Вайна11

Што азначае разгортванне рэгіянальнай групоўкі? Беларускае войска плануе ўступіць у вайну?

Лукашэнка абвясціў аб разгортванні рэгіянальнай групоўкі расійскіх і беларускіх войскаў. Беларускае войска плануе ўступіць у вайну — ці гэта толькі застрашванне? З экспертамі паразмаўляла Deutsche Welle.

Раніцай 10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з беларускімі вайскоўцамі і сілавікамі. На ёй ён абвясціў аб дамоўленасці з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў. Гэты працэс, паводле яго слоў, ідзе ўжо два дні, у Беларусь прыбудзе «не адна тысяча» расійскіх салдат. Для чаго?

Фармальная нагода ўвесці расійскія войскі? 

Беларускі вайсковы эксперт Аляксандр Алесін лічыць, што разгортванне сумеснай групоўкі — гэта мера вайсковай дэманстрацыі Пуціна. Такім чынам Расія спрабуе напалохаць Украіну, адцягнуць яе, адцягнуць вайсковыя часці з Данбаса, дзе яна мае перавагу ў колькасці войскаў, на мяжу з Беларуссю.

«Падзеі ва Украіне развіваюцца не вельмі спрыяльна для Расійскай Федэрацыі. Відавочна, што Пуцін абавязаны распачаць яркія дзеянні, якія атрымаюць адлюстраванне ў інфармацыйным полі і насцярожаць многіх», — кажа Алесін.

У Рыгора Ніжнікава, эксперта Фінскага інстытута міжнародных адносін, іншае меркаванне. Ён лічыць, што расійская армія рыхтуе для сябе плацдарм і разгортванне рэгіянальнай групоўкі — гэта фармальная нагода, каб зноў увесці ў Беларусь свае войскі, як гэта было падчас вучэнняў напярэдадні ўварвання ва Украіну.

«Пуцін ідзе ва-банк. Думаю, патэнцыйна яму можа спатрэбіцца другі фронт, і Лукашэнка цяпер выконвае тое, пра што Пуцін прасіў яго тыдзень таму ў Сочы. Ці будзе новае ўварванне расійскіх войскаў праз Беларусь? Думаю, гэта пытанне часу. У любым выпадку, ужо цяпер гэта створыць напружанасць на беларуска-ўкраінскай мяжы».

На думку літоўскага вайсковага экспэрта Даруса Антанайціса, трымаць групоўку войскаў у іншай краіне «толькі для застрашвання» вельмі дорага, і «ніхто так не робіць, асабліва калі ідзе вайна».

«Лукашэнка заявіў, што гэтая групоўка разгортваецца з-за напружанай сітуацыі ля заходніх межаў. Мне здаецца, гэта ўсё робіцца для адводу вачэй, каб сказаць беларускаму народу: «Глядзіце, НАТА хоча напасці на нас». У рэчаіснасці, я думаю, групоўка разгортваецца для таго, каб напасці на Украіну яшчэ з аднаго фронту, як гэта было ў пачатку вайны — праз Чарнобыль зноў спрабаваць дабрацца да Кіева.

Што за рэгіянальная групоўка войскаў?

Разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў прадугледжана дамовай аб «Саюзнай дзяржаве». Па словах Алесіна, працэс адпрацоўваўся на вучэннях кожныя чатыры гады, пачынаючы з 2009-га: як на тэрыторыю Беларусі павінны прыбываць расійскія войскі, разгружацца ў месцах раскватаравання.

«Затым праводзіліся вучэнні, якія малявалі патэнцыйны ваенны канфлікт. Пасля гэтага расійскія часці выводзіліся на сваю тэрыторыю. Гэтая легенда вучэнняў паўтаралася аж да апошніх гадоў. Мяркуючы па ўсім, цяпер гэтая групоўка будзе задзейнічаная як рэальная», — кажа Аляксандр Алесін.

Па словах Алесіна, камандаваць расійскімі войскамі, якія прыбудуць у Беларусь, будуць беларускія генералы.

«Ці сам міністр абароны, ці начальнік беларускага Генштаба. Згодна з палажэннем, расійская частка сумеснай групоўкі паступае на ўзмацненне беларускай арміі. Хоць, думаю, парадак яе выкарыстання Лукашэнка будзе ўзгадняць з Пуціным».

Аляксандр Алесін мяркуе, што ў гэтых часцях будзе шмат салдат тэрміновай службы, якіх, згодна з указам Пуціна, забаронена выкарыстоўваць у зоне баявых дзеянняў ва Украіне. Рыгор Ніжнікаў мяркуе, што ў Беларусь могуць перакінуць частку мабілізаваных расіян.

Толькі абарона — і ніякага нападу?

Па словах Аляксандра Алесіна, разгортванне сумеснай групоўкі войскаў накіравана толькі на абарончыя дзеянні. Вучэнні ў лютым 2022-га года, пасля якіх расійскія войскі ўварваліся ва Украіну з тэрыторыі Беларусі, таксама не меркавалі нападу. Але гэта не перашкодзіла расійскай арміі ўварвацца ў суседнюю краіну. У чым розніца цяпер?

«Гэтыя вучэнні былі пазачарговыя, ніякімі міжнароднымі дамовамі яны не прадугледжваліся. У прэамбуле да іх было напісана, што гэтая мера — адказ на дзеянні суседзяў-партнёраў, а цяпер — патэнцыйных праціўнікаў. Тады ў дзеяннях расійскага кіраўніцтва быў тыповы валюнтарызм», — кажа эксперт.

Алесін упэўнены, што расійскія войскі не стануць зноў нападаць на Украіну з тэрыторыі Беларусі. І вось чаму: «Характар мясцовасці і прыродна-кліматычныя ўмовы не дазваляюць ужываць буйныя масы войскаў і ствараць ударныя групоўкі на мяжы Беларусі і Украіны. Бо там балоты, поймы рэк, каласальная колькасць азёр. Наступаючыя могуць рухацца толькі па некалькіх дарогах, якія вядомыя і, напэўна, ужо замініраваныя, а масты — узарваныя».

Варыянт, які расіяне выкарыстоўвалі спачатку, — «перакіданне паветрана-дэсантных войскаў верталётамі ў раёны Гастомеля, Кіева, Чарнобыля — наўрад ці стануць ужываць яшчэ раз. А сухапутным шляхам прайсці такую адлегласць немагчыма», лічыць Алесін.

Ці ўступіць беларуская армія ў вайну супраць Украіны?

Эксперт Рыгор Ніжнікаў лічыць, што беларуская армія наўрад ці паўнавартасна ўступіць у вайну супраць Украіны:

«Думаю, гэта якраз адна са слабасцяў Лукашэнкі: ён ніколі не давяраў беларускаму генералітэту, паколькі ён вельмі прарасійскі. Менавіта таму армія заўсёды была недафінансаваная і недазабяспечаная, ён спрабаваў трымаць яе ў баку ад любых працэсаў. Думаю, частка генералітэту стоадсоткава стаіць на пазіцыях Масквы».

У той жа час ён падкрэслівае, што «большасць у беларускім войску падзяляюць пункт гледжання беларускага грамадства, што гэтая вайна ім не патрэбная. Калі Лукашэнка аддасць загад увесці войскі, гэтыя людзі альбо разбягуцца, альбо — чаго ён баіцца — могуць павярнуць зброю супраць яго, таму што ніхто не хоча паміраць за Пуціна. Ён выдатна ўсведамляе гэта, і таму такога загаду, я думаю, не будзе».

А вось Дарус Антанайціс не выключае, што гэта можа адбыцца:

«Расіі патрэбныя вайскоўцы, якія ўжо валодаюць зброяй, якіх не трэба перавучваць два-тры месяцы, каб яны хоць неяк маглі ваяваць. Для Пуціна беларускае войска павялічыць ціск на Кіеў, каб ён адкрыў другі фронт для абароны сваёй краіны».

Чытайце таксама:

Лукашэнка: У Беларусі будуць размешчаныя расійскія войскі. «Гэта будзе не адна тысяча чалавек»

Лукашэнка: Мы пачынаем задзейнічаць групоўку Саюзнай дзяржавы

Каментары1

  • Стэльмах
    11.10.2022
    Ой, а як так, як гэта лукашэнка пасмеў? Гэта ж што здрада і бла бла бла. А хіба гэта навіна, хіба раней ня ведалі што так будзе, хіба не казалі старэйшыя што так і будзе але не, начорта слухаць старыкоў, маладыя і крэатыўныя самі ведалі як лепш і так далей. Ну што ж вось цяпер маем што маем з маладымі, крэатыўнымі ды невераятнымі. Беларусь трапіць пад кантроль імперыі і на гэтым будзе пастаўлена кропка ў найноўшай гісторыі літвінаў.

Цяпер чытаюць

«Твой дзень надыдзе». Фінскія фанаты на матчы са зборнай Беларусі разгарнулі антылукашэнкаўскі банер 17

«Твой дзень надыдзе». Фінскія фанаты на матчы са зборнай Беларусі разгарнулі антылукашэнкаўскі банер 

Усе навіны →
Усе навіны

Былы кіраўнік Службы бяспекі Лукашэнкі прадаў катэдж у Драздах за $1,2 мільёна13

«Адкрываецца кармушка, заглядвае гэты *ёбак Вадзім у акулярчыках і кажа: «Ну што ты, Сахарок!»11

У Кіеве расійскімі ўдарамі пашкоджана дэпо станцыі «Кіеў-Пасажырскі», дата– і бізнэс-цэнтры, жылыя дамы

Дрон трапіў па прапускным пункце на беларуска-расійскай мяжы. Ужо не першы раз1

Расія плануе на наступны год рэкордныя вайсковыя расходы 2

Ветэрынара з-пад Століна асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»1

Беларускія турмы ці турмы для беларусаў?19

Германія запатрабавала скараціць праект бюджэту ЕС на сотні мільярдаў еўра. З бюджэту ЕС фінансуецца і беларуская культура19

Віктар Пракапеня зарэгістраваў у Польшчы яшчэ адну кампанію7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Твой дзень надыдзе». Фінскія фанаты на матчы са зборнай Беларусі разгарнулі антылукашэнкаўскі банер 17

«Твой дзень надыдзе». Фінскія фанаты на матчы са зборнай Беларусі разгарнулі антылукашэнкаўскі банер 

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць