У спісе КДБ на сёння ўжо 80 грамадзян Беларусі — болей, чым расіян(іх там 18), сірыйцаў (28), кангалезцаў (30) і амаль столькі ж, колькі іракцаў (83). Але калі іншаземцы (у спісе ёсць яшчэ 126 афганцаў) — гэта арганізатары масавых забойстваў або кіраўнікі ці ўдзельнікі вялікіх тэрарыстычных арганізацый, то сярод беларусаў усе — зняволеныя па палітычных матывах.

Цягам трох тыдняў у пералік дадалі 24 чалавек. Акрамя сусветна вядомых беларускіх лідараў — напрыклад, Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай, Максіма Знака, абвінавачаных па справе «Арміі з народам» (Спарыш, Канавалава, Ярашэвіч, Коршун, Прывалаў), сустракаюцца прозвішчы, якія раней амаль ніхто не чуў. Паглядзелі, хто гэтыя людзі і ў чым іх абвінавачваюць.

Данута Перадня — «заклікі да санкцый»

Гэтая 20-гадовая дзяўчына — напэўна, самы нечаканы выбар для ўключэння ў спісы «тэрарыстаў».

Данута нарадзілася і жыла ў горадзе Кіраўск на Магілёўшчыне. Вучылася там у школе №1, а ў 2017 годзе паступіла ў Магілёўскі абласны ліцэй №3. Пасля пайшла на спецыяльнасць «рамана-германская філалогія» ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова. Дзяўчына займалася творчасцю і ўдзельнічала ў конкурсах.

Трацякурсніцу затрымалі 28 лютага 2022 года, калі яна прыехала на маршрутцы з Кіраўска ў Магілёў. Яна скапіравала з пэўнага рэсурсу антываенны тэкст у адзін з мясцовых чатаў. У тэксце крытыкаваліся дзеянні Пуціна і Лукашэнкі, а таксама сцвярджалася, што беларускае войска будзе разбітае ў выніку ўварвання ва Украіну.

Вядома, што Дануту ўжо адлічылі з універсітэта.

Па інфармацыі КДБ, яе абвінавачваюць па ч. 3 арт. 361 — «заклікі да санкцый з дапамогай інтэрнэту», а па інфармацыі праваабаронцаў, ёй дадалі яшчэ артыкул 367 — «паклёп на прэзідэнта». Ёй пагражае да 12 гадоў зняволення.

Дзе ўтрымліваецца дзяўчына — невядома, але, імаверна, у магілёўскай турме. Суд пачнецца ў горадзе Кіраўск 24 чэрвеня.

Руслан Слуцкі — 11 год за 63 рублі шкоды

Руслан родам з Полацка. Мужчыну 39 гадоў, ён мае жонку і дзяцей.

Руслан любіць вырошчваць бульбу, трымае свіней. У сваіх лістах кажа, што яго «рукі растуць з плячэй». Добра працуе з дрэвам. Сячэ зрубы, робіць розныя прылады і мэблю, а сам сябе называе «Бураціна».

Крэсла, зробленае Русланам

Крэсла, зробленае Русланам

Любіць экстрым і вышыню, захапляецца арбарыстыкай. Адчувае драйв і невымоўныя адчуванні, калі сядзіць на даху дома, звесіўшы ногі, або назірае за тым, што адбываецца ўнізе, абдымаючы верхавіны дрэў. У турме Руслан пачаў маляваць.

Згодна з самым цяжкім абвінавачаннем, ён раскідаў 12 самаробных «вожыкаў» на полацкай трасе перад удзельнікамі пралукашэнкаўскага аўтапрабегу. Яны прабілі колы чатырох машынаў. Памер заяўленай шкоды склаў 63 рублі і 51 капейку, а самі ўдзельнікі не заяўлялі іскаў.

Мужчыну абвінавацілі ў здзяйсненні «акта тэрарызму» і прысудзілі 11 гадоў узмоцненага рэжыму. Пасля этапавалі ў магілёўскую ПК №15.

