Грамадства

Герасіменя: Паўстанне спартоўцаў нанесла неацэнны ўдар па Лукашэнку

Беларуская віцэ-чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў — адна з тых спартовак, хто выступае супраць Аляксандра Лукашэнкі і кажа ад імя нязгодных беларускіх спартоўцаў. Яна асабіста дабівалася таго, каб Міжнародны алімпійскі камітэт увёў санкцыі ў дачыненьні да ўладаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі.

У кастрычніку стала вядома, што Герасіменя пераехала ў Літву, дзе ўзначаліла аб’яднаньне Беларускі фонд спартовай салідарнасьці.

У эфіры «Настоящего времени» Герасіменя расказала, як гэта быць нязгодным беларускім спартоўцам і чаму сёньня спартоўцы зацікавіліся палітыкай.

— Аляксандра, яшчэ восеньню на ваш клюб у Менску чыніўся ціск. Што з гэтым клюбам, ці працуе ён цяпер?

— Так, на жаль, пасьля таго, як я выказала сваю грамадзянскую пазыцыю, выказалася супраць гвалту і фальсыфікацыі выбараў, літаральна праз пару дзён мне пазванілі і паведамілі пра тое, што мне не падаўжаюць арэнду для маіх заняткаў плаваньня. Вядома ж, я ўдакладніла прычыну, на што мне быў дадзены адказ, што гэта прафіляктычныя меры ў сувязі з каранавірусам, і што заняткі пакуль не адкрываюць. Натуральна, я разумела прычыну, чаму да мяне так паставіліся, бо літаральна праз тыдзень усе арандадаўцы пачалі спакойна свае заняткі, але менавіта ў майго клюбу быў каранавірус, адпаведна, людзей проста не дапусьцілі да заняткаў.

Шчыра кажучы, было крыху крыўдна, але не за сябе — крыўдна было за дзяцей, якія хадзілі, займаліся. Можа, хтосьці зь іх стаў бы ў будучыні чэмпіёнам. У прынцыпе спорт, здароўе, разьвіцьцё, — нашая краіна нібыта ў гэтым кірунку ішла, і мы дужа стараліся таксама дапамагаць і аздароўліваць нацыю. Адпаведна, як толькі сталася гэтая сытуацыя, я разумела, што далей я ўжо працаваць не змагу. Балазе, мае партнэры проста падхапілі дзяцей: забралі трэніравацца да сябе.

— Вы выехалі зь Беларусі і ўзначалілі Беларускі фонд спартовай салідарнасьці і праводзілі перамовы зь Міжнародным алімпійскім камітэтам наконт санкцый, у прыватнасьці, пэрсанальна супраць Лукашэнкі. Апавядзіце падрабязьней пра гэтыя перамовы з МАК.

— Мы ня ставілі якіхсьці жорсткіх патрабаваньняў супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Мы хацелі даць магчымасьць нашым спартоўцам выступаць на міжнароднай арэне, даць магчымасьць адабрацца на Алімпійскія гульні і паўнапраўна займацца сваёй спартовай карʼерай. Уласна, з гэтай заявай мы зьвярталіся ў МАК, мы падалі ўсе факты дыскрымінацыі нашых спартоўцаў, мы падалі ўсе факты звальненьня за іхную палітычную пазыцыю. Здавалася б, што два месяцы — гэта доўга, але насамрэч гэта вельмі хутка, нават па нашых мерках, МАК насамрэч адрэагаваў, ён правёў уласнае расьсьледаваньне, ён паразмаўляў з кожным спартоўцам асабіста, даведаўся, ці насамрэч гэта так, і прыняў такія санкцыі да Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

І тут ужо вынік таго, як будуць далей працягвацца падзеі, будзе залежаць ад самога Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Наколькі яны далей працягнуць дыскрымінаваць спартоўцаў, наколькі яны будуць далей ім пагражаць за іхную палітычную пазыцыю, наколькі яны далей ім будуць не даваць магчымасьці трэніравацца, нягледзячы на тое, што ў іх нейкія абсалютна іншыя погляды.

— Ёсьць думка, што гэтыя пэрсанальныя санкцыі МАК супраць Лукашэнкі ўдарылі па ім болей, чым трэці пакет санкцый Эўразьвязу ці ўвогуле ўсе санкцыі Эўразьвязу. Ці згодныя з гэтым?

— Я лічу, што спорт для Лукашэнкі быў своеасаблівай цацкай, своеасаблівым спосабам праяўленьня сваёй улады, яе легітымізацыі. Адпаведна, гэта быў такі добры ўдар для яго, гэта быў моцны ўдар для яго, бо спартоўцы — гэта заўжды былі тыя, кім можна ганарыцца, тыя, хто заўжды скажа тое, што трэба, і тыя, чыімі вынікамі можна пахваліцца. А атрымалася так, што аднымі зь першых сталі спартоўцы, якія не пагадзіліся з тым гвалтам, які чыніўся і чыніцца дагэтуль у Беларусі. У прынцыпе ўжо само паўстаньне спартоўцаў нанесла неацэнны ўдар для Лукашэнкі.

— Вы казалі пра тое, што ваш фонд ня спыніцца на тым, што будуць толькі санкцыі МАК. Што далей?

— Цяпер у нас ідзе кампанія адмены чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі. Мы цяпер таксама вядзем актыўную перапіску з фэдэрацыямі, у той жа час будзем актыўна камунікаваць з хакейнымі фэдэрацыямі для таго, каб, магчыма, хтосьці зь іх змог бы ўзяць на сябе хакейную частку зь Беларусі. Зноў-такі, мы прыводзім факты парушэньняў, мы прыводзім факты дыскрымінацыі. Я думаю, што неўзабаве ў нас ужо будуць вынікі, і мы спадзяёмся, што Рэнэ Фазэль таксама на гэта адрэагуе, ён ня можа глядзець на гэта скрозь пальцы, і яму трэба будзе даць адказ.

— То бок, хутчэй за ўсё, чэмпіянат сьвету па хакеі не адбудзецца ў наступным годзе ў Беларусі?

— Нават цяпер, паводле нашых зьвестак, прынамсі ў Менск, ніхто не рыхтуецца да чэмпіянату сьвету па хакеі.

— А ці ня ўдарыць гэта па саміх спартоўцах-беларусах?

— А як яно можа ўдарыць па саміх беларусах? Яны ў любым выпадку прымуць удзел: ці будзе гэта ў Беларусі, ці ў іншай краіне. Тут хутчэй, пэўна, трэба казаць пра грамадзтва, якое само ня хоча, каб чэмпіянат сьвету праходзіў цяпер. Больш за 90% беларусаў прагаласавалі за тое, каб чэмпіянат сьвету перанесьці зь Беларусі, бо гэта будзе сьвята на костках. Каму гэта трэба? Мы разумеем, што перад чэмпіянатам сьвету пасадзяць яшчэ сотні людзей, пасьля — яшчэ болей. Заўзятары і тыя ж гульцы, яны акажуцца абсалютна не ў бясьпецы, яны гэтаксама могуць аказацца пад ударам, бо ніхто ня дзеліць: хто спартовец, хто не спартовец, хто прыехаў, хто свой. Мы бачым, што Хершэ, якая цяпер сядзіць за тое, што яна проста зьняла маску з амапаўца, — замежная грамадзянка, якая апынулася на мітынгу, якая зьняла маску, яна цяпер сядзіць ужо некалькі месяцаў, і ёй давядзецца рэальна яшчэ некалькі гадоў прасядзець. Дзе гарантыя таго, што прыедуць спартоўцы, дзе гарантыя таго, што прыедуць заўзятары, і яны не апынуцца за кратамі, не акажуцца пабітымі, не акажуцца на сутках? Ніхто не дае гэтых гарантый.

— Калі Лукашэнка раптам будзе яшчэ доўгі час ва ўладзе, якой вы бачыце сваю дзейнасьць за межамі Беларусі?

— У кожным разе ў нас ёсьць людзі, у нас ёсьць спартоўцы, якія, на жаль, аказаліся не патрэбнымі нашай дзяржаве толькі за тое, што ў іх абсалютна іншая пазыцыя ў жыцьці за тое, што ў іх абсалютна іншая грамадзянская пазыцыя. Іх трэба весьці да Алімпійскіх гульняў, наступны цыклю сэзону — гэта будуць зімовыя Алімпійскія гульні. Таксама людзі ёсьць у нас ад «Фрыстайла», якія аказаліся таксама цалкам не патрэбнымі.

Плюс наш фонд не абмяжоўваецца толькі дапамогай беларусам. Як толькі сытуацыя стабілізуецца ў нас у Беларусі, у нас ёсьць пляны, у нас ёсьць далейшы плян падрыхтоўкі і стажыроўкі нашых людзей, і перакваліфікацыі нашых спэцыялістаў, і рэабілітацыі нашых спартоўцаў, якія атрымалі траўму. І гэта будзе тычыцца ня толькі беларусаў — гэта будзе тычыцца спартоўцаў з усяго сьвету.

— Як вы лічыце, чаму тыя, хто цяпер пры ўладзе ў Беларусі, так жорстка абышліся пэрсанальна з Вольгай Хіжынковай, якая адседзела ў СІЗА 42 дні?

— Я думаю, што шмат хто задае гэтае пытаньне: «Чаму такая жорсткасьць да крохкай сымпатычнай добрай дзяўчыны?» Насамрэч яна вельмі спагадлівая. Мы ведаем, што пакуль яна сядзела, у яе дома было некалькі бяздомных катоў і сабак, якіх яна падабрала і часова ў сябе зладзіла ім прытулак. Я думаю, гэта была асабістая помста зьверху за нейкую нязгоду.

— Вы да сёлетняга жніўня прымалі якісьці ўдзел у палітыцы? Ці зьвярталі ўвагу на тое, што адбываецца ў палітычным жыцьці краіны?

— Тое, што зьвярталі ўвагу — безумоўна. Мы ж з чымсьці былі нязгодныя, але заўсёды быў у нас ідэалягічны прынцып, што спорт па-за палітыкай. Нас усё жыцьцё гэтым нашпігоўвалі, што мы ня можам выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю. І я скажу, шмат хто лічыць, што гэта рэальна так. У нейкі момант, відаць, пункт кіпеньня проста ўжо перайшоў, і калі пачалася фальсыфікацыя выбараў і гвалт, і ўсё гэта склалася ў адно, калі спартоўцы зразумелі, што яны ня проста нейкія лялькі, якімі можна кіраваць за нітачкі, што яны — людзі, грамадзяне сваёй краіны і маюць права выказваць сваю пазыцыю, і ня важна: гэта палітычныя нейкія моманты або проста жыцьцёвыя сытуацыі.

— Вы выказвалі дапушчэньне, што празь месяц-два ўся гэтая гісторыя закончыцца. Гэта аптымістычнае дапушчэньне. Адкуль такія тэрміны?

— Калі ня верыць у гэта, то як можна працаваць, як можна ісьці да сваёй мэты? Я думаю, што ўсё гэта даволі рэальна. Я не кажу, што гэта абавязкова здарыцца, але мы ў гэта верым, што гэта магчыма. Усё, магчыма, памяняецца ўжо заўтра. Але ж ніхто ня ведае, што можа здарыцца заўтра і якая будзе сытуацыя. І здароўе ўжо ня тое, і санкцыі ўводзяць.

— Як вы ставіцеся да тых спартоўцаў, якія падпісалі праўладны ліст, якія потым тлумачылі тым, што «мы ня ведалі, што падпісваем»?

— Мне здаецца, гэта чыстае апраўданьне. Я ня буду іх судзіць, ня буду іх ніякім чынам асуджаць. Гэта іхнае права. Я думаю, яны свой выбар зрабілі і потым прачуюць стаўленьне грамадзтва да іх.

— Вы атрымлівалі ўзнагароды ад Лукашэнкі. Што б вы сказалі яму цяпер?

— Я атрымлівала ўзнагароды за свае посьпехі, а не таму, што ён прэзыдэнт. Што б я сказала цяпер? Я б хацела сказаць: «Сыходзь».

Каментары

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску26

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам13

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса1

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы3

Чаму атлусценне вяртаецца? Аказваецца, тлушчавыя клеткі маюць «памяць»1

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

Чалы: Для Лукашэнкі аднолькава дрэнныя і перамога Расіі, і перамога Украіны. Ён хацеў бы нічыёй4

У Мінску людзі за тры дні выстройваюцца ў чаргу па кватэры2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску26

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →