«Лукашэнка можа стаць міратворцам на сваю галаву, бо Пуцін помслівы». Аналітык — пра вынікі мяцяжу і Прыгожына ў Беларусі
Лукашэнка «ўпісаўся» за Пуціна, бо лічыць, што пасля крушэння Пуціна наступным падзе ён, а «вагнераўцы» ў Беларусі могуць стаць галаўным болем. Аналітык Аляксандр Класкоўскі разважае пра ролю Лукашэнкі ва ўрэгуляванні канфліку паміж Пуціным і Прыгожыным і пра рызыку ад магчымага прыезду «вагнераўцаў».
Навошта Лукашэнка «выратаваў» Пуціна?
Палітычны аглядальнік праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што Лукашэнка быў зацікаўлены ўклініцца ў гэты сюжэт. Але не праз тое, што яму патрэбны баявы досвед «вагнераўцаў» ці нейкае новае падраздзяленне ў шэрагах беларускага войска.
«Калі ўслухацца ў ягоныя словы, то можна даволі выразна зразумець, што ён сапраўды баяўся: калі разгарыцца «смута» ў Расіі, то яна зможа пахіснуць і разбурыць пуцінскую сістэму. Адпаведна, тады захістаецца і ягоная ўлада. Напэўна гэта і была яго асноўная матывацыя», — лічыць аналітык.
Таксама Класкоўскі звяртае ўвагу на заявы Лукашэнкі, што рыхтавалася брыгада, якую ён быў гатовы паслаць на выратаванне Пуціна.
«Мяркую, што сапраўды быў такі запыт з боку Пуціна, але Лукашэнку, вядома, не хацелася, каб ягоныя байцы ўдзельнічалі ў гэтым праліванні крыві ў Расіі».
«Гэта вельмі балючая сітуацыя для Пуціна»
«Выглядае, што роля Лукашэнкі ў вырашэнні гэтага канфлікту была даволі сур’ёзнай, — разважае Класкоўскі. — Яго знаёмства з Прыгожыным і нейкі ўзаемадавер сыгралі сваю ролю.
Іншая рэч у тым, што такая праўда не даспадобы Пуціну, бо ён тут выглядае слабым і нерашучым кіраўніком, якога фактычна ўратаваў яго беларускі хаўруснік».
Класкоўскі лічыць, што гэта вельмі балючая сітуацыя для Пуціна. Аналітык не выключае, што праз нейкі час ён як помслівы чалавек паспрабуе адгуляцца, каб паставіць Лукашэнку на месца і паказаць, хто гаспадар, а хто васал.
«Лукашэнка сабраў добры піяраўскі ўраджай, а пуцінская сістэма паказала, наколькі яна гнілая і ўразлівая. Лукашэнка сёння заяўляў, што на абарону Масквы наскрэблі ўсяго каля 10 тысяч чалавек, таму сітуацыя была сапраўды крытычнай. Так што высілкі беларускага павадыра, магчыма, сапраўды сур'ёзна дапамаглі Пуціну адносна ўдала для сябе «разруліць» гэтую сітуацыю», — лічыць Класкоўскі.
Нягледзячы на гэта, Класкоўскі ўпэўнены, што выратаванне Лукашэнкам Пуціна не азначае змены ў іх адносінах.
«Пуцін усё адно разумее, што Лукашэнка надзвычай залежны ад Крамля, ад ягоных нафты, газу, ад крэдытаў, расійскага рынку і г. д. Таму ўсе гэтыя рычагі ціску ў расійскага прэзідэнта засталіся. Пуцін усведамляе, што панаваць у двухбаковых адносінах будзе ён, а Лукашэнка нікуды не падзенецца».
Эфект ад сітуацыі, якая склалася, хутчэй для Лукашэнкі станоўчы, як мяркуе аналітык, але ў перспектыве «вагнераўцы» могуць стаць галаўным болем. Паколькі будзе незразумела, што з імі рабіць, на якіх падставах яны будуць знаходзіцца ў Беларусі, у якой колькасці, каму ў выніку будуць падпарадкоўвацца.
«Відавочна, што разам з Прыгожыным у Беларусь прыбудуць не пяць чалавек. Іх будуць сотні, калі не тысячы. І гэта небяспечны кантынгент з вайсковым досведам, а нярэдка і з крымінальным мінулым.
Як мінімум, могуць узнікнуць нейкія канфлікты з мясцовым насельніцтвам. Мяркую, што і беларускія сілавікі таксама напружыліся, бо мець справы з «вагнераўцамі» не тое самае, што разганяць дзяўчат з кветкамі.
Калі казаць пра Беларусь як краіну ў цэлым, то Прыгожын заявіў, што Лукашэнка працягнуў руку і прапанаваў знайсці шляхі рашэння для працы ПВК «Вагнер» у законнай юрысдыкцыі. Калі гэта сапраўды так, то гэта рызыкоўны для Лукашэнкі варыянт, бо ў шэрагу краін «Вагнер» лічыцца злачыннай або тэрарыстычнай групоўкай. Браць такую структуру пад сваё крыло з вялікай імавернасцю будзе адзначаць для Мінска новыя санкцыі. Таму і з гэтага пункту гледжання перспектыва нядобрая».
«Ад Прыгожына і вагнераўцаў можна чакаць чаго заўгодна»
Апроч гэтага, знаходжанне «Вагнера» на нашай тэрыторыі можа пагоршыць і без таго кепскія стасункі з Польшчай і Літвой. Таму, на думку Класкоўскага, тое, што сёння выглядае добрым піярам, неўзабаве можа стаць праблемамі з усіх бакоў.
«Гэта не падабаецца не толькі Захаду, але і некаторым у самой Расіі, бо Пуцін можа затаіць крыўду. Ды і ад самога Прыгожына і «вагнераўцаў» можна чакаць чаго заўгодна. Ён ужо паказаў, якім можа быць выбухным і непрадказальным персанажам. Таму калі ў моманце выглядае, што Лукашэнка выйграе, то ў перспектыве можа аказацца так, што ён стаў міратворцам на сваю галаву», — лічыць эксперт.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Ходзяць чуткi
Поыйдзе моладзi атрад