Грамадства

«Ніхто і не абяцаў аплаты». Студэнты-медыкі расказваюць, у якіх умовах яны працуюць у паліклініках

З-за рэзкага росту колькасці хворых на кавід у дапамогу дактарам адправілі студэнтаў-медыкаў. З пар знялі старшакурснікаў, якія вучацца на тэрапеўтаў, педыятраў, рэаніматолагаў і нават псіхіятраў. «Наша Ніва» пагутарыла са студэнтамі, якія цяпер дзяжураць у паліклініках.

«Нельга было адмовіцца. Не ідуць толькі тыя, хто хварэе, і цяжарныя»

У паліклінікі адправілі ўвесь шосты курс лячэбнага факультэта БДМУ. Адна са студэнтак расказвае, што дзяжурыць з гэтага панядзелка.

«У нашай паліклініцы нас усіх афіцыйна працаўладкавалі на палову стаўкі. Адпаведна, працуем мы 3,5 — 4 гадзіны. Звычайна студэнтаў бяруць ці на пасаду медсястры, ці памочнікам урача.

Не ўсім так пашанцавала. Многіх адмовіліся працаўладкоўваць, але працы далі шмат — адправілі на дамашнія візіты, — дзеліцца дзяўчына. — Шостаму курсу нельга было адмовіцца. Нам першапачаткова казалі: не ідуць толькі тыя, хто хварэе, і цяжарныя».

Студэнтка працуе ў кавідным штабе. Гэта накшталт кол-цэнтра, без кантакту з хворымі. Трэба абзвоньваць пацыентаў, рэгістраваць выклікі на дом, тлумачыць правілы самаізаляцыі. Магчыма, перыядычна дапамагаць з выпіскай рэцэптаў.

«Ранкам званкоў шмат, многія хочуць выклікаць на дом доктара. Да нас тэлефануюць пацыенты з пацверджаным кавідам, таму яны выклікаюць спецыяльную брыгаду, а не звычайнага тэрапеўта.

Але ў сувязі з нагрузкай кажуць не рэгістраваць выклікі, а ўгаварыць людзей самастойна прыйсці ў інфекцыйны кабінет, калі ёсць магчымасць. Калі ўжо зусім ніяк, кепска адчувае сябе чалавек, адпраўляем брыгаду. Брыгада можа прыязджаць не дзень у дзень. З-за гэтых указанняў з боку пацыентаў бываюць да нас прэтэнзіі», — дзеліцца студэнтка.

Пары ва ўніверсітэце ў іх групы хутка пачнуцца, але будуць дыстанцыйнымі. Цяпер у іх мусілі б быць заняткі профільнага цыклу, аднак іх няма.

Тым, каго адправілі ездзіць па выкліках, няпроста.

«Па дваццаць выклікаў на студэнта бывае. Аднакурснікі вельмі незадаволеныя, бо гэта сем-восем гадзін не самай простай працы забясплатна».

Студэнтка кажа, што ў папярэднюю хвалю іх таксама здымалі з заняткаў — у кастрычніку на паўтара месяца. Яна тады паралельна працавала ў стацыянары і дапамагала ў паліклініцы.

Іншыя заўважаюць, што нават калі іх уладкоўваюць афіцыйна на палову стаўкі, яшчэ пару гадзін яны мусяць адпрацаваць як валанцёры. Па назіраннях студэнтаў, найбольшая загрузка ў паліклініках была ў панядзелак.

«Калі бачыш шчырую ўдзячнасць дактароў за тваю дапамогу, хочацца рабіць яшчэ больш»

Апошні курс педыятрычнага факультэта мінскага медуніверсітэта таксама цалкам прыцягнулі ў дапамогу дактарам.

«Нас адправілі з гэтага панядзелка. Але гэта ж не першы год, калі студэнтаў здымаюць у паліклінікі — заўсёды так было. Толькі раней гэта быў грып, — дзеліцца шасцікурсніца. — У мінулую хвалю каранавіруса мне дазволілі дапамагаць у самой паліклініцы — нешта на камп’ютары набіраць, разносіць дакументы. І ў гэты раз раблю гэтую ж працу. Мяне такі расклад задавальняе.

Калі патрэбна, дапамагаю на прыёме доктару (паглядзець горла, паслухаць лёгкія) ці медсястры (выпісаць даведку, накіраванне на аналізы). Я не хаджу на выклікі, але гэта больш выключэнне, чым правіла.

Мяне не трымаюць да канца змены. Бывала, сама сядзела больш, каб закончыць працу, а мне ўсе казалі: «Ідзі ўжо дадому, і так шмат дапамагла».

Вучацца будучыя педыятры дыстанцыйна. Выкладчык дасылае карысную інфармацыю па тэме, якую яны разглядаюць самастойна.

Наша суразмоўца за працу ў паліклініцы не атрымлівае ніякіх грошай.

«Ніхто і не абяцаў аплаты, — усміхаецца яна. — У паліклініцы ў нашым аддзяленні няма вольных пасад, таму нас не могуць афіцыйна ўзяць на працу. Мы гэта ведалі адразу, як ішлі туды. Залікі аўтаматам за працу не паставяць — проста ў нас у гэтым паўгоддзі няма залікаў, таму што апошні курс».

Сродкамі індывідуальнай абароны дзяўчыну ў паліклініцы забяспечылі.

«Захварэць я не баюся. Калі не крывіць душой, мы можам усе захварэць у любым месцы, — кажа яна. — У мяне ў кватэры ёсць мая сям’я, яны таксама могуць прынесці вірус. Ад гэтага ніхто не застрахаваны. На маю думку, кожны павінен прымаць тыя меры асцярожнасці, якія ад яго залежаць».

Шасцікурснікам казалі, што, хутчэй за ўсё, у паліклініках яны будуць працаваць два тыдні.

«Не ведаю, ці можна было адмовіцца, не цікавіла гэтае пытанне. У нас цудоўная загадчыцца аддзялення і старшая медсястра, дый наогул калектыў. Калі ёсць умовы, каб працаваць, калі ты бачыш шчырую ўдзячнасць дактароў за тваю дапамогу, дык хочацца рабіць яшчэ больш.

Тым больш, што, як хрысціянка, я хачу дапамагаць тым, каму насамрэч гэта неабходна», — дзеліцца студэнтка.

Чытайце таксама:

 «Кладзём людзей на падстаўныя ложкі ў палаты, у калідоры, на маленькія канапкі». Медыкі — пра сітуацыю з COVID-19 у стацыянары

Як каранавірус уплывае на зубы? Расказваюць медыкі

Чаму так рэзка вырасла колькасць выпадкаў каранавіруса? Вось што адказалі ў Мінздароўя

Каментары

У мінскіх школах забаранілі не толькі Санту і замежныя хіты, але і калядныя песні12

У мінскіх школах забаранілі не толькі Санту і замежныя хіты, але і калядныя песні

Усе навіны →
Усе навіны

Рэцыдывіст, які скраў унітаз у суседа. Расказваем, хто той найміт з Беларусі, якога ўзялі ў палон ва Украіне3

Шэф ChatGPT пра Маска: «Хам і хуліган, але і прадпрымальнік легендарны»

Пуцін выбачыўся перад Аліевым за атаку на самалёт Баку — Грозны8

На вайне ва Украіне загінуў рэдактар расійскага тэлеканала «Ізвестія», які паехаў туды добраахвотнікам увосень 2022 года6

Дырэктара «Гараўтамоста» судзяць за хабар і крадзеж

У Мінску адкрыўся новы выстаўны цэнтр «Белэкспа»9

«Ён спалохаўся так, што не мог расціснуць пальчыкі, якімі трымаў лыжку». Гісторыі палітвязняў — мам і дзяцей, разлучаных калоніяй2

Беларускі фатограф абвінавачвае Іллю Яшына ў тым, што той у сваім інстаграме незаконна апублікаваў свой партрэт32

«Хаця б раз на тры дні павінен слухаць». Міліцыянер расказаў, як праслухоўваў беларусаў8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У мінскіх школах забаранілі не толькі Санту і замежныя хіты, але і калядныя песні12

У мінскіх школах забаранілі не толькі Санту і замежныя хіты, але і калядныя песні

Галоўнае
Усе навіны →