Аляксандр Зайцаў — 10 гадоў за правакацыю КДБ

Зайцаву 39 год. Ён вялікі аматар рыбнай лоўлі і мотаспорту. Мае непаўналетнюю дачку.

Ён актыўна ўдзельнічаў у пратэстах. Затрымалі мужчыну 8 лістапада 2020 года. У гэты дзень ва уладаў фактычна ўпершыню атрымалася не даць людзям сабрацца ў адну вялікую калону, а колькасць затрыманых перавысіла тысячу чалавек. Пасля Аляксандра асудзілі на 8 сутак арышту.

Далейшая гісторыя — нібы з фільма пра савецкіх разведчыкаў. Мужчыну змясцілі ў ЦІП на Акрэсціна да суда. Там з ім пазнаёміўся чалавек, які прадставіўся Змітром і таксама сядзеў за пратэсты. Яны абмяняліся кантактамі, а Зайцава перавезлі ў Жодзіна.

Зміцер працягваў кантактаваць з Зайцавым і ўгаворваў перайсці да «больш радыкальных» дзеянняў. У выніку ў яго атрымалася пераканаць мужчыну, што моцнай акцыяй будзе падпаліць дачу вядомага суддзі, замяшанага ў рэпрэсіях. Для пераканаўчасці Зміцер сказаў, што звязаўся з групай «Буслы ляцяць», яны ўхвалілі акцыю і выдзелілі грошы на куплю пяці літраў бензіну.

Падчас здзяйснення гэтай «акцыі» 21 жніўня 2021 года абодвух арыштаваў «Алмаз». Аляксандра Зайцава змясцілі спачатку ў СІЗА КДБ, пасля ў СІЗА №1, а сляды Змітра згубіліся. На волю гэтую гісторыю перадалі сукамернікі Аляксандра.

Аказалася, што «Зміцер Сергяенка» — не сапраўднае імя. Меркавана, гэта агент. Бо ў лютым 2022 года выйшаў прапагандысцкі фільм «Цвіль», і стала ясна, што ўся акцыя была зрэжысіраваная супрацоўнікамі спецслужбаў. Яна была знятая з некалькіх ракурсаў, для здымак выкарыстоўваўся нават цеплавізар.

Падчас затрымання збянтэжаны Зайцаў сказаў, што акцыю арганізаваў «Зміцер», які «звязваўся ў нейкіх чатах з ініцыятывай «Буслы ляцяць». Аляксандр казаў, што нават не ведаў, чыю дачу спрабаваў падпаліць (насамрэч, старшыні Вярхоўнага Суда Валянціна Сукалы).

Зайцаў падчас затрымання. Скрыншот: відэа сілавікоў

Зайцаў падчас затрымання. Скрыншот: відэа сілавікоў

У выніку Зайцава асудзілі на 10 год калоніі. Цяпер ён адбывае пакаранне ў ПК-15 у Магілёве.

Раман Марусаў — 6 год за тое, што спраўдзіў для «Байпола» інфармацыю пра аўто губазікаўца

Хлопцу 26 гадоў, ён з Касцюковічаў, што на Магілёўшчыне. Служыў па кантракце ў 103-й Вiцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе з 2016-га па 2020-ы, а пасля працаваў слесарам у Мінскрайцепласетках.

Затрымалі яго 26 сакавіка 2021 года. Згодна з матэрыяламі справы, ён звязаўся з BYPOL і праверыў, ці жыве ў доме ў яго населеным пункце супрацоўнік ГУБАЗіКа і ці стаіць каля дома яго машына. Для гэтага ён прыйшоў да яго дадому, пазваніў у званок і запытаўся ў жонкі нейкую лухту. Пасля на лесвіцы сустрэў таго самага супрацоўніка і збег. Так яго і раскрылі.

Марусаву далі 6 гадоў турмы за «садзейнічанне распальванню варожасці». Цяпер ён у ПК-3 «Віцьба».

Дзяніс Сырэц — 4 гады турмы за каментарыі

Мужчыне з Маладзечна 41 год. У яго ёсць жонка і дзве дачкі — 17 і 6 або 7 год. Дзе Дзяніс працаваў — невядома.

