Грамадства

Усе 24 чалавекі ў камеры былі адзіныя ў тым, што перамога будзе за намі», — экс-зняволены «Валадаркі»

33-гадовага мінчука Амірані Бутыяшвілі асудзілі да трох гадоў «хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту 9 і 10 жніўня 2020 года супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Яго знайшлі праз фота ў тэлефоне іншага затрыманага — мінчук выпадкова трапіў на здымкі. Затрымалі Амірані 28 студзеня і змясцілі ў карцар ізалятара часавага ўтрымання на Акрэсціна. Нягледзячы на холад, у яго забралі куртку і ён застаўся ў адной майцы. Але іншыя затрыманыя далі яму швэдар, які застаўся ў карцары ў «спадчыну» ад былых арыштантаў. У ім мінчука перавялі на «Валадарку» — швэдар адразу пазналі іншыя зняволеныя, якія прайшлі гэты ж шлях. Амірані да суда амаль два месяцы ўтрымліваўся ў СІЗА-1. Ён распавёў «Вясне» пра сваё затрыманне і палітычны пераслед, пра збітага сукамерніка — экс-следчага Старажэнку, пра тое, як вязні «Валадаркі» даведаліся пра вайну і як успрынялі гэту навіну.

Праслухоўвалі тры дні да затрымання

Амірані да затрымання займаўся грузаперавозкамі па маршруце Мінск — Масква. Пасля чарговай паездкі яго і затрымалі. Гэта было ўдзень 28 студзеня:

«Я павёз машыну на станцыю тэхнічнага абслугоўвання — там яны мяне і «прынялі». Супрацоўнікі ГУБАЗіКа прыехалі на шэрым таніраваным Volkswagen Polo. З машыны выйшлі тры чалавекі. У мяне адразу забралі тэлефон. У мяне стаяў «face ID» — мяне трымалі, тэлефон паднеслі да твару і разблакавалі. Так мяне затрымалі.

Фота з асабістага архіву

Як мне сказалі потым, мяне праслухоўвалі тры дні да затрымання.

За рулём паводле апісанняў, як мы потым высветлілі з сукамернікамі, ехаў супрацоўнік ГУБАЗіКа Валер Высоцкі [ужываў фізічны гвалт падчас допыту студэнта хімфака БДУ Арцёма Баярскага — Вясна]».

Паводле Амірані, менавіта Высоцкі падчас затрымання больш за ўсіх выказваў яму пагроз.

«Быў допыт з пагрозамі — усё як звычайна, у прынцыпе»

У мінчука, які толькі вярнуўся з рэйса, пры сабе былі 6 500 долараў і 330 рублёў — яны дагэтуль знаходзяцца пад арыштам да вырашэння судом пытання па пазове «Мінсктранса».

«Адзін з супрацоўнікаў, калі ўбачыў такую вялікую суму пры мне, сказаў, каб я патэлефанаваў каму-небудзь, хто мог бы прыехаць і забраць грошы. Але Высоцкі сказаў, што нікому грошы не аддадуць — гэта «будзе ім маральная кампенсацыя».

У ГУБАЗіКу Амірані дапыталі і запісалі з ім «пакаяльнае відэа»:

«Там быў допыт з пагрозамі — усё як звычайна, у прынцыпе. Пагражалі: «Табе дадуць сем гадоў, ты адтуль не выйдзеш, у турме дададуць тэрмін», «Калі ў цябе ў кватэры палазім, то знойдзем тэрмін і табе нармальны».

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа знайшлі Бутыяшвілі праз фота іншага чалавека, якога затрымалі, калі ён вешаў стужкі ў двары. Яго затрымалі, а ў тэлефоне пабачылі здымак з акцый пратэсту, на адным з якіх быў і Амірані. Сілавікі знайшлі ягоны профіль у Facebook, на адной фатаграфіі стаяла БЧБ-рамка:

«Супрацоўнікі казалі, што той затрыманы ім «прынёс» сорак чалавек. Мне казалі: «Зараз паглядзім, колькі ты нам чалавек прынясеш».

Амірані кажа, што ў галерэі ў яго не было фота— і відэаздымкаў, таму сілавікі палезлі ў Google Photos, дзе знайшлі фота і відэа:

«Але на іх нічога не было відаць — была ноч».

