Вайна11

Пакаранне 14-гадовага хлопчыка, сэксуальны гвалт над 4-гадовай дзяўчынкай. Што камісія ААН распавяла аб ваенных злачынствах ва Украіне

Камісія ААН па расследаванні парушэнняў ва Украіне апублікавала першы даклад. У ім аналізуюцца ваенныя злачынствы, учыненыя ў Кіеўскай, Сумскай, Харкаўскай і Чарнігаўскай абласцях у лютым і сакавіку. Паводле звестак камісіі, адказнасць за пераважную большасць задакументаваных злачынстваў ляжыць на расійскіх вайскоўцах, паведамляе «Агенцтва».

Злачынствы расійскіх войскаў

Пакаранне смерцю

Ва ўсіх чатырох абласцях Украіны эксперты ААН выявілі выпадкі пакаранняў смерцю. Акрамя забойстваў у Бучы, камісія знайшла пераканаўчыя сведчанні падобных злачынстваў у 16 іншых населеных пунктах. У забітых зафіксаваныя агнястрэльныя раненні галавы, тупыя траўмы і парэзы на горле. Большасць ахвяр — мужчыны, але сярод забітых ёсць таксама дзве жанчыны і 14-гадовы хлопчык.

Большая частка пакараных загінулі побач з месцам допыту або ўтрымання. Але ёсць і выпадкі забойстваў у грамадскіх месцах. Так, у вёсцы Вясёлае Харкаўскай вобласці расійскія вайскоўцы выцягнулі чалавека з аўтобуса, які перавозіў людзей у Расію. Салдаты збілі і застрэлілі мужчыну на вачах пасажыраў, пасля чаго паведамілі ім, што забіты перадаваў інфармацыю ўкраінскім узброеным сілам.

У вёсцы Вішнёвае Чарнігаўскай вобласці расійскія вайскоўцы расстралялі двух дарослых братоў і паранілі трэцяга. Яны былі затрыманыя пры спробе знайсці датычных да нападу на расійскі канвой. Мужчын закапалі ў неглыбокай магіле, што дазволіла трэцяму брату выбрацца і выжыць.

Удары па цывільным насельніцтве

Камісія задакументавала выпадкі абстрэлу цывільных аб'ектаў. Напрыклад, 17 сакавіка 2022 года расійскія войскі абстралялі касетнымі боепрыпасамі ў Чарнігаве. Пад ударам апынуліся людзі, якія стаялі ў чарзе па ваду. Некалькі чалавек загінулі, пацярпелі некалькі дзясяткаў, у тым ліку чацвёра дзяцей. Днём раней з такога ж абстрэлу пацярпела больш за 200 жыхароў Чарнігава, якія стаялі ў чарзе за хлебам. Былі забітыя 14 мірных жыхароў, 26 атрымалі раненні.

З-за удараў па цывільнай інфраструктуры загінулі не менш за 1495 чалавек. Гэта 70% загінулых у пазначаных рэгіёнах.

Ва ўсіх абласцях зафіксаваныя шматлікія выпадкі абстрэлаў расійскімі салдатамі цывільных аўтамабіляў.

У сакавіку расійскія салдаты замкнулі 365 мірных грамадзян у падвале школы ў вёсцы Ягаднае Чарнігаўскай вобласці, размясціўшы на першым паверсе таго ж будынка вайсковы штаб. З гэтай тэрыторыі ваенныя наносілі ўдары па ўкраінскіх пазіцыях, падвяргаючы небяспецы сотні мірных грамадзян.

Згвалтаванні

У дакладзе прыводзяцца выпадкі згвалтавання расійскімі вайскоўцамі. У Кіеўскай вобласці два расійскія салдаты некалькі разоў згвалтавалі 22-гадовую жанчыну і яе мужа, пасля чаго прымусілі пару ўступіць у палавую сувязь у іх прысутнасці. Затым адзін з салдат прымусіў іх чатырохгадовую дачку заняцца з ім аральным сэксам. Камісія расследуе яшчэ тры заявы аб згвалтаванні жанчын і дзяўчынак-падлеткаў расійскімі вайскоўцамі ў тым жа сяле.

У адным сяле пад Кіевам салдаты сілай прывялі двух жанчын у дом, які служыў базай ваенных, і згвалтавалі. Перад гэтым мужа адной з жанчын застрэлілі ў яе на вачах.

У Кіеўскай вобласці ў пачатку сакавіка два расійскія вайскоўцы забілі мужчыну, пасля чаго шмат разоў згвалтавалі яго 33-гадовую жонку. Камісія ААН удакладняе, што асоба аднаго з меркаваных злачынцаў ужо ўстаноўлена, і супраць яго завочна заведзена крымінальная справа. У тым жа сяле расійскія салдаты ўварваліся ў дом 56-гадовай жанчыны і падверглі яе групавому згвалтаванню. Праз два тыдні жанчына даведалася, што яе муж быў падвергнуты катаванням і пакараны смерцю.

У двух абласцях камісія вывучала выпадкі згвалтавання жанчын старэйшых за 80 гадоў. У адным выпадку 83-гадовую жанчыну згвалтавалі ў доме, дзе таксама знаходзіўся яе муж-інвалід. У іншым выпадку суседзі знайшлі цела часткова распранутай пажылой жанчыны з крывёю каля похвы. Па просьбе сям'і ўлады не праводзілі поўнае ўскрыццё.

У Чарнігаўскай вобласці камандзір падраздзялення неаднаразова падвяргаў сэксуальнаму гвалту 16-гадовую дзяўчыну і пагражаў забіць членаў сям'і, якія спрабавалі яе абараніць. У Харкаўскай вобласці камісія расследуе справу аб неаднаразовым згвалтаванні на працягу трох месяцаў дзяўчынкі-падлетка.

Смерці дзяцей

Камісія пацвердзіла смерць 112 дзяцей.

Злачынствы ўкраінскіх вайскоўцаў

У дакладзе таксама фігуруюць некалькі зафіксаваных выпадкаў злачынстваў, учыненых украінскімі вайскоўцамі.

У двух выпадках украінскія вайскоўцы стралялі ў некамбатантаў, паранілі і катавалі іх, што з'яўляецца ваенным злачынствам.

У Малой Рогані Харкаўскай вобласці ў канцы сакавіка вайскоўцы УСУ прастрэлілі ногі тром палонным расійскім жаўнерам і збілі аднаго з іх прыкладам падчас допыту.

Другое ваеннае злачынства было зафіксавана ў Кіеўскай вобласці ў канцы сакавіка. Украінскі вайсковец тройчы стрэліў ва ўпор ва ўжо параненага расійскага салдата. На відэа інцыдэнту бачныя нерухомыя салдаты расійскай арміі, якія ляжаць паблізу. У аднаго з іх рукі звязаныя за спіной, а на галаве бачная рана. Камісія ААН мяркуе, што гэтага расійскага салдата маглі пакараць смерцю.

У раёнах, якія кантралююцца ўкраінскімі ўзброенымі сіламі, у некаторых выпадках ваенныя аб'екты размяшчаліся на тэрыторыі цывільных. Так, жыхары Чарнігава заявілі, што дзве школы горада выкарыстоўваліся для раздачы гуманітарнай дапамогі ў той час як у адной з іх украінская тэрабарона размясціла штаб, а ў іншую накіравала вайскоўцаў. У выніку авіяўдару па абодвух школах і найбліжэйшых дамоў пацярпелі як ваенныя, так і цывільныя.

Усе сабраныя дакументы будуць перададзеныя следству і судовым органам, якія будуць займацца ваеннымі злачынствамі ва Украіне.

Каментары1

  • Станіслаў
    19.10.2022
    Цікава, а ці можна лічыць *учыненыя ваенныя злачынствы ўкраінцамі ў дачыненні да таго, хто прыйшоў дадому да ўкраінцаў іх забіваць і ўчыняць ваенныя злачынствы*, злачынствамі? Ммм?

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы2

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы

Усе навіны →
Усе навіны

«Буду змагацца да канца». Прэзідэнт Паўднёвай Карэі адхіліў абвінавачванні ў мяцяжы1

32-тонную піўную цыстэрну каля мінскай плошчы Бангалор паднялі ВІДЭА

Камунальнік замяніў на мінскім даху чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы, каб «пажартаваць з апазіцыянераў»4

Сірыя была фабрыкай каптагону, «какаіну для бедных». Пасля падзення рэжыму стала ясна, дзе яго выраблялі2

Нобелеўскі лаўрэат Муратаў крэатыўна абверг выдумкі прапагандыстаў ФОТАФАКТ1

Пасля смерці Прыгожына наймітам з ампутаванымі канечнасцямі перасталі плаціць пенсіі5

У Беларусі з'явіўся народны паэт12

У Мінску назвалі самыя папулярныя сёлетнія дзіцячыя імёны1

Расійскія настаўнікі на загад беларуса спалілі джынсы, партрэты нобелеўскіх лаўрэатаў і дыскі з Windows4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы2

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы

Галоўнае
Усе навіны →