Але вядома, за што яго судзілі — за каментарыі ў чаце «Маладзечна для жыцця». І ажно па трох артыкулах: распальванне варожасці, абраза прэзідэнта і абраза прадстаўніка ўлады.

Вінавацілі яго ў абразе Лукашэнкі, Карпянкова, Ярмошынай і трох міліцыянтаў з Маладзечна. Асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі. Мужчына адбывае пакаранне ў шклоўскай калоніі.

Анатоль Мацулевіч — 7,5 года за стварэнне чата

Анатоль з жонкай Любоўю. Фота: сацсеткі

Анатоль з жонкай Любоўю. Фота: сацсеткі

Мужчыну 52 гады, ён мае жонку і двух паўналетніх дачок. Мяркуючы па сацсетках, у іх вельмі дружная сям'я — яны збіраюцца разам і адзначаюць розныя святы. Усё жыццё мужчына працаваў кіроўцам — спачатку на розныя фірмы, а пасля як ІП.

Родам ён з Полацка. Там жа стварыў і адміністраваў мясцовы чат. За гэта яго 21 чэрвеня 2021 года затрымалі і абвінавацілі па трох артыкулах КК — «стварэнне экстрэмісцкага фармавання», «распальванне варожасці» і «навучанне асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках».

Пры гэтым незразумела, што ён пісаў сам і ці пісаў увогуле. Да прыкладу, галоўны доказ «навучання для ўдзелу ў беспарадках» — тое, што нехта з карыстальнікаў чата зрабіў рэпост інструкцыі для пратэстоўцаў з канала НЕХТА.

У выніку Анатоля прызналі вінаватым і прысудзілі да 7,5 года калоніі.

Юрый Жукоўскі — 8 гадоў за ўдзел у пратэстах і каментарыі

Гродненцу 43 гады. Спачатку ён працаваў бетоншчыкам, а пасля адкрыў невялікі ўласны бізнэс па гандлі аўтазапчасткамі на гарадзенскім Паўднёвым рынку.

Наколькі вядома, мужчына ўдзельнічаў у пратэстах падчас перадвыбарчай кампаніі з мая 2020 года і пасля выбараў. А ўжо ў лістападзе 2020 года з'ехаў у Гданьск. Колькі ён там жыў — невядома, але пасля вярнуўся ў Беларусь і быў затрыманы.

Яго абвінавацілі па чатырох артыкулах КК — 293 (удзел у масавых беспарадках), 130 (распальванне варожасці), 368 (абраза прэзідэнта) і 342 (удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Мужчыну ўтрымліваюць у турме №1 у Гродна, днямі яму прысудзілі 8 гадоў узмоцненага рэжыму.

Іван Вярбіцкі — 8 гадоў за тролінг у тэлеграм-чатах

Гісторыю мужчыны падрабязна распавяла «Вясна» падчас суда над ім. Іван нарадзіўся ў Багданаве ў Валожынскім раёне ў 1965 годзе. Пасля жыў у Гальшанах, але з 1990-х гадоў працаваў у Расіі. У яго дзве вышэйшыя адукацыі. Працаваў мастаком-дызайнерам, мультыплікатарам, рэжысёрам, мантажорам відэа. Малюе карціны, піша апавяданні. Раней не быў судзімы.

Вярбіцкі прыехаў з Падмаскоўя ў Гальшаны ў красавіку 2020 года і жыў у доме памерлага бацькі.

14 кастрычніка 2020-га мужчына ўбачыў у тэлеграм-канале «Ашмяны» паведамленне пра тое, што нехта апублікаваў адфоташопленую выяву сцяга, каб прадстаўнікі праваахоўных органаў прыехалі на месца, дзе насамрэч нічога не было. Іван таксама вырашыў патроліць сілавікоў. Пакінуў у канале допіс са словамі «заўтра ідзём штурмаваць мясцовы КДБ», пасля дадаў: «маленькімі групамі з кактэйлямі Молатава».

Яму адказалі, што ў Ашмянах цяпер няма КДБ, на гэтым месцы знаходзіцца пракуратура. Тады Вярбіцкі адказаў: «Будзем паліць пракуратуру».

