Грамадства11

«Пасля зімы наступае Вясна, і Вясна прыйдзе незваротна». Апошняе слова Валянціна Стэфановіча

Акрамя Алеся Бяляцкага, з моцным апошнім словам сёння выступіў таксама намеснік старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Валянцін Стэфановіч.

У чацвер я палову дня слухаў пракурора і не пачуў аніякіх доказаў. Толькі агульныя фантазіі следства, якія мы атрымалі з боку абвінаваўцы. Паўтаруся, ніводнага ўстаноўленага факта здзяйснення злачынства мной і маімі калегамі.

Я не буду паўтараць аргументы адвакатаў-абаронцаў, толькі падкрэслю, што ад самага пачатку моманту свайго затрымання я займаў прынцыповую і паслядоўную пазіцыю па непрызнанні віны.

Нагадаю, што справа была ўзбуджаная па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). І фактычна больш за год я абвінавачваўся менавіта па гэтым артыкуле.

Яшчэ ў снежні 2021 года ў МПЗ Партызанскага раёна Мінска ў дачыненні да мяне была распачатая праверка, якая была спыненая дзесьці ў маі 2022 года. Па выніках яе не было не тое што падстаў для крымінальнай адказнасці, а нават для адміністрацыйнай.

13 гадоў не было ўстаноўлена перавышэння выдаткаў над даходамі. А я нагадаю, што ў 2008 годзе праводзілася падатковая праверка, якая таксама не ўстанавіла ніякіх парушэнняў заканадаўства і перавышэння даходаў над выдаткамі. То-бок фактычна з 2008 да 2022 года я пастаянна правяраюся падатковымі інспекцыямі, якія не выяўляюць ніякіх парушэнняў.

Урэшце крымінальная справа больш за год утрымання мяне пад вартай па арт. 243 КК была спыненая, і было прад'яўлена абвінавачванне па ч. 4 арт. 228 і арт. 342 КК. Віну па новых выстаўленых абвінавачваннях я таксама не прызнаў.

Пасля азнаямлення з матэрыяламі справы падчас папярэдняга следства мной было напісана хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да мяне і неадкладнага вызвалення мяне з-пад варты. Вядома, мне было адмоўлена ў задавальненні майго хадайніцтва. У сваім адказе следчы Каляга адзначыў, што, на ягоную думку, я аказваю садзейнічанне ў здзяйсненні злачынства па агульным складзе інкрымінаванага абвінавачвання. То-бок фактычна, на думку следства, я з'яўляўся саўдзельнікам у форме пасобніка, калі б гэта не было арганізаванай групай і кваліфікавалася праз арт. 16 КК.

Але паколькі нам інкрымінуецца «арганізаваная група» — гэта значыць, што ўсе саўдзельнікі з'яўляюцца савыканаўцамі, незалежна ад іх ролі. Але паўтаруся, што ніякіх доказаў наяўнай арганізаванай групы няма.

Што тычыцца ч. 2 арт. 342 КК, то тут абвінавачванне было відавочна перапісана з Дэкларацыі аб праваабаронцах. То-бок нам інкрымінуюць ажыццяўленне легітымнай праваабарончай дзейнасці. Але нават па гэтых абвінавачваннях следствам не было прадстаўлена ніякіх доказаў маёй датычнасці да здзяйснення гэтага злачынства.

Што тычыцца самога судовага працэсу, то адзначу, што ён ад самага пачатку праходзіў з парушэннем нашых правоў: прымяненнем абыходжання, прыніжаючага чалавечую годнасць, парушэннем прэзумпцыі невінаватасці, парушэннем роўнасці правоў.

Так, абвінавачваныя праваабаронцы былі пазбаўленыя магчымасці допытаў большасці заяўленых сведкаў па справе, у тым ліку так званых «залегендаваных сведкаў», паказанні якіх пракурор прапануе пакласці ў аснову прысуду, што не дзіўна, улічваючы той факт, што адна з іх з'яўляецца ні кім іншым, як няўдалым агентам спецслужб у праваабарончай супольнасці. Гэта ўсім вядомы факт.

Ну, а цяпер агент спецслужбы «Савецкай Беларусі» Алена Красоўская, якая ўвесь час прысутнічала ў зале судовага пасяджэння, нягледзячы на тое, што была сведкай, актыўна каментавала яшчэ да пачатку судовага працэсу, падчас судовага працэсу. Выклала фактычна свае паказанні ў адным з выпускаў «Савецкай Беларусі» да пачатку судовага працэсу. Натуральна, я лічу, што такія паказанні не з'яўляюцца дапушчальнымі і не могуць легчы ў аснову прысуду. Ды і, па сутнасці, паказаннямі гэта не назавеш, гэта так, зборнік нейкіх плётак, чутак, як кажуць у народзе: «Як адна баба сказала».

Ну і асобна хацелася б адзначыць асвятленне працэсу ў сродках масавай інфармацыі да вынясення прысуду. Кім нас толькі там ні называлі: і махлярамі, і аферыстамі, і тое, што мы фінансавалі дзяржаўны пераварот, і тое, што мы фінансавалі масавыя беспарадкі і яшчэ шмат-шмат чаго.

Прэзумпцыя невінаватасці — гэта канстытуцыйная гарантыя, яна належыць усім абвінавачваным, няважна па якіх артыкулах.

Вяртаючыся да таго, што выказваў падчас прамовы пракурор: усе роўныя перад законам. Мы таксама роўныя перад законам і маем такія ж правы, як і ўсе астатнія грамадзяне, у тым ліку на прэзумпцыю невінаватасці.

Я, канешне, не маю ніякіх ілюзій адносна гэтага прысуду і не спадзяюся на справядлівае судовае разбіральніцтва ва ўмовах, калі ўся краіна вяртаецца фактычна да нашага «светлага» мінулага — да камуністычнага таталітарызму. Тут, канешне, згадаю, наколькі ў такіх сітуацыях

судовая сістэма не з'яўляецца незалежнай, а пасля жніўня 2020 года знаходзіцца проста ў дэградаваным становішчы. Гэтак званыя наглядныя органы законнасці цяпер жывуць па прынцыпе «иногда не до законов».

Нагадаю, што свабода ад катаванняў з'яўляецца адным з двух неабмежаваных правоў чалавека. То-бок яны [абмежаванні] недапушчальныя ні пры якіх абставінах: ні пры ваенных становішчах, ні пры вайне, ні пры іншых нейкіх катаклізмах. І канешне, каб абараняць людзей ад катаванняў і сваволля, трэба мець прафесійную годнасць і смеласць.

Але тым не менш, я бачыў у СІЗА людзей, якія засталіся верныя сваёй прысязе і прафесійнаму ўзроўню: як памочнік пракурора Першамайскага раёна Мінска капітан юстыцыі Яўген Бабак, з якім сядзеў у ІЧУ, а потым больш чым паўгода ў адной камеры СІЗА, і іншыя прадстаўнікі пракуратуры і Следчага камітэта.

А тым часам катаванні працягваюцца. Людзі, якія трапляюць у СІЗА, распавядаюць пра тое, што ў нас адбываецца ў ІЧУ на Акрэсціна, як у людзей выбываюць паролі, як іх б'юць электрашокерамі, запіхваюць у двухмесныя камеры па 30 чалавек і людзі вымушаны спаць на падлозе без матрацаў, без цёплых рэчаў — усё гэта працягваецца. І бараніць гэтых людзей няма каму.

Крызіс унутры краіны, які пачаўся ў жніўні 2020 года, працягваецца. Але паўнавартаснага дыялогу, як мы бачым, няма і не прадбачыцца. Усё гэта нагадвае, як я ўжо казаў, наша таталітарнае мінулае — са з'езда КПСС, якіх не абіраюць прамым галасаваннем… Карацей кажучы, як казаў адзін герой фільма «Покровские ворота»: «Живи и радуйся и делай, что тебе говорят».

Што тычыцца «Вясны», то пагрозы ў наш адрас былі заўсёды, прычым чамусьці гэта супадала з электаральнымі кампаніямі. Ёсць у нас такая рацыянальная пазіцыя ў краіне: садзіць тых, хто ўдзельнічаў у выбарах, а цяпер больш шырокае кола: прадстаўнікоў незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці. Так было і ў 2001-м годзе, 2006-м, 2010-м і ў 2020-м годзе.

«Вясна» была ліквідавана праз два гады пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года. У 2006-м была сітуацыя падобная да гэтай, калі анансавалі па тэлебачанні тых, хто дзейнічае без рэгістрацыі, як ворагаў Рэспублікі Беларусь. Потым праходзіў час, змяняліся палітычныя ўказанні, і ўжо ў 2009-м я ўдзельнічаў у дэлегацыі праваабаронцаў, якая сустракалася з тагачаснай першай намесніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Пяткевіч.

Ніхто за гэты перыяд да крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі не быў прыцягнуты. А чаму? Таму што нашыя праваахоўныя органы кусаюць толькі па загадзе. Няма загаду — ніхто не кусае.

Я яшчэ раз заяўляю, што мой пераслед звязаны выключна з маёй праваабарончай дзейнасцю — легітымнай і мірнай. Гэты пераслед з'яўляецца выключна палітычна матываваным. Але дзейнасць «Вясны» гэта ніякім чынам не спыніць.

Мы пражылі не дарма жыццё — мы падрыхтавалі сабе замену. Прыйшлі новыя пакаленні беларускіх праваабаронцаў, якія нашую дзейнасць працягваюць, і яна працягваецца. Ну а хаду натуральнага жыцця спыніць немагчыма: пасля зімы наступае Вясна, і Вясна прыйдзе незваротна».

Чытайце таксама:

«Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну!» Апошняе слова Алеся Бяляцкага

Каментары1

  • Смурод на ўвесь свет
    14.02.2023
    Суд самавыкрыў гніласць усёй сістэмы. Гніласць і прадажнасць. Чарговы суд у чарговы раз... Чакаем новых санкцый.

На магільным помніку Макея выбілі частку шыфру каліноўцаў ФОТА14

На магільным помніку Макея выбілі частку шыфру каліноўцаў ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

«У 2020-м два сыны ўгаворвалі Лукашэнку ляцець з Беларусі»31

«Газпрам» спыняе пастаўкі газу Малдове

Арменія не збіраецца вяртаць пасла ў Мінск2

Рэцыдывіст, які скраў унітаз у суседа. Расказваем, хто той найміт з Беларусі, якога ўзялі ў палон ва Украіне3

Шэф ChatGPT пра Маска: «Хам і хуліган, але і прадпрымальнік легендарны»

Пуцін выбачыўся перад Аліевым за атаку на самалёт Баку — Грозны8

На вайне ва Украіне загінуў рэдактар расійскага тэлеканала «Ізвестія», які паехаў туды добраахвотнікам увосень 2022 года6

Дырэктара «Гараўтамоста» судзяць за хабар і крадзеж

У Мінску адкрыўся новы выстаўны цэнтр «Белэкспа»9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На магільным помніку Макея выбілі частку шыфру каліноўцаў ФОТА14

На магільным помніку Макея выбілі частку шыфру каліноўцаў ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →