Гісторыя2626

Біяграфія Дзяржынскага больш натхняе на бунт, чым на «ахраніцельства»

Чалавек, імя якога хочуць даць Ліцэю БДУ, пачынаў як ідэаліст, дайшоў да рэвалюцыйнага фанатызму, а скончыў як расчараваны прагматык. І, хоць Фелікс Дзяржынскі стварыў спецслужбу, якая стала каркасам савецкай дзяржавы, яго біяграфія больш натхняе на бунт, чым на ахавальніцтва. Бо яго рэвалюцыйнасць была і паспяховаю, і рацыянальнаю, і джэнтльменскаю. «Любы гвалт, пра які я чуў ці які я бачыў — прымус гаварыць па-руску, сістэма шпіёнства, — быў як бы гвалтам нада мной асабіста. І я пакляўся змагацца з гэтым злом да апошняга ўздыху», — пісаў Дзяржынскі.

Фота Фелікса Дзяржынскага, зробленае ў Кракаве ў 1912 годзе. Расфарбоўка Klimbim.

У 1880—1890-я, гады юнацтва Дзяржынскага, а таксама яго сучаснікаў — Пілсудскага, братоў Луцкевічаў, Іваноўскіх, — у Беларусі і Літве яшчэ адчуваўся водгук імперскай рэакцыі на паўстанне 1863 года. Жыла памяць пра высылку цэлых сем’яў і канфіскацыю маёмасці, пра закрыццё касцёлаў і забарону выдаваць кнігі на беларускай, літоўскай і польскай мовах. Ішла русіфікацыя, і ўсім запраўлялі чыноўнікі з цэнтральных частак імперыі.

Прага вызвалення, якая цягам усяго XIX стагоддзя запальвала тут паўстанні, не была зламаная пасля страты Каліноўскага. Хутчэй, скручаная ў спружыну.

«Любы гвалт, пра які я чуў ці які я бачыў — прымус гаварыць па-руску, прымус па святах хадзіць у царкву, сістэма шпіёнства, — быў як бы гвалтам нада мной асабіста. І я пакляўся змагацца з гэтым злом да апошняга ўздыху», — пісаў Фелікс Дзяржынскі.

Спружына пачала выпроствацца ў канцы XIX стагоддзя. Юнакі яшчэ ў школах групаваліся ў падпольныя гурткі, дэманстратыўна адмаўляліся гаварыць па-руску з настаўнікамі. Праўда, за час, што мінуў ад паўстання Касцюшкі, абстаноўка на ўсходніх абшарах былой Рэчы Паспалітай змянілася. Там не было ўжо адзінага фронту за аднаўленне шляхецкай дзяржавы ў межах 1772 года. Беларусь, Украіна, Літва пачыналі таксама ўсведамляць сябе. Моладзь магла выбіраць.

Прага нацыянальнага вызвалення спалучалася з перадавой і моднай у Еўропе ідэяй Маркса і Энгельса, якая абяцала паняволеным класам сацыяльную справядлівасць.

Чаму Дзяржынскі, які цвёрда ўсведамляў сябе палякам, не стаў сацыялістам польскім, як Пілсудскі? Чаму ён, народжаны ў Беларусі, не стаў сацыялістам беларускім, не далучыўся да Луцкевічаў, да абуджальнікаў беларускага сялянства, калі яны засноўвалі першую беларускую газету? Чаму Дзяржынскі выбраў шлях «агульнарасійскага» сацыял-дэмакрата-інтэрнацыяналіста?

Адыгралі ролю асабістыя фактары і перыпетыі лёсу: яго гарачаму характару найлепш адпавядала ідэалогія бальшавікоў. Адзінаццаць гадоў турмаў і высылак зрабілі яго непрымірымым.

Асабістае знаёмства з Леніным і захапленне ім замацавала выбар, якому Дзяржынскі застанецца верны да канца жыцця.

Складанае спалучэнне месіянства на мяжы экзальтацыі і маральнага рэлятывізму, веры ў Хрыста і камунізм, душэўнай цеплыні і жорсткасці ў практычных пытаннях, істэрычнасці ў адных сітуацыях і ўмення захоўваць каменны спакой у іншых — вось сплаў, з якога быў зроблены «жалезны Фелікс».

Ленін знайшоў гарачаму, сумленнаму і дысцыплінаванаму рэвалюцыянеру ўдалае прымяненне, паставіўшы на чале палітычнай паліцыі першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы.

Спачатку ён быў ідэалістам. Потым «душыць контру» ўвайшло ў звычку. У апошнія ж гады жыцця перажыў расчараванне вынікамі сваёй крывавай работы: пабачыў, як створаная ім дзяржава касцянее ў бюракратыі, а створаная ім спецслужба ператвараецца ў зборышча нягоднікаў. Стомлены і спустошаны, Дзяржынскі перад смерцю пагрузіўся ў глыбокую дэпрэсію.

Але легенда пра «жалезнага Фелікса» жыла аж да скону СССР. Бо ВЧК — ГПУ — НКВД — КГБ трэба было мець светлы вобраз у вачах грамадзян, а наступнікі Дзяржынскага — Ягода, Яжоў ці Берыя — на ролю «крыштальна чыстых рыцараў рэвалюцыі» надаваліся яшчэ менш.

Як у адным чалавеку можа спалучацца неспалучальнае? Кейс «жалезнага Фелікса»

Ён нарадзіўся датэрмінова, калі цяжарная маці правалілася ў склеп і моцна стукнулася. Немаўля з’явілася на свет здаровым, што выглядала сапраўдным цудам. Гэта сімвалізавала і імя, якое па-лацінску значыць «шчаслівы». У гісторыю ж гэты чалавек увайшоў як «жалезны Фелікс».

З паўстанцкага роду

Род Дзяржынскіх вядомы з сярэдзіны XVII стагоддзя. У XIX стагоддзі ён валодаў маёнткам Дзяржынава непадалёк ад Івянца. Цяпер гэта Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці, і тут месціцца дом-музей «жалезнага Фелікса».

Сядзіба ў Дзяржынаве, Налібоцкая пушча. Фота: Wikimedia Commons.

Бацька Фелікса, Эдмунд-Руфін (1837—1882), скончыў фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Многія сваякі Дзяржынскіх удзельнічалі ў паўстанні 1863—1864 гадоў, але Эдмунда напаткаў іншы лёс. Прычыны таму — дрэннае здароўе і каханне да сваёй вучаніцы. Ёю была юная Алена Янушэўская (1849—1896), дачка прафесара Пецярбургскага чыгуначнага інстытута, сваячка паэта Юліюша Славацкага.

Вясною 1864 года Эдмунд і Алена пабраліся шлюбам. Маладому было 26 гадоў, маладой — 15. Прыйшлося з’ехаць падалей ад вачэй знаёмых і сваякоў, якія з асуджэннем глядзелі на шлюб прадстаўніцы вядомай віленскай сям'і і беднага былога студэнта. Пры дапамозе цесця маладыя ўладкаваліся ў Херсоне, а ў 1868 годзе пераехалі ў Таганрог. Тут сярод вучняў Эдмунда быў будучы славуты пісьменнік Антон Чэхаў, які згадаў прозвішча свайго настаўніка матэматыкі ў апавяданні «Рускі вугаль (Праўдзівая гісторыя)». «Дзяржынскі» тут названы «палякам», карцёжнікам, які «напаўняў паветра сваёй жоўцю».

У 1875 годзе ў Эдмунда выявілі сухоты. Пасля таго ён з сям’ёй вярнуўся на радзіму, у Дзяржынава, дзе 11 верасня (ці 30 жніўня па старым стылі) 1877 года нарадзіўся сын Фелікс, ужо шостае дзіця ў сям’і.

Мамчын пястун

Хлопчык рос упартым, але сумленным. Ён быў душой дзіцячай грамады, выдумляў розныя свавольствы і забавы. Сярод яго любімых заняткаў былі верхавая язда, паляванне на ракаў і гадаванне вавёрак. Але ў 1892 годзе ў сям’і Дзяржынскіх здарыўся трагічны выпадак: Фелікс з братам Станіславам узялі стрэльбу, каб пастраляць па мішэні, і выпадкова забілі сястру Ванду. Напэўна, гэтая трагедыя адбілася на яшчэ неўмацаванай псіхіцы падлетка.

Фелікс выхоўваўся ў польскім патрыятычным духу: на паўстанцкіх песнях, музыцы Фрэдэрыка Шапэна і Міхаіла Клеафаса Агінскага, творах Юліюша Славацкага і Адама Міцкевіча. У чатыры гады ён на памяць цытаваў «Пана Тадэвуша».

Ён быў любімым сынам сваёй маці, якая, маючы 32 гады, засталася адна з васьмю дзецьмі на руках.

Эдмунд памёр ад сухотаў, калі Феліксу было ўсяго пяць гадоў, а найстарэйшай, Альдоне, толькі 12. «Матуся», нягледзячы на недахоп сродкаў, знаходзіла час не толькі на працу па гаспадарцы. Фелікс успамінаў: «Я памятаю вечары ў нашай маленькай сядзібе, калі маці пры святле лямпы расказвала, а за акенцам шумеў лес, як яна расказвала пра пераследы ўніятаў, пра тое, як у касцёлах прымушалі спяваць малітвы па-руску на той падставе, што гэтыя каталікі былі беларусамі; памятаю яе аповеды пра тое, як кантрыбуцыі накладаліся на насельніцтва, якім чынам яно падпадала пад пераследы, як яго даймалі падаткамі».

У 1922 годзе Дзяржынскі згадваў: «Яшчэ хлопчыкам я марыў пра шапку-невідзімку і знішчэнне ўсіх маскалёў».

Хацеў стаць ксяндзом

Да сямі гадоў ён увогуле не ведаў рускай мовы, таму два гады заставаўся ў першым класе віленскай гімназіі. Любімы яго ўрок — Закон Божы. Фелікс нават хацеў паступіць у духоўную семінарыю, удзельнічаў у невялічкім гуртку «Сэрца Ісуса», прымушаў старэйшага брата штодня маліцца. На пытанне, што для яго Бог, ён адказваў: «Бог — у сэрцы», «Калі я аднойчы даведаюся, што Бога няма, я пушчу сабе кулю ў лоб».

Фелікс часам параўноўваў сябе з Хрыстом, ён збіраўся «абняць усе пакуты людскія, пакутаваць за іншых і збавіць чалавецтва. Але нядоўга працягваліся такія мроі. Я падаў з такой жудаснай вышыні ў рэчаіснасць. Я карлік».

Ад святарскага шляху Фелікса адгаварылі маці і ксёндз Ясінскі. Святар лічыў, што юнак «занадта вясёлы і какетлівы», а найгорш — вельмі папулярны сярод гімназістак.

Дзяўчаты перадавалі яму запіскі, падкладаючы іх пад вусцілкі галёшаў Ясінскага, які ранкам наведваў як жаночую, так і мужчынскую віленскія гімназіі.

Калі ж дзве гімназісткі пасварыліся, пра гэта стала вядома. У ксяндза адбылася жорсткая размова з Феліксам. І юнак пасля крыўду на святара перанёс на рэлігію ў цэлым. У 1894 годзе ў яго з’явілася новае захапленне: «Тады я цэлы год насіўся з тым, што Бога няма, і ўсім горача даказваў гэта». Пасадзейнічалі таму родныя браты першай каханай дзяўчыны Фелікса — Юліі Гольдман, дачкі вядомага віленскага камерсанта, паэта і журналіста Ісака Мееровіча.

Смерць маці і рэвалюцыя

14 студзеня 1896 года пасля цяжкай хваробы памерла Алена Дзяржынская. Фелікс быў пасля таго сам не свой, канфліктаваў з настаўнікамі гісторыі і рускай мовы. Калі ж у гімназіі з’явілася распараджэнне размаўляць вучням выключна па-руску, Дзяржынскі ўварваўся ў настаўніцкую і назваў педагогаў «мярзотнікамі».

Сястра Альдона ўспамінала: «[Педагогі] былі так збітыя з панталыку, што не паспелі прыняць ніякіх мераў. Дома Фелікс весела расказваў пра ўсё гэта з пачуццём радасці ад выкананага абавязку».

Пасля гэтага Фелікс, які цягам студзеня 1896 года страціў і маці, і бабулю, вырашыў з гімназіі сысці.

Толькі па Законе Божым у яго была чацвёрка, па астатніх прадметах тройкі, а па рускай і грэчаскай мовах — увогуле двойкі.

Але Дзяржынскага гэта ўжо не цікавіла. Яго цалкам захапіла ідэя перабудовы свету. Марк і Барыс Гольдманы пазнаёмілі Фелікса з творамі Чарльза Дарвіна, анархіста П’ера-Жазэфа Прудона і сацыяліста-ўтапіста Анры Сэн-Сімона. 1 мая 1896 года ён удзельнічаў у заснаванні Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі. На яе патрэбы ён аддаў усе свае грошы, заробленыя рэпетытарствам. А 14 мая, у дзень каранацыі імператара Мікалая II, на гары Гедыміна ў Вільні даў клятву змагацца са злом да апошняга подыху.

Шэсць арыштаў, тройчы ўцякаў

Ужо ў першыя месяцы рэвалюцыйнай дзейнасці Фелікса ледзь не забілі. Прычым спрабавалі гэта зрабіць віленскія рабочыя, за якіх ён змагаўся, — цэліліся нажом у скроню. А ў ліпені 1897 года Дзяржынскага ўпершыню арыштавалі. За 10 рублёў Фелікса выдаў юнак, якому ён перадаваў нелегальную літаратуру. Фелікс адмовіўся выдаць сяброў, і яго білі да непрытомнасці. Сябрам на волі ён абяцаў: «Жандары б’юць мяне, і я ім адпомшчу».

Час на гэта яшчэ прыйдзе, а пакуль Дзяржынскі, як непаўналетні, у маі 1898 года атрымаў тры гады ссылкі ў Вяцкую губерню. Па дарозе ўлады спрабуюць яго «перавыхаваць», змяшчаючы ў перасылачных турмах у адныя камеры з крымінальнікамі. Але марна.

У жніўні 1899 года Дзяржынскі першы раз уцёк. Спачатку на лодцы, потым, хаваючыся па лясах, дабраўся да чыгуначнай станцыі і далей — у Вільню. Але праз паўгода — зноў арышт. Фелікс утрымліваўся ў Х павільёне Варшаўскай цытадэлі, атрымаў пяць гадоў ссылкі ў Якуцкую губерню. Падчас перасылкі ў маі 1902 года ён з-за жорсткасці рэжыму ўзняў бунт у Аляксандраўскім цэнтрале Іркуцкай губерні.

Палітзняволеныя завалодалі некалькімі браўнінгамі і захапілі адзін корпус турмы, над якім узнялі чырвоны сцяг з надпісам «Свабода». Два дні доўжылася аблога, пакуль улады не пайшлі на саступкі. Дзяржынскага адправілі да месца ссылкі. Але ў чэрвені 1902 года ён зноў уцёк і дабраўся да сястры, у вёску Паплавы Мінскай губерні.

Далей Дзяржынскі выехаў у Варшаву.

Каб весці працу сярод яўрэйскага насельніцтва, ён самастойна вывучыў ідыш. Ягоны сябар Карл Радэк успамінаў: «Мы смяяліся пазней, што ў кіраўніцтве польскай сацыял-дэмакратыі, у якой быў цэлы шэраг яўрэяў, чытаць па-яўрэйску ўмеў толькі Дзяржынскі, польскі шляхціц і католік».

1 мая 1905 года Фелікс арганізаваў у Варшаве 25-тысячную дэманстрацыю рабочых, падчас якой было забіта каля 50 дэманстрантаў, а яшчэ 100 паранена. У ліпені яго арыштавалі і змясцілі ў Х павільён Варшаўскай цытадэлі, дзе ён шмат чытаў, падвучваў французскую мову. 2 лістапада Мікалай II абвясціў амністыю, і ў той жа дзень Дзяржынскі зноў апынуўся на волі. У красавіку 1906 года ён у Стакгольме пазнаёміўся з Леніным і зрабіў на яго прыемнае ўражанне.

У снежні 1906 года Дзяржынскі зноў за кратамі, дзе гуляе з сукамернікамі ў карты на чаргу прыбіраць. І заўсёды выйграе. У азартных гульнях, як і з жанчынамі, яму заўсёды шанцавала. Аднойчы ён нават выйграў у казіно ў Монтэ-Карла.

У маі 1907 года Фелікса вызваляюць пад заставу 1000 рублёў, але зноў арыштоўваюць у красавіку 1908 года, пазбаўляюць дваранскага звання і выпраўляюць на вечнае пасяленне ў Сібір. Па дарозе ён уцякае і ўжо апошні, шосты, раз арыштоўваецца ў верасні 1912 года. Яго прыгаворваюць да катаргі.

У 1914 годзе ў Арлоўскай губернскай турме Фелікс выступіў супраць турэмнага рэжыму, не жадаючы прамаўляць начальніку «Здравия желаем, ваше благородие». Арганізаваў галадоўку. Некалькі зняволеных падчас яе памерлі. На мяжы жыцця і смерці быў і Дзяржынскі, але начальнік пайшоў на саступкі. Праўда, гэтым разам яго закавалі ў кайданы. Іх знялі толькі пры канцы 1916 года, калі ў маскоўскай Бутырцы Дзяржынскі пайшоў працаваць на нажную швейную машыну.

Вызваліць яго павінны былі ў маі 1919 года. Аднак карэктывы ўнесла Лютаўская рэвалюцыя. 1 сакавіка 1917 года Фелікс Дзяржынскі выйшаў на волю, а пасля ў турму саджаў ужо толькі сам.

Жанчыны Дзяржынскага

Жанчын у яго было шмат, і гісторыі кахання найчасцей былі трагічнымі. Наўрад ці ўвогуле магло быць інакш у чалавека, які не вылазіў з турмаў і ссылак.

Згаданая ўжо Юля Гольдман была ў ліку тых гімназістак, якія сварыліся з-за Фелікса. У 1904 годзе дзеля яе ён кіне ўсё і прыедзе ў Швейцарыю. Але ў іх быў толькі тыдзень. Юля памірала ў пакутах: «Я не мог адысці ад яе ложка ні днём, ні ноччу».

Падчас першай ссылкі ў Вяцкай губерні Фелікс хацеў ажаніцца з Маргарытай Нікалаевай. Але пасля таго, як ён выкінуў з пакоя паліцэйскага спраўніка, маладых раздзялілі 400 вёрстаў. Фелікс пісаў: «Я Вас кахаю, і так моцна, наколькі здольны і як ніколі ў жыцці яшчэ не кахаў» і «Баюся, што сяброўства з жанчынай абавязкова павінна перайсці ў больш жывёльнае пачуццё». Паўгода яны перапісваюцца, пакуль, нарэшце, не сустракаюцца. Але Дзяржынскі не знайшоў патрэбных слоў і… уцёк са ссылкі. Нікалаева спрабавала з ім звязацца, але Фелікс запатрабаваў больш не пісаць. На ўспамін Маргарыце засталіся 19 лістоў. Яны былі знойдзеныя ў невялікай скрыначцы пасля яе смерці ў 1957 годзе. Цалкам лісты надрукавалі толькі ў 2007-м.

У час рэвалюцыі 1905—1907 гадоў Фелікс Дзяржынскі ў Варшаве піша пранікнёныя лісты новай каханцы — Сабіне Фанштэйн. Іх адносіны перарваліся пасля арышту. Фелікс намагаўся іх аднавіць. Але без поспеху. Ён не ведаў, што малодшая сястра Сабіны таксама кахала Фелікса і з-за непадзеленага пачуцця атруцілася цыяністым каліем.

У лістападзе 1910 года Дзяржынскі ажаніўся з актывісткай сацыял-дэмакратыі — Соф’яй Мушкат, якая паходзіла з заможнай варшаўскай сям’і. Аднак ужо на наступны месяц жонку арыштавалі ў Варшаве і змясцілі ў адну камеру з дзетазабойцай. Соф’я ж была ўжо цяжарная і ў чэрвені 1911 года нарадзіла сына Ясіка. Сям’я сустрэлася толькі праз 8 гадоў, калі Дзяржынскі быў ужо вядомы як «пралетарскі якабінец» і старшыня Усерасійскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам (ВЧК).

ВЧК: 50 расстрэлаў за першыя паўгода

Вызвалены Лютаўскай рэвалюцыяй з турмы, Дзяржынскі адразу ж акунуўся ў вір палітычнага жыцця. У кастрычніку 1917-га ён быў камендантам Смольнага, дзе распрацоўваўся план узброенага захопу ўлады бальшавікамі. Ён зарэкамендаваў сябе адказным, прынцыповым выканаўцам і ідэалістам, які здольны прымусіць сваё сумленне маўчаць у імя найвышэйшай мэты. І нездарма менавіта на яго выпаў выбар Уладзіміра Леніна ў якасці кіраўніка арганізацыі, якая павінна была змагацца з контррэвалюцыяй.

7 снежня 1917 года ён быў прызначаны старшынёй Усерасійскай надзвычайнай камісіі (ВЧК). Камісія стваралася для прадухілення агульнарасійскай забастоўкі дзяржслужачых і барацьбы з п’янымі бунтамі, якія пашырыліся ў Петраградзе ў выніку масавага рабавання вінных складоў. Але працягнула сваю дзейнасць і пасля вырашэння гэтых бягучых праблем.

У Дзяржынскага спачатку было ўсяго 23 супрацоўнікі і 1000 рублёў у касе, але ён зрабіў стаўку на дапамогу «добраахвотных бясплатных супрацоўнікаў». ВЧК спачатку мела права весці толькі папярэдняе следства, але яе старшыня дабіўся стварэння спецыяльнага ўзброенага атрада з 30 чалавек. Пасля замаху на Леніна 1 студзеня 1918 года Фелікс энергічна правёў арышты палітычных праціўнікаў бальшавікоў.

У першыя паўгода існавання арганізацыя Дзяржынскага паводзіла сябе даволі стрымана, расстраляўшы да канца чэрвеня 1918 года «ўсяго» 50 чалавек. Першы паказальны расстрэл ВЧК правяла 24 лютага 1918 года. Быў забіты вядомы сталічны бандыт, налётчык «князь Эболі».

