Астраномы выявілі найбуйнейшую ў галактыцы чорную дзірку зорнай масы. Яна вельмі блізка да Зямлі
Маса нябачнай суседкі перавышае сонечную прыкладна ў 33 разы.
Астраномы Еўрапейскага касмічнага агенцтва выявілі па суседстве з Сонечнай сістэмай масіўную чорную дзірку, якая калісьці была велічэзнай зоркай, піша Бі-бі-сі.
Маса нябачнай суседкі (яе назвалі Gaia BH3) перавышае сонечную прыкладна ў 33 разы, што робіць яе найбуйнейшай з усіх цяпер вывучаных (пэўна пацверджаных) у сваім «зорным» класе.
Пры тым што чорных дзірак зорнай масы (так клас называецца афіцыйна) у нашай галактыцы адкрыта ўжо паўтара дзясятка. Аднак нават самая масіўная з іх — зараз ужо былая рэкардсменка — лягчэй толькі што выяўленай у паўтара з лішнім разы.
Але ледзь не яшчэ больш навукоўцаў здзівіла тое, наколькі блізка — па касмічных мерках, вядома, — знаходка аказалася да Зямлі: усяго 2000 светлавых гадоў.
Бліжэй — толькі Gaia BH1, выяўленая тры гады таму ў сузор'і Аднарога: да яе 1500 св.гадоў.
«Ніхто і ўявіць не мог, што проста ў нас пад бокам можа знаходзіцца гэтак масіўная чорная дзірка — застаючыся пры гэтым не выяўленай», — не хавае здзіўлення астраном Парыжскай абсерваторыі Пасквале Пануца.
«Такое адкрыццё за ўсю навуковую кар'еру можна зрабіць толькі раз!» — упэўнены ён.
Каб пацвердзіць зробленае адкрыццё, спатрэбілася каманда з больш чым 300 навукоўцаў з усіх кантынентаў.
На дапамогу назіранням тэлескопаў наземных абсерваторый прыйшлі спектрографы, якія працуюць за межамі бачнага дыяпазону. Так атрымалася атрымаць неабходныя даныя, каб адносна дакладна вызначыць масу BH3.
Такія аб'екты знаходзілі і раней, але іншым спосабам і за межамі нашай галактыкі, што не дазваляе іх гэтак добра вывучыць.
Чорная дзірка — гэта вобласць прасторы-часу, сіла гравітацыі ў якой настолькі вялікая, што пакінуць яе не могуць ніякія аб'екты або хвалі, у тым ліку святло.
Нягледзячы на назву, чорная дзірка на самай справе не пустая знутры. Наадварот, яна запоўненая велізарнай масай матэрыі, сціснутай у невялікім аб'ёме, што стварае вялікую сілу прыцягнення
Вакол чорнай дзіркі размяшчаецца вобласць, званая гарызонтам падзей. Гэта ўяўная мяжа ў прасторы, «кропка незвароту», пасля перасячэння якой вырвацца з гравітацыйнай пасткі ўжо немагчыма.
Каментары