Грамадства22

«Змова сілавікоў»: хто тыя афіцэры, якіх судзяць разам з Пракоп'евым

У групе, якую вінавацяць у спробах падпалу дома Гайдукевіча і аддзела міліцыі, — намеснік камандзіра атрада АМАПа ды іншыя былыя сілавікі. Ім пагражае да 20 гадоў. Аднак самае вострае, здаецца, яшчэ застаецца непрагавораным.

Пра гэтую справу ўпершыню стала вядома ў верасні 2021 года. Тады КДБ адсправаздачыўся пра затрыманне сям'і Вайцяховічаў з Барысава. З экранаў дзяржаўнага ТБ сілавікі заявілі, што Вайцяховічы спрабавалі падпаліць дом дэпутата Гайдукевіча і машыну суддзі. Вядома, што КДБ доўгі час (яшчэ да атакі на дом Гайдукевіча) пільна сачыў за імі, але затрымаў іх толькі праз месяц пасля.

Пасля стала вядома, што ў той жа дзень затрымалі каля 20 чалавек. Значная іх частка — былыя сілавікі, прычым некаторыя з іх — з элітных сілавых падраздзяленняў.

Гэтая справа паказвае, што ўнутры сілавых структур выспела не проста незадаволенасць дыктатурай, але і гатоўнасць браць удзел у барацьбе з ёю.

Мяркуючы па складзе і падборы абвінавачаных, яны былі здольныя на самыя рашучыя дзеянні. Пра затрыманне сям'і Вайцяховічаў паведамлялася публічна, але, мяркуючы па тым, што ўдалося высветліць «Нашай Ніве», не яна была галоўнай мэтай аперацыі, у цэнтры якой, магчыма, быў агент, інфільтраваны ў кола былых сілавікоў, што — таксама магчыма — былі звязаныя з бізнэсоўцам-эмігрантам Вадзімам Пракоп'евым.

І амаль нічога пакуль невядома пра важную ў гэтай справе постаць былога амапаўца Дзмітрыя Ж. Гэты чалавек сам не фігуруе ў матэрыялах пра завядзенне матэрыялаў крымінальнай справы супраць Вайцяховічаў, хоць і адсядзеў на «Амерыканцы» 10 сутак. 

Сям'я Вайцяховічаў

Вольга і Віталь Вайцяховічы. Фота: dissidentby.com і «Наша Ніва»

Вользе Вайцяховіч 48 гадоў. Яна была індывідуальнай прадпрымальніцай і зарабляла манікюрам. 55-гадовы Віталь Вайцяховіч працаваў на вытворчасці вокнаў. 

Адна з прац Вольгі. Фота: сацсеткі Вольгі Вайцяховіч

Акрамя дарослай дачкі Крысціны і сына Уладзіслава (яны цяпер за кратамі), у пары ёсць яшчэ адзін сын, якому цяпер 10 гадоў. Віталь з-за кратаў пісаў, што затрыманне жонкі «стала для яго шокам». Сужэнцы моцна перажываюць праз тое, што іх малодшы сын будзе расці без бацькоў.

Уладзіслаў з малодшым братам, калі яшчэ быў курсантам Акадэміі МУС. Фота: сацсеткі Вольгі Вайцяховіч

Уладзіславу Вайцяховічу 27 гадоў, ён былы міліцыянт, служыў у часці 5448 унутраных войскаў, якая знаходзіцца на мінскай вуліцы Маякоўскага. Даслужыўся да камандзіра ўзвода.

Гэта адна з элітных часцей мінскага спецназа, якая, сярод іншага, удзельнічала ў задушэнні пратэстаў ва ўсе часы кіравання Лукашэнкі. Яны ж часцяком патрулявалі цэнтр Мінска і іншыя грамадскія месцы. Але амаль адразу пасля выбараў Уладзіслаў звольніўся, бо «цяжка было знаходзіцца ў такой абстаноўцы», піша Dissidentby.

Ягонай жонцы Настассі Вайцяховіч 25 гадоў. Яна працавала прадавачкай у краме зоатавараў.

Уладзіслаў і Настасся. Фота: «УКантакце» / Уладзіслаў Вайцяховіч

Вайцяховічаў вінавацяць у спробе падпалу дома сям'і Гайдукевіча. Сярод абвінавачанняў таксама няўдалая спроба падпалу легкавіка сілавіка і намер падпаліць вайсковую часць, ад якога яны адмовіліся самі.

Выглядае, што на момант спробы падпалу дома Гайдукевіча за імі шчыльна назіраў КДБ, які ведаў іхнія планы, але самога Гайдукевіча пра гэта не папярэдзілі. 

Праўладныя прапагандысты сцвярджаюць пра выключна высокую небяспеку дзеянняў сям'і, але сарамліва не акцэнтуюць увагу на тым, што чэкісты цалкам кантралявалі дзеянні Вайцяховічаў — і невядома, ці не накіроўвалі іх. Напрошваецца аналогія са справай АГСБ.

Чытайце таксама: «Справа АГСБ»: як КДБ арганізоўваў «тэракты»

Вайцяховічы не здолелі нічога падпаліць. Рэальная шкода ад іхніх дзеянняў складае пару дзясяткаў рублёў.

Фрагмент здымак — кадэбэшнікі здымаюць увесь працэс спробы падпалу дома Гайдукевіча. Скрыншот відэа дзяржаўных СМІ

Вайцяховічаў абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў — кожнаму выстаўлена ад трох да шасці. Усім чацвярым інкрымінуюць «тэрарызм», «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады» і «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні», за што можа пагражаць да 25 гадоў турмы.

Уладзімір Савянкоў, амапаўскі камандзір

Уладзімір Савянкоў. Фота: «УКантакце»

Уладзімір Савянкоў раней быў намеснікам камандзіра атрада АМАПа.

А таксама дэпутатам ад Пушкінскай выбарчай акругі №9 у аграгарадку Калодзішчы.

45-гадовага мужчыну вінавацяць у спробе падпалу аддзела міліцыі ў Фрунзенскім раёне Мінска, якая адбылася 16 жніўня 2021 года (праз тры дні пасля затрымання Вайцяховічаў). Пад вартай ён са снежня 2021 года — адметна, што з пяці чалавек, пра затрыманне якіх тады адсправаздачыўся КДБ, пад вартай засталіся толькі двое, адзін з якіх не ўдзельнічаў у падпале.

Мужчыну пагражае да 20 гадоў турмы па 2-й частцы артыкула 289 КК («Акт тэрарызму»).

Павел Чыхінскі, следчы

Павел Чыхінскі. Фота: dissidentby.com

Павел Чыхінскі — 44-гадовы следчы родам з Баранавічаў. Пасля заканчэння БДУ працаваў у пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска, а пасля перайшоў у Следчы камітэт. Апошняе месца працы — старшы следчы ўпраўлення СК па Мінску.

Яго вінавацяць ва ўдзеле ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» і «злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, якія пацягнулі цяжкія наступствы». Гэта да 12 гадоў зняволення.

Эдуард Пястрак, інструктар 3214

Эдуард Пястрак. Фота: «УКантакце»

39-гадовы Эдуард Пястрак трэніраваў спецназ у вайсковай часці 3214.

Пястрак прафесійна займаўся адзінаборствамі. З 2006 года са спорту ён прыйшоў у міліцыю, а з 2009 года — у АМАП. Даслужыўся да інспектара па прафпадрыхтоўцы.

гартайце ніжэй, каб прачытаць працяг

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Пра яго стала вядома дзякуючы злітым запісам праслухоўкі міліцыянтаў, якая ёсць у «Кіберпартызанаў».

Па горкай іроніі, у затрыманні ўдзельнічалі ягоныя вучні, а пасля яго звольнілі заднім чыслом.

Пестрака вінавацяць па частцы 3 артыкула 425 КК — «Бяздзеянне службовай асобы, якая займае высокую службовую пасаду, або якое пацягнула цяжкія наступствы». Яму пагражае да 7 гадоў турмы.

Арцём Ярмак, які пакінуў краіну

Арцём Ярмак. Фота: «УКантакце»

Арцём Ярмак — 35-гадовы былы сілавік, якога абвінавацілі ў тым, што ён «даваў парады Вайцяховічам па падпалах».

Але 30 лістапада 2021 года мужчыну вызвалілі пад абавязацельства аб яўцы, і ён пакінуў краіну, піша Dissidentby.

«Наша Ніва» праз супольныя кантакты прасіла яго пра адказы на пытанні, але запыт застаўся без адказу.

Вайсковы пенсіянер Сакалоў

Алег Сакалоў. Скрыншот з Youtube-канала АТН

Алег Сакалоў — 46-гадовы вайсковы пенсіянер з Ліды. Яго арыштавалі амаль адразу пасля затрымання Вайцяховічаў. Згодна з інфармацыяй КДБ, мужчына жыў на падпольным становішчы, не меў мабільнага тэлефона і прымаў высокія захады па ўласнай канспірацыі. Таксама меў пры сабе зброю. 

З прэс-рэліза КДБ вынікае, што здзейсніць ён нічога не паспеў, акрамя таго, што забраў нейкую зброю і схаваў яе. Па заяве сілавікоў, Сакалоў рыхтаваў сілавыя акцыі. КДБ зазначае, што ў яго «былі тыя ж замежныя куратары, што і ў Вайцяховічаў». Яму пагражае да 25 гадоў турмы па шасці артыкулах, сярод якіх таксама «тэрарызм».

29-гадовая супрацоўніца гатэля «Еўропа»

Вольга Петух. Фота: «УКантакце»

Вольга Петух — 29-гадовая ўраджэнка Гомельшчыны, якая працавала ў мінскім гатэлі «Еўропа».

З яе лістоў і ад былых сукамерніц вядома, што на яе моцна ціснулі ў СІЗА і часта падсаджвалі людзей, якія спрабавалі даведацца ад яе тое, пра што яна нічога не ведае. Віну яна адмаўляе цалкам. Ёй пагражае да 20 гадоў турмы па пяці крымінальных артыкулах.

Грузчык з Мінска

Дзяніс Філончык — 39-гадовы грузчык з Мінска. З жонкай у іх двое дзяцей. Затрыманы па справе спробы падпалу гарадскога аддзела міліцыі разам з Савянковым, але да падпалу недатычны. Вінавацяць яго ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» і «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні». 

Мінчук, які дапамагаў сілавікам уладкоўвацца

Сяргей Лісоўскі. Фота: «Аднакласнікі»

Сяргей Лісоўскі — 46-гадовы мінчук. Працаваў у кампаніі Eurocar, якая займалася здачай аўтамабіляў у арэнду і перавозкамі. Сяргей пераконваў сілавікоў, якія вагаліся, што варта звольніцца са службы, а таксама дапамагаў ім з пераездам у іншыя краіны і пошукам працы.

Яго вінавацяць па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса, яму пагражае да 25 гадоў турмы.

Дырэктар Eurocar і «Белеўрарэнт»

Фота: naviny.by

Дзмітрый Невяркевіч — 40-гадовы мінчук, дырэктар кампаній па перавозках і арэндзе аўто Eurocar і «Белеўрарэнт».

Яго затрымлівалі ў лістападзе 2020 года за ўдзел у акцыях пратэсту. Дзмітрыя абвінавачваюць у «змове з мэтай звяржэння дзяржаўнай улады», удзеле ў «экстрэмісцкім фарміраванні» і ўхіленні ад падаткаў, яму пагражае да 12 гадоў турмы.

Рой, Юркевіч, Міхайлаў

Мікалай Рой. Фота: dissidentby.com

Яшчэ пра траіх фігурантаў не вядома амаль нічога, але ўсе яны, пісалі дзяржаўныя СМІ, пад вартай. Гэта 41-гадовы Мікалай Рой (вінавацяць па трох артыкулах, сярод якіх «удзел у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), Пятро Юркевіч (таксама тры артыкулы і «ўдзел у змове») і Аляксей Міхайлаў (вінавацяць у неданясенні).

Тыя, супраць каго закрылі справу

Таксама ёсць шэраг людзей, з якіх фактычна знялі абвінавачванні. Акрамя згаданага вышэй Ермака, гэта сям'я Вольгі і Аляксандра Подзька з Мінска (абодва прасядзелі 4 месяцы ў СІЗА КДБ, Вольга асуджаная на 3 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах), працаўнік салона Peugeot з Мінска Дзмітрый Моргаль (пра лёс нічога не вядома, з сацсетак цалкам знік), 53-гадовы Андрэй Буякевіч (вызвалены з СІЗА КДБ праз некалькі месяцаў) і двое сваякоў Гурскіх (затрыманыя 27 жніўня, пазней зніклі са спісаў абвінавачваных).

Тыя, каго судзяць завочна

Вадзім Пракоп'еў

Вадзім Пракоп'еў — 51-гадовы былы мінскі рэстаратар, цяпер — грамадскі дзеяч, палітык і блогер. Адзін з арганізатараў палка «Пагоня», чальцы якога ваююць ва Украіне.

Ігар Чамякін. Фота: «УКантакце»

Ігар Чамякін — 31-гадовы былы афіцэр «Алмаза».

Ëн звольніўся са спецпадраздзялення пасля таго, як «Алмазу» далі загад затрымаць Калеснікаву. Пасля звальнення выехаў ва Украіну.

Чытайце больш: Плюнуў на рэжым пасля загаду затрымаць Калеснікаву. Капітан «Алмаза», які перайшоў на бок народа, — хто такі Ігар Чамякін

Дзяніс Хаміцэвіч — 40-гадовы былы сілавік. У 2008 годзе звольнены. Быў супрацоўнікам 8-га ўпраўлення Дэпартамента аховы, якое спецыялізуецца на ахове асабліва важных аб'ектаў.

Усіх траіх абвінавачваюць па цяжкіх і асабліва цяжкіх артыкулах. Ім пагражае да 25 гадоў завочна.

«Наша Ніва» праз супольныя кантакты прасіла яго пра адказы на пытанні. Ëн адмовіўся, але паабяцаў даць інфармацыю пазней.

Што аб'ядноўвае гэтых людзей?

Сувязі між асобнымі ўдзельнікамі групы не відавочныя, але звяртае ўвагу, што іх звязвае прысутнасць у адной справе з бізнэсоўцам-эмігрантам і рашучым крытыкам дыктатуры Вадзімам Пракоп'евым.

Па звестках нашай крыніцы, частку людзей аб'ядноўвалі непасрэдныя кантакты з Вадзімам Пракоп'евым, а некаторых — удзел у адных чатах з тымі, хто кантактаваў ці планаваў акцыі. Тыя, каго вінавацяць у «бяздзейнасці» і «неданясенні», імаверна, ведалі кагосьці з абвінавачваных, але не выдалі іх.

Мяркуючы па ўсім, большасць фігурантаў справы былі не знаёмыя між сабой.

Мяркуючы па асобных вядомых «Нашай Ніве» фактах, важная постаць у справе — былы амапавец Дзмітрый Ж. На гэты момант цяжка сказаць, ці ён быў інфільтраваны ў гэтую групу, ці ў нейкі момант застрашыўся і прыйшоў у спецслужбы з павіннай. Вядома, што гэты чалавек сам не фігуруе ў матэрыялах пра завядзенне матэрыялаў крымінальнай справы супраць Вайцяховічаў, хоць і адсядзеў на «Амерыканцы» 10 сутак. 

Суд над 18-цю фігурантамі справы пачнецца неўзабаве. Магчыма, тады з'явіцца болей яснасці, якім менавіта чынам КДБ звязаў гэтых людзей.

Вадзім Пракоп'еў, да якога звярнулася «Наша Ніва», ад каментара адмовіўся.

Пры напісанні артыкула выкарыстоўваліся звесткі, сабраныя нашымі рэпарцёрамі і Dissidentby.

Каментары2

  • Прод
    07.02.2023
    Организатором заговора как всегда был КГБ, а внизу пирамиды те кого можно посадить?
  • Чохольский
    07.02.2023
    В одну преступную группу можно обьединить и жука ,и абсолютно целомудренную жабу.Что меня в этом ряде вменяемых преступлений смешит ,так это неудавшиеся поджоги автомобилей. А главная причина ,на мой взгляд ,открыто проявленная нелояльность.

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць6

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць

Усе навіны →
Усе навіны

Як змяніць беларускія нумары на літоўскія. Што трэба і колькі каштуе працэдура?15

Ірына Фарыён памерла ў бальніцы15

Стары паплечнік Лукашэнкі параўнаў яго з аяталой Хамейні. Параўнанне так сабе2

На Менцы раскапалі ўжо тры рады гакавых драўляных канструкцый ФОТА3

16-гадовая беларуска ўпала з шостага паверха ў Варшаве

Ірына Абельская стала заслужанай доктаркай17

Полк Каліноўскага афіцыйна пацвердзіў замену свайго камандзіра і заявіў пра рэфармаванне20

Польшча распачала паляванне на кампаніі, якія абыходзяць санкцыі супраць Беларусі і Расіі1

Лукашэнка загадаў адпраўляць на ліквідацыю наступстваў урагану палітзняволеных18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць6

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць

Галоўнае
Усе навіны →