Зміцер Смактуновіч на нейтральнай паласе. Фота перадала яго жонка Наталля

Зміцер Смактуновіч на нейтральнай паласе. Фота перадала яго жонка Наталля

Змітру 40 гадоў, ён родам з Бабруйска. З канца 2019 года беларус працаваў вадзіцелем-дальнабойшчыкам у Еўропе, атрымаў часовы ВНЖ у Літве. Але перыядычна вяртаўся ў Беларусь з рэйсаў, апошні раз быў на радзіме ў 2022 годзе. 

У лютым 2023 года Зміцер перабраўся ў Польшчу, а праз месяц да яго пераехала і жонка Наталля з трыма дзецьмі.

Дададзена: Як высветлілася, у красавіку 2023 года Смактуновіча затрымлівалі ў Польшчы за тое, што ён перавозіў мігрантаў, якія нелегальна траплялі ў Польшчу з літоўскага боку. Па словах жонкі, Зміцер супрацоўнічаў са следствам і расказаў пра іншых удзельнікаў схемы, таму яго судзімасць пагашаная.

Амаль год мужчына прапрацаваў у таксі ў Беластоку — плаціў падаткі і рабіў сацыяльныя выплаты ў ZUS.

 11 чэрвеня 2024 года паліцыя спыніла беларуса для праверкі дакументаў. Высветлілася, што ў яго быў ануляваны літоўскі ДНЖ. 

— Раніцай ён традыцыйна выехаў таксаваць. У 07:40 напісаў, каб я ехала на працу самастойна. Яго спыніла паліцыя для праверкі і ён можа затрымацца. У мужа быў дазвол на працу, так што мы ні пра што не падазравалі. 

У 10:30 Наталлі патэлефанаваў супрацоўнік польскай пагранслужбы і паведаміў, што Дзмітрый знаходзіцца на пагранпераходзе ў Тарэспалі. І ў іх дакументы на яго дэпартацыю. 

— Не растлумачылі, чаму, проста паставілі перад фактам. Спыталі, ці ўсё я зразумела. Размаўлялі са мной па-руску, з акцэнтам. Не далі мне з ім паразмаўляць.

Яму не далі забраць з машыны рэчы, надзелі кайданкі, пасадзілі ў машыну і этапавалі на пагранпераход. Там яму падсунулі дакументы. З польскім у яго не вельмі добра. І ён усё падпісаў. 

Пасля гэтага памежнікі адвялі Зміцера ў нейтральную зону паміж Беларуссю і Польшчай. Тамака яго і пакінулі. Зміцер застаўся на мосце праз раку Буг, якая падзяляе Беларусь і Польшчу. 

Пачакаўшы, пакуль зменіцца змена польскіх памежнікаў, Зміцер спрабаваў звярнуцца да іх і папрасіць аб міжнароднай абароне. Наталля кажа, што ў Беларусь яму вяртацца нельга праз грамадзянскую пазіцыю. Аднак гэта аказалася безвынікова. 

У 01:42 Зміцер папрасіўся ў беларускі аўтобус і здолеў даехаць да польскага памежнага пераходу. Да 03:00 яму ўдалося патрапіць да польскіх памежнікаў, але ў 06:30 яго зноў вывезлі ў нейтральную зону. 

Зміцер Смактуновіч на нейтральнай паласе

Зміцер Смактуновіч на нейтральнай паласе

«Ён не ведаў, што ён нелегал, нам ніхто не паведаміў»

На нейтральнай зоне стаялі беларускія аўтобусы.

Было некалькі беларусаў, якія спачувалі, якія накармілі Дзмітрыя і далі яму зарадзіць тэлефон. Акрамя таго, ён прасіўся пагрэцца. 

Мужчына лёгка апрануты — на ім куртка, футболка і лёгкія штаны — тое, у чым яго затрымалі з раніцы. Прывезці яму рэчы Наталля не можа — яна яшчэ не атрымала ДНЖ у Польшчы і не можа пакідаць краіну. 

— Ён не ведаў, што ён нелегал, нам ніхто не паведаміў, — тлумачыць сітуацыю Наталля. 

Пакуль муж чакае на нейтральнай паласе, Наталля пачала пошук юрыстаў. 

— Юрысты мне кажуць, што калі б ён не падпісваў дакументы, то ў яго былі б шанцы, можна было б падключыць адваката, але зараз шанцаў няма. Але як не? Павінна быць нейкае выйсце! Мы простыя людзі, зорак з неба не хапаем, сумленна працуем і плацім падаткі, і хочам тут застацца. 

Як стала вядома MOST, Зміцер быў занесены ў Літве ў спісы нядобранадзейных грамадзян, з-за гэтага яго ДНЖ анулявалі.

Наталля лічыць, што такое рашэнне прынялі з-за таго, што ў 2003 годзе ён працаваў дзяжурным у папраўчай калоніі. Яна кажа, што тады гэта бачылася спосабам пабудаваць ільготнае жытло. Але з жыллём не атрымалася, і Зміцер звольніўся. Прапрацаваў у калоніі мужчына менш за тры гады. 

— Калі ён падаваўся ў Літве на ДНЖ, ён указаў у сваёй біяграфіі такія даныя — гэта ж было амаль 20 гадоў таму, ён быў малады і толькі прыйшоў з войска. Пару гадоў папрацаваў і звольніўся. І потым усё жыццё займаўся прадпрымальніцтвам, перавозкамі. 

Змітро з сям'ёй. Фота: сямейны архіў

Змітро з сям'ёй. Фота: сямейны архіў

«Кіроўцы аўтобусаў перадалі, што яго ўжо чакаюць»

Зміцер актыўна каментаваў падзеі 2020 года ў сацсетках. Пасля апошняга адʼезду з Беларусі яму прыйшла позва з ваенкамата. Да яго маці прыходзілі людзі, якія цікавіліся мужчынам. А потым з ім звязаліся знаёмыя «з органаў» і рэкамендавалі па магчымасці не прыязджаць у Беларусь, таму што на яго ёсць нейкія матэрыялы. 

Кіроўцы аўтобусаў сказалі Змітру, што на беларускім баку яго ўжо чакаюць супрацоўнікі КДБ. 

Наталля кажа, што ў нейкім плане ён «сам спаліўся»: на тым баку зразумелі, што калі чалавек з такой упартасцю не хоча вяртацца ў Беларусь, значыць, ёсць прычыны яго затрымаць. 

— Але з іншага боку, гуляць у рускую рулетку і ўязджаць у Беларусь таксама было нельга. 

Польшча перакрыла мост

Між тым польскі бок перакрыў мост, каб мужчына не спрабаваў прарвацца ў Польшчу. Так ён аказаўся замкнёным на нейтральнай паласе. 

Польскія памежнікі перакрылі мост. Фота перадалі MOST

Польскія памежнікі перакрылі мост. Фота перадалі MOST

— Муж сказаў, што будзе стаяць да апошняга. Ён упарты, — кажа Наталля. 

Дзмітрыю ўдалося звязацца з юрыстамі, на пагранпераход даслалі адваката. Будзем сачыць за сітуацыяй.

Клас
11
Панылы сорам
18
Ха-ха
13
Ого
7
Сумна
41
Абуральна
33