У іншым канале мужчына размясціў рэпост з подпісам: «Усе міліцэйскія тачкі і тачкі іх жонак павінны гарэць».

На судзе ён тлумачыў, што гэтыя жарты не мелі ніякага дачынення да рэальнага жыцця. Іван расказваў, што часта займаўся тролінгам:

«У адным з тэлеграм-чатаў напісаў, што трэба зрабіць дэманстрацыю: выпусціць кароў, размаляваных у белыя і чырвоныя колеры. Канечне, гэтага не адбылося. Яшчэ пісаў, што зрабіў падкоп з Гальшанаў да рэзідэнцыі прэзідэнта. Але стаміўся, а засталося ўсяго 200-300 метраў дакапаць, таму заклікаў людзей мне дапамагчы», — прыводзіла яго словы «Вясна».

У выніку мужчыне далі 8 гадоў і 1 месяц калоніі. 

Яўген Івончык — «справа Зэльцэра»

Мужчыну 66 гадоў, і родам ён з Жодзіна. Не менш за 20 гадоў прапрацаваў на БелАЗе. У яго двое дарослых дзяцей і ўнукі.

Яўген ужо асуджаны па артыкуле 130 (распальванне варожасці), і прысуд уступіў у сілу. Які тэрмін — невядома.

Аксана Каспяровіч — «справа Зэльцэра»

Жанчыне 46 гадоў. Яна працавала настаўніцай музыкі ў розных установах у Лідзе. Мае трох дзяцей — двух сыноў 26 і 12 гадоў і 20-гадовую дачку.

Яна напісала ў сацыяльных сетках: «Андрэй Зэльцэр у сябе ў кватэры абараняў свой дом, сваю сям'ю ад невядомых людзей, якія выламалі дзверы сякерай. Ён абараняўся, як умеў…» Аксану затрымалі на наступны дзень і абвінавацілі ў «распальванні варожасці».

За гэта на яе завялі справу за «распальванне варожасці».

Аксана прызнаная палітзняволенай.

Яўген Блахінскі — «распальванне варожасці»

Хлопцу 24 гады, ён з Гродна. Там скончыў хіміка-тэхналагічны тэхнікум. Вядома, што хлопец меў від на жыхарства ў Польшчы і доўгі час жыў там.

Яўген займаўся музыкай — пісаў рэп і сёлета збіраўся выпусціць альбом. Апошнія тры месяцы ён жыў у Германіі.

Затрымалі яго 18 студзеня 2022 года, калі вярнуўся ў Беларусь. Абвінавацілі ў тым, што ён нешта пісаў у тэлеграм-чатах і ўдзельнічаў у пратэстах у жніўні 2020 года.

Цяпер Яўгена ўтрымліваюць у гродзенскай турме. Абвінавачваюць па артыкулах 130 і 293.

Андрэй Кандратовіч — «справа Зэльцэра»

З жонкай Анжалікай

З жонкай Анжалікай

Мужчыне 31 год, таксама родам з Гродна. Нядаўна стаў бацькам. Працаваў рабочым — манцёрам і зваршчыкам. Прызнаны палітвязнем. Заведзеная справа па артыкуле 130.

Аляксандр Пятрашка — «справа Зэльцэра»

Мужчыне 34 гады. Просты рабочы з Гродна. Быў таксістам, а пасля працаваў сталяром у «ЗОВ-Мэбля». Таксама Аляксандр захапляўся рыбалкай. 

Мужчыну ўтрымліваюць у турме №1 у Гродне. Таксама абвінавачваюць па артыкуле 130.

Аляксандр Гаўрылік — «справа Зэльцэра»

Мужчыну 29, ён жыў у Ваўкавыску. Быў і таксістам, і будаўніком, і паляводам, і муляром, і кіроўцам… Паспеў папрацаваць нават на Ваўкавыскім мясакамбінаце.

