Гісторыя33

Ці існавала завяшчанне Сталіна? «Усё маё жыццё — няспынная барацьба з сіянізмам»

Дакумент, які назвалі «завяшчаннем Сталіна», пачаў распаўсюджвацца ў расійскіх нацыяналістычна­манархічных асяродках у 1990-­я гады. У ім гаварылася: «Я ніколі не быў сапраўдным рэвалюцыянерам, усё маё жыццё — няспынная барацьба з сіянізмам, мэта якога — усталяванне новага сусветнага парадку пры панаванні яўрэйскай буржуазіі…

Каб дасягнуць гэтага, ім неабходна разваліць СССР, Расію, знішчыць Веру, ператварыць рускі дзяржаўны народ у бязродных касмапалітаў».

Пахаванне Сталіна. Труну нясуць Лаўрэнцій Берыя, Клімент Варашылаў, Мікіта Хрушчоў, Міхаіл Суслаў. Фота: rg.ru.

Вось да якой ісціны нібыта прыйшоў напрыканцы жыцця (дакумент датуецца пачаткам 1953 года) савецкі дыктатар. У дакуменце з сумам канстатуецца:

«Я адзінокі. Расія — каласальная краіна, а вакол ніводнага прыстойнага чалавека… Старое пакаленне пагалоўна ахоплена сіянізмам, уся наша надзея на моладзь».

Усю сваю дзейнасць, калі верыць «завяшчанню», Сталін нібыта накіроўваў на адраджэнне Расійскай імперыі і пабудову дзяржавы, дзе будзе «пануючая роля рускага народа (іншародцы і іншаверцы павінны ведаць сваё месца)». Нашчадкам жа ён пакідаў стварэнне новай арганізацыі замест старой камуністычнай партыі — «Рускі Ордэн Аляксандра Неўскага», галоўная задача якога — «аб’яднанне ўсіх сіл на барацьбу за Вялікую Русь».

Ці мог такое напісаць Сталін? Канечне, не. І ягоная добра даследаваная біяграфія, і тэарэтычная спадчына, якую ён пакінуў, і ўспаміны сучаснікаў — усё супярэчыць зместу «завяшчання». Не мог такое напісаць чалавек, які не меў у сваіх жылах ані кроплі рускай крыві і да канца жыцця размаўляў па­руску з вялікім акцэнтам.

Завяшчанне — гэта відавочная падробка, напісаная ў стылістыцы расійскай нацыяналістычнай публіцыстыкі, што ў 1990­я гуртавалася вакол часопіса «Наш современник», але многія прыхільнікі «рускага свету» вераць у яго. А вераць таму, што вакол смерці Сталіна да сёння шмат таямніц.

Хвароба Сталіна

Пасля вайны Сталін шмат хварэў. Восенню 1945 года, калі яму было 65, у яго здарыўся першы інсульт. Па парадзе дактароў савецкі лідар упершыню з 1937 года з’ехаў у адпачынак на поўдзень. Аднак аднавіць былую працаздольнасць ён не змог і вымушаны быў па вяртанні больш часу праводзіць на дачы ў Кунцаве, чым у Крамлі.

У яго была гіпертанія, здараліся галавакружэнні і прыступы задышкі. А з набліжэннем восені дадаваліся яшчэ і прастуды.

Сталін з паплечнікамі. Злева направа ад чалавека, якому Сталін падае руку, — Лаўрэнцій Берыя, Георгій Малянкоў, Панцеляймон Панамарэнка, Лазар Кагановіч.

У кастрычніку 1949 года ў Сталіна здарыўся другі мікраінсульт, які суправаджаўся частковай стратай маўлення. Цягам наступных двух гадоў ён шмат часу бавіць адпачываючы на поўдні. Але не адчуваючы паляпшэння, з восені 1951 года больш не пакідае Масквы, знаходзячыся ўвесь час на кунцаўскай дачы. У Сталіна сталі здарацца правалы ў памяці. Летам 1952 года пасля агляду яго асабістым доктарам, акадэмікам Уладзімірам Вінаградавым, быў пастаўлены дыягназ — прагрэсуючы атэрасклероз мозга.

Дадаліся і праблемы з лёгкімі, ад чаго Іосіф Сталін нават кінуў курыць, чым моцна ганарыўся. Але ў выніку ў яго з’явілася нервознасць і ён моцна дабавіў у вазе, што садзейнічала павышэнню крывянога ціску.

16 кастрычніка 1952 года Сталін на адкрыцці пленума партыі падаў заяву аб вызваленні ад пасады генеральнага сакратара, матывуючы просьбу «станам здароўя». Але яго паплечнікі ўспрынялі гэта як праверку, кшталту той, якую ў свой час учыняў яшчэ Іван Жахлівы.

Не шкадуючы адданых

Апошнія гады свайго жыцця Іосіф Сталін усё больш турбаваўся пра стан уласнай бяспекі і пасля другога мікраінсульту канчаткова перастаў давяраць крамлёўскім дактарам.

Гэтаму пасадзейнічала і ранняя смерць аднаго з ягоных блізкіх паплечнікаў, Андрэя Жданава, якому, мусіць, у выніку памылкі ў дыягназе было прызначана няправільнае лячэнне. Распачынаецца «справа дактароў», у рамках якой быў арыштаваны і Уладзімір Вінаградаў.

Лячэннем Сталіна пэўны час займаецца яго асабісты памочнік Аляксандр Паскробышаў, які скончыў фельчарскія курсы. Але ў лістападзе 1952 годзе і незаменны Паскробышаў быў абвінавачаны ў страце важных дакументаў, і нават у крадзяжы сакрэтнай інфармацыі пра ненадрукаваны другі том рукапісу «Эканамічныя праблемы сацыялізму». Толькі смерць Сталіна ўратавала яго, нязменнага на працягу 20 гадоў сакратара і памочніка, ад смерці. Пасля прыходу да ўлады Хрушчова Паскробышава адправяць на пенсію, ён памрэ ў 1965 годзе.

Яшчэ менш пашанцавала кіраўніку аховы Іосіфа Сталіна Мікалаю Уласіку, дарэчы, ураджэнцу вёскі Бабынічы (сёння — Слонімскі раён Гродзенскай вобласці). Ён быў нібыта адпраўлены на нізкую пасаду ў адзін з канцлагераў ГУЛАГа, а па прыбыцці на месца арыштаваны па «справе дактароў». Пяць гадоў ён правядзе ў турме. Памрэ ён 71-­гадовым у 1967 годзе ў Маскве ад раку лёгкіх.

Апошнія дні

На публіцы Сталін апошні раз з’явіўся 17 лютага 1953 года, калі ў Крамлі прымалі індыйскую дэлегацыю.

Сустрэча доўжылася паўгадзіны. Адным з апошніх, хто бачыў зблізу Сталіна, быў генерал­-лейтэнант, кіраўнік спецаперацый савецкай разведкі Павел Судаплатаў. Гэта адбылося 21 лютага: «Я бачыў стомленага старога. Сталін вельмі змяніўся. Яго валасы моцна парадзелі, і, хоць ён заўсёды гаварыў марудна, цяпер ён яўна вымаўляў словы як бы праз сілу, а паўзы паміж словамі сталі даўжэйшыя». Судаплатаў, дарэчы, прыязджаў абмеркаваць пытанні рэарганізацыі замежнай разведкі і план замаху на кіраўніка Югаславіі, маршала Ціта, пры дапамозе замаскіраванага ў адзенні бясшумнага механізму, які выпускае дозу бактэрый лёгачнай чумы. Забойства Ціта меркавалі ўскласці на беларуса Язэпа Грыгулевіча — аднаго з самых паспяховых агентаў савецкай разведкі, які зрабіў фенаменальную кар’еру ў Лацінскай Амерыцы, стаўшы паслом Коста-­Рыкі пры Ватыкане і, па сумяшчальніцтве, у Югаславіі.

Увечары 27 лютага 1953 года Іосіф Сталін наведаў Вялікі тэатр, глядзеў «Лебядзінае возера». 28 лютага быў дзень нараджэння яго дачкі Святланы, пра які ён проста забыўся, правёўшы вечар у Крамлі за праглядам фільма разам з Лаўрэнціем Берыяй, Мікалаем Булганіным, Георгіем Малянковым і Мікітам Хрушчовым — гэтая чацвёрка складала блізкае кола «правадыра народаў» у апошнія гады яго жыцця. Берыя, Малянкоў і Булганін з 1951 года нават мелі права выкарыстоўваць факсіміле подпісу правадыра СССР на некаторых афіцыйных дакументах. Згодна з тэорыямі канспіролагаў, у тую ноч на 1 сакавіка ён назваў імя будучага пераемніка.

Зранку Сталін яшчэ паспеў наведацца ў лазню, папарыўшыся па старой сібірскай завядзёнцы, да якой прызвычаіўся яшчэ з часоў ссылкі.

