Культура

Лідар гурта «Relikt»: Трэба прыбіраць з рэчаіснасці ілюзію, што беларусы ўсе коцікі-коцікі

Нядаўна гурт «Relikt» прэзентаваў шыкоўны рэліз «Былі. Ёсць. Будзем» з каверамі на песні легенд беларускай рок-сцэны. «Наша Ніва» пагаманіла з лідарам калектыва Аляксандрам Дземідзенкам пра новую плытку, а таксама распытала пра пераезд у Польшчу, заробкі на карпаратывах ды халівары між беларусамі.

Аляксандр Дземідзенка. Фота: асабісты архіў

«Наша Ніва»: Перш за ўсё — падзяка за плытку з песнямі беларускага року 1980-90-х ды асобны рэспект за вокладку з Вітаўтам Мартыненкам. Як і чаму прыйшлі да гэтых ідэй?

Аляксандр Дземідзенка: У 2011-м вакаліст Уладзімір Казлоў амаль на год сышоў з гурта. Адпаведна, «Relikt» пачаў перабіраць ідэі, што рабіць далей, у якім кірунку рухацца. Пакуль гэта адбывалася, шмат слухаў класічнага беларускага року, аддаючы перавагу «Улісу». Упадабаў амаль усю дыскаграфію, аднак найбольш «зайшлі» першыя альбомы. А паколькі жыццяпісы музыкаў заўжды натхнялі, зацікавіўся яшчэ і біяграфіяй гурта: хто такі Андрэй Патрэй, куды ён падзеўся, як склаўся лёс Славы Кораня і гэтак далей.

Чым глыбей пагружаўся ў тэму, тым больш радаваўся ўнікальным музычным з'явам, якія фіксавала наша культурная гісторыя. І ў той жа час быў засмучаны тым, што да іх не мелася адпаведна высокага інтарэсу з боку людзей. Вось і захацелася зрабіць нізку кавераў, каб выправіць несправядлівасць.

Дый па асабістых прычынах карцела даць песням новае жыццё: я не толькі бубнач, але і меламан, таму калі чую нейкую музыку, што падабаецца, хачу яе зайграць.

У «Уліса» зачапіў трэк «Пан Руст». Але ён захаваўся толькі ў жывым, неапрацаваным варыянце з «Басовішча». Вось і пачало карцець прывесці яго да студыйнага гучання.

Пасля амбіцыі выраслі — размова пайшла пра альбом кавераў выключна на «Уліс». Яшчэ праз некаторы час далучыў у спіс «Прыйшоў гэты дзень» — песню «Бонды», якая, прыцягнуўшы ўвагу, грала у галаве пастаянна. Думаў: гэта ж суперхіт — чаму яго не тыражуюць нідзе? Ідэальна ж кладзецца на крэатыў для сацсетак: фотачка альбо гіфка пра памкненні да волі ды песня як саўндтрэк. Сінергія лепей не прыдумаць, бо тэкст ды музыка суперскія.

Так адна задума чапляла іншую — і ў выніку прыйшоў да высновы: калі ніхто не робіць, трэба ўзяцца самому. Пэўны час ідэю гадаваў, а тут у 2019-м усё само сабой склалася. Выдалі плытку «Дрэва жыцця» пасля чаго ўзялі творчую паўзу што да сачынення ўласнай музыкі. Тут жа выбухнуў кавід, які абмежаваў рухі ды актыўную дзейнасць.

Каб не сядзець на месцы без справы, пайшла размова пра розныя эксперыменты, падчас якой і ўспомнілі пра каверы. Пакрысе ўзяліся за справу: бубны запісалі на «Эверэсце» ў Пашы Сінілы, а ўсё астатняе — у нашай прыватнай студыі ў Мінску. Шмат часу паклалі: пераасэнсоўвалі аранжыроўкі, шукалі гукі, якасць выканаўчую паліравалі.