Славутая Лубянка. Фота: Wikimedia Commons

У сакавіку савецкае кіраўніцтва перабралася ў Маскву, дзе ВЧК заняла спачатку будынак на Паварской вуліцы, а затым перамясцілася на Лубянку.

Першым вялікім выпрабаваннем ВЧК было знішчэнне базы анархістаў у Маскве, што каштавала чэкістам 12-ці забітых.

Дзяржынскі пісаў у гэты час жонцы ў Швейцарыю: «Я высунуты на пост перадавой лініі агню, і мая воля — змагацца і глядзець адкрытымі вачамі на ўсю небяспеку грознага становішча і самому быць бязлітасным…». Хоць яму, як ідэалісту, гэта давалася вельмі цяжка.

«Чырвоны тэрор»

Тым часам сітуацыя ў краіне ўскладнялася, праціўнікі бальшавікоў узяліся за зброю. 6 ліпеня 1918 года ў Маскве левымі эсэрамі, якія хацелі сарваць Брэсцкі мір, быў забіты германскі пасланнік граф Вільгельм фон Мірбах. 30 жніўня ў Петраградзе быў забіты Майсей Урыцкі, старшыня тамтэйшай ЧК. А ў Маскве ў той жа дзень эсэрка Фані Каплан ледзь не забіла самога Леніна.

У адказ бальшавікі 5 верасня выдаюць знакаміты дэкрэт СНК пра «чырвоны тэрор», у якім на ВЧК ускладаліся функцыі галоўнага рэпрэсіўнага органа. Аднак яшчэ да з’яўлення гэтага дэкрэта ў Петраградзе цягам тыдня было расстраляна больш за 500 чалавек, у Маскве — каля 130. Усяго ВЧК на чале з Дзяржынскім у 1918 годзе расстраляла 6 185 чалавек, яшчэ 14 829 чалавек змясцілі ў турмы, 6 407 — накіравалі ў канцэнтрацыйныя лагеры, 4 068 — узялі ў закладнікі. Барацьба з палітычнымі ворагамі была выкарыстана Дзяржынскім і для чысткі ў шэрагах саміх чэкістаў, 60 з якіх расстралялі.

Пасля гэтага ВЧК зрабілася істотнай сілай Савецкай Рэспублікі. У 1919 годзе яе нават абвінавацілі ў імкненні стаць вышэйшай за іншыя органы ўлады. Сярод крытыкаў былі Мікалай Бухарын, Леў Каменеў і Іосіф Сталін, але Ленін быў цвёрда на баку ВЧК. Як паказчык гэтага даверу з боку лідара — 30 сакавіка 1919 года Дзяржынскі стаў яшчэ і кіраўніком наркамата ўнутраных спраў (НКВД).

Фелікс Дзяржынскі з бальшавіцкім дзеячам Аляксеем Рыкавым. Рыкава разам з Мікалаем Бухарыным пераемнікі Дзяржынскага расстраляюць у 1938 годзе

Менавіта тады пры ўдзеле Дзяржынскага была закладзена сістэма будучага савецкага ГУЛАГа. 3 красавіка 1919-га Дзяржынскі прысутнічаў на пасяджэнні калегіі НКВД РСФСР, на якім было прынята рашэнне аб арганізацыі Галоўнага ўпраўлення лагерамі прымусовай працы. У 1924 годзе ён пісаў у адным з лістоў: «Пакаранне мае на мэце не выхаванне злачынцы, а адгароджванне ад яго Рэспублікі». Гэта былі словы з прамовы супраць самога Дзяржынскага на працэсе 1908 года ў Варшаве — яшчэ ў той, царскай Расіі.

У наступныя гады было яшчэ некалькі сітуацый, калі праціўнікаў савецкай улады адначасова расстрэльвалі тысячамі. У лістападзе 1920 года Дзяржынскі кіраваў ліквідацыяй белагвардзейцаў з пакінутых у Крыме войскаў Пятра Урангеля. Згодна толькі з афіцыйнымі савецкімі дадзенымі, ВЧК расстраляла тут каля 8 тысяч чалавек. А ў сакавіку 1921 года была крывавая расправа над удзельнікамі Кранштацкага паўстання, дзе супраць саветаў узняліся савецкія ж маракі. Да расстрэлу прысудзілі больш за 2100 чалавек, яшчэ каля 6,5 тысячы атрымалі розныя тэрміны зняволення. І калі спачатку Дзяржынскі выказваў нязгоду з гэтым і нават пагражаў сысці з ВЧК, бо, па ягоных словах, замест «класавых ворагаў» пачалі вынішчацца «працоўныя і сяляне», то хутка памяняў меркаванне і ўжо ў маі сам патрабаваў расстрэлу ўсіх матросаў, якія вялі «контррэвалюцыйную агітацыю».

Хутка, аднак, часы змяніліся, савецкая ўлада мусіла абвясціць новую эканамічную палітыку. Гэта вымагала таксама і згортвання «чырвонага тэрору».

Лібералізацыя гаспадаркі — той жа жалезнай рукой

6 лютага ВЧК ліквідавалі, адначасова ствараючы Галоўнае палітычнае ўпраўленне (ГПУ), якое пазней ператварылася ў ОГПУ. Дзяржынскі ўсё адно заставаўся на чале гэтай структуры да самай сваёй смерці, але асноўная ўвага яго ў гэты час павярнулася да развіцця савецкай эканомікі. І тут таксама напоўніцу праявілася ягоная характэрная рыса — цвёрда, нават фанатычна праводзіць у жыццё тую палітыку, якая на дадзены момант з’яўлялася для партыі афіцыйнай.

Яшчэ 14 красавіка 1921 года Дзяржынскі быў, у дадатак да сваіх чэкісцкіх пасадаў, прызначаны і наркамам шляхоў зносін. Аднаўляючы разбураную ў часы вайны працу чыгункі, ён зрабіў стаўку на старых супрацоўнікаў, якіх вярталі з войска і іншых устаноў. Ён вярнуў на працу каля 100 тысяч ранейшых чыгуначнікаў, у тым ліку былога міністра шляхоў зносін Часовага ўрада Аляксандра Лівяроўскага.

2 лютага 1924 года Дзяржынскі ўзначаліў Вышэйшы савет народнай гаспадаркі СССР, стаў на чале ўсёй савецкай эканомікі. Ён — прыхільнік новай эканамічнай палітыкі, аднаўлення старых і стварэння новых вытворчасцяў. Правёў рэформы ў металургічай прамысловасці, стварыў новыя сіндыкаты, дасягнуў стварэння адзінага прамысловага бюджэту. Пры гэтым выступаў супраць незабяспечанага росту заробкаў працоўных, патрабаваў дысцыпліны і самаадданасці на вытворчасці. Яго надта раздражняў бюракратызм савецкіх устаноў.

Апошні дзень

20 ліпеня 1926 года Дзяржынскі ўжо з самага ранку быў на працы. Усю ноч ён рыхтаваў разгромнае выступленне па праблемах эканомікі ў СССР. Апошнім часам у яго моцна ныла сэрца, але, нягледзячы на гэта, а 12-й гадзіне ён выступаў у Крамлі. Дзяржынскага шматразова перабівалі прадстаўнікі партыйнай апазіцыі. У адзін з такіх асабліва жорсткіх момантаў Дзяржынскі адказаў: «Вось няшчасце! Нашыя дзяржаўныя дзеячы баяцца дабрабыту вёскі. Але ж нельга індустрыялізаваць краіну, калі баяцца дабрабыту вёскі!»

