«Калі б не выклікалі хуткую, жыць мне заставалася некалькі гадзін». У 38-гадовай беларускі здарыўся інфаркт
Маладая жанчына адпачывала ў кафэ ў цэнтры Вільні разам з сяброўкай. Раптам яна пачала адчуваць сябе не вельмі добра, але не крытычна. Дзякуючы таму, што сяброўка ўсё ж выклікала хуткую, медыкі паспелі выратаваць беларуску.
Распавядаючы пра той дзень «Нашай Ніве», жанчына кажа, што ў яе ніколі не было праблем з сэрцам — і ў блізкіх сваякоў таксама.
— Дзень праходзіў звычайна да 17:30, калі я адчула боль у грудзях. Адчувалася, быццам нехта ціснуў на мяне. Але тым не менш боль быў цярпімы, напрыклад, мая менструацыя нашмат больш балючая. Таму першая рэакцыя была — трэба папіць вады, выйсці на свежае паветра ці, можа, крыху паляжаць.
Тэрмінова выклікаць хуткую дапамогу жанчына нагоды не бачыла. Тое, што сяброўка не паслухала і ўсё ж патэлефанавала медыкам, у выніку выратавала жыццё. Пачуўшы сімптомы, дыспетчар адправіў машыну рэанімацыі.
Нягледзячы на вечаровыя заторы ў горадзе, хуткая прыехала ўжо праз 15 хвілін.
— Аказваецца, што жанчыны радзей распазнаюць сімптомы сардэчнага прыступу, трываюць і пазней звяртаюцца па медыцынскую дапамогу. Гэта мне дактары расказалі ўжо па дарозе ў шпіталь і запэўнівалі мяне, што я ўсё правільна зрабіла. Увогуле, брыгада хуткай была вельмі добразычлівай і прафесійнай, медыкі размаўлялі на трох мовах, са мной камунікавалі на рускай і англійскай, і намагаліся маральна падтрымаць.
Медыкі зрабілі кардыяграму, паставілі кропельніцу, паслухалі і павезлі ў бальніцу.
— На гэты момант мне было ўжо неяк зусім сорамна, бо боль пачаў спадаць, і я вельмі нервавалася, што задарма ганяла хуткую, напэўна ж, іншым людзям яна была б больш карысная (сіндром добрай дзяўчынкі ледзьве не каштаваў мне жыцця).
У бальніцы беларусцы давялося падпісаць адразу некалькі папер, у тым ліку згоду на атрыманне платных паслуг, бо яна не з'яўляецца рэзідэнткай Літвы.
— Пыталіся ўсе пра нейкую еўрапейскую страхоўку, не ведаю дакладна, што гэта, але раю ўсім зрабіць. Бо ўвесь персанал бедаваў, што яе не маю, а гэта самы просты варыянт, і мне б плаціць нічога не прыйшлося.
Высветлілася, што ў жанчыны здарыўся вельмі рэдкі тып інфаркту, які нельга прадказаць або прадухіліць. Ён таксама не карэлюе з ніякімі фактарамі рызыкі і вельмі цяжкі для дыягностыкі, здараецца толькі ў 1-3% выпадкаў. У зоне рызыкі жанчыны ва ўзросце 40-50 гадоў.
— Доктар сказаў, што яны такое сустракаюць не кожны год і нават вырашылі пра мой выпадак апублікаваць медыцынскі артыкул. Мне вельмі пашанцавала, што мяне завезлі ў шпіталь, бо ўсе сімптомы былі даволі слабыя і ніякім чынам не паказвалі на інфаркт ці ўнутранае кровазліццё. Тэарэтычна ў любы момант мяне маглі выпісаць дадому. ЭКГ паказала мінімальны нейкі збой, але толькі калі рабілі дактары на хуткай — а ў шпіталі ўжо было ўсё больш-менш добра.
Пасля дыскусіі, дактары ўсё ж вырашылі зрабіць зонд сэрца, каб пацвердзіць, што гэта быў спазм, і адпусціць. І гэта было рашэнне, якое выратавала жыццё, бо падчас маніпуляцыі пабачылі разрыў артэрыі і ўнутранае кровазліццё.
— Па словах дактароў, мне заставалася 1-2 гадзіны да вельмі сумнага канца маёй гісторыі. Мой анёл-ратавальнік адпрацаваў на ўсе 100%, як і ўвесь медыцынскі персанал. Мне паставілі стэнт, адправілі ў рэанімацыю пад назіранне, праз дзень перавялі ў палату. Напэўна, я яшчэ тут пабуду, можа, тыдзень для кантрольнай праверкі. І потым яны параяць мне рэабілітацыю ў адным з санаторыяў. Калі мая страхавая пагодзіцца, я спадзяюся правесці 3-4 тыдні ў Друскінінкаі.
Беларуска падкрэслівае, што ўвесь медыцынскі персанал паводзіў сябе прафесійна і яна адчувала сябе ў бяспецы.
— Канешне, камунікацыя і так званы bedside manner у прыёмным пакоі нагадваў беларускі дзяржаўны сэрвіс. Але ўсе дактары мелі добрую англійскую ці рускую для камунікацыі. Канешне, былі пытанні праз аплату і страхоўку, і яны чамусьці вырашаліся ў моманты, калі я толькі апрытомнела ў рэанімацыі, гэта, напэўна, быў адзіны момант, які крыху сапсаваў агульнае ўражанне. Але я магу дакладна сказаць — я вельмі шчаслівая, што аказалася ў Вільні ў камандзіроўцы ў такі момант. Я лічу гэта маім вялікім поспехам.
Беларуска раіць усім на ўсялякі выпадак пачытаць пра сімптомы сардэчных прыступаў, а таксама звярнуць увагу на тое, што ў мужчын і жанчын яны адрозніваюцца. Бо мінімальная дасведчанасць можа выратаваць жыццё вам ці вашым блізкім.
— Не ігнаруйце боль, не церпіце (як гэта спрабавала зрабіць я). Напэўна, самая важная парада — камунікаваць і расказваць пра свае сімптомы. Напрыклад, я хоць і саромелася, што недастаткова пакутую, але прагаворвала ўсе змяненні, якія адчувала: боль на 8 з 10, цяпер боль ператварыўся ў хвалі ад 0 да 5, цяпер боль перайшоў уніз і ў спіну (апошні мой каментар, дарэчы, дапамог доктарцы прыярытэзаваць маю жыццёвыратавальную працэдуру). Не маўчыце, дактары не ўмеюць чытаць думкі.
Каментары
гэта магчыма блакітная карта, але для ее патрэбны дазвол на жыхарства ў любой краіне ЕС, каб гэтая краіна ўзяла абавязак плаціць за лекаванне ў любым месцы ЕС