Топ-5 найлепшай спартовай формы на сёлетняй Алімпіядзе і адна найгоршая
Алімпійскія гульні — шанец праявіць сябе не толькі для атлетаў, але і для дызайнераў спартовага адзення. Сабралі для вас топ з пяці варыянтаў формы, якая дакладна прыцягне ўвагу фанатаў.
ЗША: экалагічнасць і інавацыі
Форма амерыканцаў — яўны лідар інтэрнэт-сімпатый. Камплекты да пекінскай алімпіяды стварыў брэнд Ralph Lauren, для якога гэта ўжо не першае супрацоўніцтва з алімпійскай зборнай. Кампанія стварае камплекты для амерыканскіх алімпійцаў з 2008 года, то-бок з мінулых Гульняў у Пекіне.
У гэты раз дызайнеры надалі шмат увагі экалогіі. У склад формы ўваходзіць перапрацаваны паліэстр, а таксама воўна, што адпавядае стандартам адказнай вытворчасці (і адпаведна, адказнага стаўлення да авечак).
Але ж не авечкамі адзінымі. Камплекты на адкрыццё Алімпіяды, якія дасталіся амерыканцам, створаныя з ужываннем сучаснай тэхналогіі, што зробіць іх яшчэ цяплейшымі. Гэта інтэлектуальная тканіна, якая мае структуру сотаў і здольная пашырацца ці сціскацца ў адказ на змены тэмпературы, і ўсё гэта — без выкарыстання акумулятараў ці правадных тэхналогій.
У стварэнні формы кампаніі Ralph Lauren дапамагалі тэлезорка Кім Кардаш'ян і вядомы графіціст Эрык Хейз. Брэнд Кардаш'ян SKIMS пашыў для атлетаў бялізну і дамашняе адзенне, а Хейз паўдзельнічаў у праектаванні формы для лыжнікаў.
Канада: гульня ў трансформераў
Форму для канадцаў пашыў брэнд Lululemon, з якім нядаўна зборная падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве на шэсць гадоў. Здаецца, тамтэйшыя дызайнеры натхняліся фільмамі пра трансформераў. Бо інакш не патлумачыць, напрыклад, навошта спартоўцам такі элемент адзення, як жылет, што можа ператварыцца ў падушку ці шарф. Ці пухавік, які можна выкарыстоўваць як рукзак, калі вам занадта горача.
У камплект канадскага алімпійца таксама ўваходзіць парка, даўжыню якой можна змяняць — даступныя ажно тры варыянты!
Тканіны, што выбраў Lululemon, самі па сабе — тэхналагічны цуд. Яны ўцепленыя, прапускаюць паветра, убіраюць пот, маюць антыбактэрыяльны эфект, не прапускаюць ваду і вецер.
Расія: урок алімпійскай геаграфіі
Расійскія атлеты зноў выступаюць на Гульнях пад сцягам Сусветнага алімпійскага камітэта. Згодна з гэтым спагнаннем, атрыманым пасля допінгавага скандала, на форме алімпійцаў нельга размяшчаць расійскія нацыянальныя сімвалы, аднак яе стваральнікам дазволілі выкарыстоўваць колеры трыкалора.
Таму дызайнерам брэнда ZASPORT, што і пашыў форму, давялося знайсці новыя спосабы прадэманстраваць нацыянальную ідэнтычнасць спартоўцаў. У выніку на параднай форме і футболках для трэніровак дызайнеры размясцілі карты розных геаграфічных аб'ектаў Расіі. Тут можна ўбачыць азёры Байкал і Ладага, Сочы, Камчатку, Сахалін, Зямлю Франца-Іосіфа, Навасібірскія астравы, Паўночную зямлю, астравы Врангеля і Новай Зямлі.
Выказалі павагу і гаспадарам Алімпіяды. На футболках атлетаў бачныя выявы кітайскіх драконаў, а піктаграмы зімніх відаў спорта стылізаваныя пад іерогліфы.
Швецыя: мінімалізм і філасофія
Масахіка Фурута, галоўны дызайнер брэнда Uniqlo, што пашыў форму для шведаў, расказвае пра сваю працу для алімпійцаў так: «Наша філасофія дызайну — калі простае робіцца найлепшым і калі менш значыць больш».
У выніку скандынавам дасталася мінімалістычная і стыльная форма, якую, тым не менш, называюць дастаткова практычнай у выкарыстанні. Каб зрабіць яе такой, японскі брэнд ствараў гэтае адзенне ў супрацоўніцтве з атлетамі. Дызайнеры таксама тэсціравалі тканіны для формы пры розных тэмпературах, каб гатовыя камплекты добра падышлі да пекінскай зімы.
Не абышлося і без сучасных тэхналогій: алімпійскае адзенне ад Uniqlo кантралюе выдзяленне поту і тэмпературу цела атлетаў. Усё дзякуючы спецыяльнаму ячэістаму матэрыялу і іншым інавацыям.
Аўстралія: бадай, самая стылёвая ўніформа
Сваю сёлетнюю форму аўстралійцы называюць адной з самых стылёвых за ўвесь час. Стварыў яе брэнд Sportscraft, які пастаўляе адзенне для нацыянальнай зборнай з 1996 года.
Дызайнеры размясцілі на ўніформе маленькія дэталі, што нагадваюць пра Аўстралію і гісторыю яе ўдзелу ў Гульнях. Напрыклад, на гузіках паўпаліто ёсць эмблема аўстралійскага алімпійскага камітэта. А на яго падкладцы можна бачыць імёны 265 аўстралійцаў, што ўдзельнічалі ў зімовых Алімпіядах за ўсю іх гісторыю.
Бонус: «невыносна агідная» форма з Кітая, якая стала віруснай
«Невыносна агіднай» назвалі карыстальнікі інтэрнэта форму, створаную аргкамітэтам Гульняў для медалёвых цырымоній. Такое адзенне будзе падчас цырымоній на дапаможным персанале.
Пост у кітайскай сацсетцы Weibo (аналаг Твітара), дзе аргкамітэт Алімпіяды апублікаваў фота формы, сабраў больш за 366 тысяч лайкаў і 17 тысяч каментарыяў. Адзін з карыстальнікаў напісаў пра форму так: «Шмат гадоў не бачыў адзенне такога старамоднага дызайну, нават мая мама не апранулася б такім чынам».
Каментары