Сабралі яркія цытаты з яго апошніх лістоў да жонкі.

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Пра будучыню Расіі

«Чуў, што ЕС вырашыў патраціць за пяць год 196 мільярдаў еўра, каб цалкам адмовіцца ад расійскіх вуглевадародаў. Мабыць, спачатку новыя газаправоды пабудуюць, а потым сфарміруюць пераход да безвуглевадароднай энергетыкі. Агрэсіяй супраць Украіны Масква кансалідавала супраць сябе ўсе развітыя вольныя краіны. Калі ў бліжэйшыя часы яна кардынальна не зменіць сваю геапалітычную стратэгію, то Расія пазбавіцца перспектыў нармальнага развіцця. На радасць суседзям на Поўдні і Усходзе. Бо глабальнае пацяпленне і трэба новая зямля.

Ведаю, што нейтральная Швецыя і Фінляндыя вырашылі скарыстацца тым, што РФ «завязла» ва Украіне і хуценька ўцячы пад «парасон» NATO.

На фінаў, мабыць, асабліва падзейнічала словазлучэнне «ваенна-тэхнічная аперацыя». Успомнілі, што савецка-фінская вайна 1939-1940 гадоў спачатку называлася Масквой «фінская аперацыя», а не вайна».

18 мая 2022 года.

Пра Станіслава Шушкевіча

«Мае спачуванні блізкім Станіслава Шушкевіча. «СБ. Беларусь сёння» напісала пра яго смерць толькі ўчора: пасмяротна аблаялі ў двух артыкулах, па паласе кожны. Ды яшчэ пасмяротная карыкатура. Красамоўная рэакцыя афіцыёзу на смерць першага кіраўніка незалежнай Беларусі. Дарэчы, абодва аўтары аблаялі яго найперш за пагадненне ў Віскулях, якое зацвердзіла незалежнасць нашай краіны. Такая падзея — вялікая для кожнага нармальнага патрыёта. Але аўтары артыкулаў, калі і патрыёты, то не Беларусі, а нейкай іншай краіны».

15 мая 2022 года.

Пра запалохванне беларусаў

«Інфармацыі пра падзеі на свабодзе вобмаль. Але бачна, што кампанія запалохвання грамадства набліжаецца да межаў магчымага.

Смяротна напалоханыя пагражаюць смерцю нават за намер. І што далей? Дзе мяжа страху?»

Мікалай Статкевіч разам з Сяргеем Ціханоўскім і Уладзімірам Цыгановічам на судзе над імі

Мікалай Статкевіч разам з Сяргеем Ціханоўскім і Уладзімірам Цыгановічам на судзе над імі

Пра перспектывы Пуціна

«Ва Украіне, як я зразумеў, істотных поспехаў у расійскай арміі няма. Вайна зацягваецца. А ў канцы года Пуціну трэба вызначыцца, ці ісці самому на выбары ў 2024 годзе. Ці з кандыдатурай пераемніка. Калі да гэтага часу вайна не скончыцца (як і санкцыі), то прыйдзецца ісці на пенсію. Альбо ў прэзідэнты «саюзнай дзяржавы». Зрэшты, тое самае прыйдзецца рабіць, калі вайна скончыцца, але не перамогай. Ці тым, што можна будзе назваць перамогай».

9 мая 2022 года.

Пра ветэранаў і шляхетнасць беларусаў

«Цяпер заўсёдная кампанія шанавання ветэранаў, якія ў большасці на перадавой не былі. У сувязі з гэтым падумалася, якія адметныя людзі беларусы. Тваёй бабулі, якая пад бокам у нямецкага каменданта хавала сярод сваіх дзяцей яўрэйскую дзяўчынку, нават і да галавы не магло прыйсці патрабаваць «запісацца» ў «праведнікі народаў свету». Як і маёй бабулі па бацьку — аформіцца ўдавой падпольшчыка. Хоць дзед Павел з маім бацькам (стары ды малы) на конях ездзілі па начах рэзаць нямецкія лініі сувязі. Стралялі ў іх. Ды і забілі дзеда Паўла так страшна: ва ўласнай хаце на вачах жонкі ды дачок. За сувязь з партызанамі.

Я не кажу пра самога бацьку, які, не падыходзячы па ўзросце, па вызваленні пайшоў добраахвотнікам у войска. Але на фронт не трапіў, бо накіравалі ў вайсковую вучэльню. А потым, калі пачаліся ўсе гэтыя ільготы, прынцыпова адмовіўся запісвацца ў ветэраны, хаця меў на гэта права. Бо ўсе яго сябры пасля мабілізацыі былі недавучанымі кінутыя на нямецкія кулямёты ў Прусіі, як «недабранадзейныя». Усе палеглі там.

Ёсць у беларусаў нейкая ўнутраная шляхетнасць, якая стрымлівае ад «выбівання» выгодаў там, дзе людзі плацілі жыццямі».

5 мая 2022 года.

Пра ўласную фізічную форму

«Дарэчы, адно з разміначных практыкаванняў — стаяць на адной назе з заплюшчанымі вачыма на час. Сёння [05.05] стаяў, пакуль не далічыў да 100. Потым надакучыла. Пасля прынеслі газеты, і ў «АіФ» прачытаў, што па часе выканання гэтага можна вызначыць біялагічны ўзрост. Напрыклад, калі 4-5 секунд, то чалавеку болей за 60 год. Калі 30, то 20 гадоў. Цікава, дык колькі тады мне? Немаўля, ці што?:)»

Мікалай з жонкай Марынай Адамовіч

Мікалай з жонкай Марынай Адамовіч

Пра інфляцыю ў ЕС і прапаганду

«У кожным нумары «СБ» чытаю пра «жудасную» сітуацыю ў ЕС, дзе па стане на сакавік гадавая інфляцыя дасягнула 7%. Магчыма, аўтары спачуванняў нядаўна прыехалі да нас і не ведаюць, што 7% інфляцыі — гэта недасягальная ўжо 30 гадоў мара беларусаў. Што беларускі рубель за апошнія 28 гадоў абясцэніўся ў 100 000 000 разоў і займаў па гэтым паказчыку першае месца ў свеце, пакуль нас не абагнала Зімбабвэ. І ўрэшце, што па стане на сакавік гадавая інфляцыя ў нас (па афіцыйных звестках) дасягнула 16%.

Ужо пісаў, што ў эканамічнай вайне цярпяць абодва бакі. Але нават сярэдні еўрапейскі абывацель разумее, што лепей ваяваць эканамічна, каб не прыйшлося па-сапраўднаму. Тым болей, што пераможца эканамічнай вайны паміж калектыўным Захадам (~50% сусветнага ВУП) і РФ+РБ (2% з нечым сусветнага ВУП) вядомы ўжо цяпер».

24 красавіка 2022 года.

Пра рэваншызм у расійскай ідэалогіі

«Сённяшні палітычны рэжым РФ набыў выразныя рысы мілітарысцкага рэжыму. Яго ідэалогія — рэваншызм. Але любая ўладная ідэалогія падтрымліваецца большасцю, пакуль дае надзею на павелічэнне спажывання гэтай большасцю тавараў ды паслуг. Папярэдняе рэваншысцкае дзеянне Крамля было падтрыманае пераважнай большасцю расіян, бо анексія Крыма стварала ў іх надзею, што цяпер танны адпачынак каля блізкага цёплага мора будзе даступнейшы.

Думаю, што цяпер большасць расіян разумее, што праз напад на Украіну іх агульнае спажыванне істотна і надоўга зменшыцца. Гэта не можа не паўплываць на папулярнасць улады і яе кіраўніка.

Мяркую, што праз два гады палітычны рэжым у РФ зменіць сваю скіраванасць і будзе сыходзіць ад рэваншызму. Гэта не першы выпадак у гісторыі, калі ідэалогія акажацца, кажучы словамі Маякоўскага, «канарейками побита».

30 сакавіка 2022 года.

Пра патрыятызм украінцаў

«Украінская дзяржава здолела вырашыць грунтоўную задачу — выхаванне нацыі. Калі казаць карацей, то настаўнікі ўкраінскай мовы і гісторыі свае задачы збольшага вырашылі. Бо менавіта нацыянальная мова і нацыянальная версія ўласнай гісторыі фармуюць патрыятызм. І ўкраінскі патрыятызм аказаўся дастаткова масавым і моцным, каб пераадолець распад дзяржавы і арміі ў 2014 годзе, каб спыніць расійскі напад цяпер.