«Запалохвалі, што завязуць у «хату» з «пеўнямі»

З Амірані запісалі традыцыйнае «пакаяльнае» відэа:

«Адзін супрацоўнік не хацеў, каб са мной запісвалі відэа, але іншы сказаў мне: «Пайшлі, у мяне ёсць для цябе хвіліна славы». Мяне завялі ў кабінет з зялёным фонам. Мне казалі, што трэба гаварыць. Але атрымалася запісаць не з першага дубля: мяне прымушалі казаць, што я «браў актыўны ўдзел», а я сказаў першы раз, што выяўляў актыўную пазіцыю. Акрамя гэтага, я нерваваўся — першы раз сутыкнуўся з такім [затрыманнем — заўв. рэд.]. Мяне запалохвалі, што, напрыклад, завязуць у «хату» з «пеўнямі»».

Амірані расказвае, што ў адным кабінеце будынка ГУБАЗіКа ў тэлевізары ішло відэа «NEXTA».

«Губазаўцы злаваліся і гарэлі тым, каб хутчэй пайсці бухаць»

У Цэнтральным Следчым камітэце ўсе спяшаліся, Амірані не давалі нармальна азнаёміцца з дакументамі — прыспешвалі падпісаць іх:

«Губазаўцы ўсю дарогу ў СК лаяліся: «Пятніца, а мы з табой поркаемся! Мы маглі б ужо каньяк піць з горла!» Яны злаваліся і гарэлі тым, каб хутчэй пайсці бухаць у нейкай лазні. Аднаму з іх хтосьці тэлефанаваў і хваліўся, што адпачывае, на што губазавец [па прыкметах Высоцкі] адказаў: «Я прыйду дадому і проста з парога засаджу бутэльку каньяку».

Калі ехалі на машыне, то яны абмяркоўвалі мінакоў паміж сабой. Напрыклад, ідзе дзяўчына, а яны кажуць: «Паглядзі, якая кабыла! Хутка заедзем да яе». Абмяркоўвалі кошт адзежы мінакоў: «Скардзяцца, што херова жывуць, а самі ў натуральным футры ходзяць!»

Адвакаты не хацелі брацца за «палітычную справу», казалі: «Лепш бы ён забіў каго-небудзь»

Шанцаў, каб да затрыманага выклікалі адваката, не было:

«Яны казалі: «Навошта табе адвакат? Ён усё адно нічога не вырашае!» Ну і галасілі, што яшчэ давядзецца і адваката чакаць.

Калі да мяне потым прыязджаў следчы і пытаўся, ці знаёмы я з дакументамі, я не ведаў, таму што не паспеў прачытаць».

Акрамя гэтага, паводле Амірані, сваякам складана было знайсці адваката праз тое, што справа «палітычная»:

«Наогул адваката было складана знайсці — ніхто не хацеў брацца. Казалі: «Лепш бы ён забіў каго-небудзь». Мы разумелі, што адвакат патрэбен, толькі каб была нейкая сувязь са сваякамі». 

«У ІЧУ ўсе спалі на бетоннай падлозе»

«Палітычны» карцар у ІЧУ на Акрэсціна ў канцы студзеня—пачатку лютага

У ізалятары часавага ўтрымання на Акрэсціна Амірані знаходзіўся дзесяць сутак. Увесь гэты час ён утрымліваўся ў карцары з бетоннай падлогай. У карцары, разлічаным на аднаго чалавека і памерам 120х320 сантыметраў, адначасова знаходзіліся 4—6 чалавек:

«У мяне па прыездзе забралі куртку, нягледзячы на тое, што быў студзень, і я застаўся ў адной майцы. У карцары было халодна. Усе спалі на бетоннай падлозе, таму што ложак не адшпільвалі. Мне пакінулі швэдар — застаўся ў «спадчыну» ад тых, каго перавялі з ІЧУ на «Валадарку»».

У гэтым швэдары Амірані сам з'ехаў у СІЗА-1 — швэдар цяпер застаўся там.

«Усе, хто прыбываў, былі ў цёплых рэчах, таму хлопцы сказалі забіраць з сабой швэдар. Перажывалі, што будзе са мной на «Валадарцы»: раптам у мяне забяруць куртку і там. Калі мяне прывялі ў СІЗА ў ім, то гэты швэдар пазналі».

Супрацоўнікі — чалавеку з сухотамі і вошамі: «Трэба суткі адпрацаваць на Акрэсціна»

Як расказвае былы арыштант ІЧУ Акрэсціна, там працуе медсястра — пажылая жанчына з карэ. Паводле ягоных слоў, ад яе патыхала алкаголем:

«Яна прывяла да нас на «суткі» ў карцар бамжа. У яго былі сухоты, на ім і на ягоным адзенні былі вошы, якія скакалі, на нагах былі гнайнікі.

Гэты мужчына нам расказаў, што ў яго «такая праца»: «Я нікога не чапаў, я проста піў, але прыйшлі дадому і забралі мяне». Яму сказалі: «Трэба суткі адпрацаваць на Акрэсціна». Медсястра, якая завяла яго да нас у карцар, ставілася да яго лаяльна, а чалавеку, які застудзіўся і не мог у туалет схадзіць, таму прасіў у яе таблеткі, казала: «Не здохнеш».

Стаўленне да арыштантаў з боку працаўнікоў ІЧУ, кажа Амірані, было рознае і залежала ад змены:

«Напрыклад, адны прымушалі нас да трох ночы стаяць у карцары».

«Трымацца дапамагалі хлопцы»

Праверка на Акрэсціна праходзіла двойчы на дзень: а восьмай раніцы і а восьмай вечара ўсіх выводзілі з камеры і ставілі каля сцяны галавой уніз і з рукамі за спінай у напаўсагнутым стане. Гэта акт псіхалагічнага ціску на затрыманых. Амірані расказвае, што дапамагала не падаць духам у такіх умовах:

«Трымацца дапамагалі хлопцы. Калі я трапіў на Акрэсціна, я быў у шоку, таму што губазаўцы пагражалі, што мяне завядуць у спецыяльную камеру — «прэс-хату» ці да «пеўняў». І яны яшчэ сказалі, што ведаюць, дзе я знаходжуся, таму яшчэ наведаюцца да мяне ў госці. Але яны ўсім так кажуць, як высветлілася потым.

Таму калі мяне прывялі ў ІЧУ, у мяне была асцярога. Але я адразу пабачыў у аднаго хлопца татуіроўку «Перамогі» на руцэ, таму ўжо было зразумела, што гэта не падстаўныя людзі.

Амірані Бутыяшвілі. Фота з асабістага архіву

У суседнім карцары быў нейкі бізнэсмэн — таксама паводле «палітычнага» артыкулу затрымалі. Мы чулі, як супрацоўнікі гаварылі: «Гэты тып нам яшчэ прыдасца — пракорміць нас».

На Акрэсціна грэліся пластмасавымі бутэлькамі, калі яны былі ў камеры: налівалі ў бутэльку гарачую ваду, пад швэдар засоўвалі і так саграваліся. 

«Мікіта расказваў, што білі нагамі, дубінкамі, намотвалі анучу на галаву»

Як распавядае Амірані, да іх у карцар прывялі 28-гадовага былога следчага Мікіту Старажэнку, якога затрымалі паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці). 17 жніўня 2020 года ён заявіў у сваіх сацсетках, што звольніўся са Следчага камітэта на знак пратэсту. Амірані адзначае, што на Акрэсціна яго прывезлі моцна збітым:

«Ён быў увесь сінім: ад канца пазваночніка і амаль да пятак. На твары і на галаве былі ранкі, сляды ад кайданкоў. Мікіта расказваў, што білі нагамі, дубінкамі, намотвалі анучу на галаву, надзявалі вядро для смецця на галаву і білі па вядры, каб слядоў збівання не заставалася. Але ўсё адно ў яго было рассяканне на носе, каля вуха быў вялікі сіняк.

Працаваў ГУБАЗ. Яны наогул любяць больш за ўсё збіваць айцішнікаў і тых, хто «злівае» інфармацыю.

Мікіта трымаўся. Ён малайчына. Мы яго падтрымлівалі. Мікіта выказаўся начальніку ІЧУ. Паводле яго слоў, пасля выбараў яго прызначылі расследаваць справу 16-гадовага хлопца [найбольш імаверна, гаворка ідзе пра Цімура Міцкевіча: тады супраць хлопца, які знаходзіўся ў коме пасля збіцця, распачалі крымінальную справу паводле арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках)]. Мікіта паехаў да яго ў лякарню і пабачыў, што на ім няма жывога месца. Пасля гэтага ў следчага «ўсё перавярнулася» і ён звольніўся са следчых органаў».

Як расказвае Амірані, паводле арт. 130 КК Мікіту ў ІЧУ ўтрымлівалі толькі трое сутак — пасля гэтага яго перавялі ў СІЗА-1, але яго там першы раз не прынялі праз моцнае збіццё:

«Мы з Мікітам потым яшчэ бачыліся на «хрэсьбінах». Кожны чацвер зняволеных ставяць на прафілактычныя ўлікі. Там гэта называюць «хрэсьбіны». Выйшла так, што тыя, хто быў у карцары на Акрэсціна, сустрэліся на «хрэсьбінах».

«Адно што — «палітычным» перасталі хадзіць лісты»

Амаль два месяцы мінчук знаходзіўся ў падвальнай камеры № 60 — у так званым «Шанхаі», дзе адначасова ўтрымліваліся 24 чалавекі:

«Гэта, напэўна, самая вялікая камера ў СІЗА. Адразу, калі я прыехаў, было 12 «палітычных», а потым дайшло да 16».

Паводле Амірані, адмысловага стаўлення да «палітычных» у СІЗА-1 ён не заўважыў, акрамя праблемы з ліставаннем:

«Кармілі аднолькава: на першым, другім і трэцім паверсе. Стаўленне больш-менш людскае. Там і «паважаны» кажуць, і на «вы» звярталіся.

Адно што — «палітычным» перасталі хадзіць лісты. Напрыклад, затрыманым паводле «наркатычнага» артыкулу прыходзілі па 2—3 лісты на дзень, а «палітычным» — праз ліст, праз тры лісты. Проста маглі вярнуць ліст назад зняволенаму, таму што «шмат людзей і цэнзар не паспявае правяраць лісты».

«Калі хтосьці чхаў у камеры, то ўсё 24 чалавекі казалі: «Будзь здаровы!»

Былы зняволены ўзгадвае «Валадарку» як месца, дзе ўсе адзін аднаго падтрымліваюць:

«Там усе адзін аднаго падтрымліваюць. Калі я трапіў на Акрэсціна, у мяне быў шок — хлопцы падтрымалі. Але наступных, якія «заязджалі», ужо я падтрымліваў. Ужо ўсе ўсміхаюцца — нічога ўжо не зменіш, хоць ты плач ці біся аб сцяну.

Мы ўсе адзін аднаго падтрымлівалі, таму ў нас ніхто ні ў чым асабліва не меў патрэбы.

Мы настолькі дружнымі былі ў камеры, што калі хтосьці чхаў, то ўсе 24 чалавекі казалі: «Будзь здаровы!» Потым ужо хлопцы чхалі ў падушку, каб ніхто не чуў, таму што трэба ўсім «Дзякуй» адказаць.

Памятаю, неяк гулялі на шпацыры, а ў суседнім дворыку гулялі дзяўчыны. Дзяўчыны крыкнулі: «Жыве Беларусь!», а мы адказалі: «Жыве!» Часам на шпацыры мы спявалі песні, напрыклад, гімн «Пагоня».

З намі былі два чалавекі, якія добра ведалі гісторыю, — адзін гісторык Вадзім Усоскі, а другі начытаны айцішнік Андрэй Лакцевіч, які добра ведае гісторыю. Пра ўсё што заўгодна можна распытаць — пра вайну, цароў. Адзін распавядаў, а другі працягваў. Яны адзін аднаго дапаўнялі і падтрымлівалі. Арцём Салавей больш за ўсіх любіў глядзець тэлевізар і каментаваць навіны. З намі ў камеры быў Аляксей Кедыш, якога нядаўна затрымалі з жонкай. Мы яго адразу падтрымалі». 

«Было страшнавата, але мы ж былі ў «Шанхаі» — амаль у бамбасховішчы»

Пра пачатак вайны вязні камеры № 60 дазналіся амаль адразу:

«Пра вайну мы даведаліся раніцай 24 лютага. А шостай раніцы ў камеры ўключаецца святло — і можна ўключаць тэлевізар. У беларускіх навінах сказалі, што «Расія распачала спецаперацыю». Мы ўсе адразу зразумелі, што гэта вайна.

Я ведаў дакладна, што гэта вайна. Калі я вяртаўся ў Мінск з Масквы ў дзень затрымання, то бачыў на трасе М1 вельмі доўгую калону тэхнікі. Я столькі гадоў езджу і ні разу не бачыў столькі вайсковай тэхнікі. Я здымаў на відэа, але пасля вызвалення я не знайшоў на тэлефоне гэтыя відэа. Напэўна, сілавікі выдалілі.

Але ніхто не верыў у тое, што паказваюць у тэлевізары: што перамагае Расія ці ў расійскага войска ўсё атрымліваецца.

Было страшнавата, але мы ж былі ў «Шанхаі» [камера ў падвале — заўв. рэд.] — амаль у бамбасховішчы. Але мы баяліся, што нас проста забудуць. Усе сыдуць, а мы застанемся. У галаве пракручвалі, як вырываць краты на вокнах. Але больш было за Чарнобыль [Чарнобыльскую АЭС — заўв. рэд.] страшна. Баяліся, каб не бамбанулі.

Да нас у камеру заходзіў старшы прапаршчык і казаў: «Вам трэба было не разувацца перад тым, як на лаўкі стаць, а біцца», «Цяпер мабыць мы тут сядзелі б», «Памылка беларусаў, што яны такія добрыя, а мы зараз будзем гэтым карыстацца».

Прадольны [наглядчык — заўв. рэд.] са шнарам на галаве зайшоў да нас неяк і кажа: «Ну што, пойдзеце віну перад Радзімай крывёй загладжваць! Паставім вас у першыя шэрагі на вайне». Мы яму адказвалі: «Ці не баіцеся, што мы вернемся?»

«Чалавек нашмат больш карысны на волі, чым у турме»

Крымінальную справу Амірані ў судзе разгледзелі за адзін дзень. Працэс вяла сумна вядомая «палітычная» суддзя Ленінскага раёна Юлія Шут. Прысуд Амірані чакаў дзве з паловай гадзіны ў «стакане» ў судзе ў падвале. 

«Нягледзячы на тое, што я прызнаў віну, мне падчас працэсу здалося, што я паеду не дадому пасля суда. Таму што суддзя быў такая злая. Яна не ўдакладняла, не запытвала — яна сцвярджала, як быццам са мной побач стаяла 9 і 10 жніўня.

Адвакат сказаў, што трэба прызнаць віну, каб не далі рэальны тэрмін».

Амірані дачакаўся, калі прысуд набудзе моц і адменяць падпіску аб нявыездзе, і пакінуў Беларусь. Праз тыдзень сілавікі прыйшлі дадому да Амірані, але яго там ужо не было.

«Я з'ехаў з прычыны тэрміну: тры гады знаходзіцца дзесьці… За гэты час можна дэградаваць. Невядома, што будзе заўтра. Сёння я на «хіміі», а заўтра па мяне могуць прыехаць і забраць. Я бачу, як цяпер затрымліваюць усіх за План «Перамога». Прычым губазаўцы самі могуць цябе зарэгістраваць, калі ты там упіраешся ў чымсьці. Гэтак жа, як яны падпісваюць на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы.

За гады можа адбыцца ўсё што заўгодна: можна здзічэць, можна сысці ў сябе. А на волі можна рабіць нейкія дзеянні. Чалавек нашмат больш карысны на волі, нават за мяжой, чым у турме».

«Усе 24 чалавекі ў камеры былі адзіныя ў тым, што перамога будзе за намі»

На пытанне «Ці змяніліся вашы погляды за час у зняволенні?» Амірані адказаў: «Канечне, так»:

«Я яшчэ больш веру ў тое, што перамога будзе за намі! Ніхто з тых, каго я сустракаў за кратамі, не сказаў, што мы прайгралі. У нашай камеры было 24 чалавекі. З «непалітычных» — тыя, каго пераследуюць паводле «наркатычнага» артыкулу, паводле артыкулу за крадзеж, цяжкія цялесныя. Але ўсе 24 чалавекі ў камеры былі адзіныя ў тым, што перамога будзе за намі. Нікому не падабалася цяперашняя ўлада».

Каментары

Цяпер чытаюць

Латушка: Лукашэнка асабіста загадаў мне скараціць Спіс помнікаў удвая, бо яны «замінаюць інвестарам»15

Латушка: Лукашэнка асабіста загадаў мне скараціць Спіс помнікаў удвая, бо яны «замінаюць інвестарам»

Усе навіны →
Усе навіны

«Заўсёды хочацца больш». Як трацяць грошы беларусы з заробкам 5—6 тысяч рублёў3

У Беларусі вырашылі знішчыць любыя праявы «польскасці»? Улады цішком рыхтуюць глабальную зачыстку Дзяржаўнага спісу помнікаў38

Пры ўдары па Самары, верагодна, пашкодзілі цэх, дзе вырабляюць электроннае абсталяванне для ракет-носьбітаў «Саюз-2»2

Беларус пайшоў гуляць у лес і сустрэў «вужа на максімалках» ФОТАФАКТ3

Скандальна вядомая сетка дастаўкі сушы «Ёбідаёбі» памяняла назву

Пад Гомелем са дна Сожа паднялі мораныя дубы, якія праляжалі пад вадой тысячы гадоў12

Верагоднасць рэкордна моцнага Эль-Ніньё дасягнула 70%

Талібы прапанавалі ЗША вярнуцца ў Афганістан4

Стала вядома, як склаўся лёс іранскай жанчыны, якая ў знак пратэсту распранулася ва ўніверсітэцкім дворыку16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Латушка: Лукашэнка асабіста загадаў мне скараціць Спіс помнікаў удвая, бо яны «замінаюць інвестарам»15

Латушка: Лукашэнка асабіста загадаў мне скараціць Спіс помнікаў удвая, бо яны «замінаюць інвестарам»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць