Усяго патроху1515

Якая сувязь паміж БелАЭС і атлантычным ласосем? Аказваецца, самая непасрэдная

Атлантычны ласось — вельмі рэдкая ў нас рыба, якая позняй восенню прыплывае ў маленькія прытокі Віліі на паўночным захадзе Беларусі на нераст. Для яе захавання ў нас і так хапала пагроз аж з лішкам, а цяпер дадалася і новая, піша «Зялёны партал». 

Балтыйскі ласось ідзе на нераст

На календары — пачатак зімы. Да гэтага часу ў прытоках Віліі на захадзе Беларусі практычна скончаны нераст балтыйскіх (атлантычных) ласосяў. Сёння навукоўцы і валанцёры падводзяць вынікі назіранняў за сезонам нерасту. Колькі рыбіных гнёздаў ім удалося ўлічыць у гэтым годзе, будзе вядома крыху пазней. Але ўжо сёння можна сцвярджаць: нераст прайшоў добра.

Дзіўныя рыбы-падарожніцы прарабілі велізарны шлях з Балтыйскага мора ў прытокі Віліі, да месцаў сваіх нерасцільняў, каб працягнуць род. Так загадвае ім кліч прыроды і продкаў, якія стагоддзямі рабілі тое ж самае.

Неверагодна, але менавіта маленькія беларускія рэчкі ў Астравецкім раёне — месца нараджэння сотняў тысяч атлантычных ласосяў. Сюды супраць цячэння імкнуцца, выбіваючыся з сіл, дарослыя ласосевыя рыбы (атлантычны ласось і кумжа), адсюль пасля «скочваюцца» ў Балтыйскае мора падрослыя маляняты.

Так было не заўсёды, бо раней арэалам пасялення кумжы і балтыйскага ласося на тэрыторыі Беларусі былі буйнейшыя рэкі, якія непасрэдна ўпадаюць у Балтыйскае мора — Дзвіна і Нёман. Аднак пасля будаўніцтва плацін на Дзвіне і Нёмане, а таксама будаўніцтва Ковенскай гідраэлектрастанцыі ласосевыя не змаглі больш падымацца для нерасту ў вярхоўі гэтых рэк.

Адзіны натуральны міграцыйны шлях да нерасцільняў у Літве і Беларусі для ласосяў застаўся праз Вілію, якая ўпадае ў Нёман ніжэй за плаціну ГЭС.

Уверх і ўніз па цячэнні ракі

Сёння, каб дабрацца да месцаў размнажэння і адкласці ікру, ласось пераадольвае больш за 600 кіламетраў супраць цячэння па тэрыторыі Літвы і Беларусі. Па дарозе ён раз-пораз сустракае заторы на рэках, яму даводзіцца выжываць ва ўмовах іх пастаяннага забруджвання чалавекам, а таксама пазбягаць рук браканьераў, якія не супраць паласавацца рэдкай у нашых краях рыбай.

Балтыйскі ласось ідзе на нераст у цэнтры Вільні. Восень 2023 года. Фота — Сяргей Плыткевіч

Знясільваючы штогадовы шлях ласосевых з мора ў прэсныя воды рэк — асаблівасць іх жыццёвага цыклу. Прэсная вада пэўнай тэмпературы — ідэальнае месца для таго, каб адкласці ікру ў нераставых гнёздах. Падрослыя ў беларускіх рэках маляняты ласосевых плывуць уніз па цячэнні, у мора, з якога іх бацькі прыйшлі на нераст.

Тыя з іх, што выжывуць, зноў вернуцца ў Беларусь. Іншых месцаў для нерасту ў іх прыродзе проста не закладзена. Таму так важна захаваць нерасцільні гэтых відаў рыб у Віліі і яе прытоках. У адваротным выпадку мы проста страцім беларускую частку натуральнай папуляцыі ласосевых.

І хай наша беларуская папуляцыя дзікага ласося не вельмі вялікая — яна ўсё адно ўносіць немалы ўнёсак у падтрыманне яго папуляцыі ва ўсім Балтыйскім басейне.

Дзе «гняздуецца» ласось?

На сённяшні дзень ласось і кумжа нерастуюць як у самой Віліі, так і ў яе прытоках — рэках Тартак, Сянканцы, Дудцы і Кямеліне. Іх з цяжкасцю можна знайсці на карце, але браканьеры дакладна ведаюць, дзе шукаць высакародную балтыйскую рыбу.

Больш за ўсё ласосевыя любяць нераставаць у рацэ Тартак. Улік нераставых гнёздаў там вядзецца з 1999 года. У 2008 годзе навукоўцы налічвалі на рацэ каля 10 гнёздаў кумжы, а ў апошнія 2-3 гады іх стала каля 70.

Каб абараніць і захаваць беларускую папуляцыю ласосевых, каля 15 гадоў таму экалагічныя грамадскія арганізацыі, беларускія навукоўцы, дзяржаўныя прыродаахоўныя структуры пачалі рабіць разнастайныя намаганні. Грамадскія арганізацыі і валанцёры позняй восенню ставілі намёты ўздоўж рэк і літаральна ахоўвалі ласося падчас нерасту. Экалагічныя актывісты арганізоўвалі патруляванне ручаёў, разбіралі завалы і плаціны на шляху рыбы, расчышчалі ад пяску камяністыя ўчасткі, дзе нераставала рыба.

Аляксандр Дарашэвіч, гаспадар аграсядзібы «Камарышкі» — адзін з валанцёраў, якія дапамагаюць рыбе захавацца. Ён сочыць, каб бабровыя плаціны не стваралі перашкод на шляху рыбы да нерасцільняў.

Таму кожны год перад нерастам, які пачынаецца прыблізна ў пачатку лістапада, ён з іншымі валанцёрамі правярае рэкі і разбірае бабровыя плаціны, адкрываючы рыбам дарогу.

Бабрам, вядома, дадаецца працы, але ў цэлым такое ўмяшанне чалавека для іх бяспечнае. А вось рыбам, знясіленым доўгай дарогай на нераст, гэтая дапамога людзей прыходзіцца вельмі дарэчы.

Дадатковы выклік — БелАЭС

Але пакуль адныя людзі спрабуюць незаконна здабыць ласося, а іншыя робяць усё магчымае, каб яго захаваць, з'явілася яшчэ адна праблема, якая патэнцыйна ўяўляе небяспеку для папуляцыі беларускіх ласосяў. І імя ёй — Беларуская атамная станцыя.

БелАЭС размяшчаецца ў басейне Віліі, адтуль жа арганізаваны забор вады для ахаладжэння рэактараў станцыі. І гэта можа стаць праблемай.

Экалагічныя актывісты папярэджваюць: калі нагрэтую рэактарам ваду з АЭС будуць скідаць у раку, гэта можа быць пагібельным для размнажэння рыбы.

Для нармальнага размнажэння ласосю патрэбная халодная, узбагачаная кіслародам вада. У адваротным выпадку ікра проста загіне.

Яшчэ адна праблема беларускага ласося — глабальнае змяненне клімату. Так, сёлета цёплы кастрычнік адсунуў пачатак нерасту. Па назіраннях навукоўцаў, гэтым летам вада ў Віліі была цяплейшай і зелянейшай, чым звычайна. Цяплейшай і зелянейшай была вада і ў Вілейскім вадасховішчы, што таксама ўплывае на малыя рэкі рэгіёна.

І хоць у цэлым праблемы балтыйскага ласося і кумжы ў рэках Беларусі застаюцца ранейшымі — перашкоды на шляху нерасту і браканьеры — з гэтым навукоўцы і актывісты ўжо навучыліся спраўляцца. Чаго, вядома ж, нельга сказаць пра змяненне клімату і ўздзеянне атамнай станцыі.

Чытайце таксама:

Ласось: шляхетная рыба беларускай поўначы

Вырашчаны на сушы ласось набірае папулярнасць у ЗША

Мінтай, хек, скумбрыя… Якую рыбу любяць беларусы і адкуль яе прывозяць?

Каментары15

  • Прыкаліст
    22.12.2023
    Борм, а калі ў Беларусі зьвярталіся да навукоўцаў хоць па якому пытаньню? Прыгадай хоць адзін прамежак гістарычнага часу? Можа калі меліарацыю рабілі і загубілі навакольле? Альбо калі дустам зямлю атручвалі? Можа калі жксперыменты на Чарнобылі рабілі (самае ж цікавае што яе спецыяльна ў нештатную сітуацыю ўвялі)? Ну адкуль у цябе зараз упэненасьць што там не праводзяць чарговые "сялектарныя" савешчанія па дабычы мельдонія?
  • Вацлау
    22.12.2023
    Калiсьцi ласось заходзiу у Ласасянку, што у Гродне, i у Чорную Ганчу... а затым у Марыху, што у Гродзенскай Пушчы! Але пабудавалi Ковенскую ГЭС ды Аугустоускi Канал!
  • Дзед
    22.12.2023
    Прыкаліст, былі псеўда-навуковыя абгрунтаванні, напрыклад калі па загаду партыі навукоўцы пісалі артыкулы пра карысць баршчэўніка, “навукова абгрунтоўвалі” неабходнасць павялічэння зямель пад баршчэўнік. Так што школа і досвед у іх ёсць

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ

Усе навіны →
Усе навіны

Жонку беларускага тэнісіста абакралі ў Піцеры1

Паўстанцы ў Сірыі падышлі да Хомса, расійскія базы сёння могуць адрэзаць17

Лаўроў даў прымірэнча-спакуслівае інтэрв'ю Карлсану10

Сёння даляр упаў на сем капеек да 3,4 рубля

На падтрымку дэпартаванага ў Беларусь экс-каліноўца Васіля Верамейчыка сабралі неабходную суму3

На трасе Мінск — Гродна заўважылі дзікіх коней ВІДЭА1

Кіраўнік МЗС Польшчы: Я зачыню ўсе расійскія консульствы, калі Масква працягне дыверсіі5

Кіраўніка крымінальнай міліцыі Клімавічаў арыштавалі за хабар. Пагражае да 15 гадоў10

Пара ажанілася з-за размеркавання. Суд прызнаў шлюб несапраўдным3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ

Галоўнае
Усе навіны →