы накапалі далей.
Але варта адзначыць, што ўся гэтая «праверка» скончылася толькі адной крымінальнай справай.
Як «мэр» сабатуе
Калі мы вывучалі дакументы аб налічэнні прэмій кіраўніцтву калгасаў, нам у вочы кінулася разбежка ў заробках некаторых старшынь.
Так, звычайна гіганцкія прэміі налічваліся адным і тым жа кіраўнікам, у той час як іншыя альбо іх зусім не атрымлівалі, альбо атрымлівалі мінімальныя.
Сярод іх такія два чалавекі — Аляксандр Чаркасаў, старшыня праўлення СПК «Парыжская камуна» і Раман Бязручанка, старшыня КСПК «Калгас «Прагрэс».
Так, за студзень 2014 года Чаркасаў атрымаў толькі 4 мільёны (калі Пратасава, напрыклад, 21), а за люты 2016 Бязручанка з Чаркасавым таксама атрымалі трохі болей за 4 мільёны.
Таму, прыехаўшы ў Касцюковічы, мы найперш скіраваліся ў гэтыя калгасы.
Жыхары Муравілля, дзе месціцца ферма «Парыжскай камуны», расказалі, што паміж іхнім кіраўніком і «мэрам» — востры канфлікт.
За апошні час Малашанка ініцыяваў тры пасяджэнні райвыканкама, на якіх прымушаў сяброў праўлення СПК звольніць Чаркасава з пасады (паводле нашых законаў, рашэння аднаго толькі «мэра» для такой працэдуры недастаткова), але кожны раз 6 сяброў праўлення рашуча выказваліся супраць такой ініцыятывы, стоячы гарой за свайго кіраўніка.
Чаму? Пра гэта нам параілі спытаць самога Чаркасава.
Той, праўда, спачатку нічога не хацеў казаць. Але даведаўшыся, што нам вядома пра вынікі пракурорскай праверкі і сумы налічаных заробкаў, усё ж загаварыў.
Фатаграфавацца старшыня, дарэчы, рашуча адмовіўся. Бо «ўвесь брудны з работы» і «вы ж, здаецца, апазіцыя, няма чаго майму фота ў вашай газеце рабіць».
Чаркасаў стаў старшынёй «ПарКамуны» неўзабаве за Малашанкам, пасля таго як той стаў «мэрам».
Лічы што адразу пачаўся і канфлікт з новым старшынёй, пра які цяперака ведаюць ва ўсёй вобласці. Ён то згасаў, то пачынаўся зноў.
Стартам стала тое, што Чаркасаў звольніў з «ПарКамуны» свайго намесніка, які некалі быў кіроўцам у Малашанкі.
«Па шчырасці, ён нічога не рабіў, прызвычаіўся хадзіць рукі ў брукі, а атрымліваў 6 мільёнаў. Ну, і так проста і казаў, што трэба грошай занесці. Каму — вядома. Толькі колькі не прамаўлялася, але размовы такія хадзілі. Ды як я яго турнуў, то адразу ж пачаліся праверкі ў мяне, і УБЭЗ прыязджаў, і іншыя, але нічога не знайшлі, потым канфлікт наш сцішыўся», — расказаў нам старшыня СПК.
Але з таго часу прэміяльныя надбаўкі ў Чаркасава сталі меншаць. Чаму?
«Бо я яму ні храна і ён мне ні храна»,— кажа Чаркасаў.
«Я за руку нікога не браў, але месца ж малое, хто па п’яні дзе ляпне, хто яшчэ як, таму чуў, што з тых заробкаў па 30 мільёнаў негалосна 40% трэба аддаваць назад, так бы мовіць»,— выказаў свае падазрэнні Чаркасаў.
Ці не таму кіраўнік раёна хоча зняць Чаркасава з пасады, што гэты чэсны старшыня не хоча ўдзельнічаць у нейкіх схемах?
Зачэпкай для разборак стала справа з той прыпіскай кармоў, якую выявіла пракурорская праверка.