Апошнімі ў звычайным стане Сталіна бачылі яго ахоўнікі і служачыя дачы, адзін з якіх, падпалкоўнік Пётр Лазгачоў, узгадваў: «А пятай гадзіне ночы [Сталін вёў начны лад жыцця, чым страшэнна вымучваў савецкую вярхушку, якой даводзілася і ўначы быць гатовай да выкліку ці тэлефанавання] падаём машыны гасцям. А калі Гаспадар гасцей праводзіў, то прымацаваны таксама праводзіў — дзверы зачыняў за імі. І прымацаваны Хрусталёў Іван Васільевіч зачыняў дзверы і бачыў Гаспадара, а той сказаў яму: «Кладзіцеся вы ўсе спаць. Мне нічога не трэба. І я таксама кладуся. Вы мне сёння не спатрэбіцеся». Хрусталёў прыйшоў і радасна кажа: «Ну, хлопцы, ніколі такога распараджэння не было…» І перадаў нам словы Гаспадара… І, праўда, за ўвесь час, што я працаваў, гэта быў адзіны раз, калі Гаспадар сказаў: «Кладзіцеся спаць…» Звычайна спытае: «Спаць хочаш?» — і прасвідруе цябе вачыма з ног да галавы. Ну, які ж тут сон!»

Архіў Сталіна і «чорны сшытак»

Дакладна вядома, што Іосіфа Сталіна разбіў паралюш і памёр ён ад кровазліцця ў мозг 5 сакавіка 1953 года.

Кадр з фільма «Смерць Сталіна».

І нібыта гэтак сталася, што ў той самы дзень, калі ў Сталіна здарыўся ўдар, ягоны «чорны сшытак», нататнік для звышсакрэтных запісаў, у якім паплечнікі бачылі пагрозу ўласнаму становішчу, знік. Маўляў, паплечнікаў тырана навучыў прыклад «завяшчання Леніна», які ў 1924 годзе ледзь не перакрэсліў палітычную кар’еру Сталіна.

Паперы Сталіна пасля яго смерці склалі асобны фонд (№ 558), які цяпер знаходзіцца ў Расійскім дзяржаўным архіве сацыяльна­палітычнай гісторыі і даступны ў інтэрнэце. Але гісторык Жарэс Мядзведзеў тлумачыць, што найбольш важныя асабістыя паперы Сталіна былі знішчаныя неўзабаве пасля ягонай смерці. Тое ж, што пакідалася, было моцна падчышчана пры Мікіце Хрушчове, які імкнуўся па магчымасці прыбраць усе згадкі пра свой удзел у рэпрэсіях.

Пасля гэтага архіў перабіралі ў часы савецкай перабудовы, а пасля і ў 1990-­я, ужо пасля распаду Саюза пры Барысе Ельцыне, — перад тым як перадаць для вывучэння экспертам Ельскага ўніверсітэта ў ЗША.

Ускладанне кветак да помніка Сталіну на Цэнтральнай плошчы Мінска ў дзень яго пахавання. Фота: БДАК.

Даследчыкам, аднак, не дае спакою так і не выяўлены так званы «чорны сшытак». Справа ў тым, што, паводле ўспамінаў, Сталін, акрамя хрэстаматыйнай люлькі і пачка з папяросамі, заўсёды меў пры сабе і запісную кніжку з цёмнай вокладкай. Што ў той нататнік запісвалася — можна толькі строіць версіі, бо зазірнуць у яго нікому не ўдавалася.

Так, напрыклад, расійскі гісторык Юрый Емяльянаў лічыць, што савецкі лідар у гэтым «чорным сшытку» занатоўваў заўвагі адносна паплечнікаў, ставячы крыжыкі і пытальнікі насупраць прозвішчаў аднапартыйцаў. Пасля запісная кніжка нібыта трапіла да Берыі, а ад яго — да першага старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі СССР Івана Сярова, які, ратуючы пасля арышту і расстрэлу Берыі ўласнае жыццё, аддаў «чорны сшытак» Хрушчову.

Пацвердзіць гэта маглі б мемуары Івана Сярова, але іх арыгіналы так і не знойдзеныя. А тое, што нібыта знайшлі ў 2012 годзе ў двух чамаданах пры зносе сцяны гаража на яго дачы і выдалі ў 2016 годзе, найхутчэй што, фальсіфікацыя.

А што ж сапраўды пісаў Сталін перад смерцю?

