ЦВК: Пуцін перамагае на выбарах з рэкорднымі 87,33%. А ў Чачні ў яго наогул 99%
Падлічана 99,59% галасоў. Выбары ў Расіі праходзілі праз месяц пасля забойства ў калоніі галоўнага расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага.
Па афіцыйных даных, пасля падліку 99,52 працэнта пратаколаў Пуцін набраў 87,33% галасоў.
На другім месцы — кандыдат ад КПРФ Мікалай Харытонаў з 4,3% галасоў. Уладзіславу Даванкову ад партыі «Новыя людзі» дасталася 3,81% галасоў. Леаніду Слуцкаму ад ЛДПР афіцыйна налічылі 3,2% галасоў.
Больш за ўсё галасоў выбаршчыкаў у працэнтных суадносінах Пуцін набраў у Чачэнскай Рэспубліцы — там за яго прагаласавала 98,99%.
У Кемераўскай вобласці ён атрымаў 95,73% галасоў, у Тыве — 95,37%, у Габрэйскай аўтаномнай вобласці— 92,35%, у Саратаўскай вобласці — 91,66%.
У Маскве Пуцін набраў 85,57%, у Маскоўскай вобласці — 86,19%.
Ва ўсіх гэтых рэгіёнах апрацавана 100% пратаколаў.
Самая высокая яўка (больш за 90%) зафіксавана ў Чачні, Кемераўскай вобласці, Тыве, Кабардзіна-Балкарыі і Паўночнай Асеціі. Рэкордная яўка таксама зафіксавана на Далёкім Усходзе.
Выбары праводзілі і на анексаваных у 2022-м украінскіх тэрыторыях. У «ЛНР» Пуціну афіцыйна далі 94,12% галасоў, у «ДНР» — 95,23%. На частцы тэрыторыі Херсоншчыны, анексаванай Расіяй, за Пуціна 88,12% галасоў, на частцы тэрыторыі Запарожжа — 92,95%.
Папярэднія вынікі выбараў ЦВК мае намер падвесці ў панядзелак.
Яшчэ да абвяшчэння выніковых лічбаў Пуцін даў прэс-канферэнцыю. Высокую яўку на выбарах ён звязаў з «драматызмам сітуацыі» і тым, што «Расія са зброяй у руках абараняе сваё развіццё».
Ён выказаўся таксама пра акцыю прыхільнікаў Навальнага.
«Я заклікаў прыйсці на выбары. Калі апазіцыя так лічыла, добра, малайцы. Наколькі я ведаю, гэта не мела эфекту. Але некаторыя псавалі бюлетэні — гэта дрэнна, яны вырашылі нагадзіць тым людзям, якія прыйшлі выканаць свой грамадзянскі абавязак. Гэта недэмакратычна».
Апазіцыйныя кандыдаты ці тыя, хто не падтрымлівае вайну, — спробы рабілі Кацярына Дунцова і Барыс Надзеждзін — на гэтыя выбары дапушчаны не былі.
За месяц да выбараў у калоніі за палярным кругам памёр апазіцыянер Аляксей Навальны, які вярнуўся ў Расію пасля таго, як Пуцін спрабаваў яго атруціць «Навічком», і адразу ў аэрапорце быў затрыманы.
Справу Навальнага працягнула яго жонка Юлія.
Паплечнікі Навальнага на гэтых выбарах заклікалі расіян далучыцца да акцыі «Апоўдні супраць Пуціна» — прыйсці на выбарчыя ўчасткі ў адзін час, каб паказаць, як шмат нязгодных з цяперашняй уладай.
Многія расіяне псавалі бюлетэні, былі выпадкі, калі залівалі урны зялёнкай. А ў Пермі пенсіянерка нават узарвала петарду ў туалеце на выбарчым участку.
Па даных «ОВД-Інфо» 17 сакавіка на выбарах у расійскіх гарадах затрымалі 85 чалавек.
Каментары