Мужчына мае тры судзімасці — у 2011 годзе ён скраў чыгунныя рашоткі, у 2017-м распаўсюдзіў «парнаграфічныя матэрыялы» Укантакце, а ў 2018 годзе прысабечыў лом з гаспадарчых пабудоў.

Затрыманы за каментарый па «справе Зэльцэра» па артыкуле 130. Прызнаны палітвязнем. Знаходзіцца ў турме №1 у Гродне.

Аляксей Маеўскі — «распальванне варожасці»

Мужчыну 40 гадоў. Ён мае жонку і васямнаццацігадовага сына.

У Аляксея пакручасты лёс — ажно шэсць судзімасцяў з 2007-га па 2021-ы гады (5 з якіх — з 2007-га па 2011-ы). 

Ён змяніў не менш за 18 толькі афіцыйных прац. Паспеў папрацаваць на тузіне розных заводаў і нават двойчы зарэгістраваць ІП. Спачатку займаўся гандлям, а пасля — лесанарыхтоўкай ці лесаводствам.

Цяпер яго вінавацяць у распальванні варожасці. Мужчына, па інфармацыі Dissident.by, сядзіць у гродзенскай турме.

Андрэй Ражкоў — 3 гады за «распальванне варожасці»

Мужчыну 50 гадоў, і ён нарадзіўся ў Літве. Андрэй мае жонку і 28-гадовага сына, працаваў будаўніком і кіроўцам у розныя гады.

Таксама меў судзімасць, але вельмі даўно — у 1996 годзе па артыкуле «злоснае хуліганства».

Ён ужо атрымаў тры гады турмы па артыкуле 130 КК (распальванне варожасці). Але ў чым яго абвінавачвалі — невядома.

Яўген Трушко — 2 гады калоніі за каментарыі

Гэта адзін з самых маладых фігурантаў спісаў «тэрарыстаў». Пра яго вядома зусім няшмат — хлопцу 20 гадоў, ён з Пінска, паспеў паслужыць у войску і ўладкавацца на працу.

Яго абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў негатыўныя каментарыі пра міліцыянтаў у жніўні 2020 года, і прысудзілі за гэта два гады калоніі.

Антон Нагела — «распальванне варожасці»

Мужчыну 33 гады, жыў у Мядзеле. Працаваў у розныя часы кіроўцам і мантажнікам. Мае судзімасць за завалодванне чужой маёмасцю.

Звестак пра яго няшмат — вядома, што Антона абвінавачвалі у «распальванні варожасці». Мужчына ўжо асуджаны, але прысуд невядомы.

Канстанцін Ханін — 2,5 года зняволення за каментарыі

Мужчыну 42 гады, ён родам з Астраўца. Апошнім часам працаваў у мінскім таксі. Мае дачку.

За каментарыі ў сацсетках яму прысудзілі 2,5 года пазбаўлення волі. Цяпер мужчына ў ПК-3 у Віцебску.

Уладзь Зянюк — «распальванне варожасці»

Уладзю 28 гадоў. Хлопец нарадзіўся і вырас у Мінску, вучыўся ў 180-й школе ў Вяснянцы. Працаваў у галіне грамадскага харчавання на розных пасадах.

Яго абвінавачвалі ў «распальванні варожасці». Уладзь ужо асуджаны і адбывае пакаранне, тэрмін і месца зняволення невядомыя.

Аляксей Парэцкі — «распальванне варожасці»

Пра мужчыну вядома зусім няшмат. Ён нарадзіўся ў Эстоніі і яму 39 гадоў. Працаваў архітэктарам і быў прапісаны ў Магілёве, але частку часу адпрацаваў у Маскве. На сваёй старонцы ў Facebook мужчына пісаў пасты пра гісторыю Беларусі, называў Украіну сястрой і пытаўся, дзе б знайсці сацсетку, у якой няма рускіх. Але папулярнасцю яны не карысталіся.

Яго таксама абвінавачваюць у «распальванні варожасці», але за што — невядома.

Чытайце таксама:

«Блакуюць фінансавыя аперацыі». На што ўплывае ўключэнне чалавека ў «спіс тэрарыстаў»?

Клас
3
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
9
Сумна
18
Абуральна
61