Падчас выступлення Дзяржынскі ўвесь час прыціскаў руку да сэрца, у чым бачылі аратарскі прыём. Але, выступіўшы, ён з цяжкасцю пакінуў залу, перайшоў у суседні пакой і лёг на канапу. Пасля аказання медыцынскай дапамогі яму палепшала, але ў той жа дзень, у 16 гадзін 40 хвілін, «жалезны Фелікс» памёр ад разрыву сэрца.

На кароткі час смерць галоўнага выканаўцы «чырвонага тэрору» аб’яднала партыю бальшавікоў, але ненадоўга. Дзяржынскаму ў гэтым плане нават пашанцавала. Яго постаць у сталінскім СССР не толькі не шальмавалася, але і ператварылася ў легенду пра «жалезнага Фелікса», якому ў 1941 годзе прыпісалі словы пра «чыстыя рукі, гарачае сэрца і халодную галаву».

 ***

Рыцарскія жэсты

Калі ў 1921 памёр анархісцкі лідар князь Крапоткін, Дзяржынскі пад чэснае слова выпусціў анархістаў з турмы, каб яны маглі пабываць на пахаванні.

***

Ці быў «чырвоны тэрор» бальшавікоў нечым унікальным у сусветнай гісторыі?

На жаль, не: спробы палітычных фанатыкаў увадначас разбурыць старое грамадства і неадкладна пабудаваць на яго руінах прынцыпова новае вельмі часта суправаджаюцца масавым вынішчэннем не толькі адкрытых, але і гіпатэтычных апанентаў.

Расійскія бальшавікі на чале з Уладзімірам Леніным у якасці прыкладу для сябе бралі практыку Вялікай Французскай рэвалюцыі часоў якабінцаў (канец XVIII стагоддзя). Менавіта адтуль былі запазычаныя «рэвалюцыйныя камітэты» і «камісары». Нават само паняцце «чырвонага тэрору» было калькай з тэрміна «якабінскі тэрор».

У рэвалюцыйнай Францыі за час так званай «эпохі тэрору» (з 5 верасня 1793-га па 27 ліпеня 1794 года), па падліках амерыканскага даследчыка Дональда Грыра, якабінцамі было забіта каля 35—40 тысяч чалавек (18 613 з іх адсеклі галаву на гільяціне).

Але гэтыя лічбы, вядома, не ідуць ні ў якое параўнанне з тым, што рабілася ў крывавым XX стагоддзі, калі ў многіх краінах свету былі ўсталяваныя таталітарныя рэжымы.

Наступствы часта былі катастрафічнымі. Мільёны людзей загінулі падчас «вялікага скачка» і «культурнай рэвалюцыі» ў камуністычным Кітаі. Крывавы рэкорд паставілі «чырвоныя кхмеры» ў 1975—1979 гадах у Камбоджы (якая пры іх звалася Дэмакратычнай Кампучыяй). Пракіравалі яны ўсяго тры з паловай гады, але за гэты час было знішчана, па розных ацэнках, ад 1 да 3 мільёнаў чалавек (прытым што ўсё насельніцтва Кампучыі тады складала не больш за 10 мільёнаў).

Шмат панішчылі і сваіх, і чужых грамадзян у 1933—1945 гадах нямецкія нацыянал-сацыялісты. Адносна дакладнай колькасці ахвяраў разгорнутага імі ідэалагічна абумоўленага дзяржаўнага тэрору навукоўцамі дагэтуль вядуцца спрэчкі — не дазваляюць прыйсці да паразумення розніцы ў метадалогіях падліку і класіфікацыях ахвяр. Але ў любым разе лік ідзе на мільёны.

Надзвычай лютавалі і некаторыя саюзнікі нацыстаў, як, напрыклад, харвацкія ўсташы, ахвярамі якіх сталі каля 300 000 сербаў.

На гэтым фоне даволі памяркоўнымі выглядаюць многія рэжымы, якія традыцыйна прынята лічыць рэпрэсіўнымі, але ў якіх тэрор не закранаў шырокія масы насельніцтва. Ды і смяротнае пакаранне, нягледзячы на гатоўнасць рэжыму падаўляць палітычных апанентаў, заставалася тут не ардынарнай, а выключнай мерай. Напрыклад, у фашысцкай Італіі часоў Беніта Мусаліні пасля замаху на «дучэ» ў 1926 годзе быў прыняты закон «Аб абароне дзяржавы» і ўтворана Асобая служба палітычных расследаванняў. За час яе існавання да 1943 года спецыяльнымі трыбуналамі было асуджана 4 671 чалавек, з якіх 4 030 складалі камуністы. Але ў той жа час за 1927—1940 гады ў Італіі толькі 10 чалавек былі прысуджаныя да смяротнага пакарання і толькі 9 прысудаў былі выкананыя.

Спецыфічная практыка палітычнага тэрору склалася пры праамерыканскіх дыктатарскіх рэжымах у некаторых краінах Лацінскай Амерыкі. Для падаўлення апанентаў і запалохвання грамадства мясцовыя ўладары стваралі спецыяльныя ваенізаваныя арганізацыі, своеасаблівыя «эскадроны смерці». Іх члены беспакарана выкрадалі і забівалі праціўнікаў, прычым рабілі ўсё адкрыта і паказальна. Найбольш вядомы прыклад такога кшталту — тантон-макуты ў Гаіці часоў дыктатарскай дынастыі Дзювалье (1958—1986 гады). Членамі гэтай групоўкі былі забітыя 30 тысяч чалавек. Падобная арганізацыя, пад назвай «Белая рука», існавала ў 1966—1982 гадах і ў Гватэмале. На яе сумленні — жыцці 20 тысяч чалавек.

Знос помніка Дзяржынскаму на Лубянцы ў Маскве ў ноч з 22 на 23 жніўня 1991 года

 ***

Пасля рэвалюцыі Дзяржынскі працаваў як вол

Ён увесь час недасыпаў і адмаўляўся ад адпачынкаў. У выніку ў 48 гадоў Дзяржынскі быў ужо фізічна зношаным чалавекам: распаўнеў, з цяжкасцю падымаўся па лесвіцы і не спаў па начах, задыхаючыся ад кашлю.

 ***

З ліста Дзяржынскага Валяр’яну Куйбышаву ад 3 ліпеня 1926 года пра савецкую сістэму

«Існуючая сістэма — перажытак. У нас цяпер ужо ёсць людзі, на якіх можна ўскласці адказнасць. Яны цяпер тонуць ва ўзгадненнях, справаздачах, паперах, камісіях. Капіталісты — кожны з іх меў свае сродкі і быў адказны. У нас цяпер за ўсё адказвае Савет працы і абароны і Палітбюро. Так канкураваць з прыватнікам і капіталістам і з ворагамі нельга. У нас не праца, а суцэльная пакута. Функцыянальна камісарыяты з іх кампетэнцыяй — гэта параліч жыцця і жыцця чыноўніка-бюракрата. Менавіта з гэтага паралічу не вырвемся без хірургіі, без смеласці. Гэта будзе тое слова і справа, якой усе чакаюць. І для нашага ўнутранага партыйнага становішча гэта будзе адраджэнне. Апазіцыя будзе раздушана тымі задачамі, якія партыя паставіць…

Калі не знойдзем гэтай лініі і тэмпу, апазіцыя нашая будзе расці і краіна тады знойдзе свайго дыктатара — пахавальніка рэвалюцыі, якія бы чырвоныя пёры ні былі на яго касцюме. Амаль усе дыктатары цяпер — былыя чырвоныя: Мусаліні, Пілсудскі».

