Здарэнні11

Юны і п'яны мінчук-наркаман напракудзіў у дзіцячым садку і разнёс два пад'езды. Як яго пакаралі?

Гэта не палітыка, гэта другое.

Хлопец жыве ў Мінскім раёне з маці і бабуляй. Жанчыны не спраўляліся з яго выхаваннем: 16-гадовы хлопец нідзе не вучыўся і не працаваў, нікога не слухаў. Ён знаходзіўся на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, паколькі раней яго выкрылі ва ўжыванні спіртных напояў, пішуць «Мінск-навіны».

Падзеі адбыліся ў жніўні. Хлопец на аўтобусе прыехаў у Мінск, каб сустрэцца з сябрамі. Бліжэй да вечара кампанія вырашыла выпіць. Упяцёх, размясціўшыся ў скверы на Лагойскім тракце, прыяцелі выпілі дзве пляшкі гарэлкі і два літры піва. Разышліся позна, грамадскі транспарт ужо не хадзіў, і хлопец не змог дабрацца дадому.

Ён прысеў на лаўку ў двары, ужыў мефедрон, які напярэдадні набыў у наркашопе.

Затым пералез праз плот на тэрыторыю дзіцячага садка. Заўважыўшы прыадчыненае акно, ён выбіў маскітную сетку, адкрыў створку і пракраўся ў харчаблок.

Там узяў вечка ад вялікай каструлі з нержавеючай сталі і накіраваўся з ёй у калідор, дзе сутыкнуўся з ахоўнікам. Да таго часу апошні, пачуўшы падазроны шум, ужо націснуў трывожную кнопку і цяпер абследаваў будынак. Мужчына пацікавіўся ў хлопца, што ён тут робіць. Юнак здзіўлена адказаў: «Хіба не чуеце? На даху страляюць!» – і накіраваўся да выхаду. Ахоўнік не стаў перашкаджаць, бачачы, што малады чалавек знаходзіцца ў неадэкватным стане.

З вечкам у руках ён адправіўся блукаць па начным горадзе.

На вуліцы Крамскога ў Зялёным Лузе ўвагу хлопца прыцягнула жанчына, якая сярод ночы выйшла ў двор паглядзець, чаму спрацавала сігналізацыя ў яе аўтамабілі. Мармычучы нешта недарэчнае, падлетак замахнуўся ў яе бок вечкам.

Перапалоханая аўтаўладальніца паспяшалася назад у пад'езд, але Максім дагнаў яе, схапіў за вопратку, паваліў на падлогу і стаў біць па галаве вечкам, а таксама двойчы ўдарыў жанчыну нагамі. Хоць яна гучна крычала, ніхто з суседзяў не выйшаў на дапамогу.

Раптам дэбашыр замёр і спытаў: «Дзе ствол?» Пацярпелая не разгубілася і адказала, што на другім паверсе. Хлопец накіраваўся ўверх па лесвіцы, а мінчанка забегла ў сваю кватэру — балазе жыла на першым паверсе — і патэлефанавала ў міліцыю.

Хлопец пачаў біць рукамі і нагамі па ўваходных дзвярах кватэр і нават пашкодзіў адну з іх. Затым накіраваўся ў пад'езд іншага дома, дзе прарабіў тое ж самае. Калі ён стаў біцца ў кватэру на шостым паверсе, дзе пражывала адзінокая жанчына, перапалоханая гаспадыня патэлефанавала на лінію «102».

Няпрошаны візіцёр гучна патрабаваў адкрыць яму, пагражаючы пачаць стральбу. Калі мінчанка сказала, што выклікала міліцыю, хлопец сышоў, пашкодзіўшы па шляху яшчэ адны дзверы.

У выніку наўмысных дзеянняў юнак знішчыў і пашкодзіў маёмасць, якая належала дзіцячаму садку і траім пацярпелым. Агульная сума шкоды склала 242 рублі.

У хуткім часе хулігана затрымалі. Яго маці распавяла следчаму, што ўсынавіла яго ў трохгадовым узросце. Спачатку ўсё было добра, але, калі хлопчыку споўнілася 12 гадоў, пачаліся цяжкасці — падлетак стаў некіраваным, не хацеў вучыцца, канфліктаваў з дамачадцамі. У 2021-м за ўчыненне шматлікіх адміністрацыйных правапарушэнняў яго накіравалі ў закрытую выхаваўчую ўстанову, дзе ён правёў два гады. Пасля вызвалення змяніўся — стаў дапамагаць маці па гаспадарцы, у іх палепшыліся адносіны.

Але хлопец зноў звязаўся з дрэннай кампаніяй, перастаў начаваць дома, пачаў ужываць спіртное, а на просьбы блізкіх змяніць лад жыцця ніяк не рэагаваў.

Маці юнака, даведаўшыся пра тое, што здарылася, прасіла прымяніць да сына меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, паколькі не спраўляецца з яго выхаваннем.

Але ён віну прызнаў і цалкам раскаяўся, суд прызнаў яго вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 339 КК (асабліва злоснае хуліганства), і прызначыў пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на 3 гады.

Каментары1

  • Woodoo Cult
    22.04.2024
    Які ж ён мінчук, калі прыехаў "пакараць" сталіцу з вобласці? ))

Цяпер чытаюць

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Усе навіны →
Усе навіны

Замест металадахоўкі — дубовая драніца. У цэнтры Віцебска на месцы міліцыі адкрылася кавярня ў бездакорна адноўленым 200‑гадовым будынку10

«Людзі дамовіліся ў адзін час выйсці ў лакальныя ўчасткі і біць усіх актывістаў». Ігар Лосік расказаў пра бунт у Наваполацкай калоніі8

Турэцкага губернатара звольнілі за веласіпедныя легінсы ў абліпку13

Галкіпер Каба-Вэрдэ Вазінья, што стаў легендай чэмпіянату свету, знайшоў сабе новы клуб

Ратавальнікі патушылі пажар на «Інтэграле»

Галоўны пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Хан адхілены ад пасады праз абвінавачанні ў сэксуальных дамаганнях3

З букіністычных крам па ўсёй Германіі масава скупляюць кнігі. У чым прычына?11

У Польшчы праз адчыненае акно ў дом залез спалоханы лось ФОТА6

Пажары каля Мадрыда выйшлі з-пад кантролю

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць