Крэмль па справе затрыманага журналіста «Камсамолкі»: «Пакуль няма адчування, што ў Мінску чуюць нашу пазіцыю»
Журналіст «Камсамольскай праўды» Генадзь Мажэйка быў затрыманы 1-га кастрычніка. Гэта здарылася пасля таго, як быў апублікаваны яго артыкул з успамінамі былой аднакласніцы пра Андрэя Зельцэра, які застрэліў супрацоўніка КДБ. Сайт «Камсамолкі» ў Беларусі пасля гэтага быў адразу ж заблакаваны. Афіцыйную інфармацыю наконт затрымання журналіста так і не апублікавалі. Сёння пра сітуацыю зноў выказаўся Крэмль.
«Крэмль дакладна абазначыў сваю пазіцыю па блакіроўцы «КП в Белоруссии», чакае адмены абмежаванняў, пакуль няма адчування, што ў Мінску чуюць нашу пазіцыю», — расказаў «РИА Новости» прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.
Ён адзначыў, што ў Пуціна ёсць інфармацыя пра сітуацыю вакол выдання і затрымання журналіста Мажэйкі. Таксама Пяскоў адзначыў, што ў Крамлі не валодаюць дакладнай інфармацыяй, дзе быў затрыманы журналіст.
Пяскоў таксама заявіў, што такія дзеянні супраць прэсы нельга ўхваляць, але ў Крамлі не ведаюць дэталяў. Ён дадаў, што паколькі гаворка ідзе пра грамадзяніна Беларусі, Масква дэ-юрэ не можа абараняць яго інтарэсы.
Каб дадаткова разабрацца ў сітуацыі і высветліць усе абставіны, сёння ў Мінск з Масквы накіравалі прадстаўніка галаўнога офіса «КП», загадчыка аддзела палітыкі Валянціна Алфімава.
Пакуль Валянцін Алфімаў даведаўся толькі пра тое, што сёння з Мажэйкам мусіць сустрэцца следчы.
Дагэтуль няма афіцыйных каментароў наконт таго, дзе дакладна знаходзіцца Мажэйка і ў чым абвінавачваецца. Адзіная крыніца інфармацыі — валанцёры і яго маці, якая распавяла, што ў кватэры сына правялі ператрус.
У пастанове было пазначана два артыкулы КК: 130 ч. 3 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады). Пры гэтым на самім ператрусе журналіста не было: мяркуецца, што яго затрымалі ў Маскве і адтуль даставілі ў ізалятар на Акрэсціна. Але хто ажыццяўляў гэтую аперацыю, таксама невядома. Адвакаты да Мажэйкі на цяперашні момант так і не патрапілі.
У сваю чаргу, Беларускі саюз журналістаў загадкава паведаміў, што валодае інфармацыяй па затрыманні Мажэйкі, але пакуль не агучвае, таму што яна нібыта можа пагоршыць становішча журналіста ў цяперашні момант.
Пры гэтым Саюз журналістаў Расіі на чале са старшынёй Уладзімірам Салаўёвым заклікаў неадкладна вызваліць журналіста, назваўшы яго затрыманне «ціскам на расійскія медыя на тэрыторыі саюзнай дзяржавы».
Негатыўна пра арышт журналіста выказаліся такія медыйныя персоны, як галоўны рэдактар тэлеканала RT Маргарыта Сіманьян, расійскі журналіст Аляксандр Коц і расійскі блогер Ілля Варламаў.
«Лукашэнка працягвае зневажаць Расію. Ён зачыняе «любімую газету Пуціна», выкрадае журналіста выдання проста ў сталіцы Расіі і кідае яго ў клетку. І ён выдатна разумее, што ніхто яму нічога не зробіць. Лукашэнка знайшоў слабое месца Крамля, знайшоў тую самую іголку ў яйку. Ён прадае Маскве страх перад Майданам: кінеце мяне, будзе ў вас другая Украіна. А з такім таварам можна нават братэрскую Расію зневажаць, не перажываючы за наступствы. Крэдыты паступяць своечасова. Не сумнявайцеся», — напісаў апошні.
Дэпутат Дзярждумы Канстанцін Затулін назваў тое, што адбываецца, працягам рэакцыі беларускіх улад на пратэсную актыўнасць насельніцтва.
«Гэта не павінна рабіцца індульгенцыяй на прыгнечанне журналістыкі ў краіне», — пракаментаваў ён СМІ.
Сам галоўны рэдактар «КП» Уладзімір Сунгоркін назваў арышт супрацоўніка «самавольствам, неадэкватнай рэакцыяй на абсалютна нявінную нататку». Раней таксама блакіроўку «Камсамолкі» асудзіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў, назваўшы яе парушэннем свабоды слова.
Каментары