 ***

Акцэнт

Дзяржынскі да канца жыцця не навучыўся чыста гаварыць па-руску — у Дзяржынаве гаварылі на беларускай і польскай мовах. У атэстаце Віленскай гімназіі Фелікс меў па рускай мове двойку, хоць гэта магло быць выклікана і нежаданнем гаварыць на мове акупанта. Яго і з гімназіі выгналі за канфлікт з настаўнікам, які назваў польскую мову «сабачай». З жонкай і сынам Дзяржынскі гаварыў па-польску.

 ***

Рэкардсмен

Дзяржынскі стаў легендай у асяродку рэвалюцыянераў дзякуючы сваім уцёкам з высылак. У 1899-м ён адзін пераадолеў 1500 кіламетраў пешкі і плывучы на чаўне супраць плыні па рацэ Кама.

 ***

Псякосць сланова!

(Неперакладальная гульня словаў.) Паводле сукамерніка, польскага сацыяліста Тадэвуша Венявы-Длугашоўскага, гэта была любімая лаянка Дзяржынскага, якую ён ужываў у камеры «праз слова». Длугашоўскі пакінуў каларытныя ўспаміны, як павернуты на чысціні Дзяржынскі драіў да бляску турэмны посуд, мыў шкарпэткі і насоўкі; як ён да дзірак зачытваў «Quo vadis» Сянкевіча і травіў байкі пра сібірскія высылкі.

 ***

Цітушкі пачатку ХХ стагоддзя

Падчас падпольнай дзейнасці сярод рабочых у Коўне Дзяржынскаму даводзілася сутыкацца з «цітушкамі», нанятымі ўласнікамі фабрык. Раз на яго і рэвалюцыйнага паэта Гульбіновіча напалі пяцёра з каламі і жорстка збілі. Абмыўшыся ад крыві, сацыялісты пайшлі пісаць скаргу ў паліцыю.

 ***

Забіў мядзведзіка

У высылцы Дзяржынскаму, які пісаў лісты за непісьменных мясцовых жыхароў, на знак падзякі падаравалі медзведзяня. Мядзведзік быў вельмі прыгожы і моцна прывязаўся да ссыльнага. Фелікс навучыў яго танцаваць і лавіць рыбу. Але, падрастаючы, мядзведзь зрабіўся агрэсіўным, пачаў душыць курэй, а аднойчы пакусаў і Дзяржынскага. Той вымушаны быў прыстрэліць яго.

 ***

Вянчанне атэістаў

З жонкай Сафіяй Мушкат Фелікс вянчаўся ў касцёле Святога Мікалая ў Кракаве. Чаму двое атэістаў так зрабілі? Таму што ў тыя часы ў Расіі прызнаваўся толькі царкоўны шлюб. У 1945-м у касцёл прыйшоў савецкі афіцэр і забраў наяўныя дакументы пра вянчанне Дзяржынскіх.

***

Клецкі доктар Мушкат

Сафія, асуджаная за рэвалюцыйную дзейнасць, нарадзіла ў турме. Першыя восем месяцаў жыцця малы Ясік пражыў з маці ў камеры, што адбілася на яго здароўі. Пасля, калі яе выслалі, хлопчыка аддалі дзядзьку Сафіі, доктару з Клецка Мар’яну Мушкату. У Клецку Ясік жыў, пакуль маці не ўцякла з высылкі і не забрала яго.

 ***

Мэта апраўдвае сродкі

У 1917-м, пасля Лютаўскай рэвалюцыі, вызвалены з турмы Дзяржынскі казаў, што для рэвалюцыянера не існуе аб'ектыўнай сумленнасці. «Тое, што ў адных умовах лічыцца сумленным, несумленна ў іншых, а для рэвалюцыянераў сумленна толькі тое, што вядзе да мэты».

 ***

Фатальная Сабіна Фейнштэйн

Была нешчаслівым каханнем Дзяржынскага. Ён пісаў ёй прызнанні нават пасля шлюбу, эмацыйна абяцаючы вырваць з сябе пачуцці да яе разам з сэрцам, спаліць яе лісты і фотакартку. Шлюб з Соф’яй Мушкат ён тлумачыў тым, што такая жонка можа быць яму таварышам у рэвалюцыйнай барацьбе. Сабіна ж замуж так і не выйшла, хоць пражыла 89 гадоў. Яна захоўвала лісты Дзяржынскага, а пахаваць сябе наказала з пярсцёнкам, які ён падараваў ёй.

 ***

Не быў палітыкам

Троцкі прыгадваў, што Дзяржынскаму заўсёды трэба было чыёсьці палітычнае кіраўніцтва. І калі стаяў выбар паміж рэальнай працай і ўладай, ён, практык-рэвалюцыянер, заўжды выбіраў працу. Аўтарытэтамі для Дзяржынскага былі спачатку Роза Люксембург, пасля — Ленін.

 ***

Дзяржынскі ганарыўся тым, што стварае спецслужбу новага тыпу

У ВЧК працавалі толькі два спецыялісты са старой царскай ахранкі. На хвалі рамантызму ён планаваў адмовіцца ад звычайнай для спецслужбаў платнай агентуры, але ўжо ў 1921-м яго намеснік Мянжынскі разаслаў дырэктыву, абавязаўшы губернскія ЧК абапірацца на асведаміцеляў і засяродзіцца на вярбоўцы агентуры.

 ***

Чаму чэкісты насілі скуранкі

Бальшавікі знайшлі ў Петраградзе склад з падарункам Антанты расійскай арміі — скураным абмундзіраваннем для вайсковых лётчыкаў. Скуранкі раздалі супрацоўнікам новаўтворанай ВЧК. Была і празаічная карысць: на скуры не пладзіліся вошы, разносчыкі тыфу. Дзякуючы ЧК, скуранкі сталі модным сімвалам улады, іх насілі нават Троцкі са Свярдловым. Пасля Грамадзянскай вайны скуранкі выйшлі з ужытку, у ГПУ з’явілася форма.

Грамата аб прысуджэнні Дзяржынскаму звання Ганаровага чэкіста. Фота: Wikimedia Commons

 ***

«Як Юзаф можа быць такім жорсткім?»

— дзівілася Роза Люксембург пасля рэвалюцыі. Юзаф — самы вядомы псеўданім Дзяржынскага па дарэвалюцыйнай падпольнай рабоце. Партрэт Розы ў аксамітавай рамцы вісеў у працоўным кабінеце Дзяржынскага.

 ***

Выкарыстаў уладу ў асабістых мэтах

…каб знайсці забойцаў брата Станіслава. Яго забілі ў Дзяржынаве ў чэрвені 1917-га салдаты-дэзерціры, якія папрасіліся пераначаваць. Сям’і 45-гадовы Станіслаў не меў, прыслуга разбеглася. Калі Фелікс прыехаў у Дзяржынава, брат быў ужо пахаваны, а дом стаяў разрабаваны і пусты. Больш ён у Дзяржынаве не быў.

 ***

Родная беларуская прырода

З Дзяржынава Фелікс з’ехаў у 15 год і ў памяці захаваў яго вобраз як страчаны рай: «Калі я ўспамінамі вяртаюся да нашых гадоў у Дзяржынаве, мяне ахоплівае кранальнае пачуцце, я зноў адчуваю радасць маіх тагачасных дзіцячых настрояў… У гэтыя хвіліны я хачу апынуцца ў нашых лясах і слухаць шум дрэваў, песні жаб — усю музыку нашай прыроды. Можа быць, у жыцці мне і давала сілу гэтая музыка лесу, музыка маіх дзіцячых гадоў, якая і цяпер увесь час іграе ў маёй душы гімн жыцця… Я ж думаю пра наша Дзяржынава як пра казку, што там адновяцца і ўсе сілы мае, і маладосць вернецца. …У сне я часта бачу дом наш, і хвоі нашы, і горкі белага пяску, і канавы, і ўсё, усё, да найменшых драбніц», — пісаў ён брату Уладзіславу.

 ***

Так званыя інтэлігенты

Гады ў Віленскай гімназіі «не ўзбагацілі маёй душы, а зрабілі яе больш убогай… Пачынаю ненавідзець гэтую дрэсіроўку, якая ставіць сваёй задачай вытворчасць так званых інтэлігентаў», — пісаў Дзяржынскі.

 ***

«Мы — арганізаваны тэрор»

«Грамадства і прэса не разумеюць задач і характару ВЧК, — казаў Дзяржынскі ў 1918-м. — Яны разумеюць барацьбу з контррэвалюцыяй як від дзяржаўнай палітыкі і таму крычаць пра гарантыі, суды, следства. Мы не маем нічога супольнага з ваенна-рэвалюцыйнымі трыбуналамі, мы ўяўляем сабой арганізаваны тэрор».

 ***

Ці сапраўдны быў подпіс?

Бальшавікі ўзялі ўладу разам з левымі эсэрамі. Але, узмацніўшыся, знішчылі іх. Нагодай для расправы стала забойства нямецкага пасла Мірбаха. Нібыта эсэры зрабілі гэта, бо не былі згодныя на мір з Германіяй.

Мірбаха, праз якога ленінскі ўрад кантактаваў з кайзерам Вільгельмам, забіў 18-гадовы эсэр-чэкіст Блюмкін. Ён увайшоў у пасольства, паказаўшы распараджэнне за подпісам Дзяржынскага. Пазней Дзяржынскі казаў, што подпіс быў падроблены.

Вынікам забойства сталі рэпрэсіі супраць эсэраў у органах савецкай улады і ўзброенае паўстанне эсэраў, якія нават узялі Дзяржынскага ў закладнікі. Але ёсць меркаванне, піша біёграф Дзяржынскага Сільвія Фралоў, што Ленін ведаў пра падрыхтоўку замаху на Мірбаха. Нямецкі пасол у той час пачаў сумнявацца, што бальшавікі ўтрымаюць уладу, і немцы маглі падтрымаць апазіцыю або запатрабаваць вяртання цара. Факт, але Блюмкін у хуткім часе пасля здушэння «эсэраўскага мяцяжу» аднавіўся на працы ў ЧК і выконваў адказныя місіі, нават за мяжой. Блюмкіна расстраляюць як трацкіста толькі праз 11 гадоў, у 1929 годзе.

 ***

Не галасаваў за мір

У 1918-м падчас галасавання па пытанні замірэння з Германіяй Дзяржынскі і Троцкі ўстрымаліся. Дзяржынскі лічыў, што Германію можна «даціснуць» да капітуляцыі. Але яны былі ў меншасці, і Савецкая Расія падпісала выгадны для Германіі Брэсцкі мір. Ёсць меркаванне: адным з фактараў замірэння было тое, што Ленін разлічваў на чарговы перавод грошай ад нямецкага ўрада, каб утрымаць уладу.

 ***

«Помню я Махно, псіхапат сапраўдны!»

Дзяржынскі сказаў, што сядзеў разам з ім да рэвалюцыі ў Бутырскай турме: «Помню я гэтага дзеяча, сапраўдны псіхапат, увесь час кідаўся на ахову, будзе ў нас з ім клопат!» З Махно Дзяржынскі сутыкаўся ва Украіне, куды яго скіравалі вясной 1920-га на чале 1400 чэкістаў для «зачысткі» Данбаса і аднаўлення паставак у Расію вугалю з Данецкага басейна.

 ***

Мог стаць кіраўніком Польшчы

Гэта адбылося б у выпадку перамогі Расіі ў савецка-польскай вайне 1920-га. Калі Чырвоная армія заняла Беларусь, у Беластоку быў абвешчаны Часовы рэвалюцыйны камітэт Польшчы (Польрэўкам). Старшынёй урада лічыўся дзеяч сацыял-дэмакратычнага руху Юліян Мархлеўскі, але фактычным кіраўніком быў Дзяржынскі.

Урад не даехаў да Варшавы 50 кіламетраў. Палякі (у тым ліку сацыялісты) даражылі незалежнасцю і разграмілі савецкія войскі на Вісле. Дзяржынскі цяжка гэта перажываў і адчуваў спустошанасць, пра што пісаў жонцы.

 ***

Музей Адама Міцкевіча

Дзяржынскі ў Мінску спыняўся ў жніўні 1920-га падчас адступлення з Польшчы. Ён жыў у доме па вул. Маркса, 30 — за квартал ад тагачаснага будынка ЧК. Дзяржынскі накруціў мінскім чэкістам хвасты за «недахопы» ў вядзенні следчых справаў і незаконныя загады.

Тут бываў Дзяржынскі. Будынак па вуліцы Энгельса, 18, у якім знаходзілася мінская ЧК 

Таксама адчыніў дом для беспрытульных дзяцей, даручыў «азнаёміцца са станам лясной справы ў Белавежскай пушчы» і ўзяць пад ахову сядзібу Адама Міцкевіча ў Завоссі. І ўжо ў верасні Навагрудскі рэўкам выдаў пастанову пра арганізацыю музея Міцкевіча.

 ***

Дзяржынскія мелі прыслугу

Сям’і Дзяржынскіх выдзелілі асобную кватэру з трох пакояў у Крамлі: вітальня, спальня і дзіцячы пакой. Кабінета дома Дзяржынскі не меў, яго стол стаяў у спальні. Жонцы па гаспадарцы дапамагала хатняя работніца Алена Яфімцава, непісьменная і рэлігійная вясковая жанчына.

 ***

Умеў набіць пудзіла

Ян Дзяржынскі ўспамінаў, што восенню 1920-га ў бацькі, які вярнуўся з польскага паходу, пайшла горлам кроў і Ленін змусіў яго сысці на два тыдні ў адпачынак. Яны пасяліліся ў падмаскоўным саўгасе, гулялі, хадзілі на паляванне. Раз Дзяржынскі застрэліў каршуна, але птушка зачапілася за галіны. Фелікс азартна залез на дрэва, каб зняць яе, а пасля сам набіў пудзіла.

 ***

Канфлікт з Леніным

У 1922-м грузінскія камуністы, дабіваючыся аўтаноміі ад Масквы, не пагаджаліся з планам Сталіна ўключыць Грузію ў Закаўказскую федэрацыю з Арменіяй і Азербайджанам пад кіраўніцтвам Сярго Арджанікідзэ. Адбыўся канфлікт з лаянкай і абразамі, Арджанікідзэ назвалі «ж…ай Сталіна», той даў аплявуху крыўдзіцелю. Дзяржынскі, накіраваны ў Тыфліс разабрацца, стаў на бок Арджанікідзэ і Сталіна. Гэта выклікала шаленства хворага Леніна, які назваў Дзяржынскага «абруселым інародцам», які паводзіць сябе як царскі дзяржыморда-чарнасоценец. Магчыма, Дзяржынскі разумеў, што час Леніна мінае, і ставіў на Сталіна, у якім бачыў новага гаранта адзінства партыі бальшавікоў.

Дзяржынскі і Сталін на дачы пад Масквой. Лета 1924 года. Фота: Расійскі дзяржаўны архіў кінафотадакументаў

Гэта быў не першы выпадак, калі будучы «жалезны Фелікс» выклікаў незадавальненне Леніна. Правадыр сусветнага пралетарыяту быў вельмі раздражнёны, напрыклад, калі ў 1919-м уначы яго машыну проста на вуліцы Масквы спыніла і абрабавала банда налётчыка Кашалькова.

 ***

Пляменнік Дзяржынскага быў жанаты з пляменніцай Пілсудскага

Сын Альдоны, любімай сястры Фелікса, з якой ён многа перапісваўся, Антоні Ежы Булгак, у 1923-м ажаніўся з Вандай Юхневіч, пляменніцай Пілсудскага, і стаў ад’ютантам начальніка польскай дзяржавы. Яшчэ адзін пляменнік Дзяржынскага, сын яго сястры Ядвігі, Ежы Кушлеўскі, быў капітанам II аддзела польскага Генштаба (вайсковай выведкі). Маскоўскі ж пляменнік Дзяржынскага Раман Піляр рабіў кар’еру ў ВЧК: працаваў у нямецкім і польскім тыле, быў начальнікам НКВД па Сярэдняй Азіі. Яго расстраляюць у 1937-м як нібыта польскага шпіёна.

 ***

ЧК як магільшчык эканомікі

Наркам замежнага гандлю Леанід Красін скардзіўся Леніну: «Пакуль нашы некампетэнтныя і цёмныя ў пытаннях прамысловай вытворчасці, тэхнікі і г. д. следчыя органы будуць гнаіць у турмах тэхнікаў і інжынераў, абвінавачваючы іх у выдуманых недавукамі-следчымі злачынствах — «тэхнічны сабатаж» або «эканамічны шпіянаж», — замежны капітал не распачне ў Расіі ніводнай буйной інвестыцыі».

 ***

«Стаміўся жыць»

У апошнія гады, пабачыўшы, што крывавыя ахвяры не далі краіне эфекту, на які ён спадзяваўся, Дзяржынскі ўпадае ў дэпрэсію. Ён наракае Зіноўеву, Радэку, Сталіну на самаўпраўства намеснікаў, на адсутнасць перспектывы. І скардзіцца на сэрца.

У апошнія гады, у перыяд НЭПу, Фелікс Дзяржынскі істотна паправіўся. Фота: Wikimedia Commons

 ***

Дзённы графік Фелікса Дзяржынскага ў першай ссылцы, складзены ім самім

8—10 — прыбіранне і работы па гаспадарцы, чай
10—12 — нямецкая мова
12—14 — чытанне кніг па эканоміцы
14—17 — абед і прагулка
17—19 — лёгкае чытанне і публіцыстыка
19—21 — чай
21—24 — пісаць і чытаць «сур’ёзныя кнігі»
Па нядзелях — адпачынак і візіты

 ***

Ад Яцэка да жалезнага Фелікса

Сваю першую мянушку, Яцэк, Дзяржынскі атрымаў у 1895 годзе. У 1897 годзе ў Коўне ён працаваў у пераплётнай майстэрні і стаў «Пераплётчыкам». Тут Фелікс навучыўся хаваць у кнігах забароненыя выданні і падробленыя пашпарты.

Франкам і Астраномам Дзяржынскага празвалі за філасофскія і адарваныя ад жыцця разважанні. Менавіта як Астраном ён заснаваў у 1900 годзе ў Мінску аб’яднаную Сацыял-дэмакратыю Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ). Пад Літвой у гэтым выпадку разумелі землі былога Вялікага Княства Літоўскага.

Асноўная ж яго мянушка, Юзаф, з’явілася ў 1904 годзе. Дзяржынскі тады лячыўся ў Аўстра-Венгерскай імперыі пад іменем Юзафа Даманскага.

«Жалезным Феліксам» ён зрабіўся пасля смерці, калі стаў стварацца ягоны культ.

 ***

Адпачынак Дзяржынскага

Фармальна таварышы адправілі Фелікса Эдмундавіча ў Швейцарыю ў 1918-м, каб ён паправіў здароўе і сустрэўся з жонкай і сынам. Але па дарозе Дзяржынскі завітаў у Берлін, каб паінфармаваць савецкага пасла пра забойства царскай сям’і.

У Лугана, дзе Дзяржынскія каталіся на параходзе, ён нос у нос сустрэўся з Локхартам, нядаўна высланым з Расіі англійскім паслом. Але англічанін не пазнаў Дзяржынскага, паголенага налыса, без шыняля і характэрнай барады.

Калі Дзяржынскі вярнуўся ў Маскву, Ленін сустрэў яго словамі: «Дзе ты швэндаешся, у нас тут столькі працы».

Фота: Wikimedia Commons

 ***

Кіраўніцтва ВЧК Савецкай Расіі складалася ў асноўным з палякаў і латышоў

На шараговых пасадах пераважалі рускія, хоць таксама было многа латышоў, трапляліся кітайцы, а ў Адэскай ЧК, дакладвала дзянікінская выведка, каменданцкай ротай кіраваў і славіўся сваімі зверствамі «негр Джонстан».

Шматнацыянальнасць ЧК не дазваляла звінаваціць яго ў рускім нацыянальным шавінізме.

Дзяржынскі з намеснікам Якавам Петэрсам. Да рэвалюцыі яму, латышскаму сацыялісту, вырвалі пазногці падчас катаванняў у царскай ахранцы. Фота: Расійскі дзяржаўны архіў кінафотадакументаў

Каментары26

  • Ваприк
    15.03.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Павлюкевич
    15.03.2024
    Есть замечательная книга Кедрова о нём. А чепушил всяких, обливающих грязью, принципиально даже читать не стоит.
  • Мх
    15.03.2024
    Гісторыя Дзяржынскага - гэта бунты, пабегі, пратэстная і падпольная дзейнасць, нават збег з Пішчалаўсага Замка (зараз СІЧУ №1). Жыў бы Дзяржынскі сёння, быў бы па іхняй класіфікацыі тэрарыстам і экстрэмістам. Але недалёкія калгаснікі чытаць не ўмеюць чытаць.

На сустрэчы Снапкова з бізнэсам адзін з запрошаных заклікаў зняць відэазварот «Надо!» Як адрэагавалі астатнія?7

На сустрэчы Снапкова з бізнэсам адзін з запрошаных заклікаў зняць відэазварот «Надо!» Як адрэагавалі астатнія?

Усе навіны →
Усе навіны

Палітвязня Аляксандра Арановіча будуць судзіць па новай крымінальнай справе. З ім няма сувязі амаль 5 месяцаў

Адпусцілі дадому 6 чалавек. Што вядома пра пацярпелых у ДТЗ з маршруткай пад Барысавам

Іран рыхтуе магутную атаку на Ізраіль з удзелам арміі8

Упершыню ля Чырвонага касцёла ў Мінску не было знічоў і малітваў1

Першая беларуская касмічная турыстка Марына Васілеўская прадае свой айфон33

Хто лепшы для Беларусі — Трамп ці Харыс? Парадаксальная думка Шрайбмана14

Улады падлічылі, колькі пенсіянераў вернуць на работу і як вырастуць пенсіі ў 2025-м5

Лукашэнка пра флэшмоб «Надо!»: Эйсмант клялася, што не яна арганізавала, я ёй веру22

Змяненне клімату ўдарыць і па здароўі беларусаў?9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На сустрэчы Снапкова з бізнэсам адзін з запрошаных заклікаў зняць відэазварот «Надо!» Як адрэагавалі астатнія?7

На сустрэчы Снапкова з бізнэсам адзін з запрошаных заклікаў зняць відэазварот «Надо!» Як адрэагавалі астатнія?

Галоўнае
Усе навіны →