Усяго патроху

Арлы, пеўні і жураўлі. Якія птушкі ёсць на гербах беларускіх гарадоў?

На сучасных гербах беларускіх паселішчаў шмат усяго — ад рэк і снапоў сена да рыцараў і гістарычных сімвалаў. А яшчэ на іх ёсць птушкі. Амаль у кожнай з абласцей ёсць па некалькі населеных пунктаў, герб якіх мае такое ўпрыгожанне. Выданне Palatno расказвае, якія птушкі ёсць на беларускіх гербах і што яны там сімвалізуюць.

Чырвоны певень у Бастыні

Бастынь — гэта вёска ў Лунінецкім раёне. Пра яе было вядома яшчэ ў XV стагоддзі, дзякуючы Радзівілам. Затым яна перайшла ва ўладанне да Кішак. У XVIII стагоддзі вёска стала расці, яе арандаваў памешчык Шчыт — і ён даваў вялікія сродкі на будаўніцтва царквы. Праз некалькі стагоддзяў гэту царкву разбураць пры камуністычным рэжыме.

Сімвал для герба выбіралі мясцовыя жыхары — сышліся на баявым пеўні. Чорны і белы колеры на шчыце азначаюць азёры, іх так і называюць — Белае і Чорнае возеры.

Ганцавіцкія жураўлі

На гербе яшчэ аднаго населенага пункта ў Брэсцкай вобласці, горада Ганцавічы, размяшчаюцца жураўлі.

Чаму жураўлі? У рашэнні мясцовага райвыканкама гэта тлумачыцца так: сімвал Палесся, імкненне ў будучыню, міралюбівасць і шчасце — выбірайце тое, што вам бліжэй.

Яшчэ на гербе ёсць цікавостка — залатая зорка і паўмесяц. Гэта частка герба, якая належала ўладальніку Ганцавічаў Гутэн-Чапскаму напрыканцы XIX стагоддзя.

Галубы Драгічына як рэлігійны сімвал

На гербе Драгічына таксама ёсць птушкі. Каб падкрэсліць датычнасць да Брэсцкай вобласці, на гербе ёсць лук са стралой і жалуды (сімвалы дуба сустракаюцца і ў іншых гарадах Брэстчыны).

А адкуль галубы? Уся справа ў царкве, што існавала ў Драгічыне ў XIX-XX стагоддзях. Гэта была царква ў гонар Стрэчання Гасподняга. Стрэчанне Гасподняе — хрысціянскае свята ў памяць пра тое, што на саракавы дзень пасля нараджэння Ісуса прынеслі ў храм для пасвячэння Богу. У даўнія часы пры гэтым трэба было прынесці і выкуп, таму Панна Марыя і яе муж Іосіф прынеслі для ахвяры двух птушанят галубоў.

«Гаворачы» герб Луніна

На гербе вёскі Лунін Лунінецкага раёна, пра якую вядома з сярэдзіны XV стагоддзя, адлюстравана толькі адна птушка. Такой птушкі няма больш ні на адным беларускім гербе. Гэта птушка — лунь.

Луні вельмі любяць сфагнавыя балоты, зарослыя лугі і мелкаводныя азёры. Лунь занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Малеч з апосталам і пеўнем

Вёска Малеч у Бярозаўскім раёне вядомая з часоў Вялікага Княства Літоўскага. У XVII стагоддзі яна была мястэчкам з магдэбургскім правам. У сучаснай Беларусі гэты населены пункт з’яўляецца вёскай.

На гербе Малечы ёсць апостал Пётр, якому Ісус уручыў ключы ад раю і пекла. А вось певень заўсёды лічыўся атрыбутам Пятра, таму ён таксама ёсць на выяве герба. Сутнасць у тым, што Ісус падчас Апошняй Вячэры прадказаў, што Пётр адрачэцца ад яго тры разы — перш чым заспявае певень.

Самая буйная калонія чапляў ля Сінкевічаў

Вёскай Сінкевічы ў Лунінецкім раёне валодаў род Мантыгірдавічаў, затым — Радзівілы. Акрамя Георгіеўскай царквы ў Сінкевічах і ваколіцах унікальны і разнастайны жывёльны свет. Дарэчы, менавіта тут быў створаны першы ў нашай краіне біялагічны заказнік. Гэта адбылося ў 1985 годзе і называўся ён «Вусце Лані».

Ля Сінкевічаў жывуць каля 60 відаў птушак, а калонія шэрай чаплі — найбуйнейшая ў сярэдняй паласе Еўропы. Вось чаму на гербе намаляваная чапля.

Столінскі бусел

Столінам валодалі славутыя роды Вялікага Княства Літоўскага. У розныя часы праз Столін праходзілі варожыя войскі і, адпаведна, баявыя дзеянні.