Плытка была гатовая ўвосень 2021-га, але патрабавалася яшчэ вырашыць шэраг тэхнічных пытанняў — вокладка, дыстрыбуцыя, рэклама. Гэта працэс марудзіла, як і агульна-дэпрэсіўная сітуацыя ў Беларусі… Але калі ўсе праблемы вырашылі, амаль адразу далі рэлізу жыццё. Хацелі ўзняць людзям настрой, пакуль нічога яшчэ больш горшага ў свеце не адбылося. Дый самі, калі шчыра, засумавалі па чымсьці станоўчым, пазітыўным.

«НН»: Як адбываліся перамовы з легендамі беларускай музыкі? Гатоў пайсці ў заклад, што некаторыя пратэставалі катэгарычна…

АД: Наадварот, пасля нашых запытаў — звярталіся і да музыкаў, і да аўтараў тэкстаў — усе без праблем давалі дазвол. А пасля выпуску плыткі некаторыя (скажам, Ігар Варашкевіч ці Фелікс Аксёнцаў) нават пісалі добрыя водгукі ды дзякавалі праз паведамленні ў сацсетках.

Дарэчы, праз гэтую камунікацыю з'явілася ідэя новага праекта. Думаем выдаткаваць час, каб з нашымі культавымі музыкамі рабіць зум-сустрэчы ды згадваць разам гісторыі стварэння самых вядомых песень, абмяркоўваць іх адчуванні падчас запісу, цікавіцца рэфлексіямі на каверы. Ды і ўвогуле агульнымі намаганнямі ажывіць тыя часы — атмасферу, што акаляла ды натхняла творцаў.

Бо хочацца, каб людзі, якія не ведалі, што такое беларускі рок, паглядзелі ды паслухалі айчынных легенд. І нейкі музычны беларускі сусвет усталяваўся ў нацыянальнай свядомасці лепей.

«НН»: Як падказалі абазнаныя людзі, песня «У музеі» выходзіла толькі на адным вініле «Хіт-парад «Беларускай маладзёжнай» (2)». А пра гурт «Тутэйшыя хлопцы» нават «гугл» нічога не падказаў. Прызнавайцеся, дзе у вас прыхавана машына часу?

АД: Хутчэй за ўсё, у маім старым «Нісане Альмера» (смяецца). Некалі шмат у ім вандравалі. Аднак з тэхнікі там мелася толькі касетная дэка, на якой для натхнення слухалі шмат беларускага року. Вось на адну з плытак алічбаваны запіс з названага вамі вініла і трапіў.

Гурт «Relikt» у вандроўцы. Фота: асабісты архіў Аляксандра Дземідзенкі

Цікавая гісторыя: калі ўзяліся перарабляць песню, ніяк не маглі знайсці аўтара музыкі. У каго ні пыталі, як па сеціве ні шукалі, усё дарма. Выратаваў Міхась Скобла — чалавек, што даў трэку гэтаму тэкст. Калі даведаўся пра наш адчай, дык адразу імя згадаў! А далей ужо справа тэхнікі: адшукалі Паўла Піскунова ў сацсетках, атрымалі блаславенне на кавер ды закрылі гештальт. Таму чарговы раз у жыцці ўпэўніўся: калі рэальна хацець, дамагчыся можна ўсяго — гэта пытанне волі ды матывацыі.

«НН»: Падчас запісу плыткі ці не было спакусы пакапацца ва ўласных архівах яшчэ з часоў светлагорска-гомельскага перыяду? Альбо эксперыментамі на плытцы «Vytoki« той гранжавы перыяд «кабэйншчыны» закрылі канчаткова?

АД: Скажам так, архівы 2000 года ёсць. І спакуса паказаць іх калі-небудзь свету таксама. Але ёсць і сумнеў: ці патрэбныя тыя запісы беларускай аўдыторыі? Тое, што плытка «Былі. Ёсць. Будзем» свайго слухача адшукае, не сумняваўся. Бо нават калі людзі не ведалі пра існаванне такіх песень ды гуртоў, то мела сэнс зладзіць знаёмства. Сказаць на ўсю краіну: такія шэдэўры, якія мае беларуская рок-музыка, сорам не ведаць, нават калі ты ў ёй не абазнаны.

Наш стары гранж — іншая справа. Таму гадоў праз 20, калі жывыя будзем, мо што і пакажам.

«НН»: У вас ёсць сумесная песня з культавым музыкам беларуска-польскага памежжа Юркам Асенікам. Дый на «Басовішчы» часта выступалі разам з ім. Як гэтае супрацоўніцтва завязалася?

АД: Вельмі проста. Калі паслухаеце «Zero-85 і «Relikt», то адчуеце агульны вайб альтэрнатыўнага року 90-х, гранжу 90-х. Гэты уплыў, агульнасць каранёў мы адно ў адным таксама адчулі. І паколькі кейсы такога кшталту рэдкія — у нашым рэгіёне рэдка сустракаюцца гурты з такім базісам — мы адразу пасля знаёмства зблізіліся. Далей пайшлі сустрэчы, размовы выступы ў межах аднаго фестывалю, якія выліліся ў сяброўства, рэгулярную камунікацыю. Лагічна, што творчая супраца была толькі пытаннем часу. І ў 2019-м Юрка прыехаў у Мінск, каб запісаць народную песню «Не задавай сэрцу тугі».

Мяркую, такія аб'яднанні жыццёва неабходныя: трэба будаваць ды множыць творчыя саюзы. Бо яны нараджаюць цікавыя новыя рэферэнсы, даюць сігнал іншым музыкам ды слухачам — побач з вамі ёсць арыгінальныя праекты з якасным зместам. І калі такое сеціва створыцца, глядзіш, наш люд перастане на «Ютубе» сачыць за расійскімі выканаўцамі, а пачне больш звяртаць увагу на сваіх.

«НН»: Магчыма, вы здзівіцеся, але нават у водгуках на плытку — з большага пазітыўных — беларусы ўсё роўна ўмудраліся хэйціць беларусаў. Скажыце, як загартаваны крытыкаю чалавек, адкуль у нас гэтая рыса?

АД: Калі шчыра, то гуртам мы атрымліваем у асноўным станоўчую зваротную сувязь праз каменты, лайкі, падзякі. Што да хэйту, то ўспрымаем яго як… рэальна крутую штуку! Значыць, у чалавека ёсць думка, якую ён не проста хоча выказаць, а гатовы абмеркаваць, бо цягне ў публічнае поле.

Увогуле, мне здаецца, трэба прыбіраць з рэчаіснасці ілюзію, маўляў, беларусы ўсе такія коцікі-коцікі і коцікамі любяць быць. Трасца, мы ўжо дарослыя! Акей, да садка дзіцячага хай сабе коцікі. А пасля трэба зразумець — свет куды больш складаны. Там побач з коцікамі ёсць і сабакі, і ваўкі, і дзікі, што могуць лаяцца ды спрачацца адно з адным.

Мая асноўная прафесія звязаная з IT-тэхналогіямі, распрацоўваю лічбавыя прадукты. Раблю гэта даволі доўга — і за гэты час прачытаў безліч водгукаў на свае прадукты. Ёсць добрыя, есць праклёны, ёсць падзякі з паклонамі. І гэта НАР-МАЛЬ-НА!

Чаму чалавек піша нешта непазітыўнае? Ну, такія ў яго абставіны, відаць. Але сёння выказаўся так, а праз месяц пачухае патыліцы ды выбачыцца: маўляў, пахадзіў-падумаў ды зразумеў — лухту нейкую ляпнуў…. Карацей, не трэба баяцца хэйту. Наадварот, горш, калі ўсе маўчаць, падаўляюць эмоцыі альбо скатваюцца ў апатыю ды абыякавасць.

Аляксандр Дземідзенка: «Мы з «Relikt» прайшлі доўгі шлях, маем шчыльную камунікацыю ды спецыфічныя адносіны». Фота: асабісты архіў

Вось, кажуць, зараз сварацца тыя, хто з'ехаў, з тымі, хто застаўся. Глядзіце, я да апошняга трымаўся ў Беларусі — пакінуў радзіму толькі ў лютым. Але з таго часу ні разу не сустрэў чалавека, які ўжывую кінуў бы мне ў твар абвінавачванне ў здрадзе ці ўцёках. Наадварот, панавала выключна ўзаемадапамога. Прыехаў у Польшчу — і сябры адразу пачалі раіць: перш за ўсё рабі гэта, пасля руш туды, далей займайся гэтым пытаннем і так далей. Таму адчуваю толькі падтрымку. І сам зараз імкнуся яе выказаць тым, хто пакідае радзіму.

Таму, лічу, хэйт гэты — штучнае ўтварэнне. Канешне, у каментарах можна пахаліварыць. Але ж вы напэўна ведаеце заканамернасць: з сотні тых, хто ў сеціве пакідае таксічныя кпіны, максімум адзін-два выкажуць тое ж самае жыўцом.

«НН»: Прапіску «Relikt», як зразумеў, ужо варта пазначаць як «Рэспубліка Польшча». Што пры гэтым змянілася прынцыпова для вас як для музыкі і як для чалавека?

АД: Як музыку замінае тое, што не можам пакуль сустрэцца. Але працуем над тым, каб аднавіцца. Перашкаджае адсутнасць уласнай студыі. Аднак таксама прыкладаем максімум намаганняў, каб яна з'явілася. Годныя ж перамены бачым у канцэртных перспектывах — калі жылі ў Беларусі, з гэтым меліся праблемы.

Бытавыя пытанні востра не стаяць, бо даволі шмат бываў у Польшчы. З 2009 года да 10 канцэртаў на год там ладзілі — багата вандравалі, займелі мноства сяброў, якія нарадзіліся тут, але лічаць сябе беларусамі. Дый калегаў па айці зараз побач хапае. Таму ўсё з большага нармальна — бадай толькі ў эмацыйным плане крышку няёмка. Усё ж дома да ўсяго звыкся, там усё роднае, блізкае. Такая сентыментальная гісторыя.

«НН»: Ці рэальна самабытнаму беларускаму гурту стаць на рэйкі самазабеспячэння?

АД: Прыклады ёсць — практыка калег даказвае. Я, канешне, у іх кішэні не заглядаў і працоўныя кніжкі не вывучаў. Але калі бачу тых, хто зараз актыўна гастралюе, то раблю выснову «ўсё магчыма». Лічыце: NaviBand, Nizkiz, «Петля Пристрастия». І гэта нічога не кажам пра Лявона Вольскага ды Змітра Вайцюшкевіча з Сяргеем Міхалком. Так што ўсё залежыць ад жыццёвых абставінаў ды энтэрпрэнёрскіх навыкаў менеджара.

З «Relikt» у гэтым плане складаная гісторыя. Мы разам прайшлі доўгі шлях, маем шчыльную камунікацыю ды спецыфічныя адносіны. Таму ў сферы «прадпрымальніцтва» падзяляем абавязкі: за нешта адказваю я, іншыя бізнэс-напрамкі кантралююць паплечнікі.

Канцэрт гурта «Relikt». Фота: фэйсбук Аляксандра Дземідзенкі

Але, відавочна, нам не хапае менеджара, які б восем гадзін на дзень сядзеў ля ноўтбука і займаўся выключна справамі гурта. Мы рабілі спробы адшукаць такога чалавека, але па розных прычынах супраца неяк не складвалася. Не тое, што нехта дрэнны, а іншы добры — мы ні з кім ніколі не сварыліся. Але не «ўзлятала» — і ўсё тут.

«НН»: Што можна было прыдбаць на самы буйны ганарар «Relikt»?

АД: А чым звычайна ў такіх выпадках калегі хваляцца? Кватэры пасля карпаратываў? Не, на жаль, гэта не пра нас (смяецца). Скажам так, якую небудзь бэушную машынку можна было купіць. Але такую, «стомленую»…

«НН»: Дарэчы, як ставіцеся да выступаў на карпаратывах? Ведаю, што некаторыя творцы грэбуюць такім перфомансам.

АД: Нармалёва, калі не ламае планы ды не абцяжарвае запытамі. Прылятае, напрыклад, прапанова пайсці да айцішнікаў на свята. Акей, не пытанне. Але, чуем, ёсць умова: вось трэк ліст — паўсотні песняў: электроншчына, рэп, усе такое. Грайце! Гэта мажліва, але складана і на душу не кладзецца.

Іншая справа — запыт на канцэрт-мікс. Скажам, 45 хвілін граем уласны матэрыял, а астатні час класіку кшталту «Нірваны», «Металікі» ды гэтак далей. То лёгка, запрашайце — маем вопыт і карпаратываў, і вяселляў (смяецца).

«НН»: Гадоў з 10 таму вы агучвалі нямы фільм «У агні народжаная». Ці не вабіла пасля ідэя паспрабаваць сябе ў напісанні саўндтрэкаў для кіно?

АД: Падаецца, «Relikt» і без таго ўжо спрабаваў столькі, што можна стаміцца ад эксперыментаў! Гімн футбольнаму клубу «Крумкачы» пісалі, фільм агучвалі, народныя песні апрацоўвалі, беларускаму року давалі гучанне. Doom-metal асвойвалі, акустычны альбом рабілі… Як бачыце, межаў у творчым плане не маем.

Але кожны раз, калі шукаем нешта новае, ставім перад сабой пытанне, навошта гэта робім. Скажам, нам па сілах, напрыклад, запісаць твор вялікай формы ды нармалёвай якасці — якую-небудзь рок-оперу. Калі яна будзе актуальна часу ды запатрабавана аўдыторыяй, гэта адна справа. Але калі замарочвацца выключна для радка ў рэзюме, сэнсу няма. Тым больш на нешта маштабнае яшчэ і шмат што патрэбна выдаткаваць — фінансы, час, эмоцыі.

«НН»: Які эксперымент «Relikt» усё прагне, але так і не вырашаецца зрабіць?

АД: Не вырашаліся, але ўжо зрабілі захады — працэс пайшоў. Эксперымент звязаны з сінтэзаванай электроннай музыкай. Як даробім — пачуеце.

«НН»: Год таму мы з гонарам казалі «Беларус беларусу беларус». А хто мы адно аднаму сёння?

АД: Калі чытаць інтэрнэт, то добрых адказаў на гэтае пытанне, падаецца, чакаць не варта. Але калі зірнуць на рэальнае жыццё, то ўсё не так жудасна. Я на ўласным прыкладзе адчуў (і не раз!), што беларус беларусу беларус. І ў гэта веру.

Іншых жа папрашу не паддавацца на закіды, якія выклікаюць раз'яднанне. Калі вы адчуваеце, што тэма беларусаў сварыць, яе адразу трэба абразаць на корані. І замест прапаноўваць тое, што нас аб'яднае. А пасля далучаць да гэтага — канцэрту, праекта, дыялогу — як мага больш людзей. Толькі ў еднасці будзе наша сіла і магчымасць нешта рэальна змяніць у жыцці.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Усе навіны →
Усе навіны

Папярэджанне пра пагаршэнне ўмоваў надвор'я на дарогах краіны1

Чэргі з легкавікоў на польскай мяжы зніклі

Расійская армія ажыццяўляе самае хуткае прасоўванне ва Украіне з 2022 года1

Улады хваляцца, што ў Беларусь па бязвізе прыехаў мільён еўрапейцаў. Няўжо праўда?5

Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент пасля выбараў у Румыніі8

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд6

Як Лукашэнка кульгаў, выходзячы з самалёта ў Пакістане ВІДЭА13

Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена14

У Беластоку выклікалі «на паядынак» і збілі да страты прытомнасці 16-гадовага беларуса5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Галоўнае
Усе навіны →