Грамадства

«Пераскочыў цераз плот і пабег». Палітвязень Дзмітрый Кулакоў распавёў, як уцёк з «хіміі»

«Зайшлі ў найбліжэйшую літоўскую вёску, папрасілі мясцовага жыхара выклікаць памежнікаў. Ён яшчэ ўдакладніў, якіх — беларускіх ці літоўскіх», — распавядае палітвязень Дзмітрый Кулакоў. Ён уцёк з хіміі, дзе мусіў адбываць 3,5 года. Пра тое, як гэта было, Дзмітрый распавёў «Нашай Ніве».

Дзмітрый разам з сям'ёй у Літве

Дзмітрый адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу №49 у Шклове. Яму прысудзілі 3,5 года за паведамленні міліцыянту ў суполцы «Лепель для жыцця». Гэта расцанілі як пагрозу гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі і абразу прадстаўніка ўлады.

У Дзмітрыя гэта не першая спроба ўцёкаў. Яшчэ пасля суда ў канцы снежня (ён тады не быў пад вартай) мужчына збягаў на літоўскую мяжу. Але яго ўзялі беларускія памежнікі і перадалі раённай міліцыі. Дзмітрыя пасадзілі ў ІЧУ, а на наступны дзень прывезлі на «хімію».

На новыя ўцёкі палітвязень рашыўся 19 ліпеня.

«Гэта быў якраз першы дзень, як я змяніў працу — перавёўся з грузчыка на слесара на камбікормавым заводзе ў Александрыі. За 15 хвілін да абедзеннага перапынку я сказаў, што трэба пайсці памыцца, бо рукі брудныя. А пасля паем і лягу пасплю ў будцы, бо на «хіміі» не высыпаюся.

Спаць, вядома, не клаўся — разабраў тэлефон, адлучыў шлейф ад батарэі, выкінуў сімку. Акуратна паглядзеў па баках, каб мяне ніхто не бачыў, пераскочыў цераз плот і пабег. На працы праз паўтары гадзіны заўважылі, што мяне няма. 

Мяжу я перасякаў 31 чысла. А дагэтуль увесь час хаваўся ў Беларусі, бо яны маглі абвесціць план перахопу. Наколькі разумею, спачатку яны кідаюць усе сілы на пошукі, а пасля супакойваюцца і пачынаюць іншыя метады выкарыстоўваць. Праз іншых людзей мне перадавалі, што жонка нібыта ў вышуку, што яе хочуць экстрадзіраваць у Беларусь (яна з дзецьмі за месяц да гэтага выехала ў Літву) — думалі, можа, я выдам сябе на нервах, зраблю памылку. І мне, і сям'і з'ехаць дапамагла арганізацыя Dapamoga.

Міліцыя шукала мяне дома: прыходзіла па адрасе прапіскі ў Лепель і ў Шуміліна, дзе я жыў. Але нават сваякі не ведалі, дзе я. Хавацца было самым складаным». 

Пазней Дзмітрыя звязалі яшчэ з адным уцекачом. 31 ліпеня іх высадзілі недалёка ад мяжы, і праз паўгадзіны мужчыны ўжо былі ў іншай краіне.

«Было хваляванне, бо стаяў дзень. Мы перайшлі мяжу, зайшлі ў найбліжэйшую літоўскую вёску, папрасілі мясцовага жыхара, каб ён выклікаў памежнікаў. Ён яшчэ ўдакладніў, якіх — беларускіх ці літоўскіх. Падумаў, раптам гэта заблукалі грыбнікі. Мы сказалі, што літоўскіх. Прыехалі памежнікі і забралі нас на заставу, дзе мы правялі шэсць дзён.

Мы здзівіліся таму, што там адбываецца. Мігрантаў было вельмі шмат, больш за 100. У асноўным іракцы і афрыканцы. Нас хацелі да іх у лагер засяліць, сказалі, што больш нідзе месца няма. Высветлілася, што месцы ёсць, але там матрацаў не было. Для літоўцаў дзіка — як спаць без матрацаў? Я жартую: хлорку не вылівайце, гімн ранкам не ўключайце — і ладна. Мы дапамагалі памежнікам прадукты разгружаць, ложкі рамантаваць, мігрантаў размяшчаць.

Хлопец, які бег са мной, добра ведае ангельскую і французскую мовы, крыху гутарыў з мігрантамі. Некаторыя іракцы расказвалі, што заплацілі за дарогу ад 1000 да 5000 даляраў. Дзяўчына з Афрыкі 12 тысяч заплаціла.

Ім у турагенцтве далі зразумець, што калі вы трапіце ў Літву з Беларусі, там дзве гадзіны зойме аформіцца, подпіс паставіць, а пасля вам купяць квіток да Германіі.

Увялі ў зман, і яны паверылі. Усе без дакументаў — хто пакінуў пашпарт у гатэлі, хто выкінуў. Шмат дзяцей, грудных у тым ліку. Мой таварыш дапамагаў мігрантам звязацца з сем’ямі: яны пісалі на паперы пасланні, ён фатаграфаў іх і дасылаў сваякам. Некалькі сутак пасля не давалі спакою, званілі».

Дзмітрый чуў, што на хіміі пасля яго ўцёкаў крыху адпусцілі гайкі. Ён распавядае, што большасць вязняў у Шклове адпраўляюць працаваць у калгасы. Некаторых бяруць прыватныя фірмы па перапрацоўцы другаснай сыравіны, хтосьці разгружае склады ў раёныя таварысты спажыўцоў. Сам Дзмітрый да пераводу на камбінат працаваў на пілараме. 

«Заробкі — 500-600 рублёў у лепшым выпадку. Гэта калі ў цябе няма штрафаў і іскаў. Я за паўгода атрымаў на рукі каля 630 рублёў. Астатняе пайшло на аплату адміністрацыйных штрафаў: за 9 жніўня, калі я нібыта абразіў супрацоўніка міліцыі, за фота з пікета са сцягам у сацыяльных сетках. Плюс штраф за спробу незаконнага пераходу мяжы.

Апроч працы, раз на месяц выпадае дзяжурства. Адзін раз на кухні (прыбіраеш яе, калідор, актавую залу, вуліцу). Наступны раз — у размяшчэнні, дзе мы спім. Навіны па дзяржТБ пастаянна глядзець трэба і прафілактычныя фільмы — у асноўным пра шкоду наркотыкаў, алкаголю, пра ролю сям’і».

Раней палітвязень распавядаў, што кожны месяц на аплату камуналкі на «хіміі» ідзе 50 рублёў. Гатуюць мужчыны самі, у краму водзяць раз на дзень пад наглядам.

«Некаторых у горад адпускаюць на 4 гадзіны. Самому без дазволу нельга выходзіць. Калі па дарозе з працы адхілішся ад маршруту, могуць палічыць за парушэнне», — заўважаў Дзмітрый.

У чэрвені, калі палітвязня не пусцілі на спатканне з жонкай, ён праглынуў кавалак металічнай лыжкі на знак пратэсту. За гэта Дзмітрыя змясцілі ў штрафны ізалятар.

У Літве мужчына падаўся на бежанства. Цяпер ён разам з сям’ёй.

Каментары

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Усе навіны →
Усе навіны

У дзень выбараў у Мінску грамадскі транспарт будзе бясплатным4

У Мінску рабочыя затрымалі кур'ера махляроў3

У заходняй навуцы расце цікавасць да Беларусі. Але з перашкодаў не толькі матрошкі ды чабурашкі32

У Варшаве напалі на дырэктара праграмы Каліноўскага18

Больш за 100 сайтаў за 12 хвілін. Hoster.by расказаў пра масавую атаку на беларускія сайты

Вольга Лойка: Усё ідзе да таго, што Беларусь не давядзецца далучаць сілай — яна сама ўпадзе ў рукі Расіі16

У Беларусі ловяць усё больш нарказакладчыкаў з Расіі1

Расійскі анархіст атрымаў 16 гадоў калоніі і скончыў жыццё самагубствам у той жа дзень

Пільны рыэлтар у Мінску пераканаў пенсіянерку не прадаваць кватэру махлярам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Галоўнае
Усе навіны →