«Яны ж кармы прыпісалі, цяпер некаторых гаспадарках жывёлу карміць няма чым. Сёння паелі — заўтра не паелі. Малашанка патрабуе, каб я дзяліўся сваімі кармамі бясплатна, а я не даю — прадаю ў Бабруйск. Ну, не прадаю, а мяняю на быкоў. Бо я ж ведаю: зараз я дам ім нават па даверанасці травы, а мне потым нічога не вернецца, а калі вернецца, то няскора. Мне, як кіраўніку, трэба, каб усе працэдуры былі выгадныя СПК, зразумейце. У іншых гаспадарках праблемы, вось «мэр» і лютуе, але мне што да іхніх праблемаў? Працаваць трэба было, а не займацца абы-чым», — сказаў Чаркасаў і дадаў, што пазбаўленне годнага заробку — гэта проста такі шлях ціску, каб ён сышоў.
«Я вось 4 мільёны зарабляю, жонка мая яшчэ дзесьці 5. Вось на 9 мільёнаў і жывём. У мяне нават намеснік зарабляе больш за мяне, бо я бачу, што стараецца, больш за 7 мільёнаў яму налічваю».
«Гэта маё рашэнне, і паспрабуйце яго адмяніць,— цытуе словы «мэра» пра налічаныя прэміі Чаркасаў. — Мяне прэзідэнт паставіў, што хачу, тое і раблю, кажа Малашанка».
Ці праўду кажа Чаркасаў? Нам удалося здабыць аўдыёзапіс аднаго з пазачарговых пасяджэнняў Касцюковіцкага райвыканкама, якое адбылося 10 красавіка.
«Супраць ветру сцаць марна»
Каб правесці пазачарговае пасяджэнне, дарэчы, трэба атрымаць дазвол у аблвыканкаме. Звычайна такія пасяджэнні склікаюцца па вельмі істотных і неадкладных справах.
Тут жа ўсё зводзілася да таго, каб яшчэ раз націснуць на Чаркасава, але сам ён не прысутнічаў.
«Чаго Сан Саныча вызваляем? — пачынае Дзмітрый Малашанка пасяджэнне з абгрунтавання прычын свайго недаверу. — Не скажам, што па рабоце дзесьці неяк… Не найгоршы кіраўнік, але ёсць такое паняцце — павага выканкама. А калі выканкам даверыў кантракт яму, то ён мусіць дзейнічаць у гэтых рамках. Вы ж самі [да кагосьці звяртаючыся] вучылі: супраць ветру сцаць марна, калені будуць мокрыя». Да таго ж набраў ската ў Бабруйскім раёне невядома якога без узгаднення з выканкамам. [Далей неразборліва, гаворка пра нейкія МАЗы]».
«Калі я сказаў, што ён не будзе працаваць, то ён не будзе працаваць. Гэта азначае ўсё. Калі вы не хочаце малой крывёю… Вы будзеце ляжаць пластом. Краму прыкрыў. Нейкія траншы паліва будуць — я іх проста забяру і аддам у іншы калгас. Калі [звальненне] падпіша губернатар, то мне ваша праўленне як сабаку пятая нага», — пагражае Малашанка.
Хтосьці з сяброў праўлення «ПарКамуны» адказвае яму, што хай возьме любую іншую гаспадарку і скажа, у якой няма праблем.
«Любую, канечне! Гэта ў любой [праблемы], правільна, у любой! Але людзі ж спайкойна пішуць заявы і сыходзяць!» — парыруе Малашанка і прызнаецца, што гэта раней ён хваляваўся за «ПарКамуну», а цяпер, маўляў, «ні грама не хвалюецца».
Цягам усяго пасяджэння сябры праўлення пярэчылі Малашанку, чым выклікалі ў яго яшчэ больш раздражнёную рэакцыю.
«Я вам прапаную яго сёння ж адхіліць»,— кажа Малашанка.
«А што зменіцца? Ці мы так будзем, ці гэдак. Лепш хай закупачныя цэны на прадукцыю павысяць, то тры гады не падымаюцца. І будуць лепшыя паказчыкі», — заўважае хтосьці з сяброў праўлення.
Нейкі голас, відаць, намесніка Малашанкі, кажа, што «аб’ектыўна, за кіраваннем Чаркасава СПК скатваецца…».
Яго перабівае эканамістка «Парыжскай камуны». «Дзе ж яно скатваецца, дзе ж яно скатваецца? У нас толькі з малаком праблемы», — чуецца голас жанчыны.
Тут Малашанка не вытрымлівае.
«Усё адрэзаць!»
«Усё адрэзаць, а я зараз адпраўлю туды і МНСку, санітарку. Усё запар. Не хочаце нармальна… Перад мясакамбінатам 300 мільёнаў пазык. Увесь стары касцяк разагнаны. Хто там цяпер працаваць будзе? Пруднікаў [нейкі кіроўца]? Зараз каманду ДАІ дам, хай правераць. Калі я раней прасіў — не чапайце Пруднікава супрацьзаконна, але зараз… Проста, як гэта сказаць… Едзьце і знайдзіце якія тэхагляды, якое што там. Правярайце ўсіх і ўсё. Усё ў рамках закона», — крычыць Малашанка.
«Навошта вам гэта? — чуецца іншы голас. — Вы не зацікаўленыя, каб калгас квітнеў?»
«Выканкам аб’ядноўвацца з цяперашняй уладай [калгаса] не будзе, гэта не аднадумцы. Калі б мне ў свой час [былы мэр] даў каманду камусьці сілас не грузіць, а я б яго загрузіў… Вось такое бывае. А сёння даецца каманда не грузіць, а вы грузіце… Пра які давер і ўзаемапомач тут можна казаць? Аляксеіч, даць каманду выкрасліць «ПарКамуну» са свайго спісу: і паліва, і ўсё астатняе, выкрэслівай, хай думаюць самі. Магазін… Я зараз дам [загад], каб ты кантраляваў кожны дзень. Не дай бог адкрыюцца — тысяча базавых на калгас, пракурор дапаможа [неразборліва]»,— сканчвае «мэр».
Пад «адгрузкай сіласу» маецца на ўвазе той корм, які Чаркасаў абмяняў на быкоў для сваёй гаспадаркі замест таго, каб «падарыць» іншым па загадзе Малашанкі.
Нас вельмі ўразіў гэты маналог кіраўніка раёна. Але варта дадаць, што раней, калі мы яшчэ сядзелі ў кабінеце у Чаркасава, гутарыць нам замінаў гук працуючага электрагенератара. Іншая электрычнасць наўпрост адсутнічае, бо адключаная. Як сцвярджае дырэктар СПК, па загадзе «мэра».
«Святло нам адключылі, бо не аплачана. Ну як, палова толькі аплачаная. А ў некаторых [калгасах] зусім не аплачана, а адключаюць толькі нам. Звоніць дырэктар альбо начальнік участка электрасетак і кажа, «каб ты ведаў — пакаранне адключэннем», — кажа старшыня калгаса.
На пытанне, чаму ж тады СПК цалкам не можа пагасіць запазычанасць па святле, Чаркасаў адказвае, што яны і заплацілі б, калі б ім дазволілі здаць скаціну на мясакамбінат.
«Ёсць каровы ў нас па 600—700 кілаграм. Бесталковая скаціна, старая, ужо не ацеліцца і малака мала дае, псуе справаздачнасць у сярэдніх лічбах. Такіх адразу на мяса трэба — грошы ў калгас. А так мы іх толькі кормім, поім, нясём страты, бо старшыня райвыканкама не дае ветпасведчання»,— кажа Аляксандр.
Паводле старшыні калгаса, такіх кароў у яго 150. Па грубых падліках, на ўтрыманне адной галавы сыходзіць недзе 45—50 тысяч у дзень — а гэта каля 7 мільёнаў стратаў ад прастою штодзень!
А каб гэтых кароў здаць, трэба атрымаць г.зв. ветпасведчанне на жывёлаў, якое можа выдаць ветэрынарная станцыя. А яго «Парыжскай камуне» не выдаюць нібыта па загадзе «мэра».
Мы не паверылі, што старшыня райвыканкама можа займацца такім дробязным сабатажам падначаленых гаспадарак, і папрасілі Аляксандра Чаркасава пры нас патэлефанаваць кіраўніцы раённай ветстанцыі з пытаннем, ці можна яму здаць кароў на мяса.
Вось які ў іх атрымаўся дыялог.
[Галоўны ветэрынар раёна] Прыйшла здаровая карова, я: дапусцім, так, мы дапусцілі, мы маглі яе пусціць, я выпісала ялавічыну, у іх быў акт. [Гаворка пра папярэднюю спробу здаць кароў — рэд.]
[Чаркасаў] Ну.
[Галоўны ветэрынар раёна] Я яго выпісала, ну і ўсё, а куды гэтыя дзеў, х.. іх.
[Чаркасаў] А ён што табе мазгі дурыць?
[Галоўны ветэрынар раёна] Я не ведаю, я была на нарадзе цэлы дзень, выклікалі ў Клімавічы.
[Чаркасаў] Дык а пазваніў і што сказаў?
[Галоўны ветэрынар раёна] Малашанка званіў па гэтым мясе.[Чаркасаў] І што казаў?
[Галоўны ветэрынар раёна] А?
[Чаркасаў] І што казаў?
[Галоўны ветэрынар раёна] Што якога х.. там мяса? Хто яму выпісаў сертыфікат? Чаму там ляжыць даведка твая, выпісаная?
[Чаркасаў] Ну зразумела, ладна.
[Галоўны ветэрынар раёна] Карацей ой, п…ц, больш няма сілы.
[Чаркасаў] Што, з…ў так?
[Галоўны ветэрынар раёна] Ну ён за…ў, Саш, людзі пастароннія нават узяць, чаго я не магу выпісаць гэты?
… Атрымліваецца, усім з фермы выпісваю кароў, а атрымліваецца прынцып толькі адзін: калі табе выпісалі, то ўсе людзі пакутуюць праз цябе, што я табе выпісала.
[Чаркасаў] Ну зразумела.
[Галоўны ветэрынар раёна] Гэта ж Чаркас, гэта ж Чаркасу выпісалі…
Калі ж мы папрасілі Чаркасава набраць канкрэтна Малашанку з пытаннем, чаму ён сабатуе дзейнасць калгаса, той адмовіўся.
«Пасля таго, як ён назваў забароны на продаж «маімі цяжкасцямі», я з ім больш не гавару на гэты конт, бо «на…й — за…й» атрымліваецца. Не хачу нерваў псаваць»,— сказаў старшыня СПК.
Пагаварыўшы з эканамісткай «ПарКамуны» Марынай Мысліўцавай, мы даведаліся яшчэ пра адну цалкам ідыятычную сітуацыю, якую інакш, як сабатажам, не назавеш.
«Забараніць выезд»
Так, у межах рэспубліканскай праграмы развіцця авечкагадоўлі СПК «Парыжская камуна» заключыла з Венгрыяй кантракт на 5,6 мільярда рублёў — на гэтыя грошы венгры мусілі паставіць у калгас племянных авечак. І 10 сакавіка старшыню калгаса чакалі там для адбору жывёлаў.
Ужо аформілі візу і аплацілі квіткі, як літаральна напярэдадні паездкі, 9 сакавіка, у калгас прыходзіць пісьмовае распараджэнне «мэра» аб забароне Чаркасаву выезду ў Венгрыю!
«Чаркасаву Аляксандру Аляксандравічу забараніць выезд 10 сакавіка 2016 года ў Рэспубліку Венгрыя для адбору авечак», — піша Малашанка.
Кантроль (!) за выкананнем гэтага даручэння «мэр» ускладае на свайго першага намесніка.
Фармальна ж прычынай забароны стала тое, што 11 сакавіка Чаркасава нібыта выклікае да сябе намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег Чыкіда.
Мы патэлефанавалі Чыкіду, каб спраўдзіць гэтую інфармацыю.
Вядома, што той нічога не ўспомніў, сказаўшы, што не можа даць дакладны адказ, ці выклікаў да сябе ў той дзень Чаркасава.
Але старшыня «ПарКамуны» сцвярджае, што ніякіх загадаў ад Чыкіды ён не бачыў. Зрэшты, супрацоўнікам пракуратуры не складзе цяжкасці высветліць, ці быў насамрэч такі загад, бо ўсе афіцыйныя распараджэнні маюць свой нумар. А калі высветліцца, што Чыкіда і насамрэч не выклікаў да сябе Чаркасава, то гэта ўжо — службовы падлог, за што прадугледжана крымінальная адказнасць.
Усё адно камусьці давядзецца ехаць па тыя авечкі — афармляць візы, купляць квіткі і г.д, калі венгры не перадумаюць, вядома.
«Мы ўсе тут супраць вызвалення Чаркасава»
Яшчэ трохі пагаварыўшы з эканамісткай «ПарКамуны», мы даведаліся, што яе сям’я ўвогуле вельмі пацярпела ад дзеянняў новага «мэра».
«Мы ўсе тут супраць вызвалення Чаркасава ад кіраўніцтва СПК. Колькі ўжо нас Малашанка склікаў, адзінагалосна галасуем супраць. Я сама вельмі добра гэта разумею, бо і я, і мой муж страцілі ранейшую работу менавіта праз Малашанку»,— сказала жанчына.
«Я раней працавала рэвізорам у эканамічным упраўленні аблвыканкама, потым пайшла ў дэкрэт, — расказала Марына Мысліўцава, эканаміст «ПарКамуны». — Мой муж у той час рабіў на Райаграпрамтэхэнерга, і мяне на другім годзе Малашанка запрасіў пайсці на работу тут, у райвыканкам, эканамістам. Ну я пагадзілася, пайшла. А потым мужа майго звольнілі — яму Малашанка дурныя загады даваў, вы самі з ім пра гэта паразмаўляйце.
Зрэшты, пра што тут казаць, калі ў яго ў аддзеле раслінаводства працуе настаўнік фізкультуры? Ну і потым адразу пачалі мяне выжываць.
Мне то адзін загад на паўзбаўленне прэміі, то другі. Сабралі неяк у выканкаме людзей, чалавек дзесяць, і, маўляў, мы спазніліся на працу. Пры гэтым гадзіннік у выканкаме быў пераведзены наперад, гэта камп’ютаршчык нам сказаў, бо ў яго кабінеце час дакладны — па інтэрнэт-серверы. Ён і адстойваў, што ніхто не спазніўся, а гэта правакацыя. Ну, сябе адстаяў, а мяне зноў пазбавілі прэміі. Выжылі. Я напісала заяву назад у дэкрэтны адпачынак. Мне сказалі адразу і на звальненне пісаць, але я не стала. Потым прыйшла да Чаркасава працаваць, бо больш няма куды, усё тут з Малашанкам звязана, а «ПарКамуна» як асобная дзяржава».
«Каманда — не браць»
Мы адшукалі і мужа жанчыны, былога кіраўніка Касцюковіцкага райаграпрамтэхэнерга Рустама Мамоніна.
Фатаграфавацца для «апазіцыі» ён таксама адмовіўся, але гісторыяй сваёй падзяліўся, маўляў, немагчыма болей трываць.
Вось што ён расказвае.
«У лютым 2015 мяне звольнілі. Таму што я выказаваў сваё меркаванне, вось чаму. Увогуле, тут шмат людзей павылятала і на іх месцы селі іншыя, выгадныя аднаму чалавеку. А мяне канкрэтна Малашанка прымушаў браць грашовыя сродкі ў камунальных прадпрыемстваў. У студзені ў мяне была дэбіторская запазычанасць 11 мільярдаў [«дэбіторка» — гэта калі вінныя вам, а не вы. — Рэд]. Трэба было закрываць заробкі. А дзе ўзяць грошы? Толькі ў вышэйстаячай арганізацыі, якой мы падпарадкоўваемся. Я і чакаў, пакуль будзе транш. А тут прылятае Малашанка і кажа, каб я браў грошы ў камунальных прадпрыемстваў — у Водаканала, напрыклад, яшчэ дзе. Я адмовіўся, бо як мне ўзяць у іх грошы? Яны мне не вінаватыя, а стану вінаватым я. А ён мне кажа: «Ну і пайшоў на …й адсюль. Пішы заяву без даты на звальненне і бяры грошы, як я сказаў. Інакш прыцягваем сілавікоў і заводзім крымінальную справу». Ну я і пайшоў, і напісаў, але нічога не ўзяў. Па выніку ўсё атрымалася так, як я казаў: вышэйшая арганізацыя закрыла нам заробак, а потым і дэбіторская зменшылася. Але яму вось не спадабалася, што я не паслухаўся»,— сказаў Рустам.
«Ну ладна, звольнілі дык звольнілі. Але што мяне забіла, дык што ён пачаў пераследаваць мяне, далей жыццё ламаць. Нібы яму гэта ў задавальненне, ці што. Мне, карацей, працаваць жа недзе трэба было, ну і прапанавалі ў камунгас майстрам ісці. Я думаю: ну ладна, чалавек з вышэйшай адукацыяй, пайду майстрам. І тут кіраўнік камунгаса ўсё ж кажа: «Пайду спытаю ў Малашанкі», а той кажа — не бяры».
«Потым мой сябра стаў старшынёй СПК «Машавое», не доўга, тры месяцы быў. Але кажа: давай намеснікам вазьму, а потым і ён: ведаеш, нельга, даруй. Каманда — не браць.
«А потым у Хоцімску, у суседнім раёне, старшыня райвыканкама Дземідзенка кажа: у камунгас дырэктарам пойдзеш? Ужо і кватэру мне даваў, і працоўную кніжку я завёз. А потым мне набралі і сказалі, што вы нам не падыходзіце. Як мне потым расказвалі, справа так была: на відэаканферэнцыі з мэрамі ў губернатара праскочыла такая фраза, калі ён да Дземідзенкі звяртаўся. Маўляў, у цябе там у камунгасе праблемы, я ведаю, але ў цябе ж ёсць новы чалавек з Касцюковічаў — мяняй кіраўніцтва. Ну а потым Малашанка пачаў выпытваць, што за чалавек. Калі даведаўся, што Мамонін, пачаў Дземідзенку званіць і расказваць, што я такі-сякі, арганізацыю дая…ў, мяне падставіў, калі возьмеш — то нажывеш сабе праблем. Вось так. І што мне цяперака, ісці красці? Двое дзяцей у мяне, а на работу нікуды не бяруць. І такая сітуацыя не толькі ў мяне. У нашым раёне ёсць людзі, знаныя будаўнікі, маюць прэзідэнцкія ўзнагароды ў сваёй галіне, а ў Малашанкі эканаміст працуе намеснікам па будаўніцтве!» — на эмоцыях распавёў нам Рустам і дадаў, што калі ў бліжэйшы час не знойдзе работы ў Беларусі, то паедзе ў Расію.
«Рускія разумна робяць — яны нашых кіраўнікоў перавабліваюць. У мяне ўжо колькі знаёмых там робяць, іх там не гнабяць, даюць рабіць. І мяне ўжо запрашалі, але я ў Беларусі хачу. Ведаеце, пасля ўсіх гэтых санкцый рускія пачалі свае фермы будаваць, я прыязджаў, бачыў. Здаецца, праз пару гадоў нас дагоняць, а потым і перагоняць»,— упэўнены Рустам з той агаворкаю, што гэта дакладна адбудзецца, калі ў раёне нічога не зменіцца.
Дарэчы, пасля размоваў з людзьмі мы яшчэ праехаліся па фермах, каб на свае вочы глянуць, што там робіцца. Але не заязджалі ў тыя СПК, якія фігуруюць у пракурорскай праверцы.
Былі мы, напрыклад, на фермах СПК «Дземідавіцкі» — у працы гэтага СПК пракуратура выявіла толькі дробнае парушэнне гігіенічных правілаў.
Але што мы ўбачылі?
Тэрыторыя фермы такая, што там не праехаць і на ўседарожніку. Каровы стаяць без падсцілкі, на дахах фермы — дзіркі, на вокнах — цэлафан. І што самае дзіўнае, пракуратура, у адрозненне ад нас, не ўбачыла, што ў ямах для сіласу пуста.
А вось фота з фермы пазбаўленага прэмій Чаркасава.
Чысціня, бетонныя дарогі на ферме, ямы з кармамі.
У Касцюковічах кажуць, што супраць прызначэння Малашанкі старшынёй Касцюковіцкага райвыканкама ў свой час выступаў памочнік прэзідэнта па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў. Аднак рашэнне ўсё ж было прынятае, бо прызначэнню паспрыяў былы мэр Касцюковіч, а цяпер кіраўнік холдынгу «Беларуская цэментная кампанія» Уладзімір Кісялёў.
Супрацоўнікі мясцовых гаспадарак шмат чаго нам расказалі пра дробныя карупцыйныя схемы ў сельскай гаспадарцы раёна — гэта і фіктыўны крадзеж тэхнікі, і продаж угнаенняў у Расію, і закупы запчастак па завышаных цэнах. Але мы не змаглі знайсці доказы пералічаным фактам праз адсутнасць спецыяльных магчымасцяў.
Мы патэлефанавалі і старшыню райвыканкама Дзмітрыю Малашанку і папрасілі адказаць на пытанні, якія ў нас узніклі пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу. Але ён кінуў трубку праз 15 секунд размовы, як толькі даслухаў першае пытанне. Наступныя спробы дазваніцца поспеху не мелі — ён «скідаў» званкі.
Каментары