Эканоміка

«Адскок дохлай коткі». Эканамісты расказалі, ці ўключыў Нацбанк друкарскі станок і калі ён можа гэта зрабіць

За верасень шырокая грашовая маса — наяўныя і безнаяўныя грошы людзей на рахунках, сродкі прадпрыемстваў у банках і каштоўных паперах — павялічылася на 1,1 мільярда, або на 2,3%, і склала 50,8 мільярда. Для многіх гэтая навіна стала падставай для занепакоенасці. Ці азначае рост аб’ёму грошай той факт, што ў Беларусі ўключылі друкарскі станок? Разбіраемся з эканамістамі.

Старшы навуковы супрацоўнік BEROC эканаміст Дзмітрый Крук адзначае, што ў апошнія два месяцы паводзіны Нацбанка крыху змяніліся. Але падкрэслівае: гэта рэакцыя на сітуацыю ў эканоміцы.

«Па лічбах грашовай базы можна ўбачыць, што апошнія два месяцы Нацбанк яе крыху нарошчвае: купляе валюту на ўнутраным рынку і ўлівае рублі ў эканоміку. Такі адчувальны рост адбываецца ўпершыню з пачатку года, — кажа Дзмітрый Крук. — Гэтага ўсе баяцца і ўспрымаюць як прадвесце дэвальвацыі ці хуткага росту цэн.

Але зараз мэтанакіраванага змякчэння манетарнай палітыкі няма. Нават наадварот. Можна сказаць, што такія змены ў паводзінах Нацбанка — гэта, хутчэй за ўсё, водгук на некаторыя пазітыўныя змены на грашовым рынку».

«Верагоднасць таго, што Нацбанк уключыць друкарскі станок, ёсць заўсёды, але пакуль што пытанне адышло на другі план»

Па словах аналітыка, пасля сканчэння пандэміі свет перажыў бум попыту. З-за гэтага эканоміка Беларусі крыху палепшыла свой стан. Гэтую сітуацыю эканамісты назвалі «знешнегандлёвым цудам».

«З-за «цуду» прадпрыемствы за 9-10 месяцаў падназбіралі пэўны «тлушчык», што стала адлюстроўвацца на паступленнях валютнай выручкі. У прадпрыемстваў засталося больш грошай на банкаўскіх рахунках, — кажа эксперт. — Гэта ў сваю чаргу прывяло да таго, што знік дэфіцыт ліквіднасці (прасцей кажучы, недахоп грошай — заўв. «НН») у банкаўскай сістэме.

Таму банкі сталі больш актыўна выдаваць крэдыты ў параўнанні з сітуацыяй, якая была да ліпеня. На фоне гэтых змен і некаторага ўмацавання рубля, дзякуючы таму ж знешнегандлёваму цуду, памянялі свае паводзіны людзі. І ў прынцыпе, самы галоўны ўнёсак зрабілі менавіта рублёвыя дэпазіты ад насельніцтва.

Але тут важна адзначыць, што гэта сітуацыя стала магчымай без улівання грошай і дзеянняў Нацбанка. Ён тут вядомы і проста адрэагаваў на змены кан’юнктуры.

Калі паглядзець паказчыкі за бягучы год, то шырокая грашовая маса амаль вярнулася да ўзроўню пачатку гэтага года. Казаць пра нейкі маштабны яе рост не даводзіцца».

Дзмітрый адзначае, што агулам сітуацыя ў эканоміцы за апошнія месяцы выраўнялася. Асабліва калі параўноўваць з перыядам са жніўня 2020 да лютага 2021. Але пры гэтым радавацца рана: нельга сказаць, што ўсё вярнулася да нормы.

«Часам фінансісты выкарыстоўваюць тэрмін «адскок дохлай коткі». Вось апошнія два месяцы гэта такі маленькі адскок пасля доўгага перыяду сур’ёзных праблем на грашовым рынку і сціскання грашовай масы.

Гэта пакуль не з’яўляецца нейкай устойлівай новай тэндэнцыяй. Празмерна радавацца не варта, але і біць трывогу таксама», — адзначае эканаміст.

«Верагоднасць таго, што Нацбанк уключыць друкарскі станок, ёсць заўжды. Пытанне сапраўды стаяла на парадку дня ў жніўні-лютым. Зараз пакуль на нейкі перыяд пытанне адышло на другі план. «Знешнегандлёвы цуд» добра падправіў фінансавае становішча беларускай эканомікі. У бягучым моманце сітуацыя значна палепшылася. І проста зараз патрэбы ў нейкіх масіраваных уліваннях няма.

Так, прынцыпова праблемы празмернай даўгавой нагрузкі застаюцца. Але на сённяшні момант пакуль большасць прадпрыемстваў, калі параўноўваць з перыядам жніўня-лютага, адчуваюць сябе лепш і спакайней. Зараз яны спраўляюцца са сваімі даўгамі.

Гэта, безумоўна, не азначае, што ў любы момант сітуацыя не можа пагоршыцца. Зменіцца сітуацыя ў знешнім гандлі — усё вельмі хутка можа змяніцца ў горшы бок».

«Дзеля выратавання «фамільнага срэбра» — нашых флагманаў — станочак уключыцца можа»

Па словах старшага аналітыка «Альпары Еўразія» Вадзіма Іосуба, уключэнне друкарскага станка перыядычна лабіруюць і ўрад, і дырэктары дзяржпрадпрыемстваў, і нават прыхільнікі з Адміністрацыі прэзідэнта. Надрукаваць грошы і раздаць іх прадпрыемствам бачыцца як адно з хуткіх рашэнняў праблем для закрэдытаваных, хранічна стратных прадпрыемстваў.

