Грамадства44

Як турма з амерыканскіх фільмаў. Беларус правёў лета ў новым СІЗА ў Калядзічах і расказаў пра ўмовы

Вясной 2024 года Дзмітрыя затрымалі і адправілі на суткі ў родным горадзе. Падчас праверкі ў яго тэлефоне знайшліся фота з пратэстаў — так ён стаў фігурантам крымінальнай справы. Дзмітрый правёў 10 сутак у карцары на Акрэсціна і амаль усё лета — у новым СІЗА ў Калядзічах. Вось што ён распавёў пра новы ізалятар, піша «Медыязона».

Паліграф, пастаянны холад і радасны кадэбэшнік. Затрыманне

Дзмітрыя затрымалі вясной 2024 года. Спачатку ён адбыў 18 сутак адміністрацыйнага арышту ў родным горадзе. Затым супраць яго распачалі крымінальную справу: у тэлефоне сілавікі знайшлі фота з пратэстаў 2020 года. Пасля арышту Дзмітрыя адправілі на 10 сутак на Акрэсціна, а адтуль — у новы СІЗА пад Калядзічамі.

Падчас адміністрацыйнага арышту яго змясцілі ў карцар — невялікае памяшканне на аднаго чалавека. Але ў розны час у мужчыны было пяць-сем сукамернікаў.

«Мяне ж забралі з дому, я быў проста ў футболцы. А на вуліцы вясна, халодна яшчэ. Спаць халодна, я амаль не спаў увесь гэты час. Ежу як спецыяльна прыносілі ўсю ледзяную, нават гарбату».

Аднойчы ў карцар цудам трапіў пачак печыва з перадачы. Яго хутка з'елі, а пластыкавай абгорткай Дзмітрый накрываў то руку, то нагу, каб было цяплей.

«А яшчэ кожны дзень даецца цяжка, бо да цябе прыходзяць нейкія д….ы, я інакш не скажу. КДБ, ГУБАЗіК — яны ж не прадстаўляюцца, адкуль яны. Гарлапаняць на цябе, зневажаюць. Я ў шоку ад гэтага ўсяго, словы сказаць не магу, аж трасе».

Адзін раз Дзмітрыя вазілі на паліграф. Пытанняў пра Беларусь амаль не задавалі, але цікавіліся, ці не збіраецца ён ісці ваяваць і ці не перадае інфармацыю УСУ. Усё таму, мяркуе ён, што дома падчас ператрусу ў яго на лядоўні знайшлі магніт з Украіны.

«Кадэбэшнік яго знайшоў і ішоў з ім як дзіця, радасны».

Пасля сутак у ізалятары Дзмітрыю абвясцілі пра крымінальную справу па артыкуле аб грубым парушэнні парадку і адправілі на 10 сутак на Акрэсціна, а адтуль — у СІЗА ў Калядзічах. Па шляху сілавікі знялі з ім відэа.

«Адзін з іх у мяне пытаецца: «Як у цябе з акцёрскімі здольнасцямі? Цяпер будзем відэа здымаць».

Новае СІЗА падобна на турму з амерыканскага фільма

Першы ўспамін Дзмітрыя пра СІЗА ў Калядзічах — падвал, які пераходзіць у доўгі калідор, і камера пад зямлёй — халодны «адстойнік», дзе ён правёў першую ноч.

«Там дзесьці шпаклёўка, дзесьці сцяна недафарбаваная, дзесьці смецце. Усё сырое, усё смярдзіць».

На наступны дзень Дзмітрыя засялілі ў камеру на шэсць чалавек. Па дарозе ён падумаў, што новае СІЗА нагадвае турму з амерыканскіх фільмаў — доўгія калідоры і шмат камер у шэраг.

«Ёсць ложак, гарачая вада, тэлевізар. Пасля ўсіх ізалятараў проста як гатэль. Хлопцы нармальна прынялі. Заходзіш, кажаш які артыкул — усе адразу ўсё разумеюць. Паесці табе, чай, цыгарэту, пераапрануцца. Хлопцы потым распавядалі, што калі я зайшоў, падумалі, што цяпер звалюся — а я ж амаль месяц толкам не спаў, не мыўся, нават вопратку не мяняў».

У тую ноч Дзмітрый упершыню за доўгі час выспаўся. У ізалятары ў родным горадзе і на Акрэсціна па начах вочы сляпіла яркае святло. У камеры новага СІЗА пасля 22:00 святло прыглушалі.

«Застаецца толькі бледны агеньчык. Я ўяўляў, што гэта мне месяц свеціць».

Дні ў СІЗА праходзілі аднолькава. Пад'ём а шостай раніцы, сняданак-абед-вячэра, некалькі праверак за дзень, прагулка ў дворыку на даху.

«Бетонная скрынка, у якой вы «шпацыруеце». Музыка грае, нешта накшталт радыё. Памяшканне невялікае, зверху краты і нічога не відаць, акрамя неба. Ды і неба не заўсёды. Нават паветра не вельмі свежае, там усё яшчэ пахла сырымі сценамі і пабелкай».

Спорт у прасторнай камеры і суседзі-замежнікі

Дзмітрый трапіў у новае СІЗА неўзабаве пасля яго адкрыцця, таму першы час там панавала блытаніна. Доўга даводзілася чакаць кніг, таму што супрацоўнік бібліятэкі прыходзіў рэдка і ў яго нават не было спісу літаратуры. Трэба было самому прыдумаць, што хочаш пачытаць, і напісаць бібліятэкару на паперцы.

«Я папрасіў Караткевіча, адзін наш сусед сказаў: «А, усе бэчэбэшнікі просяць Караткевіча».

У чаканні кніг у вольны час Дзмітрый з суседзямі займаўся спортам — камера была прасторнай і месца хапала, гулялі шахматы або даміно, якія можна было купіць у краме СІЗА.

Лісты ішлі доўга. Першы, які Дзмітрый адправіў родным, дайшоў толькі праз 10 дзён. У калідорах новага СІЗА блыталіся і яго супрацоўнікі. Дзмітрый чуў, што работнікаў не хапала — многія звольніліся пасля пераезду з Валадаркі.

«Але супрацоўнікі, дарэчы, нармальна ставіліся. Не было для іх розніцы, палітычны ты ці не. Пару разоў прыходзіў начальнік СІЗА. Зойдзе, спытае — як справы, ці ёсць якія скаргі. Ніхто не скардзіўся, вядома. Які сэнс?»

Сярод сукамернікаў Дзмітрыя былі замежнікі.

«Быў адзін армянін, якога абвінавачваюць у распальванні варожасці і рэабілітацыі нацызму. А ён смяецца, кажа — я за сваё жыццё чаго толькі пра сябе не чуў, што я «чурка», «хач». А цяпер яны мяне абвінавачваюць, што я фашыст».

Нейкі час у адной камеры з ім сядзеў грамадзянін Марока. Па словах Дзмітрыя, ён дапамагаў мігрантам трапіць да мяжы Беларусі і ЕС. Але затрымалі яго за тое, што п'яным разбіў у Мінску некалькі машын.

«Шмат за гэты час сустрэў магутных, моцных людзей. Ім свецяць неверагодныя тэрміны, а яны яшчэ знаходзяць сілы падтрымаць цябе. У асноўным самыя вялікія тэрміны давалі за данаты, я проста ў шоку быў ад гэтых лічбаў. І вось людзей судзяць, яны едуць далей, у калоніі,

і ва ўсіх, як я зразумеў па размовах, адно пачуццё да ўсёй гэтай сістэмы — нянавісць. Яны літаральна рыхтуюць цэлую армію тых, хто іх ненавідзіць».

Каментары4

  • joy
    25.09.2024
    Ня ведаю, як у каго, але ў мяне пасьля хатняй хіміі нянавісьць да іх узрасла ў міліён разоў. А вось гэбісты дык былі гэтым засмучоны, яны пры мне гаварылі, калі апошні раз мяне затрымлівалі: ёй далі шанец выправіцца, а яна няўдзячная...
  • Я
    25.09.2024
    Ніколі не думала, што я магу так ненавідзець.... Гэтага і гэтых....
  • Язэп
    26.09.2024
    Братуха, каб людзі ведалі, не вяліся на лукашысцкую прапаганду i разумелі, што адзіны шлях "перагорнуть старонку" - гэта знесці бандыцкую лукашысцкую дыктатуру і пакараць яе катаў

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе9

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп прапанаваў тэлевядоўцу пасаду міністра абароны 5

«Гэта не заробак, гэта бонус». Некаторым беларусам падабаецца атрымліваць частку зарплаты прадуктамі2

«Яна не ў турме, а на спецдачы КДБ!» Канспіролагі накінуліся на Калеснікаву65

«Як людзі на такое вядуцца? Ды вельмі проста». Расповеды беларусаў, якія працавалі тэлефоннымі ашуканцамі12

Алексіевіч пра маршы пратэсту: Цяпер было б больш жорстка, была б кроў. А тады мы думалі, што гэта свята24

Трамп абвясціў імя свайго дарадцы па нацбяспецы11

Атрад беларускіх добраахвотнікаў «Тэрор» заявіў пра самароспуск9

У Абхазіі пасля пратэстаў і перакрыцця мастоў адпусцілі з-пад варты апазіцыянераў

Слюнькін: Адным толькі вызваленнем палітвязняў Лукашэнка Трампа не зацікавіць3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе9

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе

Галоўнае
Усе навіны →