Безумоўна, патрыятычныя пачуцці не ва ўсіх украінцаў аднолькава моцныя. Але відавочна, што менавіта ўкраінскі патрыятызм зрабіўся глыбокім перакананнем той часткі ўкраінскага грамадства, якая здольная ўспрымаць патрыятызм як матывацыю да самаахвярных дзеянняў.

Найперш, гэта асобы з моцна выяўленым пачуццём высокай годнасці і элементамі рамантызму. Такіх людзей у грамадстве не вельмі вялікі адсотак, але яны складаюць ядро супраціву ў выпадку пагрозы іх нацыі. А ад наяўнасці такіх людзей залежыць стойкасць вайсковых падраздзяленняў падчас бою. Бо іх «апантанасць» натхняе, іх прысутнасць надае ўпэўненасці кожнаму салдату ў гэтым падраздзяленні, што ён не застанецца адзін супраць ворага.

Я ўжо цытаваў гэтую фразу Чэрчыля: «Нацыянальная мова і гісторыя абараняюць дзяржаву лепей, чым любое войска». Магу толькі дадаць, што палітыка звужэння сфераў прымянення нацыянальнай мовы, замоўчванне нацыянальнай гісторыі — гэта палітыка дзяржаўнай здрады. Заўсёды так лічыў».

17 красавіка 2022 года.

Пра тое, як застацца людзьмі

«Каб заставацца людзьмі ў нялюдскай сітуацыі, мы мусім годна трымацца і, не зважаючы ні на што, «стаяць у свабодзе». 

Пра каханне да жонкі

«Даруй, што не магу прапанаваць табе іншага шляху, іншага лёсу. Бо гэты шлях ужо абраў мяне даўно і я не збіраюся збочваць з яго. Не збіраюся шукаць іншы лёс. Толькі ўвесь час прашу Госпада, […] каб ён абараніў цябе, каб даў табе сілы вытрымаць усё, што нам наканавана».

 

Пра адкладзеную перамогу і плюсы рэферэндуму-2022

«У гэтых «канстытуцыйных» зменах ёсць станоўчыя: вяртанне да абмежавання ў два прэзідэнцкія тэрміны; вяртанне да прыярытэту закона над дэкрэтам (акрамя ўжо прынятых дэкрэтаў); формула для прыняцця зменаў у Канстытуцыі «болей за палову прыйшло, з іх болей за палову падтрымала змены».

Такім чынам, усё станоўчае ў гэтым «рэферэндуме» — вяртанне да некалькіх нормаў Канстытуцыі 1994 года. Прасцей і лепей было б проста вярнуць тую Канстытуцыю цалкам. А потым унесці некаторыя змены парламентам. Неўзабаве так і станецца. Тым болей, што новы механізм зменаў у Канстытуцыю рэферэндумам цяпер дазволіць зрабіць гэта больш проста:).

Што тычыцца «трэцяй найвышэйшай» палаты парламента, то не зусім згодны, што гэта для працаўладкавання адной персоны. На мой погляд, гэта — больш спроба засцерагчыся ад адказнасці за зробленае.

А калі падсумоўваць, то ўся цяперашняя кампанія — гэта пачатак сыходу. Як казаў некалі Гарбачоў: «Працэс пайшоў». Так, ён суправаджаецца помстай грамадству, захаваннем надзей і нейкіх магчымасцяў не сыходзіць. Але гэты працэс ужо незваротны. Пачынаецца тое, што на пачатку верасня 2020 годзе ў лісце табе я назваў «адкладзенай перамогай».

2 лютага 2022 года.

Паштоўка да Вялікадня. Фота: Марына Адамовіч

Паштоўка да Вялікадня. Фота: Марына Адамовіч

Чытайце таксама:

Збіццё, калонія, турма. Як і на якія тэрміны раней судзілі сапернікаў Лукашэнкі

«Мікалай паўтарае: у іх няма столькі часу, колькі яны спадзяюцца». Жонка Статкевіча пракаментавала прыгавор

Унучка Шушкевіча: Дзед вучыў квасіць капусту і казаў не лезці ў палітыку. З апошнім не атрымалася

Клас
47
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
0