Грамадства

Што вядома пра беларусаў, якія ваююць ва Украіне на баку Расіі

У складзе расійскіх ПВК ва Украіне ёсць і беларусы. Украінскім спецслужбам вядома пра некалькіх загінулых. Двух выхадцаў з РБ падазраюць у злачынствах супраць мірнага насельніцтва, піша DW.

У канцы мая Галоўнае ўпраўленне разведкі (ГУР) Мінабароны Украіны паведаміла, што ў Беларусі хаваюць вайскоўцаў, якія падпісалі кантракты з прыватнымі расійскімі ваеннымі кампаніямі (ПВК) і ўдзельнічалі ў вайне супраць Украіны. Як сцвярджалася, пахаванне кантрактнікаў прайшло ў Марʼінай Горцы (Мінская вобласць) і Асіповічах (Магілёўская вобласць). Імёны загінулых не называліся.

 Між тым Служба бяспекі Украіны (СБУ) заявіла, што двое ўраджэнцаў Беларусі з расейскай ПВК Вагнера падазраюцца ў злачынствах супраць мірнага насельніцтва ў Кіеўскай вобласці. Што вядома пра беларусаў, якія ваююць на баку РФ?

Пяць ураджэнцаў Беларусі загінулі, ваюючы на баку Расіі

 1 чэрвеня «Радыё Свабода» апублікавала паведамленне пра пяцярых загінулых выхадцаў Беларусі, якія ваявалі ва Украіне на баку Расеі. Трое — Павел Яўглеўскі (51 год), Пётр Лузанаў(33 года) і Ілля Курналёў (21 год) — жылі ў Данецку. Вядома таксама, што Яўглеўскі камандаваў батальёнам так званай «народнай міліцыі «ДНР», а Лузанаў служыў у в/ч 08805 у Данецку. Яшчэ адзін загінулы этнічны беларус, Уладзіслаў Чарноў (25 гадоў), жыў у Тамбоўскай вобласці і служыў ва УС РФ па кантракце.

Як паведамлялі СМІ, 12 мая над горадам Папасная (Луганская вобласць, Украіна) быў збіты самалёт палкоўніка авіяцыі РБ у адстаўцы Мікалая Маркава. 63-гадовы адстаўнік служыў па кантракце ў адной з расійскіх ПВК. Маркава пахавалі 17 мая ў горадзе Ліда. (Насамрэч Маркаў у строгім сэнсе слова не ураджэнец Беларусі, бо ён нарадзіўся, як паведамляюць, у расійскай Наўгародскай вобласці. Але жыццёвы шлях савецкага афіцэра закінуў яго ў Беларусь, ён жыў у Лідзе і, відаць, меў беларускі пашпарт. — НН.)

Афіцыйнага пацверджання або абвяржэння гэтай інфармацыі ад беларускіх уладаў да гэтага часу не было, нічога пра гэта не пішуць і дзяржаўныя СМІ. У сваю чаргу, абʼяднанне былых беларускіх сілавікоў ByPol сцвярджае, што мае звесткі аб удзеле ў баявых дзеяннях на баку Расеі 55-гадовага беларускага генерал-маёра Аляксандра Карэва. Ва УС Беларусі ён займаў пасаду намесніка камандуючага ВПС і СПА, у канцы 2021 года быў звольнены ў запас па выслузе гадоў. Нейкіх доказаў удзелу Карэва ў вайне ва Украіне ByPol не прыводзіць.

 Двух беларусаў з ПВК Вагнера абвінавачваюць у ваенных злачынствах

Пра беларусаў, якія ваююць ва Украіне ў складзе расейскіх ПВК, нядаўна паведамляла СБУ ў сувязі з расследаваннем злачынстваў супраць мірнага насельніцтва ў Кіеўскай вобласці. СБУ сцвярджае, што ўстанавіла асобы васьмі падазраваных, пяцёра з іх — вайскоўцы з РФ, трое — байцы ПВК Вагнера.

Сярод іх — выхадцы з Беларусі Аляксандр Ступніцкі і Сяргей Сазанаў.

Ім інкрымінуецца 14 эпізодаў: забойствы грамадзянскіх асоб, абстрэлы і знішчэнне жылых дамоў, катаванні і незаконнае ўтрыманне людзей у падвалах без ежы і вады, выкраданне маёмасці. У тым ліку гаворка ідзе аб забойстве старасты вёскі Матыжын Вольгі Сухенка і яе сямʼі.

Як вядома, улады РФ адмаўляюць як само існаванне ў краіне прыватных вайсковых кампаній, так і іх удзел у вайне ва Украіне. «На Украіне нічога падобнага не назіраецца, толькі велізарная колькасць наймітаў з заходніх краін. Думаю, што размовы аб наяўнасці «Вагнера» на Украіне абумоўленыя менавіта жаданнем адцягнуць увагу ад таго, што робяць нашы заходнія калегі», — растлумачыў міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў у інтэрвʼю італьянскай тэлекампаніі Mediaset.