«Перыядычна спрабуюць нешта рабіць з імі: даць адтэрміноўку ці растэрміноўку. Але кардынальным чынам гэтая праблема не змяняецца. Усё роўна застаюцца прадпрыемствы з кучай праблемных даўгоў, — кажа Іосуб. — Тут адно з двух: альбо ўсіх банкруціць, альбо друкаваць грошы і заліваць іх.

Як бы пакуль і заліваць іх грашыма не хочацца, але і банкруціць таксама. Падобна, што трэцяга выхаду асабліва няма. Адсюль рызыкі, што дзеля выратавання «фамільнага срэбра» станочак уключыцца можа. Што будзе праз тыдзень-месяц — ніхто не думае.

Нацбанк пакуль гэтага не робіць, бо не было простага загаду. Яму ўдаецца адстойваць пазіцыю. Але ўпэўненасці, што яно так будзе і далей, няма».

Практыка мінулых дзесяцігоддзяў паказвае, што ў далёкай перспектыве друк грошай не дапамагае вырашыць праблем стратных прадпрыемстваў. Чаму чыноўнікі і цяпер трымаюцца за гэтую ідэю?

«Мінулая практыка паказала: тое, што працуе, у нашай эканамічнай сістэме непрымальна, — кажа Іосуб. — У нашых эканамічных рэаліях не прынята закрываць прадпрыемствы, якія былі і будуць непрыбытковымі, колькі ім не дапамагай (хоць усе законы эканомікі пра гэта кажуць).

То-бок яны рана ці позна самі памруць, але да гэтага ім 10 разоў дапамогуць, абясцэняць рубель, уздымуць кошты. Прадпрыемствам гэта ў выніку не дапаможа, але нейкі час дазволіць пацялёпкацца.

Цаной таго, што не прызнаюцца эканамічныя законы на ўзроўні асобных прадпрыемстваў, можа гробіцца ўся эканоміка. Таму што рост інфляцыі і дэвальвацыя б’е па гаманцы кожнага беларуса, па эканоміцы ўсіх прадпрыемстваў. У тым ліку і эфектыўных.

Сітуацыю, калі ўключаецца друкарскі станок, беларусы праходзілі не раз: адразу ж пачынаюць расці кошты і курсы валют. А вось што адбудзецца, калі станок не ўключаць?

«Пачынаецца крызіс неплацяжоў. Ёсць, праўда, іншы варыянт. Можна прымусіць банкі ў чарговы раз гэтыя прадпрыемствы пракрэдытаваць, — кажа аналітык. — Тады ў іх адразу крызіс плацяжоў не пачынаецца, але пагаршаюцца балансы банкаў.

Рана ці позна мы прыйдзем у гэтыя банкі за сваімі дэпазітамі. А нам адкажуць: вярнуць не могуць, бо пракрэдытавалі беларускія прадпрыемствы, а яны не вярнулі грошы.

Страты нельга замесці пад дыван ці зрабіць выгляд, што іх няма. Іх можна пераразмеркаваць (такі вось закон захавання страт). Будуць гэта страты прадпрыемстваў і, адпаведна, іх падраднікаў і работнікаў. Альбо, калі перакласці на бюджэт, то гэта будуць страты бюджэту і падаткаплацельшчыкаў. Ці перакласці іх на банкі, што пракрэдытуюць прадпрыемствы. І тады гэта будуць страты банкаў і ўкладчыкаў.

То-бок усе гэтыя размовы, як выратоўваць эканоміку, хто будзе ратаваць і як дапамагаць — гэта толькі размовы пра тое, на каго ў рэшце рэшт павесіць страты.

У любым выпадку так ці інакш альбо работнікі, альбо ўсё насельніцтва, альбо ўкладчыкі банкаў… Хтосьці гэта на сабе адчуе».

«Асобная тэма — санкцыі. На гэтую няўдалую эканамічную мадэль, якая плодзіць страты і не ведае, на каго іх павесіць, кладуцца санкцыі, — кажа Іосуб. — Таму крызіс у эканоміцы будзе. Але ён не абавязкова будзе суправаджацца рэзкай інфляцыяй ці дэвальвацыяй.

Цэны могуць быць дастаткова стабільнымі, інфляцыя можа вярнуцца нават да 5%, курс увогуле будзе стаяць на месцы. Але пры гэтым людзей могуць скарачаць. А ў тых, хто застаўся, будуць зніжацца заробкі. Нават пры стабільным курсе і стабільных коштах яны будуць жыць горш. Вось гэта паўнавартасны эканамічны крызіс».

Каментары

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

Усе навіны →
Усе навіны

Што зменіць дазвол біць ракетамі ATACMS углыб тэрыторыі Расіі?3

Эрдаган на саміце G20 абнародуе свой мірны план па Украіне6

Украіна плануе ў найбліжэйшыя дні выкарыстаць амерыканскую зброю вялікай далёкасці для ўдараў па Расіі

У партугальскім аэрапорце тыдзень не можа вылецець самалёт. З яго збеглі 130 хамякоў2

Алексіевіч пра рускую літаратуру: Сапраўднае мастацтва не адказвае за імперскія амбіцыі72

Сын Трампа назваў ідыётамі тых, хто даў дазвол на дальнабойныя ўдары па Расіі18

У Абхазіі паспрабавалі захапіць Дзяржтэлерадыёкампанію1

«Абсалютна новы аўтамабіль, толькі з Еўропы!» Як падсанкцыйны прэміум трапляе ў Беларусь і ці выгадна расіянам ехаць да нас па такія аўто1

У Германіі і Аўстрыі за крадзяжы з крамаў затрымалі беларусаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

Галоўнае
Усе навіны →