Сучасны герб Століна распрацоўвалі ў райвыканкаме, і сцвярджаецца, што бусел абралі не проста так, а з-за «глыбокага сэнсу». Згодна з тлумачэннямі чыноўнікаў, бусел шмат што і дзе азначае (але не кажуць, што значыць тут, у Беларусі). Абранне бусла тлумачыцца любоўю бацькоў да дзяцей, даўгалеццем, вяртаннем вясны, знакам кахання і шчасця.

У дзюбе столінскі бусел трымае дубовую галінку. Чыноўнікі тлумачаць гэта таксама «глыбокім сэнсам»: сімвал багацця, прыгажосць прыроды, рост і развіццё горада.

Мёрскі лебедзь

На гербе Мёраў, горада ў Віцебскай вобласці, размяшчаецца лебедзь. З’яўленне лебедзя ў рэгіёне, што вядомы журавінамі, тлумачыцца яшчэ і вялікай колькасцю азёр, дзе гняздуюцца белыя лебедзі.

Чыноўнікі, што ўхвалілі мёрскі герб, тлумачаць знаходжанне лебедзя на ім шматлікімі прычынамі, акрамя той, што значная колькасць лебедзяў гняздуецца на Мёршчыне. Гэта і сімвал з хрысціянства, і прысутнасць лебедзя на іншых гербах еўрапейскіх гарадоў.

Яшчэ адзін бусел, гэтым разам лельчыцкі

Гарадскі пасёлак Лельчыцы таксама мае герб з птушкай — там размяшчаецца бусел. Чаму менавіта бусел ёсць на лельчыцкім гербе, тлумачыцца Бібліяй (там бусел — сімвал шчасця) і славянскімі вераваннямі.

Разам з буслам на гербе ёсць выява вянка з дубовага лісця.

Мазырскі арол праз стагоддзі застаўся на гербе

Адзін са старэйшых беларускіх гарадоў Мазыр з даўніх часоў меў свой герб. Яшчэ ў XV стагоддзі гэта быў герб з залатым полем і чорным арлом з княжацкай каронай, у якога на грудзях быў герб «Трубы». З часам выява герба змянялася, на ім нават была манаграма Стэфана Баторыя. Падчас акупацыі беларускіх зямель Расійскай імперыяй на гербе Мазыра быў двухгаловы імперскі арол.

На сучасным гербе ніякіх спасылак да старадаўняй гісторыі — часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай — не засталося. На гербе на блакітным полі размяшчаецца толькі сам чорны арол.

Радзівілаўскі арол Міра

У Міра доўгая гісторыя, якая пачалася яшчэ ў XIV стагоддзі. У XVI стагоддзі Мір стаў цэнтрам графства — дзякуючы роду Іллінічаў, а затым Мір стаў часткай уладанняў Радзівілаў.

Элементы радавой геральдыкі — Іллінічаў і Радзівілаў — знайшлі сваё адлюстраванне ў сучасным гербе Міра. У верхняй частцы — радзівілаўскі арол, а ў ніжняй — элемент герба Іллінічаў «Корчак».

Невядомыя птушкі Любані

Любанскі герб захаваў славутую гісторыю мінуўшчыны. На гербе ёсць чырвоны колер ад роду Алелькавічаў, элементы гербаў Тышкевічаў і Радзівілаў.

У Любані на гербе ёсць дзве птушкі — іх намалявалі ў дэкаратыўна-прыкладным стылі. Што гэта за птушкі — невядома, як і сэнс іх размяшчэння на гербе. Птушкі сядзяць на лісці стылізаванага чароту.

Чорны арол Нясвіжа

Чорнаму арлу на сваім гербе Нясвіж павінен дзякаваць Мікалаю Радзівілу Чорнаму, які атрымаў разам з тытулам князя Свяшчэннай Рымскай імперыі і гэту птушку ў радавы герб.

Цяпер чорны арол застаецца часткай герба Нясвіжа. Герб з’явіўся ў 2001 годзе.

Каментары

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна7

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Усе навіны →
Усе навіны

Экс-прэзідэнт Польшчы: Замарожаны канфлікт будзе трагічнай весткай для Украіны3

Упершыню за палову месяца даляр патаннеў

«Калі набыў $20 па курсе 3,3 — і цяпер ты паспяховы інвестар»: як беларусы рэагуюць на скачкі валют7

У 53 гады загінуў былы турэмны начальнік з Оршы5

У Брэсце мужчына падумаў, што яму атруцілі каву, і ўдарыў афіцыянтку лыжкай. Завялі крымінальную справу3

Паліцыя разагнала пратэст у цэнтры Тбілісі3

Улады Малдовы вырашылі не плаціць «Газпраму» доўг памерам 709 млн даляраў

«Цяпер хоць стала можна нармальна зарабляць». Што думаюць таксісты пра працу ў новых умовах9

Аўстралія забароніць падлеткам да 16 гадоў карыстацца сацыяльнымі сеткамі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна7

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →