Грамадства11

Пенсіі беларусаў: як атрымаць за мяжою і пражыць на іх?

У 2020 годзе супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта Беларусі пратэставалі і пенсіянеры. Некаторым з іх прыйшлося бегчы з краіны. На што жывуць беларускія пенсіянеры ў эміграцыі, у якіх дзяржавах можна працягваць атрымліваць пенсію з РБ і ці можна на яе пражыць за мяжой, разбіралася DW.

Некаторыя з пенсіянераў, якія пратэставалі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, былі вымушаны пакінуць краіну. Фота: AP

Беларускія пенсіянеры, якія знаходзяцца ў эміграцыі па палітычных матывах, часта аказваюцца ў складаным фінансавым становішчы і губляюць пенсію, на якую працавалі ўсё жыццё. Па словах Вольгі Гарбуновай, прадстаўніцы сацыяльнай палітыкі Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святланы Ціханоўскай, пакуль сістэмнага рашэння гэтай праблемы няма. 

Беларусам прапануюць звяртацца ў мясцовыя арганізацыі ў краінах пражывання, якія дапамагаюць уразлівым групам насельніцтва.

«Калі ёсць хоць трохі здароўя, забяспечыць сябе можна»

«Пенсію, натуральна, я не магу атрымліваць. Для гэтага трэба прыехаць (у Беларусь. — Рэд.) і напісаць даверанасць (на атрыманне пенсіі даверанай асобай. — Рэд.). Што нерэальна ў маіх умовах, бо я ўжо два разы ў турме пабывала. Трэці раз не хочацца», — дзеліцца 63-гадовая Ала.

Яе некалькі разоў затрымлівалі ў Беларусі за ўдзел у пратэсных маршах пенсіянераў у 2020 годзе. У СІЗА на Акрэсціна ў яе здарыўся сардэчны прыступ, там жа яна заразілася каранавірусам. Баючыся крымінальнага пераследу, Ала з'ехала з Беларусі і вось ужо амаль два гады знаходзіцца ў цэнтры для бежанцаў у Бельгіі.

Асноўная цяжкасць, па словах суразмоўцы, у тым, што даводзіцца дзяліць пакой з яшчэ пяццю жанчынамі, у астатнім беларуску ўсё задавальняе: «Медабслугоўванне ў нас цалкам бясплатна, як і ўсе лекі. Мне нядаўна рабілі аперацыю, Чырвоны Крыж усё аплаціў». 

Таксама Ала атрымлівае 8 еўра ў дзень на ежу і сродкі гігіены. Пенсіянерка амаль з нуля вучыць французскую мову, каб у будучыні працаўладкавацца ў Бельгіі.

«Працу тут знайсці можна, і калі ёсць хоць трохі здароўя, забяспечыць сябе таксама можна», — не губляе аптымізму беларуска. 

«Дзякуй нямецкаму ўраду»

«Гэта немагчыма (атрымліваць беларускую пенсію, знаходзячыся за мяжой. — Рэд.). Перавесці нельга, прыязджай — атрымлівай, але атрымаеш адразу турму», — адзначае 73-гадовы актывіст, даследчык сталінскіх рэпрэсій Ян Дзяржаўцаў. 

У Беларусі ён не раз сутыкаўся з пераследам з боку ўладаў, атрымліваў штрафы і адміністрацыйныя арышты. А ў сакавіку 2023 года быў вымушаны экстранна пакінуць краіну.

Дзяржаўцаў восем месяцаў правёў у лагерах для бежанцаў у Германіі: «У асноўным там была моладзь з Блізкага Усходу, з Афрыкі. У пакоі па 8-10 чалавек, вядома, цяжка з адпачынкам».

Нядаўна беларускі пенсіянер атрымаў у ФРГ статус уцекача. Цяпер здымае невялікі пакой, які аплачвае дзяржава, атрымлівае сацыяльную дапамогу, таксама ў яго ёсць медстрахоўка. 

«Дзякуй нямецкаму ўраду і народу за тое, што прымаюць, дапамагаюць у такіх складаных абставінах, у якіх знаходзяцца людзі, вымушаныя эміграваць. Мы ведаем, што адбываецца ў Беларусі, колькі людзей сядзіць у турмах, колькі пакутуе. У мяне цяпер, можна сказаць, добра склалася», — кажа Дзяржаўцаў. І дадае, што цяпер спадзяецца на ўз'яднанне з жонкай. 

«Калі б перастаў працаваць, як жыць?»

Былы клірык Свята-Міхайлаўскага прыходу Мінска, сябра Каардынацыйнай рады апазіцыі 66-гадовы Аляксандр Шрамко нядаўна стаў атрымліваць сваю беларускую пенсію, пражываючы ў Літве.

Са слоў суразмоўцы, справа нават не ў грошах — у пенсіянераў у Літве ёсць шэраг ільгот, у тым ліку наяўнасць медстрахоўкі.

«Я працую яшчэ, плачу падаткі, для мяне гэта (пенсія з РБ. — Рэд.) цяпер не актуальна. Але калі б перастаў працаваць, як жыць, як хадзіць у паліклініку? Пенсіянер мае медыцынскую страхоўку, за якую звычайнаму чалавеку, калі ён не працуе, трэба кожны месяц плаціць 60 з лішнім еўра», — тлумачыць Шрамко. 

Яму для пераводу ў Літву ягонай беларускай пенсіі спатрэбілася ўсяго толькі напісаць заяву ў літоўскі Дзяржаўны фонд сацыяльнага страхавання( Sodra), супрацоўнікі якога «па сваіх каналах перадаюць гэтую заяву ў Беларусь».

У пераліку ў Шрамко выходзіць 144 еўра. Ён адзначае, што такая пенсія невялікая нават па беларускіх мерках, таму што святарам, як правіла, прызначаюць мінімальны афіцыйны заробак, каб царкве даводзілася менш плаціць падаткаў. 

У гэтай сувязі Шрамко адзначае, што ў Літве «таксама не вельмі вялікія пенсіі», але, вядома, больш, чым у Беларусі: «Калі тут менш за тысячу еўра атрымліваеш, не ведаю, як і жыць. Улічваючы, што ўсе мы прыехалі і здымаем кватэры. Зразумела, што трэба нейкім чынам круціцца».

Цяпер пенсіянер жыве ў Літве з сям'ёй сваёй дачкі і працягвае працаваць. 

Беларусы могуць атрымліваць пенсію ў Літве і Польшчы

Пенсію, заробленую ў Беларусі, яе грамадзяне, якія пражываюць за мяжой, могуць атрымліваць толькі ў тых краінах, з якімі ў Мінска ёсць адпаведныя міжнародныя дамоўленасці, адзначаюць юрысты сэрвісу бясплатнай і ананімнай юрыдычнай дапамогі legalhub.help. Такія пагадненні ў Мінска ёсць на дадзены момант з васьмю дзяржавамі.

Дамова аб сацыяльным забеспячэнні, да прыкладу, у Беларусі заключаны з Літвой.

Звярнуцца па аднаўленне выплаты беларускай пенсіі можна ў літоўскі Дзяржаўны фонд сацстрахавання (Sodra) пасля атрымання дазволу на часовае або пастаяннае пражыванне ў гэтай краіне альбо «іншага падобнага дакумента».

Акрамя таго, грамадзянін РБ, у якога дастаткова стажу для прызначэння беларускай пенсіі, можа атрымаць яе, нават калі такое права «паўстане падчас пражывання ў Літве», паказваюць у legalhub.help.

Між тым беларусы, якія дасягнулі польскага пенсійнага ўзросту (60 гадоў для жанчын і 65 — для мужчын) могуць атрымліваць пенсію ў Польшчы, калі іх агульны працоўны стаж у РБ і ў Польшчы быў не менш за дваццаць гадоў, і ў іх меліся хоць бы мінімальныя адлічэнні ў польскае ўпраўленне сацстрахавання.

Калі гэтыя тры ўмовы выконваюцца, а памер атрыманай беларускай пенсіі ніжэйшы за польскі мінімальны, то розніцу кампенсуюць улады Польшчы.

Як атрымаць пенсію за паўгода наперад

Але для гэтага яшчэ неабходна, каб былі залічаны перыяды страхавання ў Беларусі. «І вось менавіта з гэтага моманту ў беларускіх пенсіянераў у Польшчы і пачынаюцца праблемы.

У Польшчы працоўны стаж лічыцца ў гадзінах, у Беларусі — у днях, і ў момант узаемадзеяння паміж інстытуцыямі (дзвюх краін. — Рэд.) праблемы і ўзнікаюць.

Беларусь не адказвае ў той форме, якая патрэбная Польшчы», — тлумачаць юрысты з legalhub.help.

У краінах, з якімі ў Беларусі няма двухбаковых дамоваў аб сацзабеспячэнні, адзінае, на што могуць разлічваць беларусы, — перад ад'ездам за мяжу атрымаць пенсію за шэсць месяцаў наперад. Але каб скарыстацца такой магчымасцю, трэба, удакладняюць юрысты з legalhub.help, прызначэнне пенсіі да выезду на пастаяннае месца жыхарства за мяжу, а сам выезд на ПМЖ за мяжу спатрэбіцца аформіць афіцыйна, атрымаўшы пашпарт адпаведнай серыі.

Каментары1

  • Anatol Starkou
    23.01.2024
    "Але каб скарыстацца такой магчымасцю, трэба, удакладняюць юрысты з legalhub.help, прызначэнне пенсіі да выезду на пастаяннае месца жыхарства за мяжу, а сам выезд на ПМЖ за мяжу спатрэбіцца аформіць афіцыйна, атрымаўшы пашпарт адпаведнай серыі".

    Больш у гэтым артыкуле чытаць няма чаго, акрамя мной прыведзенай цытаты. Яна азначае, што пашпарт на ПМЖ афармляецца выключна ў РБ у вашым РОВД. Там, наколькі я памятаю, дадуць бягунок з мо 20-30 пунктамі дзярж устаноў, якія трэба прабегчы і атрымаць іх подпісы і пячаткі, маўляў, вы ім нічога не павінны. То бок прапанова DW нерэальная або казка пра бчб бычка.
    ###
    Беларускую пенсію я не афармляў ужо 12 гадоў з гакам. Яна недзе там пыліцца з 2011 года, калі мне споўнілася 60 гадоў, на паліцах адпаведнага Міністэрства пенсій для з'ехаўшых у замежжа. Я ж у Амерыцы працягваў працаваць і выйшаў на пенсію ў 69,5 год у маі 2021-га.

    У Беларусі стаж быў 31 год з гакам, у Амерыцы - 16. Тры гады быў нелегалам і не плаціў падаткі таму мясцовая ўлада тры гады не залічыла не залічыла. 
    Пенсия па амерыканским меркам невялічкая, але мне на ўсё хапае: на аплату сваёй аднапакавай кватэры і камунальныя паслугі, на інтэрнэт, ежу і бутэльку каліфарнійскага кабернэ. Дзякуючы добрай мед страхоўцы наглядаюць мяне два ўрача, з якімі сустракаюся тры разы ў год: габрэйка з Украіны мая, так бы мовіць, участковы терапеўт (раз у паўгода мяне бачыць) і прафесар вядомага ў свеце Ню Ёркскага ўнівера, амерыканскі габрэй на пяць гадоў мяне маладзейшы. Дзякуючы апошняму я яшчэ дрыгаюся.

    У 2006 (?) падчас прэзідэнцкіх выбараў ля Консульства РБ у Ню Ёрку сустрэў дзядулю-габрэя з Беларусі, на пузе якога вісеў плакат-патрабаванне да Ўраду РБ выплочваць яму беларускую пенсію. Я з ім крыху пагаварыў, але ні ў мяне, ні ў яго не было надзеі на тое, што дзядуля атрымае бел пенсію. 

    Так што жыву толькі дзякуючы амерыканскай пенсіі і мед дапамогі па страхоўцы.

У Беларусі, як і ў мінулым годзе, на пераднавагоднія хвіліны адключылі ютуб20

У Беларусі, як і ў мінулым годзе, на пераднавагоднія хвіліны адключылі ютуб

Усе навіны →
Усе навіны

Вяселле і драма кахання года, самы гучны зліў і нечаканае вяртанне — асноўныя людзі і падзеі 2024 года6

Гардон заявіў, што гістарычная сустрэча Трампа і Пуціна па Украіне сарвалася30

Ці трэба мыць цытрусавыя? Адказ здзівіць8

Ціханоўская пачне сваю віншавальную прамову за 12 хвілін да Новага года32

За «экстрэмізм» судзяць героя публікацыі «СБ» тыднёвай даўніны1

Аб'явілі «экстрэмісцкім» сайт «Першы»4

Асірацелі міратворчыя сілы казацкай гвардыі Беларусі — памёр псеўдагенерал Сяргей Новікаў7

Памёр Якуб Лапатка4

У сталіцы Абхазіі паставілі елку з мандарынаў ФОТАФАКТ3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі, як і ў мінулым годзе, на пераднавагоднія хвіліны адключылі ютуб20

У Беларусі, як і ў мінулым годзе, на пераднавагоднія хвіліны адключылі ютуб

Галоўнае
Усе навіны →