У будучыні чалавецтва магло б гасіць цыклоны. Але кіраванне надвор'ем звязана з новымі рызыкамі
У сувязі з глабальным змяненнем клімату, выкліканым дзейнасцю людзей, шкода ад цыклонаў вырасла ў сем разоў з 1980-х гадоў, хоць пры гэтым і скарацілася колькасць ахвяр, дзякуючы развіццю сістэм ранняга папярэджання. Шкода на многія мільярды даляраў аднавіла цікавасць да эксперыментаў па кантролі надвор'я часоў Халоднай вайны. У той час як першыя спробы не мелі поспеху, новае даследаванне ацэньвае іншыя метады аслаблення штормаў шляхам напампоўвання халоднай вады з глыбінь або распаўсюджвання спецыяльных часціц у ніжніх пластах атмасферы. Але гэтыя метады могуць мець нечаканыя і нават небяспечныя пабочныя эфекты.
Ці можам мы сапраўды ператварыць цыклон у звычайны шторм?
Гэта магчыма, але відавочна няпроста. У 1960-я гады Злучаныя Штаты даследавалі метад «засявання аблокаў», каб спыніць утварэнне ўраганаў. Гэты тып мадыфікацыі надвор'я накіраваны на змяненне колькасці або тыпу ападкаў шляхам рассейвання ў паветры рэчываў, якія змяняюць мікрафізічныя працэсы ў аблоках.
Падчас праекта пад назвай STORMFURY самалёты ўзляталі высока над цыклонамі ў моры і апырсквалі іх ёдыдам срэбра — хімічным рэчывам, якое магло спрыяць «зліпанню» кропель вады, якія павінны потым выпасці ў выглядзе дажджу. Гэта, паводле тэорыі, перашкодзіць фарміраванню ўрагану. Аднак у выніку дакладная карысць такога метаду так і не была даказаная, і праект урэшце быў спынены.
Замест гэтага даследчыкі вывучаюць два новыя варыянты.
Для фарміравання цыклонаў патрэбна гарачая марская паверхня. Калі б мы змаглі астудзіць паверхню — напрыклад, шляхам падачы астуджанай вады з глыбіні больш за 200 метраў — мы маглі б прадухіліць і фармаванне цыклону. Праблема тут у кошце. Нарвежскі стартап па барацьбе з цыклонамі OceanTherm мяркуе, што распрацоўка тэхналогіі будзе каштаваць каля 480 мільёнаў даляраў і яшчэ каля 105 мільёнаў кожны год, каб працягваць працу.
Што яшчэ горш, астуджэнне аднаго ўчастка акіяну не перашкаджае ўзнікненню цыклонаў у іншым месцы. Згодна з мадэляваннем, ахалоджванне акіяну ў найлепшым выпадку будзе аказваць толькі абмежаваны эфект па аслабленні цыклонаў.
Ёсць больш верагодны варыянт — аэразольны ўпырск. Навукоўцы ўжо ведаюць, што пыл, які выносіцца з Сахары ў Атлантыку, памяншае ўтварэнне цыклонаў. Мы маглі б выкарыстоўваць самалёты або беспілотныя лятальныя апараты, каб уводзіць гіграскапічныя (што прыцягваюць ваду) часціцы ў ніжнія пласты атмасферы, дзе яны адлюстроўвалі б і рассейвалі сонечнае святло, а таксама выклікалі ападкі і вызваленне энергіі.
Гэты метад мае мацнейшы навуковы грунт, улічваючы, што ён ужо сустракаецца ў прыродзе. Але як заўсёды невядома, якія гэта будзе мець пабочныя эфекты, і даследчыкі ўсё яшчэ не ўпэўненыя, што будзе адбывацца з энергіяй, пераразмеркаванай у выніку ўмяшання.
Іншыя даследаванні паказалі, што аэразолі могуць паменшыць інтэнсіўнасць цыклонаў, адначасова павялічваючы колькасць ападкаў на вонкавых круцельных краях цыклонаў. Таму больш інтэнсіўны дождж можа ўсё яшчэ прыносіць істотныя страты.
Як гэта часта бывае, прасцей вырашыць праблему, запабегнуўшы яе з’яўленню на ранніх этапах. Так, выглядае больш эфектыўным умяшацца ў цыклон на ранніх этапах ягонага жыцця, перш чым назапашваецца занадта шмат энергіі. Гэта складаная задача, таму што цыклоны могуць узмацняцца ўсё хутчэй па меры награвання планеты ў выніку глабальнага пацяплення.
Складаная палітыка
У такіх найскладанейшых рэчах, як маніпуляцыя надвор’ем, немагчыма абысціся без палітычнага аспекта. The Conversation у сваім матэрыяле прыводзіць наглядны прыклад. Дапусцім, урад Філіпін заўважае ўтварэнне надзвычай небяспечнага цыклону і вырашае сарваць яго. Але цяпло не знікае магічным чынам: яно рухаецца і раптам зноў з'яўляецца чарговы шторм, які накіроўваецца проста ў Кітай — краіну, з якой у вас напружаныя адносіны, і якая можа абвінаваціць вас у маніпуляцыях з надвор'ем.
І гэтая праблема зусім не выглядае надуманай. Калі кубінскі дыктатар Фідэль Кастра пачуў пра амерыканскі праект STORMFURY, ён спалохаўся, што гэта спроба Штатаў ператварыць надвор'е ў зброю. А ўсяго тры гады таму суседзі Кітая забілі трывогу з нагоды планаў Паднябеснай перанакіраваць атмасферную «нябесную раку» ў сухія паўночныя рэгіёны. Гэта, на думку такіх краін, як Індыя, можа забраць ваду з іх рэк.
Дык хто будзе вырашаць, як і калі гасіць цыклон? Ці варта прыватным кампаніям дазваляць праводзіць уласныя палявыя выпрабаванні, ці гэтыя буйнамаштабныя ўмяшанні павінны праводзіцца толькі ўрадам? Хто і ў якой ступені будзе адказваць за любыя пабочныя эфекты?
Ёсць і больш вострыя пытанні. Калі кантроль цыклонаў будзе ўдасканалены, то што спыніць адну краіну перанакіраваць цыклоны ў бок свайго суперніка? І самае галоўнае, ці вартыя гэтыя тэхналагічныя рызыкі патэнцыйна зніжаных рызык ад цыклонаў?
Дык што далей?
Нам трэба будзе знайсці адказы на ўсе пытанні. Па меры ўзмацнення цыклонаў нам тэрмінова спатрэбяцца новыя інстытуты, якія дапамогуць справіцца з навуковай нявызначанасцю, развіць магчымасці маніторынгу і знайсці спосабы хуткага прыняцця сумесных рашэнняў. Гэта будзе няпроста: большасць міжнародных пагадненняў рухаюцца занадта павольна, і большасць з іх не дасягаюць пастаўленых мэтаў.
Такія тэхналогіі, як упырскванне часціц, перспектыўныя, але не гатовыя да разгортвання. Па меры развіцця тэхналогій павінны развівацца і рэгуляцыйныя органы. Заўжды трэба абдумваць і ўзважваць рызыкі, перш чым спатрэбіцца тэрмінова рэагаваць і прымаць меры.
Каментары