Kotatogram: губазікаўцы паказалі, як яны аналізуюць пратэсныя чаты. Вось што варта ведаць
Віцебскае аддзяленне ГУБАЗіК паказала ў відэа, як менавіта яны аналізуюць чаты, на прыкладзе трох затрыманых у Браславе.
Стала зразумела, якім чынам аналізуюцца чаты. Для гэтага сілавік заходзіць у чат, карыстаючыся кліентам Telegram, які называецца Kotatogram. Гэта старонні кліент праграмы, які мае дадатковыя функцыі, да прыкладу, магчымасць бачыць ID карыстальнікаў і паведамленняў у чатах.
Таксама ён дазваляе экспартаваць чаты ў фармаце json, зручным для далейшага аналізу. Пры экспарце чату ў архіў складаюцца таксама паведамленні тых, хто выйшаў з чата, але не выдаліў паведамленні.
Мяркуючы па ўсім, у якасці праграмы для прагляду файлаў выкарыстоўваецца Visual Studio Code ад Microsoft. Цікава таксама, што копія чату ў відэа — ад 2 лістапада 2022 года.
Далей сілавікі ствараюць табліцу (або ўручную, або з дапамогай старонніх праграмаў), у якую ўнесеныя ўсе карыстальнікі чату, якія нешта там пісалі, уключна, як мы казалі вышэй, з тымі, хто выдаліўся з чата або выдаліў акаўнт. У табліцы ёсць палі «ID», «імя», «прозвішча», «username», «тэлефон» і «колькасць паведамленняў».
ID захоўваюць нават выдаленыя акаўнты, і іх можна праглядзець, то-бок калі чалавек выдаліў акаўнт, але пра акаўнт ёсць нешта ў сілавікоў ці «прабіўных» ботаў, то яго можна знайсці.
Мяркуючы па ўсім, далей сілавікі ўручную шукаюць гэтых людзей ў базе «Т-Пошук», якой карыстаюцца спецслужбы Беларусі. Некаторых людзей дадаткова «прабіваюць» расійскім ботам «Вока Бога», які ўтрымлівае даныя са злітых ці скрадзеных базаў даных (гэта бачна, калі «прабіць» гэтыя акаўнты гэтым ботам уласнаручна, але так не ва ўсіх).
Пасля, хутчэй за ўсё, сілавікі проста «адпрацоўваюць» тых, каго яны знайшлі па-хуткаму. Але праз вялікую колькасць людзей у чатах, якіх лёгка знайсці, працы ў іх дастаткова.
Што з гэтага вынікае, калі вы пісалі ці каментавалі ў адкрытых тэлеграм-чатах?
Дыктатура ў Беларусі многае з таго, што законна, інтэрпрэтуе як незаконнае. Гэта датычыць, у тым ліку, любой крытыкі ўлады і апазіцыйнай дзейнасці. Больш за тое, многае абвяшчаецца незаконным задняй датай. Чалавек належаў да групы ў мэсэнджары па месцы жыхарства, ці па месцы працы, ці па палітычных інтарэсах, і гэта быў законны чат. Але з часам яго абвяшчаюць экстрэмісцкім, і пачынаюць пераследаваць за факт прыналежнасці да яго — а вы можа ўжо і забылі, што ў ім удзельнічалі.
Пра тое, як менавіта лукашэнкаўцы дэананімізуюць людзей у тэлеграме, мы ўжо пісалі ў нашым артыкуле. Але паўторым коратка тое, што датычыць адкрытых чатаў (і неўзабаве раскажам, як ствараць ананімныя акаўнты ў тэлеграме і сацыяльных сетках).
Па-першае, важна час ад часу мяняць акаўнт, пажадана — пераствараць яго на віртуальны ці замежны нумар. Чым даўжэй існуе ваш акаўнт, тым большая імавернасць, што вы пакінулі сляды, якія дазволяць вас вылічыць. Перад выдаленнем акаўнта лепш выдаляць гісторыю вашых паведамленняў у чатах і дыялогі з усімі вашымі суразмоўцамі з абодвух бакоў.
Па-другое, у любых публічных чатах памятайце аб правілах інфармацыйнай гігіены. Не размяшчайце ў чатах ніякай персанальнай інфармацыі — месца працы, жыхарства ці ўзрост. Увогуле не знаёмцеся з людзьмі ў ананімных чатах і не рабіце там неабдуманых выказванняў.
Добрая штука — Партызанскі Telegram (які нядаўна аднавіўся і выправіў большасць сваіх хібаў), у ім можна мець два акаўнты. У П-тэлеграме ёсць магчымасць стварыць несапраўдны код-пароль (інструкцыі тут), набор якога аўтаматычна выдаляе змест акаўнта, які вы не хацелі б, каб чыталі тыя, хто вас затрымлівае.
Агулам, перш чым напісаць нейкі каментар, спыняйцеся і задумвайцеся. Словы не заўсёды дапамагаюць справе, а ў Беларусі, якая ператварылася ў таталітарную дзяржаву, увогуле часам проціпаказаныя.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары