Спачатку знайшла карты, а потым касеты з порна, якія бацькі хавалі ў чорнай скрыні. Беларускі расказалі пра тое, як і адкуль упершыню даведаліся пра сэкс
Выданне CityDog.io запыталася ў сваіх чытачоў, калі і як яны ўпершыню даведаліся пра тое, што такое сэкс. А заадно пацікавілася, як бы пра яго яны расказвалі сваім дзецям.
Алеся (43 гады): «З дзецьмі пра сэкс праз пару гадоў будуць размаўляць у школе»
— На жаль, я зусім не памятаю, як даведалася пра сэкс. Найхутчэй з фільмаў кшталту «Маленькая Вера». Падглядала праз дзверы, пакуль бацькі глядзелі яго позна ўвечары. Таксама ў амерыканскіх фільмах заўсёды было шмат сэксу.
У мяне ёсць два сыны. Аднаму шэсць гадоў, другому — восем. З імі на гэту тэму мы пакуль не размаўлялі. Яны са школы і хатніх дзіцячых энцыклапедый ужо трохі ведаюць фізіялогію, таму ўсведамляюць, як нараджаюцца дзеці. Але тое, што яго можна мець дзеля прыемнасці ці каб мець дзяцей, яшчэ не абмяркоўвалі.
Мы зараз жывём у Вялікабрытаніі. Тут у дзяцей у школе пасля гадоў адзінаццаці пачынаюцца заняткі па сэкс-адукацыі. У маіх дзяцей яны таксама будуць, думаю.
Тата ім яшчэ трохі тлумачыў, што на палавы орган можа спрацоўваць рэфлекс, нават у маленькіх хлопчыкаў. Мы можам дома хадзіць голымі, для нас гэта натуральна. Праўда, дзеці васьмі гадоў ужо пачынаюць саромецца гэтага.
Нягледзячы на тое, што тэму сэксу мы з дзецьмі пакуль не закраналі, мы абмяркоўвалі з імі чалавечыя адносіны. Яны ведаюць, што могуць закахацца і жыць разам ці пабрацца шлюбам з дзяўчынай або хлопцам, калі такое жаданне будзе.
Дыяна (31 год): «Знайшла ў тэлефоне сына порнаролікі, пасля чаго купіла кнігу па сэкс-прасвеце»
— Не памятаю дакладна, ці ўсведамляла я ў раннім дзяцінстве, што ўяўляе сабой сэкс. Я ніколі не заставала бацькоў за гэтым заняткам, а першы ўспамін, звязаны з гэтай тэмай, — ігральныя сэкс-карты. Іх я неяк знайшла ў бабулі ў секцыі. Думаю, яны належалі яе мужу.
На той момант мне было гадоў з дзесяць. Гэта занадта мала, каб цалкам зразумець, чаму на картах замест звычайных фігур намаляваныя голыя мужчыны і жанчыны. Праўда, я ўжо тады адчувала, што дакранулася да нечага забароненага. Здавалася, што мяне могуць пакараць, раз я іх памацала.
Потым у маім інфаполі з’явіліся касеты з порна.
Я была ўжо крыху старэйшая, гадоў з адзінаццаць-трынаццаць. Знайшла іх таксама выпадкова: яны былі схаваныя ў чорнай каробцы без надпісаў. Напэўна, бацькі былі ўпэўненыя, што гэта надзейнае месца: відзік без дазволу ўключаць было забаронена. Хаця каму перашкаджаюць забароны дарослых, калі ты цікаўнае дзіця?
Памятаю, у якім я была шоку, калі ўключыла запіс і ўбачыла, што там адбываецца. Тады я ўжо разумела, што такое сэкс, але не ведала падрабязнасцяў. Для мяне стала адкрыццём, што сябе можна лашчыць рознымі цацкамі.
Асобна тэму сэксу бацькі са мной ніколі не абмяркоўвалі.
Цяпер майму сыну дзесяць. Я выхоўваю яго адна. Нядаўна купіла яму кнігу пра сэкс. Мы пакуль яе не чыталі разам: чакаю прыдатнага моманту, калі будзе лепш загаварыць пра гэта. Падсоўваць яму для самастойнага вывучэння я не хачу, ці мала як ён усё ўспрыме.
А вось пра набыццё спецыяльнай літаратуры я задумалася пасля таго, як знайшла ў яго на тэлефоне мультыплікацыйныя порнаролікі. Яму на той момант было дзевяць гадоў. Я моўчкі выдаліла ўсё, пачысціла браўзер і проста аддала тэлефон, не прад’яўляючы за гэта.
Насамрэч, думаю, ён ужо з сябрамі ўсё абмеркаваў. Цяпер дзеці іншыя: яны раней атрымліваюць інфармацыю, чым гэта рабілі мы. Здаецца, нават у кнізе няма сэнсу.
З дзіцем я імкнуся падтрымліваць даверныя адносіны. Мне важна, каб нам дваім было камфортна гаварыць абсалютна на розныя топікі. Аднак усё ж часам шкадую, што побач няма мужчыны, які на роўных, як мужчына з мужчынам, абмеркаваў бы з сынам усе далікатныя тэмы.
Марыя (22 гады): «Гадоў у 10 пачала глядзець порна»
— Пра сэкс са мной у дзяцінстве ніхто не размаўляў. Мне казалі, што дзеці бяруцца з жывоцікаў. Дзякуй, хоць без буслоў і капусты абышліся.
Хутчэй на мой сэкс-прасвет паўплывала масавая культура. Памятаю, аднойчы наткнулася на татаў часопіс Playboy. Потым знайшла ў брата карцінкі эратызаваных жанчын.
Вялікі ўплыў на мяне аказалі порнаролікі. Я пачала іх глядзець даволі рана, прыкладна гадоў у дзесяць. Тады ж я пачала мастурбаваць, хоць мне і было страшна гэта рабіць. Спачатку здавалася, што ад порна я змагу зацяжарыць. Затым гэты страх змяніўся асцярогай таго, што ад уласных пяшчот я, наадварот, не змагу ў будучыні зацяжарыць. Так, сэксуальнай адукацыі на той момант мне відавочна не хапала.
Да разумення таго, што такое сэкс, чаму важна і трэба засцерагацца, я прыйшла сама.
Ужо пасталеўшы, я пыталася ў мамы, чаму яна не размаўляла са мной у дзяцінстве пра сэкс. Яна адказала, што нават не задумвалася пра гэта, бо з ёю таксама ніхто такіх гутарак не праводзіў. Для сябе я вырашыла, што дакладна буду ўздымаць гэту тэму з будучымі дзецьмі. Не хочацца, каб яны баяліся, як я ў свой час, зацяжарыць ад мастурбацыі.
Каця (26 гадоў): «Знайшла часопіс, у якім былі пошлыя анекдоты і эратычныя карцінкі»
— Упершыню пра сэкс я задумалася, калі гадоў у шэсць знайшла на дачы ў бабулі стары і патрапаны часопіс з пошлымі анекдотамі. Апроч дарослых жартаў там былі карцінкі з намаляванымі голымі мужчынамі і жанчынамі. Памятаю, што гэтыя ілюстрацыі выклікалі ў мяне сумесь цікаўнасці і агіды: людзі там выглядалі карыкатурна і крыху палохалі мяне сваімі ненатуральнымі голымі целамі.
Тады ў дарослых я вырашыла не пытацца пра знаходку: баялася пакарання за тое, што без дазволу прабралася на паддашак.
Затым я ўбачыла сваё першае ў жыцці порна. Гэта быў эратычны фільм, які круцілі ноччу па спецыяльным канале 18+. Яго мне ўключыла старэйшая сястра, якая прыйшла ў той вечар у мой пакой са словамі: «Хочаш пакажу нешта незвычайнае?» Мне тады было гадоў з сем ці восем, сястры — каля пятнаццаці.
Было крыху страшна назіраць за сэксам там, таму што пра яго са мной тады не размаўлялі. Здавалася, што ў фільме робяць нешта няправільнае і забароненае. Антуражу дадавала і тое, што глядзелі мы яго бязгучным, каб дарослыя не даведаліся, чым мы займаемся за зачыненымі дзвярыма.
У той жа вечар сястра мне зусім крыху расказала пра сэкс, пасля чаго мы гэту тэму не ўздымалі. Самой ладзіць размову мне здавалася няправільным, а сястры відавочна было цікавей абмяркоўваць сэкс з аднагодкамі.
Затым наступіў перыяд порнаапавяданняў.
Інтэрнэт тады толькі што з’явіўся ў шырокім карыстанні. Каштаваў ён дастаткова дорага, таму трэба было эканоміць трафік. Па гэтай прычыне я асабліва не магла глядзець вялікія порнавідэа: важылі яны шмат, і я не магла сабе дазволіць марнаваць кучу грошай дзеля 20-хвіліннага задавальнення. На дапамогу прыйшлі эратычныя апавяданні, у якіх вельмі падрабязна апісваўся ўвесь працэс. Часам там нават былі карцінкі, што дадавала антуражу.
Для мяне сайты з падобнымі тэкстамі сталі нечым накшталт энцыклапедыі, па якой я і вывучала секс. Бацькі так са мной і не загаварылі пра яго.
Насамрэч я і сама не ведаю, як буду размаўляць на такія тэмы з маімі будучымі дзецьмі. З аднаго боку, сэксуальная адукацыя — важная частка сталення. Мне б хацелася, каб пра гэта гаварылі ў школе. З іншага боку, мне не зусім зразумела, як гэту размову правесці карэктна. Памятаю, што мяне нават цешыла адсутнасць гутарак пра сэкс з бацькамі. Здавалася, што мне будзе няёмка і некамфортна.
Калі я актыўна пачала цікавіцца гэтай тэмай у падлеткавыя гады, то ўжо мела магчымасць трошкі пагугліць патрэбныя мне рэчы. У дзяцей цяперашняга пакалення інтэрнэт нашмат больш даступны, чым было ў маім дзяцінстве. Магчыма, ім таксама не будуць патрэбны размовы пра сэкс з бацькамі.
Каментары