Між тым розныя расследаванні не раз паказвалі, што расійскія ПВК апошнім часам актыўна вярбуюць наймітаў. «Для таго каб павялічыць колькасць байцоў, патрабуюцца і вагнераўцы, і паўднёвыя асеціны, і кадыраўцы», — адзначае аналітык расейскай Conflict Intelligence Team Кірыл Міхайлаў.

Што вядома пра беларусаў з ПВК Вагнера?

Пра сувязі беларусаў з ПВК Вагнера вядома даўно. Яшчэ ў 2018-19 гадах СБУ паведамляла пра 11 «вагнераўцаў» з беларускім пашпартам, у тым ліку пра Аляксандра Ступніцкага і Сяргея Сазанава, якіх цяпер падазраюць у ваенных злачынствах у Кіеўскай вобласці.

«ПВК — гэта самая закрытая частка гісторыі, якая тычыцца ўдзелу беларусаў у вайне на Данбасе і іншых канфліктах на баку Расеі. «Вагнераўцы», інфармацыя пра якія зʼяўлялася ў публічнай прасторы, у асноўным, прафесійныя вайскоўцы або сілавікі, многія з іх дзесяцігоддзямі служылі ў праваахоўных органах. Той жа Сазанаў, які цяпер засвяціўся ў абвінавачаньнях СБУ, 17 гадоў праслужыў у праваахоўнай сістэме», — зазначае ў гутарцы з DW адзін з аўтар кнігі «Беларускі Данбас», журналіст Ігар Ільяш.

І адзначае, што ёсць мноства доказаў таго, што байцы ПВК Вагнера адкрыта прыязджалі ў Беларусь, наведвалі сваякоў, жылі ў краіне і, насуперак усім заявам беларускіх спецслужбаў і праваахоўных органаў, у іх не было ніякіх праблем з законам.

Беларусы з ПВК Вагнера маглі б сядзець у турме

«Важна адзначыць, што двое байцоў ПВК Вагнера, Аляксандр Ступніцкі і Сяргей Сазанаў, якіх цяпер падазраюць у злачынствах, учыненых у Кіеўскай вобласці, жылі альбо часта прыязджалі ў Беларусь ужо пасля таго, як сталі наймітамі. Больш за тое, паводле маіх звестак, Ступніцкі мяняў пашпарт у РБ ужо нават пасля таго, як у 2018 годзе засвяціўся ў дакладзе СБУ. Калі б беларускія спецслужбы не закрывалі на гэта вочы, гэтыя людзі маглі б зараз быць за кратамі ў Беларусі, а не здзяйсняць злачынства ва Украіне», — упэўнены Ільяш.

Наколькі вядома, ніводнай крымінальнай справы за наёмніцтва ў дачыненні да беларусаў, звязаных з ПВК Вагнера, не заведзена. Ніякіх каментароў беларускіх уладаў аб дачыненні грамадзян РБ да ваенных злачынстваў ва Украіне таксама не было.

У той жа час крымінальныя справы адкрываюць супраць беларусаў, якія ваююць на баку УСУ. Яшчэ ў сакавіку 2022 года намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Міхаіл Бедункевіч распавёў, што 50 чалавек абвінавачваюць ва «саўдзеле ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы».

 

Каментары

Цяпер чытаюць

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае12

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае

Усе навіны →
Усе навіны

«Яна не дачакала гэтага дня, але гэты дзень дачакаў яе»: Ларысе Геніюш пасмяротна выдалі Нацыянальны пашпарт Беларусі24

Еўракамісія пачала расследаванне з-за тыктокаў, створаных з дапамогай штучнага інтэлекту, якія заклікаюць да выхаду Польшчы з ЕС9

Расійскія войскі ўдарылі па шматпавярховіку ў гістарычным цэнтры Харкава

ГУР раскрыла падрабязнасці інсцэніроўкі гібелі камандзіра РДК, за якую атрымала $500 тысяч ад заказчыкаў ВІДЭА1

Дзмітрый Мядзведзеў: Фінляндыі давядзецца заплаціць за сваю мярзотную русафобію15

Дарожныя штрафы будуць спісваць з карткі аўтаматычна. Але не ва ўсіх выпадках2

«Змена даты ў календары не спыняе вайны ні на хвіліну». Як сустракалі і што елі на Новы год ваяры Палка Каліноўскага?2

Стрыжак запускае новую дабрачынную ініцыятыву40

Кірыла Буданаў узначаліў Офіс прэзідэнта Украіны19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае12

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць