Аварыя на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце. Скрын з відэа МНС
Генеральны дырэктар ААТ «Светлагорскі ЦКК» Юрый Крук сустрэўся з сем'ямі загінулых, як гаворыцца ў паведамленні.
Аварыя на прадпрыемстве адбылася 7 чэрвеня прыкладна а 15:30.
У тэлеграм-канале гомельскага тэлебачання ў 15:46 напісалі, што на тэрыторыі цэлюлознага камбіната адбыўся выбух, а ратавальнікі шукаюць дваіх работнікаў, якія знаходзіліся побач з месцам аварыі.
Так выглядае цэх пасля «ўспышкі». Скрын з відэа МНС
У пазнейшых афіцыйных паведамленнях гаварылася пра ўспышку газапаветранай сумесі ў цеплаабменніку. Яна адбылася падчас правядзення прафілактычных і рамонтных работ у цэху выпаркі шкіпінару.
Пра выбух пісалі і ў сацыяльных сетках.
«Сёння ў раёне 15:30 моцна бахнула з боку прамзоны. Праз непрацяглы час — сірэны машын, якія імчацца ў той бок», — гаворыцца ў адным з допісаў.
«Выбух быў вельмі моцны, і чулі як падалі розныя аскепкі, потым сірэна… Сапраўды крыху былі на паніцы, з прычыны ўсёй абстаноўкі ў Гомельскай вобласці! Дай Бог, каб усе былі жывыя і дзякуй Богу, што гэта не звязана са СВА (вайной. — НН)!!!» — адзначыў аўтар аднаго допісу.
Жыхар Светлагорска расказаў «Нашай Ніве», што тэрыторыя камбіната была ачэпленая. Шмат міліцыі і следчых. Багата выліта пажарнай пены.
СК учора заявіў, што казаць пра дакладную колькасць загінулых і пацярпелых на Светлагорскім ЦКК рана, бо следчыя пакуль не маюць доступу да ўсёй пашкоджанай тэрыторыі. Магчыма, пад заваламі яшчэ ёсць людзі.
У 2020 годзе на светлагорскім прадпрыемстве ў выніку выбуху на чане ракітавага алею загінуў 40-гадовы зваршчык Аляксандр Русіновіч.
Вытворчасць беленай цэлюлозы спачатку ўзводзіла кітайская кампанія за кітайскія ж інвестыцыі. Але ў выніку канфлікту ў 2018 годзе кітайцы адмовіліся ад супрацоўніцтва з беларускім бокам. Даводзілі да ладу абсталяванне іншыя спецыялісты.
Запусцілі новую вытворчасць у 2020 годзе. Яна вырабляе сульфатную беленую цэлюлозу, якую выкарыстоўваюць у папяровай вытворчасці і вырабе некаторых будаўнічых матэрыялаў.
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»Глядзіце таксама:
У санкцыйны спіс ЗША трапіла беларускае прадпрыемства «Светлагорск Хімвалакно»
Навагрудак застаўся без вады: на цэнтральным водаправодзе адбылася аварыя





