«Дапамажыце, пакуль не позна». 1600 чалавек просяць Наталлю Качанаву спыніць будаўніцтва сховішча фекальных адкідаў пад Маладзечнам
Людзі вырашылі самастойна праявіць ініцыятыву і звярнуцца ў адну з высокіх інстанцый.
Жыхары Чысці, Краснага і вакольных вёсак Маладзечанскага раёна, а таксама мясцовыя дачнікі просяць старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву дапамагчы прадухіліць будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка асадку гаспадарча-фекальных сцёкавых вод побач з іх дамамі і гародамі, піша Kraj.by.
Людзі вырашылі самастойна праявіць ініцыятыву і звярнуцца ў адну з самых высокіх інстанцый краіны пасля таго, як стала вядома аб праведзеным тэндары на складанне праектна-каштарыснай дакументацыі па будаўніцтве сажалкі-назапашвальніка, які выйграла мінская праектная арганізацыя ТАА «Пасатпраект».
Арганізаваў збор подпісаў жыхар Краснага Андрэй.
«Подпісы збіралі чатыры дні — з панядзелка, 23 кастрычніка, да чацвярга, 26 кастрычніка, уключна. Мне нават цяжка сказаць, колькі чалавек хадзілі па вёсках і дачных участках на працягу гэтых дзён. Дзясяткі два — не менш. Да мяне проста прыходзілі жыхары Ласёў, Івонцавічаў, Відзеўшчыны. Кажуць: «Дайце нам падпісныя лісты». Пасля гэтага яны адпраўляліся па сваіх вёсках. Мне распавядалі, што людзі падпісваліся вельмі ахвотна, з энтузіязмам і нават з радасцю», — расказаў Андрэй.
— Мы хочам, каб гэтая наша акцыя была максімальна адкрытай і празрыстай. Нічога ні ад кога не хаваем. Людзі выдатна ведаюць, хто такая Наталля Іванаўна Качанава, і ў якой складанай, вельмі важнай для нас праблеме мы просім яе разабрацца, аказаць нам дапамогу, — адзначыў Андрэй.
Калектыўны зварот да Наталлі Качанавай складзены на чатырох старонках. У ім выкладзена сутнасць усёй барацьбы жыхароў Маладзечанскага раёна за чыстае паветра, глебу і ваду, якая пачалася ў сакавіку 2023 года, калі стала вядома аб меркаваным будаўніцтве сажалкі-назапашвальніка.
Па словах Андрэя, зварот падпісала каля 1 680 чалавек.
— Мы вырашылі, што такой колькасці подпісаў будзе дастаткова для таго, каб Наталля Іванаўна звярнула ўвагу на нашу бяду. Не чамадан жа подпісаў везці ў Мінск, хоць я думаю, што мы і столькі змаглі б сабраць. У пятніцу, 27 кастрычніка, мы з'ездзілі ў сталіцу і адправілі зварот у Савет Рэспублікі заказным лістом. Сёння, у аўторак, 31 кастрычніка, я атрымаў паведамленне аб тым, што наша карэспандэнцыя дастаўленая адрасату, — сказаў Андрэй.
«Нас палохае гэтая загадкавая цішыня». Людзі пад Маладзечнам рана радаваліся, што адбіліся ад сховішча фекальных адкідаў пад бокам. Магчыма, улады проста ўзялі паўзу
Пад Маладзечнам не будзе сховішча фекальных адкідаў. Здаецца, людзі адстаялі сваё
«Нам застанецца толькі прадаць дом і зʼехаць адсюль». Адкіды сталічнай каналізацыі сабраліся вазіць пад Маладзечна. Мясцовыя супраць
Каментары