Жанчына чула ў вуху дзіўныя гукі: «бесперапынны шум, пстрыканне і шоргат». Вось што гэта было
Цікавая медычная гісторыя здарылася на Тайвані. Паводле справаздачы, апублікаванай у The New England Journal of Medicine, 64-гадовая пацыентка наведала клініку оталарынгалогіі пасля таго, як цягам чатырох дзён запар чула дзіўныя гукі ў левым вуху. Гэтыя гукі яна апісвала як «бесперапынны шум, пстрыканне і шоргат». Гукі не дазвалялі жанчыне добра выспацца.
Жанчына таксама ўспомніла, як прачнулася ад «адчування, што нешта рухаецца ў левым вуху» ў першы дзень, калі з'явіліся сімптомы.
І сапраўды, калі лекары агледзелі пацыентку, яны хутка заўважылі маленькага павука, які проста займаўся сваімі справамі ў вушным канале.
На жаль, насякомыя і павукападобныя, якія трапляюць у чалавечыя вушы, — гэта не нешта надзвычайнае. І хоць, здаецца, няма нейкіх аналітычных даных пра тое, як часта запаўзаюць жывыя істоты ў вушы, гэта даволі частая сітуацыя, з якой сутыкаюцца лекары. Напрыклад, у 2018 годзе лор-лекар з клінікі пры Алабамскім універсітэце ў Бірмінгеме распавядаў, што ў ягонай практыцы назіраецца каля чатырох-пяці такіх выпадкаў за год, згадвае Gizmodo.
Гэты ж канкрэтны выпадак на Тайвані быў сапраўды цікавым яшчэ і тым, што павук пакінуў пасля сябе. Адзін з дактароў прызнаўся, што да гэтага не бачыў і павука, і яго скінуты экзашкілет у вуху адначасова.
Думаць пра такое часам жахліва, але казуркі ў вушах звычайна не выклікаюць сур'ёзных медычных праблем (хоць іх трэба выдаляць як мага хутчэй, каб пазбегнуць рызыкі пашкоджання вуха або інфекцыі). У апошнім выпадку лекары выкарысталі аспірацыйную канюлю (спецыяльную трубку, якая ўсмоктвае) праз атаскоп, каб высмактаць павука і яго «скінутую вопратку». У выніку жанчына «шчаслівая пайшла дадому». Пра далейшы лёс павука, на жаль, нічога не вядома.
Што рабіць, калі такое здарылася
Калі вам калі-небудзь не пашанцавала мець справу з уласным вушным паўзуном, самае важнае, што трэба мець на ўвазе, — гэта не панікаваць.
Катэгарычна не рэкамендуецца ўтыкаць што-небудзь яшчэ ўнутр, спрабуючы дастаць жука: напрыклад, ватная палачка можа толькі заштурхнуць істоту глыбей, дзе яна можа пракалоць барабанную перапонку.
Часам у вушы заліваюць алей ці гатаваную ваду, тады жучок і мурашка пачынаюць інстынктыўна выплываць. Але так не рэкамендуецца рабіць, калі ёсць падазрэнне на пашкоджанне барабаннай перапонкі.
Найлепш жа ў такім выпадку — як мага хутчэй звярнуцца да доктара, хаця б ужо толькі для таго, каб пераканацца, што ваша вуха не пашкоджана і ў ім не застаецца прадуктаў жыццядзейнасці чужой істоты.
Каментары
а мужчин вы где видели, дорогая, по телевизору?