Калі ж адкінуць канспіралогію і глядзець на сітуацыю рэалістычна, то палітычнае завяшчанне Сталіна сапраўды існавала, але шукаюць яго не там.

Каб зразумець, правядзення якой палітыкі Сталін хацеў ад сваіх пераемнікаў (хоць і сам яшчэ паміраць не збіраўся), трэба прачытаць не адну старонку прапагандысцкай лістоўкі, а некалькі нудных тамоў. У апошнія гады свайго жыцця Сталін шмат увагі надаваў пытанням стратэгічнага планавання па самым шырокім коле пытанняў — ад пабудовы сацыялізму да развіцця мовы.

Не абавязкова, вядома, ён усё пісаў сам, але, прынамсі, праглядаў і ўносіў там, дзе лічыў патрэбным, праўкі.

У 1950 годзе была апублікаваная вядомая праца Сталіна «Марксізм і пытанні мовазнаўства». Таксама ён удзельнічаў у стварэнні падручніка «Палітычная эканомія», што выйшаў ужо пасля яго смерці.

У 1952-­м з’явілася праца «Эканамічныя праблемы сацыялізму ў СССР». Асноўная ідэя гэтага твора — небяспека рэстаўрацыі капіталізму ў выпадку доўгага захавання таварнага характару гаспадаркі ў СССР. Грошы, таварная гаспадарка — гэта, маўляў, элемент рынку, а рынак — неэквівалентны абмен. Значыць, ёсць магчымасць прыбытку і, адпаведна, эксплуатацыі. Таму Сталін лічыў неабходным адмовіцца ад грашовых разлікаў і перайсці да натуральнага прадуктаабмену.

Калі казаць прасцей: пражыві Сталін даўжэй, то і без таго знясіленае савецкае грамадства чакаў бы яшчэ адзін эканамічны эксперымент.

Адзін з галоўных паплечнікаў Сталіна, Анастас Мікаян, праз гады згадваючы ў мемуарах пра гэтыя ідэі «бацькі народаў», пісаў: «Гэта быў неймаверна лявацкі загін. Я тлумачыў яго тым, што Сталін, відаць, планаваў ажыццявіць пабудову камунізму ў нашай краіне яшчэ пры сваім жыцці, што, вядома, было рэччу нерэальнай». Але спрабаваць увасабляць у жыццё нерэальныя рэчы бальшавікам было не прывыкаць.

Сваю працу па эканамічных праблемах Сталін вырашыў пакласці ў аснову новай праграмы Камуністычнай партыі, камісія па распрацоўцы якой была абрана на ХІХ з’ездзе КПСС у кастрычніку 1952 года. Працу, аднак, камісія так і не распачала, бо

Сталін праз няпоўныя паўгода пасля з’езда памёр, а ў пераемнікаў погляды на далейшае развіццё краіны адрозніваліся. Палітычнаму завяшчанню правадыра яны, трэба прызнаць, сапраўды здрадзілі. Але краіна і грамадства ад гэтага толькі выйгралі. Апошнія дзесяцігоддзі існавання СССР былі не такія крывавыя, як гады кіравання Сталіна, было менш войнаў і рэпрэсій, не было голаду, людзям жылося багацей і спакайней.

Каментары3

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента4

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

Усе навіны →
Усе навіны

Як беларусы жылі па драўляным календары. Усё жыццё змяшчалася на простым кійку3

Тварожны пірог з бруснічным варэннем — рэцэпт

Як Расія наймае крымінальнікаў для выканання спецаперацый на Захадзе1

У Вялікабрытаніі зафіксавалі палёты неапазнаных дронаў над вайсковымі базамі, якія выкарыстоўваюць ЗША1

Знойдзены самы ўдачлівы рыбак Беларусі: за гадзіну ён вылавіў у Мінску дзве 18-кілаграмовыя рыбіны

Расійская армія пачала штурм Вялікай Навасёлкі. Яе захоп будзе мець велізарнае значэнне2

Пасол Украіны ў Турцыі расказаў, як Эрдаган выратаваў ад расійскага захопу Адэсу і Мікалаеў1

У Купалаўскім тэатры адбылася першая прэм'ера сезона. Гэта трагікамедыя Дастаеўскага з Няфёдавай у галоўнай ролі21

«Сто працэнтаў Беларусь». У Магілёве заўважылі ката, які ведае правілы дарожнага руху ВІДЭА1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента4

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

Галоўнае
Усе навіны →